АТЫ́ЛА

(Attila; ? — 453),

правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх. Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЫС,

у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫ́Т

[ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],

запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавы — запаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.

В.А.Быстрэнін.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫЯТРЫ́Я,

гл. ў арт. Атарыналарынгалогія.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭІ́ЗМ

(франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),

сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, а таксама Л.Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.Бекеш, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.Будны, В.Цяпінскі, Я.Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;

Основы религиоведения. М., 1994;

Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.

Я.М.Бабосаў.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭКТАНІ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

утварэнне складак горных парод пад уздзеяннем экзагенных працэсаў. Атэктанічная складкавасць узнікае ад напору покрыўных ледавікоў, апоўзневых працэсаў, выпірання гліністых парод у бартах рачных далін, абвалу парод у карставыя пустоты, разбухання ангідрыту пры пераходзе ў гіпс, перакрывання асадкамі рыфтавых пабудоў і выступаў рэльефу і інш. У Беларусі найб. шырока праявілася як гляцыятэктанічныя парушэнні ў адкладах плейстацэну.

М.А.Нагорны.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭ́ЛЬ

(франц. hôtel),

1) гасцініца — дом з мэбляванымі пакоямі для часовага пражывання прыезджых грамадзян, турыстаў. Паводле катэгорыі абслугоўвання і сервісу атэлі падзяляюцца на 1-, 2-, 3-, 4- і 5-зоркавыя. Упершыню з’явіліся ў краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Пашырыліся ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі пасля 2-й сусв. вайны. Развіццю сеткі атэляў садзейнічае міжнар. турызм.

2) У франц. архітэктуры 16—17 ст. — гарадскі асабняк у стылі барока з параднымі і службовымі дварамі для пражывання асоб дваранскага паходжання.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭЛЬЕ́

(франц. atelier),

1) прадпрыемства па аказанні насельніцтву пэўных відаў быт. паслуг.

2) Павільён кінастудыі.

3) Майстэрня жывапісца, скульптара, фатографа.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЭНЭ́УМ»

(«Athenaeum»),

часопіс на польск. мове, які ў 1841—51 выдаваў у Вільні пісьменнік Ю.Крашэўскі. Асвятляў праблемы гісторыі, культуры, грамадска-паліт. жыцця пераважна зямель ВКЛ — Беларусі, Літвы, а таксама Украіны і Польшчы. Найб. грамадскі рэзананс меў у 1842—48, калі змяшчаў матэрыялы супраць феад. парадкаў, за вызваленне сялян ад прыгону і інш. У часопісе дамінавала гіст. тэматыка: арт. Крашэўскага, Я.Тышкевіча, У.Сыракомлі, В.Краеўскага і інш., гіст. дакументы, а таксама краязнаўчыя, этнагр. і фалькл. матэрыялы, маст. творы пераважна мясц. пісьменнікаў (Крашэўскага, Е.Фялінскай, Сыракомлі Р.Падбярэскага, Т.Лады-Заблоцкага, Плуга і інш.), пераклады іншамоўных твораў.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЭНЭ́УМ ВІЛЕ́НЬСКЕ»

(«Ateneum Wileńskie»),

гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1923—39 у Вільні на польск. мове Т-вам аматараў навук. Перыядычнасць — ад 4 нумароў у год да аднаго ў 2 гады. Асвятляў гісторыю зямель ВКЛ, змяшчаў дакументы, падрабязную, часта анатаваную бібліяграфію даследаванняў па гісторыі ВКЛ. Друкаваў артыкулы і дакументы па гісторыі асобных зямель і гарадоў Беларусі, магнацкіх родаў Радзівілаў і Гаштольдаў, гісторыі культуры, асветы, рэлігіі на Беларусі. Змяшчаў таксама дакументы часоў вайны 1812, паўстанняў 1830—31 і 1863—64, матэрыялы па археалогіі.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)