АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,

вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.​С.​Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).

Ф.​М.​Гайдук.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. adaptatio прыстасаванне) сацыяльная, працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сац. асяроддзем. Характарызуецца прыстасаваннем да новых умоў жыцця, выпрацоўкай і актуалізацыяй такіх якасцяў, што забяспечваюць выжыванне, зменай фактараў асяроддзя для найб. поўнага авалодання імі, пераглядам уласных дамаганняў і самаацэнак да рэальных умоў і суб’ектыўных магчымасцяў, пераадоленнем існуючых стэрэатыпаў, звычак, інерцыі мыслення. Чалавек здольны не толькі прыстасоўвацца, але і актыўна ўздзейнічаць на новыя ўмовы і абставіны, кантраляваць і рэгуляваць іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры поўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (напр., змена месца работы і інш.). У псіхал. і сац. адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў; гл. таксама Адаптацыйны сіндром). Адаптацыя цесна звязана з асваеннем і прыняццем (інтэрыярызацыяй) індывідам нормаў і каштоўнасцяў таго грамадства, да якога ён належыць, у працэсе сацыялізацыі.

Літ.:

Лебедев В.И. Личность в экстремальных условиях. М., 1989;

Свиридов Н.А. Социальная адаптация личности в коллективе // Социол. Исслед. 1980. № 3.

С.​А.​Шавель.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАІ́ (Botaurus),

птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (B. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.

Бугаі: 1 — вялікі; 2 — малы (а — самец; б — самка).

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛГАК Ігнацій Іасафат [20.4.1758, Слонімскі пав. — 25.2(9.3).1838], грэка-каталіцкі царк. дзеяч. Д-р тэалогіі і кананічнага права (1785). Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—74) і ў Рыме (1782—85). Чл. ордэна базыльян з 1774. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы (цяпер Глыбоцкі р-н) і Жыровічах. У 1790—95 епіскап тураўскі, каад’ютар Пінскай епархіі. У час царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе. У 1798—1828 епіскап брэсцкі. Мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817—38), з 1818 і старшыня 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, з 1828 старшыня асобнай Грэка-каталіцкай калегіі, з 1833 архіепіскап полацкі. У канцы жыцця яго акружалі епіскапы — прыхільнікі збліжэння, а потым і аб’яднання з правасл. царквой (І.​Сямашка, А.​Зубко, В.​Лужынскі і інш.), што вяло да змяншэння яго ўплыву. Смерць Булгака зняла апошнюю перашкоду для скасавання Брэсцкай уніі 1596.

В.​В.​Антонаў, А.​М.​Філатава.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус. нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн. рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.​Талстога 1992.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991—93.

Літ.:

Селезнёв Ю.В. В.​Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВО́КСАВЫЯ (Volvocophyceae),

клас зялёных водарасцяў. Уключае 3 парадкі: поліблефарыдавыя (Polyblepharidales), хламідаманадавыя (Chlamydomonadales) і вальвоксавыя (Volvocales). Агульная колькасць сямействаў, родаў і відаў не вызначана. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца ўсюды. Растуць у стаячых прэсных вадаёмах (планктонныя формы), таксама ў глебе. Найб. вядомыя роды: вальвокс (Volvox), гематакокус (Hematococus), гоніум (Gonium), дуналіела (Dunaliella), пандарына (Pandorina), хламідаманада (Chlamydomonas), эўдарына (Eudorina).

Найб. прымітыўная група зялёных водарасцяў. Аднаклетачныя, цэнабіяльныя ці каланіяльныя арганізмы, маюць манадную структуру цела і жгуцікі (1—2, радзей 4—8). У вегетатыўным стане рухомыя на працягу ўсяго жыцця. Бясполае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клетак або зааспорамі, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія і аагамія. Пры масавым развіцці выклікаюць зялёнае і чырв. «цвіценне» вады, што вядзе да зніжэння ў ёй кіслароду і замору рыб. Біял. ачышчальнікі і індыкатары забруджаных і сцёкавых водаў, удзельнічаюць ва ўтварэнні сапрапелю. Вальвоксавыя — важнае звяно ў ланцугу спажывання гідрабіёнтаў. З некат. відаў атрымліваюць карацін.

Да арт. Вальвоксавыя: 1 — вальвокс шарападобны; 2 — гематакокус дажджавы; 3 — дуналіела салявая.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХАБІ́ТЫ,

паслядоўнікі вахабізму — рэліг.-паліт. руху ў суніцкім ісламе, што сфарміраваўся як апазіцыя ва ўмовах тур. панавання ў Недждзе (Цэнтр. Аравія) у сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік руху — Мухамед ібн Абд аль-Вахаб (1703—87; назва вахабіты ад яго імя), які заклікаў вярнуцца да чысціні ранняга ісламу і аскетызму племяннога жыцця. Вахабіты асуджалі раскошу і бяздзейнасць уладароў султанскай Турцыі, выступалі супраць пышных культаў святых, музыкі, ужывання віна, кавы, тытуню і інш. Карысталіся падтрымкай бедуінаў. Пасля смерці аль-Вахаба рух узначаліў Махамед Сауд, які распачаў актыўную заваёўніцкую дзейнасць. Яго прыхільнікі — саудзіды падпарадкавалі сабе большую ч. Аравіі са святымі ісламскімі гарадамі Медынай (1804) і Меккай (1806). Супраць Саудзідаў выступіў егіпецкі правіцель Мухамед Алі. Саудзіды змагаліся са сваімі праціўнікамі на працягу ўсяго 19 ст. У 1902 адноўлены вахабіцкі эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе. З 1932 дзяржава Саудзідаў наз. каралеўства Саудаўская Аравія, дзе вахабізм — афіц. ідэалогія.

Літ.:

Васильев А.М. Пуритане ислама? Ваххабизм и первое государство саудидов в Аравии (1744/45—1818). М., 1967.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),

сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Байран, І.​Рэпін, Р.​Кент, Б.​Шоу, Л.​Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.

М.​Ф.​Сарока.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА ((Vélez de Guevara) Луіс) (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),

іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.​Р.​Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;

Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),

адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.

Літ.:

Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)