ТЫЦЫЯ́Н [Titien; сапр.Тыцыяна Вечэліо (Tiziano Vecellio); 1488/89, г. Венецыя, Італія — 27.8.1576],
італьянскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Вучыўся ў С.Цуката, Джэнтыле Беліні, Джавані Беліні, Джарджоне. Працаваў пераважна ў Венецыі, а таксама ў Падуі (1506), Ферары (1516 і 1523), Мантуі (1536—37), Урбіне (1542—44), Рыме (1545—46), Аўгсбургу (1548 і 1550—51). Раннія творы з іх цікавасцю да пейзажу, паэтычнасцю, лірычнай сузіральнасцю, тонкім каларытам («Хрыстос і грэшніца», т.зв. «Цыганская мадонна») блізкія да работ Джарджоне. Пасля знаёмства з работамі Рафаэля і Мікеланджэла Т. выпрацаваў самастойны стыль, адметны пошукам ідэалу велічнай, гарманічнай і спакойнай прыгажосці: «Святая гутарка», «Саламея», «Маладая жанчына за туалетам», «Любоў зямная і нябесная», «Мадонна з вішняй», «Флора» (каля 1515), «Дынарый кесараў» (1518). Пазней ствараў манум. алтарныя карціны, адметныя велічным пафасам, адчувальнасцю прасторы («Унебаўзяцце Марыі», каля 1516—18, царква Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары, Венецыя), творы на евангельскія і міфалагічныя тэмы («Свята Венеры», 1518; «Палажэнне ў труну», 1520-я г.; «Увядзенне ў храм», 1534—38; «Венера Урбінская», 1538), якім уласцівы гучны каларыт, засн. на інтэнсіўных кантрастах сініх і чырв. колераў, багаты арх. фонамі з невял. жанравымі сцэнамі і быт. дэталямі. Пісаў спакойныя і строгія па кампазіцыі, багатыя адценнямі, тонка псіхал. партрэты («Мужчынскі партрэт», «Юнак з пальчаткай», каля 1520). У 1530—40-я г. аддаваў перавагу партрэтам сваіх сучаснікаў, у якіх праз позу, ракурс, жэст, колеравы строй перадаваў розныя, часам супярэчлівыя рысы іх характараў: «Іпаліта Медычы» (1532—33), «Ла Бела» (каля 1536), «П’етра Арэціна» (1545), «Папа Павел III з Алесандра і Атавіо Фарнезе» (1545—46). У позні перыяд творчасці дасягнуў вяршынь у жывапісным майстэрстве і ў эмацыянальна-псіхал. выяўленні рэліг. і міфалагічных тэм: «Даная» (каля 1554), «Венера і Адоніс» (1554), «Палажэнне ў труну» (1559), «Венера перад люстэркам» (1550-я г.), «Марыя Магдаліна каецца» (1560-я г.), «Аплакванне Хрыста» (1573—76). У аснове каларыту позніх твораў — найтанчэйшая колеравая гама, падпарадкаваная залацістаму тону; яна будуецца на тонкіх адценнях карычневага, сіне-стальнога, ружова-чырвонага, блякла-зялёнага колераў. Манера пісьма стала выключна свабоднай; кампазіцыю, форму і колер ён будаваў з дапамогай смелай пластычнай лепкі, фарбы накладваў на палатно і пэндзлем, і шпатэлем, і пальцам; празрыстыя лесіроўкі не хавалі падмалёўкі, часам праглядвалася зярністая фактура палатна. Са спалучэння разнастайных гнуткіх мазкоў нараджаліся вобразы трапяткой жыццёвасці і драматызму. Жывапісная тэхніка Т. зрабіла выключны ўплыў на далейшае развіццё сусветнага выяўл. мастацтва.
Літ.:
Смирнова И.А. Тициан и венецианский портрет XVI в. М., 1964;
Лазарев В.Н. Поздний Тициан // Лазарев В.Н. Старые итальянские мастера. М., 1972;
Тициан: [Альбом]. М., 1977;
Поцца Н. Тициан: Пер. с англ.М., 1981.
С.У.Пешын.
