АТРЫГА́НЬЕЎ Мікалай Аляксеевіч
(1823, Чарнігаўская вобласць — 14.6.1892),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. У 1845—48 служыў на Каўказе. Удзельнік «Т-ва выставак маст. твораў». З 1860-х г. наведваў Беларусь, з пач. 1880-х г. да канца жыцця жыў у Магілёўскай губ., там і памёр. Пісаў пейзажы: «Краявід у Магілёўскай губерні» (Пецярбургская АМ за гэты пейзаж прысвоіла Атрыганьеву званне «Ганаровы вольны супольнік»), «Восень», «Вечар» (усе ў 1886), «Перад заходам сонца» (1889), «Дубовы гай» і «Пасля дажджу» (1890) і інш. У Нац. маст. музеі Беларусі карціны «Вечар у Мінскай губерні (Пейзаж з капліцай)» (1854), «Расшчэплены дуб» (1889).
т. 2, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТРЫЙ
(лац. atrium),
закрыты ўнутраны двор у стараж.-рым. жыллі, куды меліся выхады з астатніх памяшканняў. У цэнтры атрыума быў басейн (імплювій); над ім — адтуліна (камплювій) для сцёку дажджавой вады.
т. 2, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭЗІ́Я
(ад а... + грэч. trēsis адтуліна),
1) поўная адсутнасць прасвету або адтуліны ў трубчастым органе. Прыроджаная атрэзія (аорты, стрававода, заднепраходнай адтуліны, похвы, маткі і інш.) развіваецца пры парушэнні эмбрыянальнага фарміравання органа. Пры некаторых прыроджаных атрэзіях нованароджаныя нежыццяздольныя. Набытая атрэзія ўзнікае з прычыны запалення або рубцовага працэсу (напр., атрэзія стрававода пры апёку кіслатой). Лячэнне хірургічнае.
2) Зваротнае развіццё фалікула ў яечніку млекакормячых. Інтэнсіўнае ў перыяд палавога выспявання і цяжарнасці.
т. 2, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭ́К, Селяха,
Суляха, рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭ́МБСКІ (Otrębski) Ян Шчэпан
(8.12.1889, г. Піліца Катавіцкага ваяв., Польшча — 25.4.1971),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (1934). Д-р філасофіі. Скончыў Варшаўскі ун-т. У 1921—45 праф. Віленскага, у 1945—60 Пазнанскага ун-таў. Даследаваў пытанні індаеўрап. мовазнаўства. Сярод прац «Славяна-літоўскія паралелі» (1930—35), «Індаеўрапейскія даследаванні» (1939), «Славяне» (1947), «Славянабалтыйская моўная роднасць» (1954). Аўтар арт. «Этнічная праблема Палесся», «Славізацыя літоўскіх водных і мясцовых назваў», «Нарыс (народных беларускіх) гаворак Віленскай губерні», пра геагр. назвы («Гродна», «Вільня», «Вілія», «Русь»), па этымалогіі паасобных бел. слоў.
I.І.Лучыц-Федарэц.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЧА́НА
(Atchana),
Тэль-Атчана, узгорак (тэль) на Амукскай раўніне каля р. Аронт (Паўн. Сірыя), рэшткі стараж. г. Алалах. Раскопкамі выяўлена 17 буд. перыядаў з 3400 да 1200 да нашай эры. Знойдзены рэшткі храма канца 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры, будынак з каланадаю 28—24 ст. да нашай эры (палац правіцеля), клінапісныя таблічкі з царскага архіва 18 ст. да нашай эры, вял. клінапісны надпіс цара Ідрымі (15 ст. да нашай эры), багаты побытавы інвентар.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫК
(ад грэч. attikos атычны),
сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар. значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб. шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫКА
(Attikē),
Старажытная, вобласць у сярэдняй Грэцыі. Першыя жыхары прыйшлі ў Атыку каля 1900 да нашай эры. Займаліся земляробствам, вырошчвалі вінаград і аліўкі, на горных пашах гадавалі авечак і козаў. Значныя запасы жалеза, серабра, мармуру, солі, гліны спрыялі развіццю рамёстваў. Геагр. размяшчэнне на ўзбярэжжы мора, зручныя гавані, патрэба прывозіць збожжа садзейнічалі развіццю марскога гандлю, засяленню берагавой паласы. Да 5 ст. да нашай эры Атыка ператварылася ў самую развітую вобласць Грэцыі (гл. Афіны Старажытныя). У сучаснай Грэцыі Атыка — адм.-тэр. адзінка (ном) з цэнтрам у Афінах.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)