ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,

дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДА́ЛЬ ДЭ ЛА БЛАШ ((Vidal de la Blache) Поль) (22.1.1845, г. Пезнас, Францыя — 5.4.1918),

французскі географ; заснавальнік франц. геагр. школы. Даследаванні ў галіне фіз. геаграфіі і геаграфіі насельніцтва. Аўтар вял. атласа па геаграфіі і гісторыі свету (карты па стараж., сярэдніх вякоў і новай гісторыі, геаграфіі мацерыкоў і краін). Навук. працы абагульнены ў кн. «Прынцыпы геаграфіі чалавека» (1922). Па яго ідэі і пад яго кіраўніцтвам пачата падрыхтоўка шматтомнай працы па сусветнай геаграфіі.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВШЧЫЖ,

старажытнарускі горад (11 — 13 ст.) Чарнігаўскай зямлі (цяпер вёска ў Жукоўскім р-не Бранскай вобл., Расія). Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. З 1156 цэнтр удзельнага княства. У 1238 разбураны ў час нашэсця хана Батыя. Гарадзішча на мысе берага Дзясны складалася з дзядзінца, вакольнага горада, неўмацаванага пасада. У выніку раскопак выяўлены рэшткі мураванай царквы 12 ст., 2 драўляных абарончых вежаў, княжацкага палаца, жытлаў гараджан, знойдзены творы стараж.-рус. прыкладнога мастацтва.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Уладзіслаў) (1908 — 12.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943). Паляк. З мая 1943 у Польскай дывізіі імя Т.​Касцюшкі. Вызначыўся ў баях каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.: на адказным участку наступлення батальён пад камандаваннем капітана Высоцкага авалодаў апорным вузлом супраціўлення гітлераўцаў, уклініўся ў 2-ю лінію абароны ворага каля в. Трагубава (цяпер в. Касцюшкава). Загінуў у гэтым баі.

Уладзіслаў Высоцкі.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́СЫПКА,

агульная назва вонкавых ачаговых паталагічных змен скуры (экзентэма) і слізістых абалонак (энантэма). Бывае першасная (запаленчыя плямы, гнайнікі і інш.) і другасная (лускавінкі, язвы, эрозія і інш.). Узнікае пад уздзеяннем фіз., хім., бактэрыяльных паразітарных фактараў, пры кантакце з некаторымі раслінамі. Прычынай высыпкі могуць быць парушэнні функцый эндакрынных органаў, страўнікава-кішачнага тракту, ц. н. с., абмену рэчываў, балансу вітамінаў, імунітэту і інш. Сімптом многіх інфекц. захворванняў (адзёр, шкарлятына, тыф і інш.).

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́ТА,

возера на мяжы Расонскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на ПнУ ад Полацка, сярод лясных масіваў. Пл. 4,68 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,6 км. Пл. вадазбору 26 км². Схілы катлавіны выш. 4—1 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў пл. 3,6 га. На З злучана ручаём з воз. Глыбочына, на Пд выцякае р. Вядзеціца.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ СВЯТО́Е,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка (выцякае з возера), за 9 км на З ад г. Сянно. Пл. 0,77 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 17,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, пойма (шыр. да 200 м) забалочаная. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарасло.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАБУ́РДА Васіль Міхайлавіч, бел. друкар і кнігавыдавец 16 ст. Пад кіраўніцтвам І.Фёдарава і П.Мсціслаўца прымаў удзел у рабоце Заблудаўскай друкарні. Арганізаваў друкарню ў Вільні, каля 1580 выдаў «Евангелле вучыцельнае» — блізкую копію заблудаўскага выдання 1569, у 1582 — «Актоіх» («Васьмігалоснік») з пасляслоўем, падпісаным ім. Працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царк.-слав. мове вял. фарматам, у 2 колеры. Захавалася каля 35 экз. яго кніг. Друкарня Гарабурды перайшла да Мамонічаў.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛА́Ч,

гліняная пасудзіна для захоўвання малака і малочных прадуктаў. Вядомы многім народам свету. У стараж.-рус. пісьмовых крыніцах вядомы пад назвай «кринъ». На Беларусі робяць з выгнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі). Прапорцыі сілуэта гарлача маюць мясц. адрозненні. Гарлачы вырабляюць гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя; аздабляюць глянцаваннем, прачэрчаным па сырой паверхні арнаментам, ангобам і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Гарлачы.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)