(28.3.1911, с. Дзугатыкау Джаўскага р-на, Паўд. Асеція — 1985),
асецінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Прамень сонца» (1938), «Ключ сэрца» (1959), «Запявала» (1967), «Сонечныя блікі» (1979), раманаў «На вастрыі клінка» (1964), «Залатая крыніца» (1974, Літ. прэмія імя К.Хетагурава 1976) і інш. Пераклаў на асецінскую мову кнігу выбр. лірыкі бел. паэтаў «Песня, апаленая вайной» (1976), асобныя творы Я.Купалы, П.Броўкі, М.Калачынскага. На бел. мову творы Дз. перакладалі Калачынскі, Г.Кляўко, Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1841, Вільня — ?),
бел. жывапісец. Сын мастака В.Дмахоўскага. Вучыўся ў бацькі і ў Варшаве. З 1875 выкладаў маляванне ў гімназіях (Чанстахова, Польшча). З канца 1870-х г. жыў і працаваў у маёнтку Нагародавічы (Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Сярод твораў жанравыя карціны («Рамізнік», «Паштовая станцыя», «На начлезе»), акварэлі («У Вільню на карнавал» і інш.), у якіх паказана жыццё дробнамаянтковай шляхты. Удзельнічаў у дэкар. афармленні Марыяцкага касцёла ў Кракаве.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СНІК ((Husnik) Якуб) (29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),
чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін з маст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.
Літ.:
Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮРДЖА́Н (Акоп Маркаравіч) (17.12.1881, г. Шуша, Нагорны Карабах — 28.12.1948),
армянскі скульптар. Вучыўся ў маст. акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—10), наведваў майстэрню А.Радэна. Працаваў у Маскве (з 1914), Парыжы (з 1921). Адметнае ў творчасці Гюрджана — своеасаблівае спалучэнне рыс стараж. мастацтва Усходу і тагачасных зах.-еўрап. плыней. Аўтар партрэтаў М.Горкага (1914), С.Рахманінава (1915), М.Сар’яна (1927), статуі «Саламея» (1925), помніка Л.Талстому ў Парыжы (устаноўлены ў 1955), надмагілляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЫЯ́НІ (Шалва Мікалаевіч) (21.5.1874, г. Зестафоні, Грузія — 15.3.1959),
грузінскі пісьменнік і тэатр. дзеяч. Нар.арт. Грузіі (1923). У 1893—1923 акцёр і рэжысёр (з 1907) Кутаіскага груз.драм.т-ра. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб. «Іскра», 1892). Пісаў драм. творы, апавяданні. Сярод п’ес: «У падзямеллі» (1905), «Калі яны балявалі» (1907), «Гегечкоры» (1915), «Учарашнія» (1916). Аўтар першай у груз. л-ры сатыр. камедыі «У самае сэрца» (1928), аптыміст. трагедыі «Тэтнульд» (1931), гіст. раманаў «Юрый Багалюбскі» (1927), «Сям’я Гвіргвіліяні» (1945—54) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІІ́Л ЧО́РНЫ (каля 1360—1430),
рускі жывапісец. Разам са сваім сябрам А.Рублёвым і інш. майстрамі працаваў ва Уладзімірскім Успенскім саборы (1408) і Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску (1420-я г.). Яму прыпісваецца ўдзел у выкананні часткі размалёвак і некат. абразоў для гэтых сабораў.
Літ.:
Грабарь И.Э. О древнерусском искусстве. М., 1966;
Лазарев В.Н. Андрей Рублев и его школа. М., 1966.
Данііл Чорны і А.Рублёў. Апосталы Павел і Пётр з групай святых. Фрагмент фрэскі Успенскага сабора ва Уладзіміры. 1408.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЦБУРГ (Ілья Якаўлевіч) (27.5.1859, г. Гродна — 3.1.1939),
рус. скульптар. Вучыўся ў М.Антакольскага (з 1871) і Пецярбургскай АМ (1878—86). Ствараў жанравыя фігуркі («Хлопчык, які збіраецца купацца», 1886), партрэтныя статуэткі дзеячаў рус. культуры («В.В.Верашчагін за работай», 1892). Аўтар надмагілля У.В.Стасава (1908), помнікаў М.В.Гогалю ў с. Сарочынцы Палтаўскай вобл., (Украіна; 1910), Г.В.Пляханаву (1925), Дз.І.Мендзялееву (адкрыты ў 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСПАДЫ́Я (ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу),
ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала, прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКАЯ ((Glińska) Тэафіля) (сапр.Букатова; 1762 ці 1763, в.Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),
польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.Ф.Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».
Літ.:
Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян
(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),
польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.