ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),
першая масавая міжнар.арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст.Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІР»,
арбітальная станцыя для палёту вакол Зямлі; праграма яе распрацоўкі і запускаў да яе касм. апаратаў. Створана ў СССР на аснове арбітальнай станцыі (АС) «Салют». Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый, правядзення навук. даследаванняў і эксперыментаў, у т. л. па міжнар. праграмах.
Базавы блок «М.» выведзены на арбіту 20.2.1986; яго даўж. 13 м, дыяметр 4,2 м, маса каля 20 т, аб’ём жылых адсекаў 100 м³. Мае 6 стыковачных вузлоў, што дало магчымасць прыстыкаваць да яго астрафіз. модуль «Квант» (1987), модуль дааснашчэння «Квант-2» (1989), тэхнал. модуль «Крышталь» (1990), даследчыцкі модуль «Спектр» (1995) і навук. модуль «Прырода» (1996). Стыковачны адсек на модулі «Крышталь» дае магчымасць стыкаваць «М.» з касмічным караблём (КК) «Спейс шатл» (ЗША). У арбітальны комплекс могуць уваходзіць 1 ці 2 пілатуемыя КК«Саюз», аўтам.трансп.КК«Прагрэс» і КК «Спейс шатл» (агульная маса каля 250 т; габарытныя памеры па восях 33 × 31 × 27,5 м; аб’ём герметычных памяшканняў больш за 400 м³; энергасілкаванне забяспечваецца сонечнымі батарэямі пл. больш за 100 м²). «М.» і ўсе модулі выводзіліся на арбіту ракетамі-носьбітамі «Пратон». Касманаўты і грузы дастаўляліся КК «Саюз Т-15», «Саюз ТМ-2» — «Саюз ТМ-28», трансп.КК «Прагрэс-М» (Расія) і КК «Аглантыс», «Індэвар», «Дыскаверы» (ЗША). Першы экіпаж «М.» — Л.Дз.Кізім і У.А.Салаўёў. На станцыі працавалі (да 29.8.1999) 103 касманаўты з 12 краін і Еўрап.касм. агенцтва, у т. л. 41 рас. (сав.) і 62 замежныя (з іх 44 з ЗША) касманаўты. Выканана (на 1.10.1999) 24 міжнар.касм. праграмы, 17 тыс. навукова-тэхн. эксперыментаў, дастаўлена 14 тнавук. абсталявання. З жн. 1999 «М.» знаходзіцца ў аўтам. палёце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗА́ВА Сэйдзі (н. 1.9.1935, г. Хатан, Кітай),
японскі дырыжор. Вучыўся ў Токіо, у Парыжы і Зах. Берліне. З 1961 у Нью-Йоркскім філарманічным аркестры, з 1965 у Таронта, з 1970 гал. дырыжор сімф. аркестраў у Сан-Францыска і Бостане. Адзін з кіраўнікоў фестываляў Беркшырскага муз. цэнтра ў Танглвудзе (ЗША, з 1970). Першыя прэміі на Міжнар. конкурсах дырыжораў (Безансон, Францыя, 1959; Танглвуд, 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ТЭ (Bethe) Ганс Альбрэхт (н. 2.7.1906, г. Страсбур, Францыя),
фізік-тэарэтык. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1928). У 1928—35 ва ун-тах Германіі і Англіі, з 1935 у ЗША. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела і астрафізіцы. Вызначыў найб. імаверныя цыклы тэрмаядз. рэакцый, якія з’яўляюцца крыніцамі ўнутрызоркавай энергіі. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗАС, Брасас (Brazos),
рака на ПдЗША (штат Тэхас). Даўж. 1530 км, пл. басейна 114 тыс.км². Пачынаецца на плато Льяна-Эстакада, перасякае Прымексіканскую нізіну, упадае ў Мексіканскі заліў. Сярэдні расход у вусці 214 м³/с. Суднаходная ў нізоўях за 65 км ад вусця (у перыяд дажджоў — за 400—500 км). Выкарыстоўваецца на арашэнне. ГЭС. На Бразасе — г. Уэйка, у вусці — порт Фрыпарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Роберт Вудраў (н. 10.1.1936, г. Х’юстан, штат Тэхас, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нацыянальнай АН (1979). З 1962 у Лабараторыях Бэл.-Тэлефон. Навук. працы па радыёастраноміі і касм. фізіцы. Выявіў эксперыментальна рэліктавае фонавае радыёвыпрамяненне з т-рай 3 К, якое запаўняе ўвесь Сусвет (1965). Адкрыў касм. дэйтэрый і вызначыў яго распаўсюджанасць у Сусвеце (1973). Нобелеўская прэмія 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНД-КУ́ЛІ (Grand Coulee),
каньён на Пн Калумбійскага плато на ПнЗЗША. Даўж. каля 70 км, шыр. 2,5—7 км, глыб. да 270 м. Адкрываецца ў даліну р. Калумбія каля г. Гранд-Кулі. Утвораны патокамі вады ледавікоў, у тоўшчы базальтаў. Рэчышча ў асноўным сухое, месцамі знаходзяцца прэсныя ці саленаватыя азёры. Каля Гранд-Каньёна на р. Калумбія — аднайм.ГЭС з вадасховішчам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФ (Graf) Штэфі (Штэфані Марыя; н. 14.6.1969, г. Мангейм, Германія),
нямецкая спартсменка (тэніс). Чэмпіёнка свету (1987—90, 1993) і Алімпійскіх гульняў (1988). Пераможца адкрытых чэмпіянатаў Аўстраліі (1988—90, 1993), Францыі (1987—88), ЗША (1988—89, 1993), Уімблдонскага турніру (1988—89, 1991—93) у адзіночным разрадзе. Уладальніца кубка Вялікага Шлема (1988). З канца 1980-х г. займае вядучыя пазіцыі ў рэйтынгу мацнейшых тэнісістак свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЕ ВО́ЗЕРА возера, якое не мае паверхневага і падземнага сцёку. Найчасцей трапляецца ў абласцях унутранага сцёку стэпавай і паўпустынных зон і ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты. Расход вады ідзе праз выпарэнне, таму ў засушлівым клімаце ў бяссцёкавым возеры назапашваюцца мінер. солі. Прамысл. здабыча кухоннай солі вядзецца ў азёрах Эльтон і Баскунчак, соды ў Даронінскім воз. (Расія), мірабіліту ў Салёным воз. (ЗША) і інш.