Тыцыян. Унебаўзяцце Марыі («Асунта»). Каля 1516—18.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФСКАЯ АНТРАПАЛО́ГІЯ,
у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне аб прыродзе і сутнасці чалавека; у вузкім сэнсе — кірунак у зах.еўрап. філасофіі 20 ст., прадстаўнікі якога імкнуліся ажыццявіць паварот філасофіі да антрапалагічнай тэматыкі і сфарміраваць новую навуку пра чалавека. Асн. палажэнні і прынцыпы Ф.а. сфармуляваны ў працах ням. філосафаў М.Шэлера «Становішча чалавека ў космасе» і Г.Плеснера «Ступені арганічнага і чалавек» (абедзве 1928). Яны зыходзілі з прынцыповай процілегласці «жывёлы наогул» і чалавека, разглядалі чалавека як свабодную істоту, здольную вызваліцца ад біял. патрэбнасцей, як носьбіта культуры і як арганізм у шэрагу інш. арганізмаў. У трактоўку чалавечага быцця прадстаўнікі Ф.а. паклалі розныя «базісныя структуры»: псіхал. (Шэлер), біял. (А.Гелен), «эксцэнтрычнай пазіцыянальнасці» (Плеснер), культ.антрапал. (Э.Ротгакер) і інш. Пад уплывам Ф.а. ўзніклі рэліг. (Г.Э.Генгстэнберг) і пед. (О.Ф.Больнаў) антрапалогіі; шэраг ідэй Ф.а. развіваліся ў экзістэнцыялізме, прагматызме і структуралізме.
Асновы бел. Ф.а. закладзены ў 1930-я г. (С.Я.Вальфсон, С.З.Кацэнбоген, М.М.Нікольскі і інш.). У 1960—80-я г. праблематыка Ф.а. значна пашырылася, сфарміраваліся логіка-метадалагічны (Дз.І.Шыраканаў, А.І.Пятрушчык, Я.С.Яскевіч і інш.), гісторыка-філас. (М.А.Алексютовіч, А.А.Бірала, Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, І.М.Лушчыцкі, А.С.Майхровіч і інш.), сацыялагічны (Я.М.Бабосаў, М.В.Тараткевіч, С.А Шавель і інш.) і культуралагічны (М.І.Крукоўскі і інш.) кірункі ў даследаванні чалавека; аналізаваліся праблемы спецыфічных асаблівасцей і вызначальных фактараў у выхаваўчым працэсе ва ўмовах навук.-тэхн. рэвалюцыі (К.П.Буслаў, Бабосаў), роля культуры і розных форм грамадскай свядомасці ў сацыялізацыі асобы (Т.І.Адула, І.І.Жбанкова і інш.), сямейна-шлюбных адносін, маральнага і эстэт. выхавання, каштоўнасных арыентацый і паводзін моладзі (С.Д.Лапцёнак, С.П.Вінакурава і інш.), сутнасць Ф.а. як аднаго з кірункаў зах.-еўрап. думкі 20 ст. (І.І.Антановіч). З 1990-х г. Ф.а. на Беларусі развіваецца як самаст. дысцыпліна; яе асн. праблемы — анталогія сучаснага чалавека, стан Ф.а. як філас. дысцыпліны на мяжы 20—21 ст. (Пятрушчык, Адула, А.К.Манееў, В.А.Паўлоўская і інш.), мнагамернасць і супярэчлівасць прыроды чалавека, яго сац. якасці і шляхі іх рэалізацыі, асн. сферы жыццядзейнасці, матывы паводзін, унутр. свет, смяротнасць і бессмяротнасць, знакава-сімвалічныя сістэмы чалавечай дзейнасці, фарміраванне новай светапогляднай парадыгмы і інш.
