ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж а-вамі Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа і Паўн. Зямля. НаЗ пралівамі Карскія Вароты і Матаччын Шар злучаецца з Баранцавым м., наУВількіцкага пралівам і пралівамі паміж а-вамі Паўн. Зямля — з м. Лапцевых. Пл. 883 тыс.км². Размешчана пераважна на шэльфе, які наПн перарэзаны глыбакаводнымі жалабамі Вароніна і Св. Ганны (глыб. да 600 м). Паміж імі — Цэнтр. Карскае ўзв. (глыб. да 50 м). НаПдЗ Новазямельская ўпадзіна (глыб. да 418 м). Пераважныя глыб. 30—100 м. Берагі невысокія, спадзістыя. Залівы: Енісейскі, Пясінскі, Обская губа, Байдарацкая губа. Шмат астравоў (Арктычнага Інстытута, Візэ, Сяргея Кірава, Нардэншэльда і інш.). Упадаюць рэкі Енісей, Об, Пясіна, Кара. Клімат арктычны, суровы. Адно з самых халодных мораў Расіі; сярэдняя т-ра вады на большай ч. паверхні летам каля 0 °C, наПд (каля вусцяў рэк) да 6 °C. Салёнасць ад 10—12‰ (каля вусцяў рэк) да 33‰ наПн. Частыя туманы і штормы. Большую ч. года ўкрыта лёдам. Прылівы пераважна паўсутачныя (0,5—0,8 м). Згонна-нагонныя ваганні ўзроўню ў залівах да 2 м. Рыбалоўства (сіг, галец, камбала і інш.). К.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Дыксан. Марскія судны заходзяць у парты Ігарка і Дудзінка (нар. Енісей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЕ́ЖНАЯ ЗО́НА.
барэальная лясная зона, прыродная геагр. зона, у ландшафтах якой пераважае тайга. Часам разглядаецца як падзона ў складзе адзінай лясной зоны ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. Размешчана паміж лесатундравай зонай (наПн) і мяшаных лясоў зонай і лесастэпавай зонай (наПд); працягваецца з 3 наУ прыблізна на 9 тыс.км пераважна ў Еўразіі, таксама ў Паўн. Амерыцы. НаУ Еўразіі ўздзеянне халоднага зімовага мусону садзейнічае далёкаму пранікненню тайгі наПд. Клімат ад акіянічнага да рэзка кантынент., з халоднай (ад -10 °C да -20 °C, у Паўн.-Усх. Сібіры да -50 °C і ніжэй) снежнай зімой і параўнальна цёплым (10—20 °C) вільготным летам. Колькасць ападкаў 300—600 мм за год, пераважае выпаральнасць, што спрыяе інтэнсіўнай забалочанасці тэрыторыі і мнагаводнасці рэк. На значнай ч. Сібіры пашырана шматгадовая мерзлата, што адмоўна адбіваецца на расл. і глебавым покрыве. Пераважаюць бедныя ў відавым складзе цемнахвойныя (з елкі і піхты) і светлахвойныя (пераважна з лістоўніцы) лясы, з дамешкам драбналістых парод на падзолістых і мярзлотна-таежных глебах. Прысутнічае мохавае покрыва, кусцікавы ярус. У гарах таежныя ландшафты ўтвараюць самаст. вышынны пояс. У Т.з. развіта лясная гаспадарка, паляўнічы промысел, па далінах рэк пашы, сенакосы. У Зах. Сібіры — радовішчы нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНЛА́НДЫЯ (эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),
аўтаномная частка Даніі нанайб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц. мовы — эскімоская і дацкая.
Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн.км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва наПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр.ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-растудз.на ўзбярэжжы ад -7 °CнаПд да -36 °CнаПн, ліп. адпаведна ад 10 °C да 3 °C. У цэнтр.ч. вострава сярэдняя т-растудз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў наПд 800—1100 мм за год, наПн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, наПн арктычная пустыня. НаПнУГрэнландскі нацыянальны парк.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана напаўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, наПнЗ жыве толькі 1,5%, наўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.
Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс.г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд.ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс.англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена наУсх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі наУсх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап.эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс.т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс. галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс. галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАВЫ АСТРАВЫ́ (Marshall Islands), Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands),
дзяржава нааднайм. астравах у Ціхім ак., наПн ад экватара. Пл. 181 км². Hac. 63 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) нааднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).
Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.
Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (наЗ, 18 атолаў), Радак (наУ, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з ПннаПд і з ЗнаУна 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак.напл. больш за 2 млн.км². Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км², пл.ўнутр. лагуны 1683 км²). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. НаПн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), наПд — да 4500 мм. НаПн бываюць засушлівыя перыяды, наПд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал.на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км²), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс.ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША. З 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А. З 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне. З 1991 член ААН.
Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн.кВт∙гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн.дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры ЗША і Японія.
Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т. л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАД (Tchad), Рэспубліка Чад (République du Tchad),
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. Мяжуе наПн з Лівіяй, наПд з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, наУ з Суданам, наЗ з Камерунам, Нігерыяй, Нігерам. Пл. 1284 тыс.км². Нас. 8997 тыс.чал. (2002). Сталіца — г.Нджамена. Афіц. мовы — французская і арабская. Падзяляецца на 14 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (11 жніўня).
Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996, ухваленая на рэферэндуме. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў, ён жа з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. орган — Нац. сход (125 дэпутатаў, іх тэрмін паўнамоцтваў 4 гады).
Прырода. Паверхня — плоская раўніна выш. 250—400 м. НаПн нагор’е Тыбесты (выш. да 3415 м, г. Эмі-Кусі), наПнУ плато Эрды і Энеды (выш. да 1450 м), наПдУ масіў Вадаі (выш. да 1666 м), наЗ раўніна Канем. Карысныя выкапні: баксіты (запасы — 14 млн.т), сода, соль, дыятаміты, вапнякі, каалін, нафта, уран, берыл, волава, медзь, золата. Клімат трапічны пустынны наПн, экватарыяльна-мусонны наПд. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °CнаПн да 21 °CнаПд, ліп. адпаведна 30 °C і 33 °C. Ападкаў ад 100—250 ммнаПн да 1000 ммнаПд. Бываюць пясчаныя буры. Асн. водныя рэсурсы наПд краіны. Гал. рэкі Шары з прытокам Лагоне (бас.воз. Чад) і Батха (бас.воз. Фітры). Расліннасць наПн прадстаўлена пустыннымі відамі (тамарыск, нізкарослая акацыя, вярблюджая калючка), у зоне Сахель — апустыненыя саванны з зараснікамі хмызнякоў на чырвона-бурых глебах, наПд — тыповыя саванны з баабабамі і пальмамі на чырвоных глебах. З жывёл ва ўнутр. раёнах пераважаюць траваедныя млекакормячыя (слон, жырафа, буйвал, насарогі, антылопы) і драпежнікі (леў, леапард, шакал, гіена). У рэках і азёрах — кракадзілы і бегемоты. Шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі Закума і Манда, запаведнікі Абу-Тэльфан і Сініянка-Мінія.
Насельніцтва. Этнічны склад Ч. прадстаўлены народамі, якія размаўляюць на шары-нільскіх (сара — 28%, багірмі, тама, даго, тубу, кануры, мілі), чадскіх (мубі, хаўса, маса) і нігера-кангалезскіх (мбум) мовах. Каля 30% насельніцтва — арабы, у т. л. суданскія (12%). Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (50%), ёсць хрысціяне (католікі і пратэстанты 25%), прыхільнікі традыц.рэліг. культаў (25%). Сярэднегадавы прырост 3,3% (2000). Сярэдняя шчыльн. 7 чал.на 1 км². Каля 20% насельніцтва — качэўнікі. У гарадах жыве 23% насельніцтва. Найб. горад — Нджамена (735 тыс.ж., 2002). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Мунду і Сарх. 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.
