БЕК-НАЗА́РАЎ (Бекназаран) Амо

(Амбарцум) Іванавіч (31.5.1892, Ерэван — 27.5.1965),

акцёр і рэжысёр кіно, сцэнарыст. Нар. арт. Арменіі (1935). Адзін з заснавальнікаў кінамастацтва Арменіі, Грузіі, Азербайджана. Лепшыя фільмы — гістарычныя і экранізацыя твораў арм. класікі: «Намус» (1925), «Дом на вулкане» (1928), «Севіль» (1929), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Давід-Бек» (1944), «Насрэдзін у Хаджэнце» (1959, з Э.​Карамянам). Яго фільмы вылучаліся тэмпераментам, нац. каларытам. Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў. Яго імя прысвоена кінастудыі «Арменфільм».

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,

нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).

Э.​Р.​Іофе.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,

міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац. муз. культур.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Сямёнавіч) (10.12.1928, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 14.12.1989),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1961 у Дзярж. б-цы БССР, з 1968 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1978 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы сучаснай бел. літ. мовы. Аўтар прац «Прадуктыўныя тыпы дзеясловаў у сучаснай беларускай мове» (1970) і «Дзеяслоўнае словаўтварэнне: Адыменныя суфіксальныя лексемы» (1985).

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́КСІН (Анатоль Георгіевіч) (н. 3.8.1924, Масква),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1950). Чл.-кар. АПН СССР (1982). Піша пераважна для дзяцей. Аўтар аповесцяў «Трыццаць адзін дзень» («Дзённік піянера Сашы Васількова», 1950), «Запіскі Эльвіры» (1956), «Позняе дзіця» (1968), «Дзеючыя асобы і выканаўцы» (1972), «У тыле як у тыле» (1978), «Раздзел маёмасці», «Сардэчная недастатковасць» (абедзве 1979), «Здаровыя і хворыя» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1979—81.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМЖА́НАЎ (Ануар) (Ануарбек) Турлубекавіч (2.5.1930, аул Карлыгаш, Андрэеўскі р-н Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 1993),

казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1954). У яго аповесцях «Караван ідзе да сонца» (1963), «Сінія горы» (1964; Дзярж. прэмія Казахстана 1967), «Сувенір з Атрара» (1966; Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1969), «Трон Рудакі» (1974) і інш. — мінулае і сучаснае Казахстана. Аўтар гіст. трылогіі «Стэпавае рэха» (1969—79).

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Алма-Ата, 1979.

Ж.​Сахіеў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМАСЗАДЭ́ (Гамэр Гаджы Ага кызы) (н. 10.3.1915, Баку),

азербайджанская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1959). Пачала выступаць у 1930, была першай азерб. балерынай. Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1936). Салістка, з 1953 гал. балетмайстар Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі), Гюльшэн («Гюльшэн» С.​Гаджыбекава, Дзярж. прэмія СССР 1952), Айша («Сем прыгажунь» К.​Караева). Паст.: «Гюльшэн» (1950), «Чырвоная кветка» Р.​Гліэра (1954), «Шур» Ф.​Амірава (1968) і інш.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЕ́НДЭ ГО́СЕНС ((Allende Gossens) Сальвадор) (26.7.1908, г. Вальпараіса, Чылі — 11.9.1973),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т (1932). Па адукацыі ўрач. Адзін з заснавальнікаў (1933) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Чылі. У 1937—41 дэп. Нац. кангрэса. У 1939—42 міністр аховы здароўя ва ўрадзе Нар. фронту. У 1945—70 сенатар (у 1966—69 старшыня сената). У 1970 выбраны ад блока Нар. адзінства прэзідэнтам краіны. Загінуў у час ваен. перавароту.

С.Альендэ Госенс.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Зураб Іванавіч) (н. 12.4.1928, Кутаісі),

грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДРО́ЎСКАЯ-ТУ́РСКАЯ ((Bandrowska-Turska) Эва) (20.5.1899—1979),

польская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Праф. (1946). Вучылася ў Кракаўскай кансерваторыі (1911—13). У 1918—60 выступала ў краінах Еўропы і Амерыкі. Сярод партый: Графіня («Графіня» С.​Манюшкі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мімі («Багема» Дж.​Пучыні), Канстанца («Выкраданне з Сераля» В.​А.​Моцарта). Выканаўца камернай музыкі, тонкі інтэрпрэтатар песень К.​Шыманоўскага, М.​Равеля і інш. Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)