Літ.:
Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Проблема человека в западной философии: Сб.: Пер. с англ., нем., фр.М., 1988;
Сержантов В.Ф. Человек, его природа и смысл бытия. Л., 1990;
Сумерки богов. М., 1990;
Барулин В.С. Социально-философская антропология: Общие начала социал.-филос. антропологии. М., 1994;
Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. М., 2000;
Леви-Строс К. Структурная антропология: Пер. с фр.М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕАГРАФІЯ
На Беларусі першыя палеагеаграфічныя даследаванні праводзіліся ў 1920—30-я г. (М.Ф.Бліадухо, А.П.Карпінскі, Ф.В.Лунгерсгаўзен, П.А.Туткоўскі і інш.). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты па адкладах верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою (В.С.Акімец, А.П.Брунс, Л.М.Вазнячук, В.К.Галубцоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, І.В.Міцяніна, Л.С.Пятроў, А.В.Фурсенка, М.М.Цапенка, С.В.Ціхаміраў і інш.). У сувязі з вывучэннем розных бакоў фізіка-геагр. умоў геал. мінулага тэр. краіны ўзніклі розныя кірункі палеагеагр. даследаванняў: палеабіягеаграфічны (Т.Р.Абухоўская, В.І.Аўхімовіч, Ф.Ю.Велічкевіч, П.І.Дарафееў, Г.І.Кеда, Н.А.Махнач, Т.В.Якубоўская і інш.), палеаэкалагічны (С.Ф.Зубовіч, П.Ф.Каліноўскі, С.А.Кручак, А.М.Матузка, В.І.Пушкін, А.Ф.Санько, Г.К.Хурсевіч і інш.), палеакліматычны (Э.А.Высоцкі, В.П.Зярніцкая, Т.Б.Рылова, Я.К.Яловічава і інш.), тэрыгенна-мінералагічны (В.І.Абраменка, Л.Ф.Ажгірэвіч, Я.І.Аношка, С.Дз.Астапава, С.Г.Драмашка, В.П.Курачка, М.М.Лявых, Э.А.Ляўкоў, А.В, Мацвееў, Л.І.Мурашка, І.І.Ур’еў, У.І.Шкуратаў, С.Л.Шымановіч і інш.), палеапатамалагічны (М.А.Вальчык, Г.І.Гарэцкі, М.Я.Камароўскі і інш.), палеавулканалагічны (М.В.Вераценнікаў, В.П.Корзун, Я.А.Нікіцін, Л.Ф.Штэфан і інш.), палеатэктанічны (Р.Я.Айзберг, В.М.Бескапыльны, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, У.Я.Кажэнаў, В.С.Канішчаў, А.К.Карабанаў, К.М.Манкевіч, В.А.Масквіч, М.А.Нагорны, А.М.Сінічка, У.І.Таўсташэеў і інш.), палеагеамарфалагічны (С.М.Абравец, Л.А.Дземідовіч, З.Л.Пазнякевіч, І.А.Слабадзянюк і інш.), геахімічны (У.Я.Бардон, У.А.Кузняцоў, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Л.І.Матрунчык і інш.), ізатопнагеахімічны (І.Л.Коласаў, А.А.Махнач, М.Дз.Міхайлаў і інш.). У выніку праведзеных даследаванняў складзены карты па розных палеагеагр. кірунках, дэталізаваны па асобных стратыграфічных адзінках (сістэмах, аддзелах, ярусах, гарызонтах). Яны ўвайшлі ў Атлас палеагеаграфічных карт (1990) і Нац. атлас Беларусі (2002). Выдадзены шэраг абагульняльных манаграфій. Палеагеагр. карты на тэр. краіны выкарыстоўваюцца як аснова пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, вугалю, каменнай і калійных солей, баксітаў, фасфарытаў, алмазаў, полімінер. россыпаў, мінер. і пітных вод і інш.).
Літ.:
Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961;
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІЯ
Як асобная навука вылучылася ў 1950-я г. з неўралогіі і хірургіі. Першае на Беларусі аддзяленне нейрахірургіі заснавана ў 1949 прэзідэнтам АН Беларусі М.І.Грашчанкавым у 3-й клінічнай бальніцы Мінска з навук. базай у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. У ліку першых яго супрацоўнікаў былі Э.І.Злотнік, З.М.Кастрыцкая, Н.Я.Красільнікава, Р.А.Купрыяненка, З.А.Лапотка, М.В.Паўлавец, І.А.Склют. Пазней па ініцыятыве Злотніка нейрахірургічныя аддзяленні арганізаваны ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. З 1965 у 6-й гар. клінічнай бальніцы Мінска адкрыта 2-е аддзяленне нейрахірургіі, а ў Мінскім мед. ін-це арганізаваны курс нейрахірургіі (В.І.Лерман). Супрацоўнікі НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі з’яўляліся піянерамі ў былым СССР у хірургіі ўнутрычарапных анеўрызм, аклюзавальных пашкоджанняў сасудаў галаўнога мозга і ўнутрымазгавых кровазліццяў (Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач). Вяліся даследаванні па кіруемай артэрыяльнай гіпатаніі (Злотнік, Дзярж. прэмія 1985) і дэгідратацыйным дзеянні ліяфілізаванай мачавіны (І.З.Столкарц), вынікі якіх выкарыстоўваліся ў нейрахірургічнай практыцы. Распрацаваны і ўкаранёны ў практыку методыкі татальнага выдалення неўрыном слыхавога нерва з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі (А.Ф.Смеяновіч), мікрахірургічнага лячэння пашкоджанняў перыферычных нерваў (Я.А.Караткевіч), праведзены даследаванні па электрарэнтгенадыягностыцы нейрахірургічных захворванняў (У.Т.Пуставойценка).
У Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (кіраўнік Смеяновіч) распрацаваны эфектыўныя методыкі мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і стэнозу паяснічнага аддзела пазваночніка. У 1984 І.П.Антонаву, С.Д.Бяззубіку, Б.У.Дрывоцінаву, В.Я.Латышавай, Г.К.Недзьведзю, Смеяновічу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. Праводзяцца навуковыя даследаванні і распрацаваны методыкі лячэння траўматычнага пашкоджання плечавога спляцення, пухлін асновы галаўнога мозга і ўнутрымазгавой лакалізацыі, артэрыя-вянозных мальфармацый мазжачка і артэрыяльных анеўрызм. У 1989 у Мінскім мед. ін-це засн. кафедра нервовых і нейрахірургічных хвароб (Ф.В.Аляшкевіч) з лабараторыяй псіханейрахірургіі (А.С.Фядулаў), дзе распрацаваны метады хірургічнага лячэння траўматычных і сасудзістых пашкоджанняў галаўнога мозга, укаранёны ў практыку антыаксідантны прэпарат эмаксіпін і нейрапратэктар дыявітол, вывучаны магчымасці карэкцыі перакіснага акіслення ліпідаў пры чэрапна-мазгавой траўме і сасудзістых захворваннях галаўнога мозга. Адпрацаваны методыкі адбору эмбрыянальнага матэрыялу, яго далучэння ў розныя аддзелы галаўнога мозга, культывавання эмбрыянальнай нервовай тканкі і яе падрыхтоўкі да трансплантацыі; выкарыстоўваюцца новыя метады лячэння дыскагенных паяснічна-крыжавых радыкулітаў, вывучаюцца праблемы прагназіравання неўралагічных і нейрахірургічных захворванняў. Праводзяцца даследаванні па выкарыстанні фетальнай (эмбрыянальнай) нервовай тканкі пры нейрадэгенератыўных захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРОБСТВА
Першыя на Беларусі навуковыя даследаванні па агульным земляробстве правёў І.А.Сцебут у 1860—63 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне пачаліся з 1922 на Горацкай, Мінскай, Турскай і Беняконскай доследных станцыях. У 1920-я г. на кафедры земляробства БСГА пад кіраўніцтвам Я.К.Аляксеева даследаваліся і ўкараняліся ў практыку сідэральныя папары ў севазваротах на дзярнова-падзолістых глебах. У 1930—50-я г. ў Бел. сельскагаспадарчым ін-це, Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі і Ін-це біялагічных навук вывучаліся паглыбленне і акультурванне ворнага пласта, відавы склад пустазелля і спосабы барацьбы з ім; складзены карты засмечанасці пасеваў с.-г. культур асноўнымі відамі пустазелля.
