вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл.Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙЦАХО́ВІЧ (Сяргей Рыгоравіч) (20.3.1903, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 3.9.1977),
адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Пінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1932). З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Слуцку, з 1938 інструктар ЦККП(б)Б, з крас. 1941 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з 23.4.1943 да ліп. 1944 2-і сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—47 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІ́ЗДЗІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 4—8 ст. на тэр. Вычэгодскага краю і ў вярхоўях р. Мезень і Пячора (Расія). Назва ад паселішча на беразе воз. Ванвіздзіна каля г. Сыктыўкар. Насельніцтва займалася паляваннем і рыбалоўствам, жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных ці паглыбленых у зямлю дамах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне і трупаспаленне ў грунтавых магілах. Кераміка — кругладонны посуд з зацёртымі травой сценкамі, упрыгожанымі вяровачным, кропкавым і інш. арнаментам. Выяўлены сляды апрацоўкі жалеза, бронзаліцейнай вытворчасці. На думку некаторых даследчыкаў, помнікі ванвіздзінскай культуры належалі стараж. комі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На тэр. Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Варашылаўградскай абл. Украіны і Растоўскай вобл. Расіі, уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Пл. каля 115 тыс.км². Прамысл. распрацоўка радовішчаў з 1952. Асн. радовішчы нафты і газу ў дэвонскіх каменнавугальных і ніжняпермскіх адкладах. Нафтавыя паклады на глыб. да 4500 м, газавыя і газакандэнсатныя — да 5000—5800 м. Буйнейшыя радовішчы: Шабялінскае, Заходне-Крэсцішчанскае, Яфрэмаўскае (газакандэнсатныя), Глінска-Розбышаўскае, Гнедзінцаўскае (нафтагазакандэнсатныя), Лялякаўскае (нафтавае). Цэнтры па разведцы і здабычы нафты і газу — гарады Чарнігаў, Прылукі, Балаклея і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ,
гідралагічны заказнік на тэр. Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Створаны як азёрны заказнік для аховы азёр і прылеглых прыродных комплексаў у 1979. Пл. 3,3 тыс.га (1997). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град. Уключае Доўгае возера, воз.Псуя (бас.р.Зах. Дзвіна) і прылеглую частку вадазборнай плошчы. Лясы (у асноўным елка з дамешкам бярозы і асіны) пераважна ў паўд.-ўсх.ч. Трапляюцца хвойнікі, у лагчынах — шэраалешнікі. Лясістасць 15%, па берагах — 25%. У далінах рэк невял. лугі. У фітапланктоне воз. Доўгае выяўлена рэдкая водарасць асцыляторыя чырванаватая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́Н (лац. Draco),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЧЫК (Павел Андрэевіч) (12.7.1918, в. Казённыя Паршні Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1994),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў артыл. школу (1939), Бранскае ваенна-паліт. вучылішча (1942), Вышэйшую афіцэрскую артыл. штабную школу (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м і 4-м Укр. франтах. Вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Літвы; артыл. батарэя на чале з капітанам Д. адбіла 11 контратак ворага і прымусіла адступіць. Да 1959 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́ЙСКАЕ ПРА́ВА,
прававая сістэма Візантыі 6—15 ст. Яго асновай былі кадыфікацыя Юстыніяна, выкладзеная ў зборніках пад назвай «Намаканоны», і рымскае права, якое дастасоўвала рабаўладальніцкае права да феад. адносін. Гэта дастасаванне адбылося пад уплывам звычаёвага права народаў, што засялілі імперыю, у т. л. славян. На сямейнае і спадчыннае права паўплывала і хрысц. рэлігія. Некаторыя нормы Візантыйскага права пераняты «Рускай праўдай», Статутамі Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, Улажэннем Аляксея Міхайлавіча 1649 і інш. На тэр. Расіі і Беларусі былі пашыраны зборнікі Візантыйскага права Эклога, Земляробчы закон, Прахірон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМА́Н,
археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.