БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],

асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АІ́ДЫІ (лац. oidium, адз. л., памяншальнае ад грэч. ōon яйцо),

артраспоры, споры вегетатыўнага размнажэння, якія ўтвараюцца пры распаданні гіфаў грыбніцы на асобныя дробныя клеткі ў некат. недасканалых і базідыяльных грыбоў. Пры ўтварэнні аідый пад клетачнай абалонкай гіфаў закладваецца новая абалонка. Памеры аідый ад 2,5 да 8 мкм.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КНЕ КЕЛО́ІД, сасочкавы дэрматыт галавы, склеразуючы фалікуліт патыліцы,

хвароба мужчын. Існуе меркаванне, што ўзбуджальнік — залацісты стафілакок. На патыліцы на мяжы росту валасоў, зрэдку на падбародку з’яўляюцца дробныя вузельчыкі, якія групуюцца і зліваюцца паміж сабой. Скура робіцца цвёрдай, валасы растуць пучкамі. Пасля ўскрыцця фалікулярных вузельчыкаў застаюцца келоідныя рубцы.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́РЫ ПАЛЯРО́ІДНЫЯ, акуляры палярызацыйныя,

акуляры, у аправу якіх устаўлены палярызацыйныя святлафільтры (паляроіды). Прызначаны для паасобнага назірання стэрэапары абодвума вокамі (кожнае вока бачыць толькі тую выяву стэрэапары, якая прызначана для гэтага вока). Выкарыстоўваюць для прагляду чорна-белых і каляровых стэрэаскапічных фотавыяў і кінафільмаў, якія праецыруюцца праз палярызацыйныя святлафільтры.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРА́Р-ІФАРА́С (франц. Adrar des Iforas),

Іфарас, пустыннае пласкагор’е на Пд Сахары, пераважна ў Малі. Сярэднія выш. 700 м, найб. да 1000 м. Складзена са стараж. гранітаў. Уздоўж сухіх далін (уэдаў), якія праразаюць масіў, апустыненыя саванны з зараснікамі акацый, ксерафітных злакаў, на вяршынях — горныя пустыні. Рэдкія аазісы.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫРА́ДЫ,

від стабілізатараў палімераў, якія павышаюць стойкасць палімераў да дзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Найб. эфектыўныя антырады: нафталін, антрацэн, фенантрэн, тыяфенолы, тыянафтолы і інш. Прымаюць паглынутую палімерам энергію і рассейваюць яе ў выглядзе цяпла ці флуарэсцэнцыі. Антырады ўводзяць у палімер пры яго перапрацоўцы да 10% ад масы палімеру.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РШЫ (польск. wierszy ад лац. versus верш),

дасілабічныя і сілабічныя (гл. Сілабічнае вершаскладанне) вершаваныя творы ва ўсходнеславянскіх літаратурах у 16—18 ст. Віршы звычайна наз. вершы для чытання (у процілегласць кантам і псалмам, якія спяваліся). Пазней віршамі сталі называць любыя архаічныя і не зусім удалыя вершы.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СЫ ў раслін,

паўзучыя або сцелістыя надземныя парасткі з доўгімі міжвузеллямі і лускападобным лісцем. Служаць для вегетатыўнага размнажэння раслін (напр., вусы ў суніц). Падземныя і (часам) надземныя вусы ў раслін называюць сталонамі. Вусы, якія маюць зялёнае лісце з развітымі пласцінкамі, часам кветкі і суквецці, наз. плеці.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕНЕ́З (ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.​А.​Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.​І.​Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)