пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАФО́РНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ (ад піра... + + грэч. phoros які нясе),
рэчывы, здольныя загарацца без нагрэву пры кантакце з паветрам. Т-ра самаўзгарання (tc) П.р. ніжэйшая за пакаёвыя т-ры. Да П.р. адносяцца тонкараздробненыя металы (жалеза, алюміній, магній, кобальт, нікель і інш.), гідрыды крэмнію (SiH4, tс -200 °C), бору і некаторых металаў, дыфасфін (P2H4), алюмінійарган. злучэнні (напр., трыэтылалюміній Al(C2H5)3, tc -80 °C) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ФІЯ,
старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г.Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ТКА КЕРАМІ́ЧНАЯ,
адзін з відаў штучных абліцовачных матэрыялаў, які выкарыстоўваюць для ўнутр. і вонкавых абліцовачных работ. Прасуюць з напаўсухіх парашкападобных керамічных мас з наступным абпальваннем да спякання. Вызначаецца высокай трываласцю, зноса-, вода- і хім. устойлівасцю. Паверхня П.к. можа быць гладкая, рэльефная, пакрытая белай ці каляровай палівай, форма — квадратная, прамавугольная, 6- і 8-гранная. Гл. таксама Керамічная прамысловасць.
Узоры пліткі керамічнай акцыянернага таварыства «Керамін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУ́ТАС,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т (ПРК),
Часовы польскі рэвалюцыйны камітэт, Польрэўком, часовы ўрад для Польшчы, які быў створаны 30.7.1920 польскімі камуністамі ў Беластоку, на падкантрольнай Чырв. Арміі тэрыторыі. Старшыня ПРК — Ю.Б.Мархлеўскі, члены — Ф.Э.Дзяржынскі, Ф.Я.Кон і інш. Абвясціў радыкальную эканам. праграму, якая прадугледжвала канфіскацыю буйных землеўладанняў і нацыяналізацыю прам-сці, пачаў стварэнне польскай Чырв. Арміі. Пасля правалу Варшаўскай аперацыі /920 і адступлення Чырв. Арміі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ СВЕ́ТУпаўночны і Паўднёвы,
пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27′ і робяць поўны абарот за 26 тыс. гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.
Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРАМАВА́НАЕ НАВУЧА́ННЕ,
від навучання, які ажыццяўляецца паводле абучальнай праграмы. Пры П.н. вучэбны матэрыял і дзеянні навучэнца падзяляюцца адпаведна на асобныя порцыі (дозы) і крокі (этапы навучання), выкананне кожнага з якіх кантралюецца. Пераход да наступнага этапу залежыць ад якасці засваення папярэдняга. Сродкамі рэалізацыі П.н. служаць праграмаваныя падручнікі (акрамя вучэбнага матэрыялу маюць указанні і рэкамендацыі па навучанні і праверцы ступені засваення матэрыялу) і абучальныя машыны.