від авіяц. спорту, падобны да планёрнага; выкананне планіруючых і лунаючых палётаў на прасцейшых лятальных апаратах. Дэльтаплан — просты па канструкцыі лятальны апарат масай да 35 кг. Старт робіцца са схілаў гор ці ўзвышша або з дапамогай буксіроўкі за катэрам ці аўтамабілем. Кіраванне ажыццяўляецца перамяшчэннем цэнтра цяжару спартсмена адносна канструкцыі. Палёты выконваюцца на скорасць або макс. далёкасць. Вопытныя спартсмены ў спрыяльных умовах пераадольваюць адлегласць у некалькі соцень км на выш. да 3 км. Д.с. узнік у ЗША (1973). Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1977. Бел. федэрацыя звышлёгкай авіяцыі зарэгістравана ў 1995. На 1.1.1997 у Беларусі Д.с. займалася 150 чал., з іх 7 майстроў спорту. Як асобны кірунак інтэнсіўна развіваецца мотадэльтапланёрны спорт (дэльталётны).
палоскавыя горныя пароды асадкавага ці вулканагенна-асадкавага паходжання, якія складаюцца ў асноўным з кварцу, магнетыту, радзей гематыту. Маюць характэрную тонкаслаістую будову (таўшч. 0,5—3 мм і больш). Колер цёмна-шэры ці фіялетава-чырвоны. Шчыльн. 3240—4290 кг/м³. Трываласць на сцісканне 370—400 МПа. Жалезная руда (жалеза ў магнетытавых Ж.к. больш за 25—30%, у гематытавых — 50—60%). Радовішчы прымеркаваны да дакембрыйскіх шчытоў і платформ. З Ж.к. складзены буйнейшыя ў свеце пластавыя жалезарудныя радовішчы — Курская магнітная анамалія (Расія), Крыварожскі жалезарудны басейн (Украіна), Мінас-Жэрайс (Бразілія) і інш. На Беларусі вядома Аколаўскае радовішча жалезных руд і Рубяжэвіцкае рудапраяўленне Ж.к., якія ўтварыліся асадкавым шляхам у абласцях рухомага вулканізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛУ́КТА,
у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.
В.С.Цітоў.
Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СЛУЖБО́ВЫЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на нармальную дзейнасць і аўтарытэт дзярж. апарата, учыненыя службовымі асобамі з выкарыстаннем свайго службовага становішча. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с. адносяцца: злоўжыванне ўладай або службовым становішчам, бяздзеянне ўлады, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, халатнасць, атрыманне хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве, дача хабару, службовы падлог, утойванне або адмаўленне ад прад’яўлення афіц. дакументаў. Крымін. адказнасці за З.с. падлягаюць толькі службовыя асобы (за выключэннем пасрэднікаў у хабарніцтве і тых, хто даваў хабар), якія пастаянна ці часова выконваюць функцыі прадстаўнікоў улады, займаюць пасады на прадпрыемствах, ва ўстановах, арг-цыях, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ціадм.-гасп. абавязкаў. Меры пакарання за З.с. залежаць ад ступені цяжкасці ўчыненага і іх грамадскай бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРУХ ФАЗ,
велічыня, якая характарызуе адставанне ў часе аднаго перыядычнага (ці квазіперыядычнага) працэсу ад другога. Выражаецца ў градусах, радыянах, долях перыяду ці даўжыні хвалі. Напр., у ланцугах пераменнага току з кандэнсатарам З.ф. паміж токам і напружаннем роўны 90°.
Паняцце «З.ф.» выкарыстоўваюць пераважна для гарманічных ваганняў, напр. паміж напружаннем і сілай току ў розных пунктах доўгай лініі, антэны і інш. Улік З.ф. важны таксама для сістэм з рэактыўнымі элементамі, прызначаных для зруху сігналаў у часе (фазавярчальнікі, лініі затрымкі і інш.), у оптыцы (гл.Кагерэнтнасць) і інш. У агульным выпадку З.ф. розны для гарманічных складальных розных частот, што вядзе да скажэнняў формы сігналаў, напр.. ва ўзмацняльніках. Гл. таксама Вектарная дыяграма, Магутнасці каэфіцыент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАПРЭ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,
сінтэтычныя каўчукі, прадукты полімерызацыі ізапрэну. Найб. важныя стэрэарэгулярныя І.к., макрамалекулы якіх маюць 93—98% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі. Па мікраструктуры І.к. — аналагі каўчуку натуральнага.
Пры пакаёвай т-ры аморфныя рэчывы, шчыльн. 910—920 кг/м³. Крышталізуюцца пры ахаладжэнні ніжэй за 0 °Cці пры расцяжэнні. Раствараюцца ў вуглевадародах і іх галагенавытворных, серавугляродзе. Атрымліваюць полімерызацыяй ізапрэну ў растворы на каталізатарах Цыглера—Наты (комплексныя злучэнні тытану і алюміній-арган. злучэнняў) ці алюмініевых каталізатарах (напр.. метал. літый, літыйалкілы). Не патрабуюць пластыфікацыі, вулканізуюцца серай. Па асн. уласцівасцях вулканізаты падобны на гуму з натуральнага каўчуку. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, канвеерных стужак, рукавоў, гумавага абутку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКТЫ́ЎНАСЦІ ШПУ́ЛЯ,
скручаны ў спіраль ізаляваны праваднік, прызначаны для назапашвання магн. энергіі, раздзялення ці абмежавання эл. сігналаў рознай частаты і інш.Асн. параметры: індуктыўнасць, супраціўленне страт, дыхтоўнасць, тэмпературны каэфіцыент індуктыўнасці, уласная эл. ёмістасць.
І.ш. бываюць каркасныя і бескаркасныя, з адна- ці мнагажыльнага проваду, адна- і мнагаслойныя, з асяродкамі (магнітапровадамі) з ферамагнітных матэрыялаў і без іх, з фіксаванай і пераменнай індуктыўнасцю. Выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў фільтраў, вагальных контураў, трансфарматараў, рэле, дроселяў, магн. узмацняльнікаў і інш. Разнавіднасць — плоскія пячатныя І.ш., а таксама абмоткі эл. машын, рамачныя і ферытавыя антэны.
Індуктыўнасці шпулі: а — цыліндрычная аднаслойная; б — мнагаслойная; в — з П-падобным асяродкам; г — узорная тараідальная; д — з цыліндрычным асяродкам; 1 — абмотка; 2 — каркас; 3 — асяродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ТАР,
1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ціінш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.
3) У тэлефаніі — прылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар.тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГА́НА (Caragana),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ва Усх. Еўропе і Азіі. Растуць у стэпах, пустынях, гарах. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукаваны 15 відаў і форм, з іх у зялёным буд-ве выкарыстоўваюць К. дрэвападобную, або жоўтую акацыю (C. arborescens), і кустовую дзеразу, ці чылігу (C. frutex), якія маюць шмат разнавіднасцей і форм.
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. ад 20 см да 5—7 м. Лісце чаргаванае, парнаперыстаскладанае. Чаранкі і прылісткі некат. відаў відазменены ў калючкі. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках па 2—5, жоўтыя, рэдка белыя ці ружовыя. Плод — струк, пры выспяванні растрэскваецца. Лек., меданосныя, тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.