ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),
польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас.арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.
Тв.:
Wybór poezji. Warszawa, 1960;
Бел.пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,
выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв.Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Фёдар Іларыёнавіч) (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв.Арміі. Удзельнік баёў на воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну ў пач.ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав. партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 19.1.1923, с. Раждзественскае Паворынскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1976). Скончыў Балашоўскую ваен.авіяц. школу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1950). У Чырв.Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1943 на Ленінградскім і 3-м Бел. франтах. Камандзір звяна, нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі штурмавога авіяц. палка капітан П. зрабіў 238 баявых вылетаў, вызначыўся ў баях пры прарыве блакады Ленінграда, Беларускай, Вільнюскай і Усходне-Прускай аперацыях, пры фарсіраванні рэк Нарва, Вуокса, Нёман і інш. З 1950 на камандна-штабных пасадах, з 1968 на выкладчыцкай рабоце ў ваен.-навуч. установах.
Літ.:
Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;
Гринько А.И., Улаев ГФ Богатыри земли Воронежской. Воронеж, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз.арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РЫЯ (італьян. cavalleria ад лац. caballus конь),
конніца, род сухапутных войск, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэг. задачы, у т. л. праводзіла самаст. дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вял. адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.
Зарадзілася ў краінах Стараж. Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў 9 ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная К. ўтворана ў Стараж. Грэцыі, вял. развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.). У далейшым была адным з гал. родаў войск у многіх дзяржавах.
У Беларусі прыкметы існавання К. вядомы з 1 ст. да н.э. (шпора з гарадзішча Чаплін). З развіццём дзярж. адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў. Да 12 ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невял. шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У 13—14 ст. К. ператварылася ў асн. род войска. У канцы 14 — пач. 15 ст. ў сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вял. пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам. У канцы 15 — пач. 16 ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «даспешных» і «шчытовых» (гусараў). З 16 ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з 14 ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы 16 — пач. 17 ст. адбылося рэфармаванне К., яна падзелена на цяжкую (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую. З 18 ст. К. ў асн. ужо не карысталіся ахоўным даспехам. К. адыграла значную ролю ў ваен. дзеяннях на тэр. Беларусі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я і 10-я гвардзейскія казацкія) дывізіі і інш.кав. часці. Гл. таксама Драгуны, Кірасіры, Уланы.
Літ.:
Гатовский В.Н. Конница. Кн. 1—2, 4. М., 1925—28;
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭ́ (Conde),
арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:
Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц.гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.
Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.
Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.
Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп.арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.Ж.Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».
Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв.т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.
Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач.Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РАЎ (Кірыла Трафімавіч) (7.4.1914, в. Рудня-Прыбыткоўская Гомельскага р-на — 19.12.1989),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (1933), ВПШ пры ЦКВКП(б) (1947). З 1933 тэхнік, нач. Камарынскага раённага дарожнага аддзела. У 1936—39 у Чырв.Арміі, палітаддзеле Бел. чыгункі. З 1939 заг. аддзела Гомельскага абкома, сакратар Гомельскага гаркома, 1-ы сакратар Брэсцкага абкома ЛКСМБ. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце: палітрук роты, камандзір батальёна, інструктар палітаддзела 21-й арміі (падпалкоўнік). З вер. 1942 да канца 1943 М. на акупіраванай тэр. Беларусі: прадстаўнік ЦШПР у партыз. злучэннях Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абл., чл.Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б, сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1943—47 2-і, 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З кастр. 1947 у апараце ЦККП(б)Б. З 1949 2-і, 1-ы сакратар Мінскага гаркома, з 1950 1-ы сакратар абкома партыі. З ліп. 1953 Старшыня Савета Міністраў БССР. З ліп. 1956 1-ы сакратар ЦККПБ. У 1965—78 1-ы нам. Старшыні Савета Міністраў СССР. З 1986 Старшыня Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы, чл.Міжнар. федэрацыі барацьбітоў супраціўлення, з 1987 чл.ВЦСПС. Чл.ЦК у 1949—66, Бюро ЦК у вер. 1952 — снеж. 1962, Прэзідыума ЦККПБ у снеж. 1962 — крас. 1965. Чл.ЦК у 1956—81, канд. у чл. Прэзідыума ЦК з 1957, чл. Прэзідыума ЦК з 1965, чл. Палітбюро ЦККПСС у 1966—78. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—67, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1950—53 і 1956—65. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1950—79 і з 1989, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1958—66. У 1956—65 чл.Ваен. савета БВА. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Тв.:
О 20-летии со дня освобождения Советской Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт.арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв.Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд.ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр.ген.арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр.ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж.ген.-палк. Я.Ц.Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.С.Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж.ген.-лейт. Ф.Я.Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.А.Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер.ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл.Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст.сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж.герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж.сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач.студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс.нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн.стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв.кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв.Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн.чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял.Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв. вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв.Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн.чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».
Літ.:
Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;
Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;
Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;
Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.