У наш час навук. даследаванні вядуцца ў БСГА, Бел.НДІ земляробства і селекцыі, Гродзенскім аграрным ун-це, Бел.НДІ аховы раслін, меліярацыі і лугаводства, на абласных с.-г. станцыях. Асноўныя кірункі даследаванняў — апрацоўка глебы, севазвароты, пустазелле і барацьба з ім. Распрацаваны асновы і прынцыпы пабудовы севазваротаў ва ўмовах Беларусі (П.К.Александровіч, У.В.Бялкоўскі, В.М.Ластоўскі, П.І.Нікончык, П.М.Шарснёў і інш.); агратэхнічнае і кармавое значэнне сяўбы адна- і шматгадовых траў (Я.К.Аляксееў, С.С.Захараў, І.С.Лупіновіч, М.В.Мартынчык, П.І.Ніканчык, В.М.Шлапуноў і інш.). Абгрунтаваны севазвароты для спецыялізаваных гаспадарак (А.М.Грыбанаў, А.К.Залатар, М.І.Крывеня, П.І.Ніканчык, А.А.Усеня і інш.); распрацаваны і рэкамендаваны эфектыўныя спосабы апрацоўкі дзярнова-падзолістых глеб з улікам іх грануламетрычнага складу (Н.Р.Бачыла, Г.Дз.Бялоў, Я.К.Міхалёў, П.Я.Пракопаў і інш.); вызначаны найб. рацыянальныя спосабы і прыёмы апрацоўкі тарфяных глеб пад розныя культуры (М.Ф.Лебядзевіч, І.С.Лупіновіч, С.Г.Скарапанаў); распрацавана сістэма безадвальнай апрацоўкі дзярнова-падзолістых глеб (А.П.Абрамчук, У.В.Бялкоўскі, Г.Дз.Бялоў, І.П.Ваструхін, С.В.Кулеш, П.Я.Пракопаў). Распрацаваны і ўдасканальваюцца навук. асновы і метады барацьбы з пустазеллем (Л.А.Булавін, К.П.Падзёнаў, М.І.Пратасаў, П.М.Шарснёў, У.В.Ярмоленкаў). Вывучаюцца асновы і прынцыпы будовы класічных і контурна-экалагічных севазваротаў у сувязі са спецыялізацыяй і канцэнтраваннем земляробства і жывёлагадоўлі Беларусі. Абгрунтоўваюцца аптымальныя структуры пасяўных плошчаў з улікам прыродна-эканам. умоў рэгіёнаў; распрацоўваюцца энергарэсурсазберагальныя і глебаахоўныя сістэмы апрацоўкі глебы і інш.
Літ.:
Симченков Г.Ф., Цыганов Ф.П., Коробач А.П. Новое в обработке почвы. Мн., 1988;
Никончик П.И. Проблемы севооборотов в условиях интенсификации земледелия // Весці Акад агр. навук Беларусі. 1997. №2;
Заленский В.А., Яроцкий Я.У. Обработка почвы и плодородие. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮВЕЛІ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА (ад ням. Juwel ці галандскага juweel каштоўны камень),
выраб мастацкіх рэчаў (упрыгожанняў, прадметаў побыту, культу, зброі і інш.) з каштоўных і інш. каляровых металаў у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам, бурштынам, косцю, перламутрам, шклом і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Ю.м. выкарыстоўваюць розныя тэхнікі, ручныя і мех. спосабы апрацоўкі: коўку мастацкую і ліццё мастацкае, чаканку, гравіраванне, чарненне, філігрань, эмалі, разьбу мастацкую, зернь, інкрустацыю, траўленне, паліраванне, штампаванне, вальцоўку і інш.
Найб. стараж. вырабы Ю.м. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. Двухрэччы, Індыі. краінах эгейскай культуры. З 14—12 ст. да н.э. Ю.м. развівалася ў Стараж. Кітаі, краінах Стараж. Амерыкі. Японіі. на Б. Усходзе. з 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, з 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. ў Стараж. Рыме. У раннім еўрап. сярэдневякоўі выдатныя творы Ю.м. вырабляліся ў Візантыі, асабліва вылучаліся прадметы культу. 15—16 ст. — час росквіту італьян., 16—17 ст. — ням., 17—19 ст. — франц. Ю.м. Выдатныя маст. якасці вылучаюць залатыя ўпрыгожанні і маст. пасудзіны скіфаў і сарматаў (Паўн. Прычарнамор’е. Прыкубанне. Ніжняе Паволжа). Высокім майстэрствам славіліся ювеліры Кіеўскай Русі (залатыя вырабы з перагародчатай эмаллю. чаканеныя аклады абразоў). У 16 ст. агульнарус. цэнтрам Ю.м. стала Масква. у 18 ст. — Пецярбург. З сярэдзіны 19 ст. пачаўся масавы механізаваны выпуск ювелірных вырабаў. У Ю.м. 20 ст. з’явіліся новыя матэрыялы, творчыя кірункі сталі больш разнастайныя. Побач з арнаментамі, якія імітуюць розныягіст. стылі. у сярэдзіне 20 ст. сустракаюцца вобразныя вырашэнні, звязаныя з праблематыкай сучаснай культуры (напр., касм. тэма). Вытокі сучаснай арнаментыкі Ю.м. — у сімволіцы язычніцкіх вераванняў, калі магічны змест выяў крыжа, круга, кола, разетак, зорак. надаваў прадметам значэнне засцерагальнікаў. У многіх ювелірных вырабах адлюстроўвалася шанаванне жывёл. Паступова язычніцкая сімволіка была выцеснена геам., расл., тэраталагічным арнаментамі. У сучасным Ю.м. зацвердзіўся кірунак, звязаны з выкарыстаннем дызайнерскіх форм, дзе адсутнічае арнамент. Ювелірныя ўпрыгожанні вырабляюць на ювелірных фабрыках, ствараюць асобныя мастакі.
