ТЭ́НДЭР (англ. tender ад tend абслугоўваць),
1) марское ветразевае аднамачтавае судна з касымі ветразямі. Адзін з відаў яхт. Мае 2—3 пярэднія трохвугольныя ветразі — кліверы. У ветразевым ваен. флоце — самы малы карабель.
2) Міжнар. таргі, пры якіх конкурс для прадаўца аб’яўляе пакупнік, а таксама ўстанаўлівае тэхн. і эканам. характарыстыкі тавару.
3) Прычапная частка паравоза для захоўвання запасу вады, паліва і размяшчэння дапаможных прыстасаванняў.
т. 16, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНЗАРЭЗІ́СТАР (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты + рэзістар),
рэзістар, які мяняе сваё эл. супраціўленне пры дэфармацыі расцяжэння ці сціскання (гл. Тэнзарэзістыўны эфект). Адрозніваюць Т. металічныя (вырабляюць з дроту ці фольгі ў выглядзе рашотак) і паўправадніковыя (у выглядзе пласцін ці эпітаксіяльных плёнак). Выкарыстоўваецца як адчувальны элемент у тэнзадатчыках, а таксама ў пераўтваральніках ціску ці мех. напружання ў эл. сігнал., напр., у мікрафонах і гуказдымальніках.
т. 16, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
тэрмафобы (ад тэрма... + грэч. phobos страх), жывыя арганізмы, якія здольны існаваць і размнажацца толькі пры адносна нізкіх т-рах (звычайна не больш за 10 °C). Да Т.а. належыць большасць жыхароў глыбінь акіянаў, мораў, буйных азёраў, вадаёмаў і сушы раёнаў з халодным кліматам (Арктыкі, Антарктыкі, высакагор’яў). Тэрмафобныя мікраарганізмы наз. таксама псіхрафільнымі ці крыяфільнымі, а тэрмафобныя расліны падзяляюць на крыяфіты і псіхрафіты.
т. 16, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМІ́ЛІЯ (лац. familia сям’я),
у Старажытным Рыме сямейная гаспадарча-юрыд. адзінка, якая аб’ядноўвала ўсіх членаў сям’і, што паходзілі па мужчынскай лініі ад аднаго родапачынальніка або ўвайшлі праз шлюб ці ўсынаўленне. Улада галавы сям’і распаўсюджвалася на ўсю Ф., у т. л. на маёмасць і рабоў. Члены Ф. аб’ядноўваліся дамашнім культам. Ф. наз. таксама род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙФЕЦ (Heifetz) Яша [Іосіф Робертавіч (Рувімавіч); 2.2.1901, Вільнюс — 12.12.1987], амерыканскі скрыпач, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў І.Налбандзяна, Л.Аўэра. З 1917 у ЗША. З 1962 выкладаў у Паўд-Каліфарнійскім ун-це. Яго выканаўчай манеры характэрны віртуознасць, экспрэсія, маст. інтэрпрэтацыя. Першы выканаўца шматлікіх, у т. л. прысвечаных яму, твораў. У рэпертуары класічныя, а таксама забытыя і рэдка выконваемыя творы. Аўтар больш як 100 транскрыпцый для скрыпкі і інш.
т. 17, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛЬНЫ ІСК у крымінальным працэсе,
іск фізічнай ці юрыдычнай асобы, а таксама пракурора аб пакрыцці фізічнай, маёмаснай або маральнай шкоды, што прычынена непасрэдна злачынствам або грамадска небяспечным дзеяннем. Пры прад’яўленні Ц.і. ісцец вызваляецца ад дзярж. пошліны. Парадак даказвання такога іску ажыццяўляецца паводле адпаведнага працэсуальнага заканадаўства. Рашэнне па Ц.і. выносіцца судом у выглядзе пастановы аб прыгаворы або ўжыванні прымусовай меры бяспекі і лячэння.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
парадак разбору і вырашэння судом цывільных спраў, а таксама парадак выканання пастаноў судоў і некаторых інш. органаў, устаноўлены нормамі цывільнага працэсуальнага права. Уключае рэгламентаваную законам дзейнасць судоў па ажыццяўленні правасуддзя, дзейнасць суд. выканаўцы, усіх удзельнікаў судаводства і звязаных з ім юрыд. адносін, што ўзнікаюць у працэсе судаводства. Крыніцамі Ц.п. з’яўляюцца Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТРАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для ачысткі зярнят пшаніцы і жыта ад пылу, гразі і інш., частковага аддзялення пладовых абалонак, зародка і бародкі, а таксама лушчэння зярнят крупяных культур. Рабочы орган Ш.м. — вярчальны барабан з падоўжнымі ці радыяльнымі палоскамі (бізунамі), што рухаецца ўнутры цыліндрычнага корпуса, прыціскае зярняты да яго ўнутр. паверхні — стальной або з абразіўных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца ў мукамольна-крупяной прамысловасці і камбікормавай прамысловасці.
т. 17, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРУ́ЗІЯ (ад позналац. extrusio выштурхванне), шпрыцаванне палімераў,
спосаб атрымання вырабаў або паўфабрыкатаў з пластычных мас і гум выцісканнем матэрыялу праз канал прафілюючага інструменту (экструзійнай галоўкі). Гэтым метадам перапрацоўваюць да 50% усіх тэрмапластаў, а таксама гумавыя сумесі. Найб. пашырана ў экструдэрах (шпрыц-машынах). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плёнак, труб, шлангаў, аўтамаб. камер, пры накладанні эл. ізаляцыі на правады, кабелі і інш.
т. 18, кн. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКЛІ́ДАВА ПРАСТО́РА,
прастора, уласцівасці якой вызначаюцца аксіёмамі эўклідавай геаметрыі. У больш агульным сэнсе — л-мерная вектарная прастора, у якой для кожнай пары вектараў x і y ставіцца ў адпаведнасць сапраўдны лік — скалярны здабытак (х, у) гэтых вектараў, праз які вызначаюцца модулі (даўжыні) вектараў, вугал паміж вектарамі, а таксама ўводзіцца паняцце артаганальнасці (вектары лічацца артаганальнымі, калі іх скалярны здабытак роўны нулю).
т. 18, кн. 1, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)