МАКА́РАЎ Уладзімір Васілевіч (н. 21.11.1928, г. Цвер, Расія),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1949). З 1964 працуе ў Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1964—70 прарэктар, у 1990—95 рэктар). Аўтар прац па раманскім мовазнаўстве, франц. культуры: «Праблемы лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі раманскіх моў» (1972), «Аўтографы лёсу» (1993). У 1978—84 Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).
т. 9, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАСЁЎ Генадзь Іванавіч (н. 6.6.1957, г. Барань Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механікі дэфармаванага цвёрдага цела. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў Ленінградскі ун-т (1981). У 1985—94 у Віцебскім пед. ін-це, з 1997 у Віцебскім ун-це (з 1998 праф., заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі тонкіх абалонак: па іх устойлівасці, лакальных ваганнях і нестацыянарных лакалізаваных хвалевых працэсах у гэтых абалонках.
т. 10, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́СА-ЛУЖЫ́ЦКА, Нейсе (польск. Nysa Lużycka, ням. Neiße),
рака ў Еўропе, левы прыток р. Одра. На значным участку служыць мяжой паміж Польшчай і Германіяй, вытокі ў Чэхіі. Даўж. 252 км, пл. басейна 4,3 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах Йізерскіх гор, цячэ па зах. ускраіне Судэтаў, ніжэй г. Гёрліц — па раўніне. Сярэдні расход вады 32 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Н.-Л. — гарады Ліберац (Чэхія), Гёрліц (Германія), Губін (Польшча).
т. 11, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ВЕРМАЕР (Overmyer) Роберт (н. 14.7.1936),
касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты ў адстаўцы. Магістр навук па астранаўтыцы (1964). Скончыў каледж Болдуін-Уолес (1958), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). З 1969 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў (КК) «Спейс шатл»; 11—16.11.1982 — на КК «Калумбія» (як 2-і пілот), 29.4—6.5.1985 — на КК «Чэленджэр» (як камандзір). У космасе правёў 12,1 сут.
У.С.Ларыёнаў.
т. 11, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОЛТ (Olt),
рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.
т. 11, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).
т. 13, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗЕ́Я, Рудзейка,
рака ў Магілёўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Раста (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 318 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Макаўня Магілёўскага р-на, вусце ў межах в. Цемналессе Чавускага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 0,2—0,5 км, у асобных месцах да 1 км. Рэчышча на працягу 7,9 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй па цячэнні звілістае.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НСНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ, рэзанансы,
нестабільныя элементарныя часціцы (адроны), якія могуць распадацца за кошт моцных узаемадзеянняў. Маюць час жыцця ад 10−24 да 10−22 с. Аб наяўнасці Р.ч. мяркуюць па ўскосных звестках, напр., па «рэзанансным» (адсюль назва) павелічэнні эфектыўнага сячэння даследаванага працэсу ўзаемадзеяння часціц пры тых значэннях энергіі, якія адпавядаюць масе (у энергет. адзінках) пэўнай Р.ч. Эксперыментальна адкрыты Э.Фермі (пач. 1950-х г.) і першасна трактаваліся як узбуджаныя станы адронаў.
т. 13, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМА (Saimaa),
сістэма азёр на ПдУ Фінляндыі ў паніжэннях стараж.-ледавіковага рэльефу. Пл. каля 4,4 тыс. км² (найб. воз. Сайма — каля 1,8 тыс. км²), глыб. да 82 м. Берагі моцна парэзаныя, часта скалістыя. Шмат астравоў. Ледастаў са снежня па май. Сцёк у Ладажскае воз. па р. Вуокса. Сайменскім каналам злучана з Фінскім зал. Балт. мора. На астравах воз. Хаўківесі — нац. парк Лінансаары. Транспарціроўка лесу, суднаходства, рыбалоўства. Парты: Лапеэнранта, Саванліна, Мікелі, Іоэнсу.
т. 14, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САК,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)