Гаспадарка. Ч. — эканамічна слабаразвітая краіна, адна з найбяднейшых у Афрыцы. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 8,1 млрд.дол. (каля 1 тыс.дол.на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (64% ВУП). Апрацоўваецца каля 3% тэр. Захавалася абшчыннае землекарыстанне. Гал. галіны — баваўнаводства і жывёлагадоўля. Асн. экспартная культура бавоўнік (збор — 161 тыс.т бавоўны-сырцу, 1999); пашырана наПд краіны. Сорга (514 тыс.т) і проса (367 тыс.т) Вырошчваюць паўсюдна, рыс (100 тыс.т) — каля гарадоў, арахіс (511 тыс.т) — у цэнтр. і ўсх. раёнах, фінікавую пальму — у аазісах наПн краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць фасолю (72 тыс.т), гарох (55 тыс.т), кунжут (29 тыс.т), фаніо, пшаніцу. Жывёлагадоўля (16% ВУП) — традыц. занятак 40% насельніцтва. Краіна займае адно з першых месцаў у Афрыцы па колькасці пагалоўя жывёл. Гадуюць (млн. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5,9), коз (5,3), авечак (2,4), вярблюдаў (1,1), птушак (5), аслоў (0,35), коней (0,2), свіней (0,02). Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 85 тыс.т, частка ўлову экспартуецца ў суседнія краіны. Прам-сць развіта слаба (12% ВУП). Асн. галіна — тэкст., уключае каля 20 дробных прадпрыемстваў кампаніі «КАТОНЧАД» у г. Сарх. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў гарадах наПд краіны. Вытв-сць бавоўны 87,7 тыс.т (1997). Прадпрыемствы па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі (найб. бойні-халадзільнікі ў г. Нджамена), вытв-сці цукру-рафінаду (26,7 тыс.т, 1997), піва (123,2 тыс. Дл), цыгарэт (39,3 млн.шт.), мукі. Вытв-сць электраэнергіі (100 млн.кВт∙гадз, 1998) на электрастанцыях у Нджамене. Здабыча соды і солі (напаўн. узбярэжжы воз. Чад і саланчаках Энеды), вапняку і гліны для цагельнага з-да ў Нджамене.
Транспарт аўтамаб., водны, паветраны. Чыгунак няма. Даўж. аўтадарог 32 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7 тыс.км. Водныя шляхі для грузаперавозак па рэках Шары і Лагоне выкарыстоўваюцца 3 мес за год. Міжнар. аэрапорт у Нджамене. Экспарт (172 млн.дол., 2000) бавоўны, жывой жывёлы (20% кошту экспарту), прадукцыі жывёлагадоўлі. Імпарт (223 млн.дол., 2000) машын і абсталявання, спажывецкіх тавараў, харч. прадукцыі, нафтапрадуктаў. Асн.гандл. партнёры: Францыя, Партугалія, Германія, Камерун. Грашовая адзінка — франк КФА.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. Ч. з найстараж. часоў. Да 9 ст. ў бас.воз. Чад склалася дзяржава Канем-Борну, якая ў 12—13 ст. уключала значную ч.тэр. сучаснага Ч. З 11 ст. тут пашырыўся іслам, які стаў рэлігіяй пануючых вярхоў. У 16 ст.наУ Ч. склалася дзяржава Вадаі, наПдЗ — Багірмі; у канцы 19 ст. значная ч. іх уладанняў увайшла ў склад Рабаха дзяржавы. У 1890-я г.натэр. Ч. з’явіліся франц. войскі, якія ў 1900 знішчылі дзяржаву Рабаха, да 1914 падпарадкавалі ўсю тэр. Ч., і як асобную калонію ўключылі яе ў склад Франц. Экватарыяльнай Афрыкі; з 1946 — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1947 створана Прагрэс. партыя Ч. (ППЧ), прадстаўнікі якой у 1957 узначалілі першы афр. ўрад Ч. З 1958 Ч. — аўт. дзяржава ў складзе Франц.Супольніцтва, з 11.8.1960 — незалежная дзяржава. У 1962 уведзены аднапарт. рэжым ППЧ на чале з прэзідэнтам Ф.