ШРЫ́ФЕР (Schrieffer) Джон Роберт (н. 31.5.1931, г. Ок-Парк, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1971), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970). Замежны чл. Рас. АН (1988). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1953) і Ілінойскі ун-т (1957). З 1961 у Пенсільванскім ун-це (з 1962 праф.), з 1980 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Санта-Барбара. З 1992 ва ун-це штата Фларыда і Нац. лабараторыі моцных магнітных палёў. У 1994—96 прэзідэнт Амер. фіз. т-ва. Навук. працы па фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў, фізіцы нізкіх т-р, тэорыі многіх цел, звышправоднасці, магнетызме. Стварыў паслядоўную мікраскапічную тэорыю звышправоднасці [з Дж.Бардзінам (гл. Дадатак) і Л.Куперам; тэорыя Бардзіна—Купера—Ш., ці БКШ-тэорыя; 1957]. Нобелеўская прэмія 1972 (з Бардзінам і Куперам).

Тв.:

Рус. пер. — Новое в изучении сверхпроводимости. М., 1962 (разам з Дж.​Бардзінам);

Теория сверхпроводимости. М., 1970;

Сверхпроводимость полупроводников и переходных металлов. М., 1972 (у сааўт.).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Р.Шрыфер.

т. 17, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́Ч Аляксандр Канстанцінавіч (24.4.1918, в. Грамошча Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 14.11.1989),

бел. вучоны ў галіне гісторыі медыцыны, арг-цыі аховы здароўя. Канд. мед. н. (1968). Засл. ўрач Беларусі (1964). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1948). З 1954 заг. Полацкага абл. аддзела аховы здароўя, з 1957 заг. 4-га Гал. ўпраўлення Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Садзейнічаў пашырэнню базы лячэбна-прафілакт. устаноў і санаторна-курортнай справы, будаўніцтву на Беларусі і ў курортных зонах СССР многіх санаторыяў, у т. л. Аксакаўшчына, Нясвіж, Друскінінкай. З 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). У 1973—89 дырэктар Бел. рэсп. т-ва гісторыкаў медыцыны. З 1985 кіраваў музейнай групай у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па ўкараненні ў практыку прагрэсіўных форм і метадаў мед. дзейнасці, гісторыі развіцця аховы здароўя і медыцыны, праблемах сельскай медыцыны і інш.

Тв.:

Развитие здравоохранения и медицины в г. Минске в период капитализма (1861—1917). Мн., 1968.

т. 18, кн. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭК (Black) Джэймс Уайт (н. 1924),

англійскі фармаколаг. Праф. Лонданскага ун-та (1973). Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1978). Навук. працы па стварэнні і выкарыстанні новых проціпухлінных і процівірусных прэпаратаў, для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб і язвавай хваробы страўніка. Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Дж.​Х.​Хітчынгсам і Г.​Б.​Элаянам).

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІАНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + антыкліналь),

кароткая антыклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку мясц. тэктанічнага ўздымання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахіантыкліналь, нахілены ва ўсе бакі ад цэнтр. часткі яе скляпення, дзе знаходзяцца найб. стараж. пароды.

Брахіантыкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙМ (Heim) Альберт (12.4.1849, г. Цюрых, Швейцарыя — 31.8.1937),

швейцарскі геолаг. Праф. ун-та ў Цюрыху (з 1875). Прэзідэнт геал. камісіі Швейцарскага прыродазнаўчага т-ва, швейц. школы гляцыёлагаў. Асн. працы па геалогіі, тэктанічнай будове (прыхільнік шырокага распаўсюджвання покрываў) і зледзяненні Альпаў. Механізм гораўтварэння разглядаў з пазіцый пашыранай у 19 ст. кантракцыйнай гіпотэзы.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ПАНЧО́ШНЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1965—68 у г. Брэст. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Сыравіну часткова атрымлівае з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і інш. краін. Дзейнічаюць круцільная і вязальная вытв-сць. Асн. прадукцыя (1995): гладкія і з малюнкамі жаночыя калготкі, паўшарсцяныя жаночыя і дзіцячыя калготкі, мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя шкарпэткі.

т. 3, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫРА́НГА,

горы на Пн п-ва Таймыр, у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Сістэма паралельных або кулісападобных хрыбтоў і хвалістых плато працягласцю да 1100 км, шыр. больш за 200 км. Выш. да 1146 м. Складзены пераважна з габрадыябазаў. На У ледавікі (агульная пл. 30,5 км²). Камяністая тундра і арктычная горная пустыня.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Grønland),

на ПнУ в-ва Грэнландыя. Засн. ў 1974. Пл. каля 70 7 млн. га. Ландшафты арктычных пустынь, на схілах узгоркаў — травяная расліннасць. У фауне звычайныя аўцабык, белы мядзведзь, маржы, цюлені, пясцы, заяц, гарнастай, з птушак — белая курапатка, гага, белашчокая казарка, гусь Роса, белая сава, крэчат. Біясферны рэзерват.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАМІ́ТАВЫЯ А́ЛЬПЫ (Alpi Dolomiti),

горны масіў ва Усх. Альпах, на ПнУ Італіі. Даўж. 120 км. Выш. да 3342 м (г. Мармалада). Характэрны зубчастыя грабяні і стромкія схілы. Складзены з даламітаў і вапнякоў. Ліставыя і хваёвыя лясы. Снежнікі і ледавікі. Некалькі рэзерватаў. Курорты (Корціна-д’Ампеца і інш.). Турызм, зімовыя віды спорту.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХПАРТЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

палітычная сістэма, пры якой дзве найбуйнейшыя партыі перыядычна змяняюць адна адну ва ўладзе. Характэрна для ЗША (рэсп. і дэмакр. партыі), Вялікабрытаніі (кансерватыўная і, да 1920-х г., ліберальная, потым лейбарысцкая), Канады (ліберальная і прагрэс.-кансерватыўная) і некат. іншых краін. Д.с. не выключае існавання іншых паліт. партый і арг-цый.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)