ІНДЫ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

група пісьменнасцей Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, якія звязаны агульнасцю паходжання і адзіным (фанет.) прынцыпам пабудовы алфавіта. Акрамя Індыі, Бангладэш, Пакістана, Непала і Шры-Ланкі пашырана і ў суседніх раёнах.

Пранікла разам з будызмам у 1-м тыс. да н.э. Мае некалькі дзесяткаў разнавіднасцей. У самой Індыі пісьменнасць існуе больш за 5 тыс. г. Самыя стараж. варыянты І.п. не дэшыфраваны. Найб. раннія прачытаныя пісьмовыя помнікі (3 ст. да н.э.) заснаваны на складовым пісьме брахмі, якое з’яўляецца родапачынальнікам уласна інд. пісьменства. На яго аснове склаліся 3 асн. галіны І.п.: паўночнае (гупцкае, тыбецкае з некалькімі варыянтамі, нагары і яго пазнейшая форма дэванагары, якая займае цэнтр. месца сярод алфавітаў Паўн. Індыі, шарада ў Кашміры, невары, бенгальскае, орыя, гуджарацкае, гурмукхі — пенджабскае пісьмо і інш.), паўднёвае (грантха, алфавіты 4 сучасных літ. моў: канада, тэлугу, малаяламскай і тамільскай) і паўднёва-ўсходняе (сінгальскае. бірманскае, кхмерскае, лаоскае, тайскае і інш.), якое развіваецца па-за межамі Індыі.

Агульнаінд. пісьмо — складовае, адпавядае фанет. сістэме інд. моў (гл. Індыйскія мовы). Кожная літара абазначае склад з аднаго галоснага ці зычнага з галосным «а». Астатнія галосныя абазначаюцца дадатковымі знакамі, ужываецца поліфункцыян. значок «вірама». У алфавітах асобных моў знакі І.п. істотна; вар’іруюцца. Алфавіт хіндзі, ці санскрыту, лічыцца фанематычным, у інш, мовах суадносіны паміж фанемай і графемай парушаны.

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Dani A.H. Indian palaeography. Oxford, 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Асноўныя разнавіднасці індыйскага пісьма.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАДА́НА (санскр., літар. апавяданне),

апавяданні пра рэліг. і маральна-этычныя подзвігі будыйскіх прапаведнікаў; жанр л-ры будызму ў Індыі. Паводле традыц. уяўленняў, авадана расказваліся Будай. Найб. цікавыя з іх «Збор ста авадан» («Аваданашатака») і «Божая авадана» («Дзіўявадана»).

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Grandes Antillas, англ. Greater Antilles),

заходняя частка архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключае вял. а-вы Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка і менш значныя, размешчаныя паблізу. Агульная пл. 209 тыс. км².

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУНТУ́РУ, Гунтур,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш, у дэльце р. Крышна. Каля 500 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Цэнтр гандлю тытунём. Прам-сць: тытунёвая, баваўняная, харч., цэментная. Саматужныя прадпрыемствы па вырабе прадметаў хатняга ўжытку.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МАТЫ, Гумты,

рака ў Індыі, левы прыток Ганга. Даўж. 800 км, пл. бас. каля 28 тыс. км². Увесь басейн ракі — у межах Інда-Гангскай раўніны. Летнія паводкі, бываюць навадненні. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Г. — г. Лакхнаў.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАБА́РСКІ БЕ́РАГ,

заходняе ўзбярэжжа п-ва Індастан у Індыі, на Пд ад Гоа. Даўж. каля 800 км. Цягнецца вузкай (да 80 км) нізіннай паласой паміж Зах. Гатамі і Аравійскім м. Густа заселены. Буйны порт Калікут (Кажыкодэ).

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ШЫК, Насік,

горад у Індыі, у вярхоўях р. Гадавары, у штаце Махараштра. Каля 700 тыс. ж. (1998). Трансп. вузел. Авіяцыйная прам-сць. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці. Вытв-сць тэхн. спірту. Друкарні, саматужныя прадпрыемствы. Рэліг. цэнтр.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.

Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл. Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕКАНА́НДА (Свамі) (сапр. Нарэндранатх Дат; 12.1.1863, г. Калькута, Індыя — 4.1.1902),

індыйскі мысліцель-гуманіст, рэлігійны рэфарматар і грамадскі дзеяч. Вучань Рамакрышны. У 1880—84 вывучаў філасофію ў Калькуцкім ун-це. З мэтаю прапаганды веданты ў 1893 наведаў ЗША, Вялікабрытанію, Японію; у 1897 заснаваў рэліг.-рэфарматарскае т-ва «Місія Рамакрышны».

Вівекананда — буйнейшы прадстаўнік ёгі, ідэолаг інд. Адраджэння, якое выяўляла імкненне Індыі да нац. незалежнасці і сац. росквіту. Прапагандаваў самавыхаванне і самаўдасканаленне чалавека на аснове індуізму і маральна-фізічных прынцыпаў ёгаў. Яго дэмакр. і рэфармісцкія ідэі паўплывалі на нац.-вызв. рух у Індыі.

Тв.:

The complete works. Vol. 1—8. Mayavati, 1947—51.

Літ.:

Роллан Р. Жизнь Вивекананды // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1936. Т. 19.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria; 24.5.1819, Лондан — 22.1.1901),

каралева Вялікабрытаніі і Ірландыі [1837—1901], імператрыца Індыі [1876—1901]. Апошняя прадстаўніца Гановерскай дынастыі. Час яе праўлення наз. «віктарыянскай эрай» (падзяляецца на 3 перыяды). Першы (ранневіктарыянскі) перыяд быў адметны сац. напружаннем (гл. Чартызм, барацьба супраць хлебных законаў). У сярэдневіктарыянскі (1846—73) пашырыўся эканам. лібералізм, устанавілася прамысл. і гандл. манаполія Англіі ў свеце, зменшылася сац. напружанасць. У познавіктарыянскі час Вялікабрытанія стала найб. моцнай сярод еўрап. дзяржаў. Вяліся калан. войны з краінамі Азіі і Афрыкі; завяршылася заваяванне Індыі. У л-ры, мастацтве з’явіўся новы «віктарыянскі» стыль, яго пераймалі ў інш. краінах. У гонар Вікторыі названы гарады, рэкі, астравы, тэрыторыі і правінцыі ў краінах, якія ўваходзілі ў склад Брыт. імперыі.

Вікторыя.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)