АГУ́ЛЬНАЯ МЕ́РА дзвюх або некалькіх аднародных велічыняў, велічыня таго ж роду, якая ўтрымлівае цэлы лік разоў ва ўсіх зададзеных велічынях. Дзве велічыні, што не маюць агульнай меры, наз. несувымернымі (гл. Сувымерныя і несувымерныя велічыні).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГАРЫЗА́ЦЫЯ,

1) грубае спрашчэнне, апашленне, непрыстойнае выказванне (напр., вульгарны густ, вульгарны выраз; гл. Вульгарызм).

2) Празмерна спрошчанае выкладанне якога-небудзь вучэння, што скажае яго сутнасць і змест (напр., вульгарны матэрыялізм, вульгарны сацыялагізм і інш.).

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦВЯРДЗЕ́ЛЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ,

зычныя гукі, якія страцілі артыкуляцыю, што выклікае памякчэнне, і не маюць адпаведных сабе мяккіх. Да З.з. у бел. мове адносяцца «ж», «ш», «ч», «ц», «р», «дж». Гл. таксама ў арт. Зычныя гукі.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІК, мечны,

пасада (урад) у ВКЛ у канцы 15—18 ст. У час вял. урачыстасцей М. ВКЛ нёс перад манархам аголены меч, што сімвалізаваў вайск. ўладу. Існавалі таксама павятовыя М.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКТ (ад лац. pactum дагавор, пагадненне),

тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рознага роду дагавораў міжнародных, як правіла, тых, што маюць вял. паліт. значэнне па пытаннях узаемнай або калектыўнай бяспекі, узаемадапамогі, ненападу і да т.п.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск газу, які ўваходзіць у склад газавай сумесі, пры ўмове, што ён адзін займае ўвесь аб’ём сумесі і мае т-ру сумесі. Выкарыстоўваецца для разлікаў параметраў сумесей ідэальных газаў (гл. Дальтана законы).

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧЫ́НА штучная,

тонкія васковыя лісты з адпрасаванымі на іх шасцівугольнымі донцамі пчаліных ячэек. Вашчыну замацоўваюць у рамках і ўстаўляюць у вулей, што палягчае і паскарае пабудову пчоламі сот правільнай формы, спрыяе павышэнню прадукцыйнасці пчалінай сям’і.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБЯ́НІКІ,

1) бліны з бульбы, тое, што дранікі.

2) Традыцыйная бел. страва з тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак. Іх запякаюць са смятанай ці тоўчаным ільняным семем у лёгкім духу печы. Бульбянікі пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́РЫУС ((Acharius) Эрык) (10.10.1757, г. Еўле, Швецыя — 14.8.1819),

шведскі батанік і медык. Праф. у Вадстэне. Распрацаваў першую класіфікацыю, у якой улічыў дыягнастычную прыкмету грыбоў — пладовыя целы. Увёў шэраг тэрмінаў, што ўжываюцца пры марфалагічных апісаннях лішайнікаў.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПАТ,

вадкасць, што прасочваецца з дробных крывяносных сасудаў у тканкі ці поласці цела пры запаленнях (эксудат), ацёках (трансудат). Змяшчае бялок, лейкацыты, часта — мікробы, якія выклікаюць запаленчы працэс. Пры своечасовым і правільным лячэнні выпат поўнасцю расходзіцца.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)