На Беларусі першыя вырабы з каляровых металаў вядомы з пач. бронзавага веку (мяжа 3-га і 2-га тыс. да н.э.): бранзалеты, дыядэмы, акулярападобныя прывескі, скроневыя кольцы, грыўні і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Ю.м. выкарыстоўвалі ліццё, коўку з дроту і спец. загатовак, чаканку і інш. У канцы 1-га тыс. да н.э. з’явіліся фібулы з мясц. арнаментам — плоскім трохвугольным шчытком, у пач. 1-га тыс. — новыя тыпы бранзалетаў і пярсцёнкаў, накладкі для шчытоў, завушніцы, вырабы з выемчатымі эмалямі — лунніцы (гл.Абідзенскія эмалі), ажурныя фібулы, паясы. З 6—8 ст. выраблялі ўпрыгожанні з серабра, арнаментаваныя несапраўднай зерню. У дэкоры пераважаў геам. арнамент. Развіццё Ю.м. ў 9—13 ст. звязана з узнікненнем гарадоў, работай ювелірных майстэрняў у Мінску, Полацку, Навагрудку, Гродне, Брэсце і інш. Засвойваліся новыя тэхнікі (філігрань, чарненне, серабрэнне, агнявое залачэнне чырвоным золатам, гравіраванне, штампоўка, перагародчатыя эмалі), пашырыўся асартымент металу (свінец, волава, серабро, золата, сплавы). Найб. значныя помнікі Ю.м. таго часу — Крыж Ефрасінні Полацкай, залатыя пярсцёнкі з Полацка, скроневае кольца з Барысава, бранзалет з Мінска, колты з Вішчынскага замка (Рагачоўскі р-н), гравіраваны абразок з выявай св. Дзмітрыя з Ваўкавыска (усе 12 ст.). У шэрагу твораў адлюстравалася пераасэнсаванне маст. традыцый Візантыі, Кіеўскай Русі, краін Зах. Еўропы, Міжземнамор’я і Усходу: засваенне новых выяўл. і арнаментальных матываў, з’яўленне новых відаў быт. рэчаў — лыжачак. ключоў, званочкаў, — а таксама энкалпіёнаў, мініяцюрных распяццяў, абразкоў, 2—3-створкавых складанняў. З’явіліся новыя формы падвесак, скроневых кольцаў, шыйных грыўняў, якія адлюстроўвалі этн. прыналежнасць уладальнікаў. Высокімі маст. якасцямі вылучаюцца гравіраваныя накладкі на абклады Мсціжскага і Лаўрышаўскага евангелляў (14 ст.). Развіццю Ю.м. 15—17 ст. спрыяла стварэнне рамесных цэхаў у Мінску, Вільні, Полацку, Слуцку, Гродне, Брэсце і інш., якія аб’ядноўвалі меднікаў, злотнікаў, сярэбранікаў, збройнікаў і інш. майстроў ювелірнай справы (усяго на Беларусі ў 15—16 ст. працавала 105 такіх майстроў, у 17 ст. — 665, у 18 ст. — 909). Пераважаў выраб культавых рэчаў, а таксама побытавага посуду. Шмат майстроў-ювеліраў — выхадцаў з Беларусі — працавала ў 17 ст. ў Аружэйнай палаце ў Маскве, сярод іх Ларыён Афанасьеў, Іван Андрэеў, Фёдар Пракоп’еў, Іван Юр’еў, Гаўрыла Аўдакімаў, творы якіх зберагліся да нашага часу. У Ю.м. 15—18 ст. рысы зах.-еўрап.маст. стыляў (готыка, рэнесанс, барока, ракако) спалучаны з мясц.маст. традыцыямі. Для тагачаснай бел. школы Ю.м. характэрны спалучэнне ў адным творы розных тэхнік апрацоўкі металу, рэаліст. характар трактоўкі расл. матываў, наіўна-рэаліст. трактоўка кананічных іканаграфічных зводаў, плоскаснасць дэкору — асабліва выразныя ў дэкоры літургічнага посуду, крыжах, абкладах евангелляў і інш.царк. начыння, рэчах свецкага прызначэння (паясы, шкатулкі, кубкі і інш.). На Ю.м. 1-й пал. 19 ст. паўплываў стыль ампір, з 2-й пал. 19 ст. ў многіх вырабах назіраюцца эклектычныя рысы. Ю.м. 20 ст. актыўна развівалася з 1960-х г. Ювелірныя ўпрыгожанні, дэкар. пластыку, сувеніры, посуд стваралі ў майстэрнях Маст. фонду Беларусі і Мін-вабыт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі; сучасныя ювелірныя вырабы — у індывідуальных майстэрнях, на прадпрыемствах (гл.Ювелірная прамысловасць). Бел. мастакі выкарыстоўваюць традыц. ювелірныя тэхнікі (скань, эмалі, ліццё, зернь і інш.), эксперыментуюць з новымі матэрыяламі. Сярод майстроў Г.Асташонак, Ю.Гудзіновіч, Б.Дрозд, Р.Іваноў, Ю.Калістратаў, А.Карніенка, М.Кузьміч, Ю.Любімаў, В.Фёдараў, А.Шостак і інш.
