ТЭРПІНЕО́Л,

ненасычаны монацыклічны спірт класа тэрпенаў.

Вядомы 3 структурныя ізамеры: α-Т. (1-л-ментэн-8-ол), β-Т. (8-л-ментэн-1-ол) і γ-Т. [4(8)-лментэн-1-ол]. У прыродзе найб. пашыраны α-Т. — бясколерныя крышталі з пахам бэзу; ёсць у шкіпінары і многіх эфірных алеях (напр., памяранцавым, камфорным, гераніевым). У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй тэрпінгідрату (монагідрат л-ментан-1,8-дыолу) або прамой гідратацыяй α-пінену (гл. Пінен). Сінт. Т. — сумесь усіх ізамераў, у якой пераважае (±)-α-Т. — празрыстая бясколерная вадкасць (tпл 2 °C), tкіп 214—224 °C, шчыльн. 934—941 кг/м³. Выкарыстоўваюць як пахучае рэчыва (пах бэзу) і паўпрадукт для сінтэзу інш. пахучых рэчываў (напр., тэрпінілацэтату, які мае кветкавы пах і выкарыстоўваецца ў вытв-сці мыла), а таксама як кампанент харч. эсенцый, растваральнік, пластыфікатар, флатарэагент.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСМО́КТВАННЕ, рэзорбцыя,

пераход рэчываў праз клетачныя элементы жывёльных тканак у кроў і лімфу. Адбываецца пераважна ў стрававальным тракце, таксама з поласці лёгкіх, плеўры, маткі, мачавога пузыра, з паверхні скуры, слізістых абалонак і інш. Найб. спецыялізаванае — У. ў кішэчніку пазваночных праз варсінкі або мікраварсінкі эпітэліяльных клетак.

Большасць высокамалекулярных пажыўных рэчываў перад У. ферментатыўна гідралізуецца і ператвараецца ў простыя злучэнні (напр., бялкі — у амінакіслоты, вугляводы — у монацукрыды). Праз клетачныя мембраны рэчывы пранікаюць пасіўна (дыфузія, фільтрацыя, электраосмас і інш.) і актыўна — з удзелам спец. пераносчыкаў і з затратай энергіі. У працэсе У. ўдзельнічаюць клетачныя арганоіды — мітахондрыі, комплекс Гольджы, эндаплазматычная сетка. Парушэнне У. прыводзіць да знясілення арганізма. Адваротнае У. адбываецца ў сакраторных і экскрэторных органах (напр., у ныркавых канальцах пры мочаўтварэнні). Гл. таксама Біялагічныя мембраны, Транспарт рэчываў.

Літ.:

Физиология всасывания. Л., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМА́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,

сукупнасць аднародных згуртаванняў раслін (асацыяцый), у якіх асн. ярус утвораны адным і тым жа відам (напр., усе асацыяцыі з перавагай хвоі звычайнай). Адна з вышэйшых адзінак класіфікацыі расліннасці, аб’ядноўвае генетычна і экалагічна розныя асацыяцыі. Адрозніваюць монадамінантную фармацыю, пры якой у якасці ярусаўтваральніка выступае 1 від, і кондамінантную — асн. ярус утвараюць 2—3 віды (напр., чорна-альхова-ясеневая, балотна-міртава-сфагнавая). На Беларусі найб. пашыраныя Ф.р.: сярод лясоў — асінавая, грабавая, дубовая, павіслабярозавая, пушыстабярозавая, хваёвая, чорнаальховая, шэраальховая, яловая, ясеневая; сярод лугоў — балотна-метлюжковая, звычайнамятліцавая, лугава-аўсяніцавая, пахучакаласковая, сіўцовая, чырвонааўсяніцавая; сярод нізінных балот — багніста-хвашчовая, балотна-шальнікавая, чорнаасаковая, шэравярбовая; сярод пераходных балот — балотна-шабельнікавая, востраасаковая, падбела-сфагнавая; сярод вярховых балот — багніста-асаковая, балотна-журавінавая, магеланікум-сфагнавая. Да ахоўных, рэліктавых, асабліва каштоўных Ф.р. адносяцца белапіхтавая, жоўтарададэндравая, карлікавабярозавая, марошкавая і інш.

