дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).
Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).
Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн.руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн.руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,
матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн. часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.
іспанскі паэт і драматург. Вывучаў філасофію, л-ру, права ў Гранадзе і Мадрыдзе. У 1931—33 узначальваў вандроўны студэнцкі т-р «Ла Барака». Расстраляны франкістамі. Творчасць Гарсія Лоркі непарыўна звязана з ісп. фальклорам, з якога ён пераняў эмацыянальную напружанасць, гукі, колеры, сімволіку і інш. Адна з гал. ідэй яго паэт. творчасці — магчымасць дыялогу паміж людзьмі, кожны з якіх уяўляе асобны свет. У зб-ках «Песні» (1927), «Цыганскае рамансэра» (1928), «Вершы пра кантэ хонда» (1931), «Дыван Тамарыта» (1936), «Паэт у Нью-Йорку» (выд. 1940) водгук рамантызму. У драматургіі Гарсія Лоркі, якая адчула ўплыў сюррэалізму, паглыблены аналіз міжсаслоўных адносін і сац. пытанняў (гераічная драма «Марыяна Пінеда», 1928; нар. фарс «Цудоўная башмачніца» 1930; трагедыі «Крывавае вяселле», паст. 1933; «Йерма», паст. 1934; п’еса «Донна Расіта, дзяўчына, альбо Мова кветак», паст. 1935; драма «Дом Бернарды Альбы», выд. 1945). На бел. мову яго творы перакладаў Р.Барадулін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ БЯСПЕ́КА,
супрацоўніцтва дзяржаў па падтрыманні міжнар. міру, прадухіленні ўзбр. канфліктаў, а ў выпадку неабходнасці — ліквідацыі актаў агрэсіі і аказанні калект. дапамогі, у т. л.ваен., яе ахвярам. У наш час сістэма К.б. ажыццяўляецца ў рамках міжнар. арг-цый, напр., Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе спец. органаў (Савет Бяспекі ААН і інш.) і на рэгіянальнай аснове. Паводле Статута ААН рэгіянальныя арг-цыі не могуць распачынаць прымусовыя дзеянні без рашэння і агульнага кіраўніцтва Савета Бяспекі (толькі ён мае на гэта права). Для забеспячэння міру і К.б. выкарыстоўваюцца розныя сродкі: скарачэнне ўзбр. сіл, узбраенняў і іх асобных кампанентаў (ядз., хім. і інш.), вырашэнне міжнар. спрэчак і канфліктаў мірным шляхам, у т. л.дыпламат. і пасрэдніцкімі намаганнямі, стварэнне калект. міратворчых сіл, прыняцце прымусовых (у т. л. ваенных) захадаў супраць агрэсара і інш. Рэспубліка Беларусь у сістэме К.б. аддае перавагу заключэнню міждзярж. дагавораў у рамках СНД, Саюза Беларусі і Расіі, а таксама ў рамках рэгіянальных арг-цый (у т. л.Еўрап. Саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і яе Мінскай групы), рэгіянальным пагадненням (праграма «Партнёрства дзеля міру», 27 дзяржаў, 1996) і інш.
Літ.:
Ивашов Л.Г., Булыгин А.Н. Коллективная безопасность в рамках Содружества Независимых Государств: состояние и перспективы обеспечения // Воен. мысль, 1998. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫ́ШКА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ. Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.Багдановіча, М.Танка, П.Панчанкі, А.Вялюгіна, Р.Барадуліна і інш), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч. пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.
Тв.:
Права на верш. Мн., 1967;
Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.
Літ.:
Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ НЕ́ТРАХ,
сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне 18.12.1997. Змяшчае прававыя асновы комплекснага выкарыстання і аховы нетраў, забяспечвае абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадзян краіны, а таксама правоў карыстальнікаў нетраў. Складаецца з прэамбулы, 11 раздзелаў і 60 артыкулаў. Змяшчае агульныя палажэнні, асн. паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў справе вывучэння і карыстання нетрамі, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на нетры; вызначае задачы дзярж. рэгулявання ў галіне карыстання нетрамі і іх аховы, органы, што займаюцца гэтым рэгуляваннем, і іх кампетэнцыю; парадак прадстаўлення нетраў у карыстанне, выдачы ліцэнзій на права карыстання, правы і абавязкі карыстальнікаў; рэгламентуе пытанні рацыянальнага выкарыстання нетраў, парадак дзярж. рэгістрацыі і ўліку карыстання нетрамі, вядзення кадастраў нетраў; рэгулюе парадак і формы аплаты за карыстанне нетрамі; рэгламентуе пытанні бяспекі работ, звязаных з карыстаннем нетрамі, стварэння горнавыратавальнай службы, кантролю і нагляду за карыстаннем нетрамі і іх ахове, адказнасці за парушэнне заканадаўства аб нетрах, вырашэння спрэчак па праблемах нетракарыстання; вызначае парадак урэгулявання нац. заканадаўства з правіламі міжнар. пагадненняў і дагавораў; парадак набыцця кодэксам сілы і прывядзення існуючых заканад. актаў па нетрах у адпаведнасць з кодэксам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛОКОЛ»,
першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.
Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара М.М.Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала правабел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.
Публ.:
«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;
Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.П.Агарова і А.І.Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.
Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у склад Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т. л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац.маст. музея Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр.Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс.чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв.Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ.Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр.Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.