Літ.:
Штыхаў Г.В., Захаранка П.М. Старажытныя скарбы Беларусі. Мн., 1971;
Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.). Мн., 1972;
Постникова-Лосева М.М. Русское ювелирное искусство, его центры и мастера. XVI—XIX вв. М., 1974;
Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая, Л.Ф.Салавей.
Да арт.Ювелірнае мастацтва. Завушніцы. Золата. Стараж. Егіпет. Каля 3 ст. да н. э.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Скроневае кольца Бронза. Гарадзішча Баронікі. Віцебская вобл. 5—4 ст. да н. э.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Фібула вікінгаў у форме шкатулкі. Пазалочаная і пасярэбраная бронза. Мартэнс, в-аў Готланд. 11 ст.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Крыж-мошчахавальнік. Майстэрні Маскоўскага Крамля. 17 ст.Да арт.Ювелірнае мастацтва. А.Шостак. Бранзалет. Серабро, ізумруд, брыльянты, мохавы агат, перламутр. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,
сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш.юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн.гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт.Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.
Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл.Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,
лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.
Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.Х.Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.
Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт.Осмарэгуляцыя).
Літ.:
Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;
Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;
Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ.М., 1973.
Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час.«Маладняк». Заснавальнікі: М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, А.Бабарэка, Я.Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.
Членамі «М.» ў розны час былі М.Аляхновіч, З.Бандарына, І.Барашка, П.Броўка, З.Бядуля, У.Галубок, В.Гарбацэвіч, Ю.Гаўрук, П.Глебка, К.Губарэвіч, А.Гурло, У.Дубоўка, Я.Журба, У.Жылка, М.Зарэцкі, А.Звонак, В.Каваль, Т.Кляшторны, К.Крапіва, М.Лынькоў, В.Маракоў, Р.Мурашка, М.Нікановіч, Л.Родзевіч, В.Сташэўскі, П.Трус, У.Хадыка, Н.Чарнушэвіч, К.Чорны, С.Шушкевіч, А.Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.Чарот, А.Вольны, Дубоўка, П.Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).
Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.Чорны, К.Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.
Літ.:
Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.Мн., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦ,
адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙1022кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс.км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав.аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.
Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 109 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав.аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав.аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер.аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).
Літ.:
Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ.М., 1978;
Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд Месяца.Да арт.Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).