Тамбалбаем. Супраць яго вялі ўзбр. барацьбу мусульм. народы Паўн. Ч. У крас. 1975 Тамбалбай забіты, уладу захапіў Вышэйшы ваен. савет на чале з ген. Ф.Малумам. Пад націскам паўн. паўстанцаў Малум у жн. 1978 стварыў кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам Узбр. сіл Поўначы (УСП) Х.Хабрэ. У выніку ўзбр. барацьбы паміж рознымі паўн. групоўкамі ў ліст. 1979 створаны Пераходны ўрад нац. адзінства (ПУНА) на чале з лідэрам Фронту нац. вызвалення Ч. (ФНВЧ) Г.Уэдэем; Хабрэ стаў міністрам абароны. З сак. 1980 разгарнулася грамадз. вайна паміж ФНВЧ, якому дапамагалі Лівія, і УСП, што апіраліся на Францыю. У чэрв. 1982 УСП захапілі сталіцу. Хабрэ ў вер. 1982 абвешчаны прэзідэнтам Ч. У 1983—87 яго войскі разграмілі ўзбр. сілы ФНВЧ і ўсталявалі кантроль над б.ч.тэр. краіны. У вер. 1989 падпісана мірнае пагадненне паміж Ч. і Лівіяй. 1.12.1990 рэжым Хабрэ скінуты сіламі апазіцыі, якія ўварваліся з тэр. Судана; іх лідэр ген. І.Дэбі абвешчаны прэзідэнтам Ч. У кастр. 1991 дазволена шматпартыйнасць.
У сак. 1996 прынята новая канстытуцыя Ч. На альтэрнатыўных выбарах 1996 і 2001 прэзідэнтам краіны зноў выбраны Дэбі.
З паліт. партый і рухаў Ч. рэальным уплывам карыстаецца толькі Патрыят. фронт выратавання. Ч. — чл.ААН (з 1960) і Афр. Саюза (з 2002).
Літ.:
Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. 3 изд. М., 1982.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Рэспублікі Чад.Да арт.Чад. Саванна ў сухі сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦА, Лукаўскі канал,
рака ў Беларусі, у Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Левы прыток Добасны (бас. Дняпра). Пачынаецца за 1,2 кмнаПдЗ ад в. Старая Кашара Рагачоўскага р-на, упадае ў Добасну за 2 кмнаПдУ ад в. Малевічы Жлобінскага р-на. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 197 км. Рэчышча каналізаванае, прытокі — меліярац. каналы працягласцю 168 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗАС, Брасас (Brazos),
рака наПд ЗША (штат Тэхас). Даўж. 1530 км, пл. басейна 114 тыс.км². Пачынаецца на плато Льяна-Эстакада, перасякае Прымексіканскую нізіну, упадае ў Мексіканскі заліў. Сярэдні расход у вусці 214 м³/с. Суднаходная ў нізоўях за 65 км ад вусця (у перыяд дажджоў — за 400—500 км). Выкарыстоўваецца на арашэнне. ГЭС. На Бразасе — г. Уэйка, у вусці — порт Фрыпарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., нар. Прыпяць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 кмнаПдЗ ад г. Жыткавічы, 271 км ад Гомеля, 7 км ад прыстані Тураў, на шашы Давыд-Гарадок—Тураў. 1300 ж., 487 двароў (1995). Станцыя перапампоўвання нафты на нафтаправодзе «Дружба». Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),
мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч.Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл.Дарый I).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РАЯ Ірына Ігараўна (н. 16.4.1958, г. Мінск),
бел. спартсменка (скораснае падводнае плаванне). Чэмпіёнка свету (1976 — падводнае плаванне з аквалангам на 100 і 400 м, ныранне на 50 м), Еўропы (1975 — плаванне з аквалангам на 100 м, ныранне на 25 м, эстафета 4 × 100 м — плаванне ў ластах), СССР (1976, 1977). Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў, неаднаразовая рэкардсменка свету (1975—77).