Дз.​С.​Голад.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАТРА́ЎМА,

траўма, выкліканая дзеяннем на арганізм эл. току. Узнікае пры непасрэдным кантакце цела з крыніцай эл. току (напр., аголеныя правады быт. электрапрыбораў), разрадзе праз паветра (вольтава дуга), зямлю (крокавае напружанне). Бывае прыродная (напр., удар маланкі), тэхнагенная. Найб. небяспечныя для чалавека пераменныя токі. з частатой 50—60 Гц. Небяспека Э. павышаецца пры высокай вільготнасці, адсутнасці зазямлення, пераграванні арганізма, недахопе кіслароду і інш. Пры Э. адзначаюцца фіз. (цеплавыя), хім. і біял. (парушэнне функцый) эфекты. Бываюць апёкі з абвугліваннем, амярцвенне тканак, парушэнні сардэчнай дзейнасці і дыхання, нерв. і псіхічныя расстройствы, кома, шок, паралічы і інш. У выніку рэзкага скарачэння мышцаў пры Э. бываюць вывіхі і пераломы касцей. Неадкладная дапамога: вызваленне пацярпелага ад дотыку з правадніком эл. току, штучнае дыханне, масаж сэрца і інш. меры.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЗВА,

дэфект скуры або слізістай абалонкі і падлеглых тканак. У чалавека бываюць Я. вострыя і хранічныя, адзінкавыя і множныя, сімптаматычныя, трафічныя, ракавыя і інш. Узнікаюць пры мясц. дзеянні шкодных фактараў (кіслоты, шчолачы, лякарствы; тэрмічныя ўздзеянні — апёкі, абмаражэнне; іанізавальныя выпрамяненні; мех. пашкоджанні і інш.) і ў выніку нейратрафічных расстройстваў.

Вострая Я. звычайна неглыбокая, акруглай або авальнай формы; хранічная мае прыўзнятыя, шчыльныя краі, зрэдку амазалелыя. Сімптаматычныя Я. (страўніка і дванаццаціперснай кішкі) бываюць стрэсавыя. эндакрынныя, медыкаментозныя (напр., аспірынавая), спецыфічныя (пры сіфілісе, туберкулёзе). Трафічныя Я. ўзнікаюць пры варыкознай хваробе, хранічных інтаксікацыях (напр., цыроз печані). пролежнях і інш. Часам з утварэннем Я. распадаюцца ракавыя пухліны (першасна-язвавая форма раку). Зажыўленне звычайна запаволенае. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. У жывёл на Я. найб. хварэе маладняк. Гл. таксама Язвавая хвароба.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЫ́ЙНАЯ МО́ВА,

мова, што выкарыстоўваецца для ўрадавых і інш. дзелавых патрэб. У сацыялінгвістыцы паняцце «афіцыйная мова» ўжываецца ў проціпастаўленні паняццю нацыянальная мова. І калі апошняя скіравана на ідэнтыфікацыю нацыі, згуртаванне народа ў адзіную нацыю, прызначэнне афіцыйнай мовы хутчэй утылітарнае, чым сімвалічнае. Неабходнасць выкарыстання абодвух тэрмінаў выклікана гіст., паліт., этнічнымі і інш. фактарамі, што вызначаюць моўную сітуацыю ў пэўнай краіне.

На практыцы абодва тэрміны ўжываюцца не строга, а ў адпаведнасці з паліт. мэтамі ўрада. Так, у Парагваі гуарані і ісп. мовы аб’яўлены нацыянальнымі, але іспанская — афіцыйная мова. У Танзаніі наадварот: нац. мова — суахілі, а суахілі і англ. — афіцыйныя мовы. У краінах, што лічаць сябе моналінгвальнымі (аднамоўнымі), — адна і тая ж мова служыць для абедзвюх мэтаў. У полілінгвальных (шматмоўных) дзяржавах адна з моў можа быць аб’яўлена нац. па паліт. меркаваннях — для замацавання нацыянальнасці (напр., іўрыт у Ізраілі, інданезійская ў Інданезіі). Але калі такая мова не ў стане задавальняць усе камунікатыўныя патрэбы краіны (урада) у знешніх і ўнутр. зносінах, пэўная мова прымаецца ў якасці афіцыйнай мовы (напр., арабская ў Ізраілі, французская ў Заіры, Чадзе). Афіцыйную мову выкарыстоўваюць у выпадку, калі выбар нац. мовы праблематычны (напр., у Індыі 14 нац. рэгіянальных моў прызнаны афіцыйнымі мовамі побач з англ. і хіндзі).

Значымасць нац. або афіцыйнай мовы можа быць замацавана ў юрыд. актах і дакументах (канстытуцыі, спец. законе аб мовах і інш.), ёй можа быць нададзены статус дзяржаўнай мовы.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​−, другасныя [R2NH2]​+X​−, трацічныя [R3NH]​+X​− і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​−, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​−, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.

Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец. індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).

У.​М.​Сацута.

Вымяральныя прылады: 1 — прамога дзеяння (спружынныя вагі); 2 — параўнання (рычажныя вагі).
Да арт. Вымяральныя прылады. Вымяральны мікраскоп: 1 — асвятляльнік; 2 — акулярная галоўка; 3 — візірны мікраскоп; 4 — паваротны стол; 5, 6 — вінты перамяшчэння паваротнага стала.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл. Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).

У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, у Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ. М., 1971;

Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.

А.​М.​Крот.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)