ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.

Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБРА́ХІЙ (грэч. amphibrachys літар, кароткі з абодвух бакоў),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 1 доўгага і 2 кароткіх (◡-◡). Наз. таксама брахіхарэй — стапа, якая складаецца з кароткага складу і харэя.

2) У сілабатанічным вершаскладанні амфібрахій — 3-складовая стапа з рытмічным націскам на сярэднім складзе (- -́ -): «З леге́ндаў і ка́зак былы́х пакале́нняў, // З кало́сся цяжко́га жыто́ў і пшані́ц...» (М.​Танк. «Родная мова»), У бел. Паэзіі амфібрахій з’явіўся ў канцы 19 ст. У зб. Ф.​Багушэвіча «Смык беларускі» (1894) з 9 вершаў (акрамя цыкла «Песні») 32 радкі вытрыманы ў памерах 3-складовага амфібрахія. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай паэзіі.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Танка.

Засн. ў 1922 як пед. ф-т БДУ, з 1931 Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т, з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 ун-т, з 1995 імя М.​Танка. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: матэматычны, рус. філалогіі, дашкольнага выхавання, педагогікі і методыкі пач. навучання, муз.-пед., дэфекталогіі, сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1934, дактарантура з 1992. З 1993 рыхтуе бакалаўраў і магістраў. Выдае час. «Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта», газ. «Настаўнік».

Будынак Беларускага педагагічнага універсітэта.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ВІТ (Davitt) Майкл (25.3.1846, Стрэйд, каля г. Белфаст, Вялікабрытанія — 31.5.1906),

дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1865 удзельнік руху феніяў, у 1870—77 зняволены. Адмовіўшыся ад тэрарыст. тактыкі феніяў, выступаў за спалучэнне масавага руху за аграрныя пераўтварэнні з парламенцкай барацьбой за нац. вызваленне. У 1879 разам з Ч.​С.​Парнелам заснаваў Зямельную лігу. У 1890 парваў з лідэрамі руху за Гомруль. З 1895 чл. парламента, у 1899 у знак пратэсту супраць англабурскай вайны 1899—1902 склаў з сябе парламенцкія паўнамоцтвы. Удзельнік к-та рабочага прадстаўніцтва (засн. ў 1900, з 1906 Лейбарысцкая партыя).

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКО́ВІЧ Фелікс Паўлавіч (2.11.1842, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. — 7.4.1910),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў Пружанах, Беластоку і ў Пецярбургскім ун-це, удзельнічаў у студэнцкім руху. З жн. 1862 за мяжой, зблізіўся з польскай дэмакр. эміграцый, з А.​І.​Герцэнам і М.​П.​Агаровым. Удзельнік марской экспедыцыі паўстанцаў з Англіі ў Літву. З ліп. 1863 у Вільні, памочнік К.​Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, сакратар Выканаўчага аддзела Літвы. 7.8.1863 арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу, замененага 12-гадовай катаргай у Сібіры. З 1880-х г. на радзіме.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАН (Lennon) Джон (Уінстан; 9.10. 1940, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 8.12.1980),

англійскі рок-спявак, гітарыст, кампазітар, паэт. З 1954 кіраваў створаным ім вак.-інстр. ансамблем «Кварымен». З 1956 удзельнік вак.-інстр. квартэта «Бітлз», для якога пісаў песні (разам з П.Макартні). З 1970 выступаў самастойна як саліст і ў ансамблі з жонкай Ёка Она. Аўтар альбомаў «Джон Ленан. Пластык Она Бэнд» (1970), «Уяві сабе» (1971), «Рок-н-рол» (1975), «Двайная фантазія» (1980; разам з Она); сярод хітоў «Дайце свету шанц» (гімн прыхільнікаў міру), «Маці», «Герой з рабочага асяроддзя», «Што дапамагае перажыць ноч», «Улада народу». Загінуў ад рукі фанатыка.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЖАСНЯ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ імя Ф.А.Сурганава. Засн. ў 1909 у в. Лужасна Віцебскага р-на як ніжэйшае с.-г. вучылішча. З 1920 с.-г. школа 2-й ступені, з 1928 с.-г. школа тэхнічных культур, з 1929 тэхнікум па тэхн. культурах, з 1930 дзярж. с.-г. ільно-пяньковы тэхнікум, з 1965 с.-г. тэхнікум. У 1977 прысвоена імя Сурганава. У 1993—96 саўгас-тэхнікум. З 1.6.1996 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аграномія, заатэхнія, ветэрынарыя. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Працуе школа павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сярэдняга звяна. Мае дэндрапарк, музей тэхнікума, спортбазу.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАМПА́НІЯ, Руская кампанія,

першая англійская гандлёвая кампанія, якая атрымала ў 1554 хартыю свайго ўрада на права манапольнага гандлю з Рас. дзяржавай. Імкнучыся да пашырэння сувязей з краінамі Зах. Еўропы, цар Іван IV даў М.к. права свабодна перамяшчацца і бяспошлінна гандляваць з Рас. дзяржавай, а ў 1569 — права транзітнага гандлю па волжскім водным шляху з краінамі Усходу. М.к. імкнулася манапольна авалодаць рас. рынкам, выцясняючы з яго канкурэнтаў (найперш прадстаўнікоў Галандыі). Спыніла дзейнасць пасля 1649, калі ўрад выслаў з Расіі яе агентаў і інш. англічан у сувязі з пакараннем смерцю англ. караля Карла I.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́ЛЬ Іван Аляксандравіч (18.9.1914, в. Дуброўскія Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1961),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). З 1932 настаўнічаў, з 1934 на журналісцкай рабоце ў Талачыне і Вілейцы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 сакратар Магілёўскага падп. абкома ЛКСМБ, адначасова сакратар Бабруйскіх падп. міжрайкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, з крас. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КЛ(б)Б. З вер. 1943 рэдактар газ. «Сталинская молодежь», потым «Чырвоная змена», з 1952 — «Гомельская праўда».

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЙ ТЭ́ХНІКІ Засн. ў 1974 у Мінску на базе Мінскага з-да электронных выліч. машын (пабудаваны ў 1956—59 як з-д матэм. машын). З 1967 з-д электронных выліч. машын, з 1974 галаўное прадпрыемства гэтага аб’яднання. У 1974 уведзены ў дзеянне Мінскі з-д выліч. тэхнікі, у 1979 — Мінскі з-д вузлоў (па вытв-сці шматслойных друкаваных плат). Асн. прадукцыя (1999): электронныя АТС сям’і «Бэта», персанальныя камп’ютэры ВМ-2002, універсальныя ЭВМ «Мінск-9000», лічыльнікі ўліку цяпла і вады, касавыя апараты, быт. святлотэхн. прылады і інш.

Цэх наладкі ЭВМ на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)