ЗА́СКАР,

горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСАЛЯ́ЦЫЯ (лац. insolatio ад insolo выстаўляю на сонца),

апрамяненне зямной паверхні сонечнай радыяцыяй (прамой ці сумарнай). Выражаецца ў калорыях на адзінку плошчы за адзінку часу. Вызначае цеплавы стан на зямной паверхні, атмасферы і натуральную асветленасць Зямлі. Залежыць ад геагр. шыраты, вышыні Сонца над гарызонтам, вышыні месца над узроўнем мора і інш. Ад І. залежыць агульная цыркуляцыя атмасферы і кругаварот вады на Зямлі.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,

хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКО́Ў Аляксей Іванавіч (12.8.1904, с. Звягіна Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 6.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з кастр. 1941, кулямётчык. У кастр. 1943 знішчыў варожы кулямёт з разлікам каля в. Нова-Аляксееўка Віцебскага р-на, адкрыў узводу шлях для атакі. Загінуў у баі, закрыўшы сваім целам камандзіра ўзвода.

А.І.Караткоў.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛВІЛ (Colville),

рака на Пн Аляскі (ЗША). Даўж. каля 700 км, пл. бас. каля 60 тыс. км². Вытокі на схілах хр. Брукса, дзе даліна ўрэзана ў плато на глыб. да 120 м, ніжняе цячэнне на прыморскай раўніне. Упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак. Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 380 м³/с. Большую частку года ўкрыта лёдам.

т. 8, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МА (Como),

возера на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў, на выш. 198 м. Пл. 146 км², даўж. 50 км (у сярэдняй ч. падзяляецца на 2 басейны), шыр. 4,5 км, глыб. да 410 м. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання. Берагі высокія, скалістыя. Праз К. працякае р. Ада, прыток р. По; на Пн ўпадае р. Мера. Рыбалоўства, суднаходства. Кліматычныя курорты: Кома, Лека, Беладжа і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІКАЎ Мікіта Конанавіч (19.5.1914, в. Залессе Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 8.12.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае танк. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з ліп. 1943. Танк. ўзвод на чале з лейт. К. вызначыўся 4.11.1943 пад Кіевам у баях пры вызваленні пас. Святошына, дзе адрэзаў шлях адступлення ворагу на шашы Кіеў—Жытомір. Загінуў у баі.

М.К.Круглікаў.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДА́КХ,

горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА карты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА ПІК,

найвышэйшы пункт Заалайскага хр. на Паміры, на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана. Выш. 7134 м. Грэбень хрыбта, дзе падымаецца Л.п., мае суцэльнае покрыва з фірну і лёду. На Пд спускаюцца ледавікі Вял. і М. Саўкдара (даўж. 20, 6 км і 14,3 км), на Пн — ледавік Леніна (даўж. 13,5 км). Першае ўзыходжанне здзейснена ў 1934 рас. альпіністамі В.​М.​Абалакавым і інш.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)