ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁНЫ,

асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл. Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫУРА́ЛЛЕ,

тэрыторыя прылеглых да Урала ускраін Усх.-Еўрап. (Перадуралле) і Зах.-Сібірскай (гл. Зауральская раўніна) раўнін у Расіі. Гал. ч. размешчана ў бас. рэк Кама і Пячора, на Пн — Пячорская нізіна, далей на Пд — Верхнякамскае, Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышшы (да 300—400 м) і інш. Большая ч. П. ўкрыта хваёвымі лясамі, на Пд да іх прымешваюцца, месцамі пераважаюць шыракалістыя лясы, на крайняй Пн — тундра, на крайнім Пд — стэпы. У П. буйныя радовішчы нафты, газу, кам. вугалю.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АФГА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1884—85.

Узнік у выніку далучэння да Рас. імперыі туркм. зямель і яе набліжэння да тэр. Афганістана, які прэтэндаваў на важны ў стратэгічных адносінах аазіс Пендэ. Летам 1884 афганскі ўзбр. атрад заняў спрэчны раён. 18.3.1885 рус. войскі на чале з ген. А.​В.​Камаровым перамаглі афганцаў у бітве пры Ташкепры і прымусілі іх пакінуць тэр. Пендэ, дзе неўзабаве была пабудавана крэпасць Кушка. Рус.-афганскае пагадненне 1885 зафіксавала далучэнне гэтай тэр. да Расіі.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЧНІ́ЦА (польск. rusznica),

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі ў краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы. У ВКЛ з’явілася ў 2-й пал. 14 ст.; прызначалася ў асн. для пяхоты. Складалася з гладкасценнага кованага жалезнага ствала, прымацаванага да драўлянай ложы. Зараджалася са ствала кулямі з жалеза або свінцу. Калібр 12,5—25 мм, маса да 8 кг, прыцэльная далёкасць стральбы да 150 м. У пач. 16 ст. заменена мушкетам (гл. таксама Самапал).

Ручніца.

т. 13, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ПАВЫ ПАД’ЁМНІК,

устаноўка для транспартавання сыпкіх грузаў з дапамогай аўтаматычна разгружальных карабоў (скіпаў). Складаецца з рэйкавых (з вуглом пад’ёму да 45°) і інш. жорсткіх накіравальных, скіпаў (падвешваюцца да цягавых канатаў, разгружаюцца перакульваннем або праз адкідное дно), пад’ёмнай машыны (лябёдкі), капра, перагрузачных прыстасаванняў. Выкарыстоўваюцца для пад’ёму карысных выкапняў і пароды па шахтавых ствалах, для загрузкі шыхты ў доменныя печы, вагранкі, падачы вугалю ў кацельні і інш.

Скіпавы пад’ёмнік: 1 — шахтавы; 2 — загрузачны (да вібрапрасавальнай машыны).

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́МІНСКАЕ ВО́ЗЕРА У Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. Агінскага канала, за 44 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. Пл. 0,41 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Катлавіна карставага тыпу. Схілы выш. да 2 м, пад хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Дно да глыб. 10 м. выслана пяском, ніжэй сапрапелем. Зарастае расліннасцю да глыб. 4 м.

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎР, Торас (Toros’lar),

горы на Пд Турцыі. Цягнуцца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага м. прыблізна на 1000 км. Выш. да 3726 м (г. Дэмірказык). Утвараюць паўд. ўскраіны Малаазіяцкага і часткова Армянскага нагор’яў. Складзены пераважна з вапнякоў і крышт. сланцаў. У цэнтр. ч. альпійскі рэльеф, на З — карставыя ландшафты. На паўн. схілах да 400 мм ападкаў за год; пустыні і стэпы, на паўд. да 3000 мм; міжземнаморскія лясы, хмызнякі, лугі. Нац. паркі. Т. праразаюць Кілікійскія Вароты.

А.Р.Таўпека.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫБУ́НЫ ВАЕ́ННЫЯ (лац. tribuni militum),

у Старажытным Рыме камандныя пасады ў арміі (камандзіры атрадаў у легіёнах і саміх легіёнаў). У кожным легіёне было па 6 Т.в.: 1 з сенатараў, 5 з коннікаў. Паміж 444 і 367 да н.э. для плебеяў была ўведзена пасада Т.в. з консульскай уладай з мэтай не дапусціць плебеяў да кансулату. Пасля 367 да н.э., калі адзін з консулаў стаў выбірацца з ліку плебеяў, Т.в. скасаваны.

А.​Г.​Зелккі.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСТАЗЕ́ЙРА, цыстазіра (Cystoseira),

род цыкласпоравых водарасцей. 60 відаў. Пашыраны пераважна ў морах паўн. субтрапічнага пояса. Утвараюць зараснікі да глыб. 25 м.

Слаявіна шматгадовая ў выглядзе буйных кустоў, выш. да 2 м (радзей 8). Да грунту прымацоўваецца дыскам, падэшвай або рызоідамі. Галіны цыліндрычныя ці пляскатыя, часта з паветранымі пузырамі. Размнажэнне палавое, аагоніі з 1 яйцаклеткай. З Ц. атрымліваюць альгінавыя кіслоты і іх солі (альгінаты), якія выкарыстоўваюць у фармацэўтычнай, тэкст. і харч. прам-сці.

Т.​М.​Міхеева.

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)