РАТО́Н (ад лац. roto кручуся, вярчуся),

кароткахвалевае элементарнае ўзбурэнне (квазічасціца) у вадкім геліі (у адрозненне ад доўгахвалевых узбурэнняў — фанонаў). Кінетычныя ўласцівасці звышцякучага гелію (вязкасць, паглынанне гуку і інш.) тлумачацца сутыкненнямі і ўзаемнымі пераўтварэннямі Р. і фанонаў. Гл. таксама Звышцякучасць, Квантавая вадкасць.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЯ,

рака ў Віцебскім р-не, правы прыток р. Усвяча (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Вадазбор раўнінны (пл. 88 км²). Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад пас. Кавалёва, вусце за 0,5 км на У ад в. Новааляксандраўка.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),

незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.

Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.

А.​П.​Вайтовіч.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

шырата і даўгата, якія вызначаюць становішча пункта на зямной паверхні. Геагр. шырата φ — вугал паміж лініяй адвеса ў дадзеным пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара: на Пн — паўночная шырата, на Пд — паўднёвая. Геагр. даўгата λ — вугал паміж плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт, і плоскасцю пач. мерыдыяна (гл. Грынвіцкі мерыдыян). Даўготы ад 0° да 180° на У ад пач. мерыдыяна наз. ўсходнімі, на З — заходнімі. Геаграфічныя каардынаты абагульняюць астр. і геад. каардынаты пры вырашэнні задач інж. геадэзіі, калі няма патрэбы ўлічваць несупадзенне астр. і геад. каардынат.

Геаграфічныя каардынаты пункта M: шырата φ (вугал MCN); даўгата λ (вугал OCN); P і P′ — Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі.

т. 5, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАЎНІЦА,

радуніца, радуніцкія дзяды, ва ўсх.-славянскіх народаў, у т. л. ў беларусаў, веснавое свята язычніцкага паходжання, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Паходжанне слова «Р.» выводзяць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літ. rauda (галашэнне), ад агульнаслав. слоў «род», «радзіцца», ад імя міфалагічнага бога Рады (Рода) і інш. Памінальны абрад адбываецца ў аўторак пасля велікоднага тыдня. Родзічаў памінаюць спачатку ў царкве, потым на могілках, дзе прыбіраюць магілы блізкіх, рассцілаюць на насыпах абрусы для памінальнай трапезы, якая нагадвае стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куцця, мяса, цукеркі) і гарэлкі пакідаюць на магіле. Раней часта гучалі галашэнні. У некат. мясцінах Палесся Р. падмяняліся т.зв. «наўскім вялікаднем» або «вялікаднем мёртвых», які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА ХІМІ́ЧНАЯ,

тэрмадынамічная раўнавага ў сістэме, у якой адбываюцца толькі абарачальныя рэакцыі.

Макраскапічныя параметры стану сістэмы (т-ра, ціск, канцэнтрацыя рэчываў) пры Р.х. не залежаць ад часу. Устанаўліваецца, калі скорасці прамой і адваротнай рэакцый становяцца роўнымі (гл. Дзейных мас закон). Умова раўнавагі любой хім. рэакцыі паказваецца суадносінамі i νi μi = 0 iхім. патэнцыял рэчываў, што ўдзельнічаюць у рэакцыі, νi — стэхіяметрычныя каэф. — дадатныя для зыходных рэчываў і адмоўныя для прадуктаў) і выводзіцца з любой умовы раўнавагі тэрмадынамічнай. Суадносіны паміж канцэнтрацыямі рэчываў у сістэме пры Р.х. вызначаюцца канстантай раўнавагі, якая залежыць ад прыроды рэчываў, што рэагуюць, і ад т-ры. Якасная залежнасць Р.х. ад знешніх умоў апісваецца Ле Шатэлье — Браўна прынцыпам. Гл. таксама Тэрмадынаміка хімічная.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. virulentus ядавіты),

ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІГО́ЙЦЫ (франц. Albiegeois),

удзельнікі ерэтычнага руху ў паўд. Францыі ў 12—13 ст., прыхільнікі вучэнняў катараў і вальдэнсаў. Назва ад аднаго з цэнтраў руху г. Альбі. Адмаўлялі асн. догматы каталіцкай царквы, патрабавалі ліквідаваць царк. іерархію, землеўладанне і дзесяціну. Асн. склад альбігойцаў — рамеснікі, сяляне, іх падтрымлівалі рыцары і знаць, якія дамагаліся зямельных багаццяў царквы. На Тулузскім саборы 1119 адлучаны ад царквы, асуджаны Усяленскім саборам 1215. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 знаць адышла ад ерасі. Рэшткі альбігойцаў знішчаны інквізіцыяй у 13 — пач. 14 ст.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФАТЭ́РНАСЦЬ (ад грэч. amphoteros і той і гэты),

здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.

Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H​+ і OH​ іоны (напр., Cr​3++3OH​ ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H​++CrO​2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРНІ́ЦА,

вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Прагрэс». За 34 км на З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Азярніца. 442 ж., 173 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца. Царква.

Упершыню ўпамінаецца ў 1478 сярод «прысёлкаў» маёнтка Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У 15—16 ст. належала Б.​Мілашэвічу, Б.​Багавіцінавічу, І.​Гарнастаю. У 1886 — 418 ж., 39 двароў, школа, царква, сінагога, штогод праводзіліся 2 кірмашы. З 1940 цэнтр сельсавета.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)