«ГАРЫ́НЬ»,
завод абліцовачнай фасаднай керамікі ў р.п. Рэчыца Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Дзейнічае з 1939 як сезоннае прадпрыемства. У час Вял. Айч. вайны часткова разбураны, у 1946 адноўлены як з-д і рэканструяваны, устаноўлена кальцавая печ для абпальвання вырабаў. З 1968 працуюць тунэльныя печы (3, на вадкім паліве). Сучасная назва з 1973. У якасці сыравіны выкарыстоўвае тугаплаўкія гліны радовішча Столінскія хутары. Асн. прадукцыя (1996): камяні керамічныя абліцовачныя і сценавыя, цэгла, пліты подавыя, жывёлагадоўчыя.
т. 5, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАНІБЕ́К (? — 1357),
хан Залатой Арды ў 1342—57, сын і пераемнік хана Узбека. Завалодаў прастолам, забіўшы двух сваіх братоў. У час яго праўлення Арда дасягнула найб. ваен. ўздыму. Актыўна ўмешваўся ва ўнутр. справы рус. княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Ардзе насаджаў іслам. У 1356 здзейсніў паход у Азербайджан, захапіў Тэбрыз і пасадзіў там свайго намесніка. У выніку паўстання ў Тэбрызе да ўлады прыйшлі Джалаірыды, галіны Чынгісідаў, варожай да Дж. Загінуў, калі вяртаўся ў Арду.
т. 6, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (н. 16.7.1928, г. Цвер, Расія),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). У 1981—92 гал. рэдактар час. «Юность». У лірыцы Дз. (зб-кі «Лірычныя вершы», 1955, «Роднае», 1958, «Сам-насам з сумленнем», 1965, «Побач ты і каханне», 1976, «Нараджэнне дня». 1978, «Азарт», 1983, Дзярж. прэмія СССР, 1985), «Характар» (1986) і паэмах («Мужнасць», 1958, «Дарога ў заўтра», 1960, «Расія», 1964) апявае духоўнае багацце чалавека, гучаць тэмы кахання і прыроды.
т. 6, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся ў сутоках Друйкі і Зах. Дзвіны. У час Лівонскай вайны 1558—83 у Д.з. ў 1561 размяшчаўся конны атрад. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова быў разбураны і спалены. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адноўлены, але сваёй магутнасцю не вылучаўся. У 18 ст. паступова прыйшоў у заняпад.
т. 6, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,
ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬМСЛЕЎ ((Hjelmslev) Луі Троль) (3.10.1899, Капенгаген — 30.5.1965),
дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та (з 1937). У 1931 разам з В.Брэндалем заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які ўзначальваў да 1965. Рэдактар час. «Acta Linguistica» («Лінгвістычныя справы»). Разам з Х.Ё.Ульдалем распрацаваў арыгінальную лінгвістычную тэорыю — гласематыку («Пралегомены да тэорыі мовы», 1943); прапанаваў агульную тэорыю склону («Катэгорыя склону. Даследаванне па агульнай граматыцы», 1935). Аўтар працы «Мова» (1963).
А.А.Кожынава.
т. 6, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУЧКО́Ў (Ціхан Свірыдавіч) (4.7.1922, в. Бахацец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 9.3.1987),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1941), Ейскае ваенна-марское авіяц. вучылішча (1942). У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік ВПС Балтыйскага флоту ст. лейт. Ж. вызначыўся ў час прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Ленінградскай вобл. і Прыбалтыйскіх рэспублік. Зрабіў 257 баявых вылетаў, з іх 85 на фотаразведку, асабіста збіў 11 самалётаў праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі, пасля ў Мін-ве грамадз. авіяцыі.
т. 6, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДАЛ (ад грэч. eidōlon вобраз, падабенства),
матэрыяльны прадмет, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. пакланення. На Беларусі І. — каменныя, драўляныя або металічныя скульпт. выявы язычніцкіх багоў (напр., Шклоўскі ідал). Лакальныя назвы — багі, балваны, каменныя бабы, куміры, стоды, ёлупы. У час язычніцтва І. ставілі на капішчах як аб’екты пакланення. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана, закапана ў зямлю ці ўтоплена; на многіх выбівалі крыжы ці надавалі ім форму крыжа. У пераносным сэнсе — прадмет сляпога пакланення.
т. 7, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)