КО́МПЛЕКСНЫ А́ТЛАС,
сістэматызаваны збор узгодненых і ўзаемадапаўняльных карт, якія даюць шматбаковую характарыстыку тэрыторыі (акваторыі). Уключае розныя па тэматыцы карты: агульныя геаграфічныя, геалагічныя, тэктанічныя, геамарфалагічныя, глеб, кліматычныя, ландшафтныя, насельніцтва, эканомікі і інш. У залежнасці ад задач, якія вырашаюцца, комплексы карт могуць аб’ядноўвацца адпаведна пэўнай тэрыторыі або патрэб асобных галін нар. гаспадаркі ці н.-д. пытанняў. Гл. таксама Атлас геаграфічны.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫЯ ВЯТРЫ́,
вятры, якія маюць лакальнае пашырэнне, звязанае з геагр. асаблівасцямі пэўнага рэгіёна (яго рэльефам, наяўнасцю вял. вадаёмаў). Падзяляюцца на вятры, абумоўленыя пераважна мясц. цыркуляцыяй атмасферы (бара, брызы, фён, горна-далінныя вятры і інш.), і вятры, якія ўяўляюць сабой цячэнні агульнай цыркуляцыі атмасферы, змененыя мясц. ўмовамі — нізкімі т-рамі, запыленасцю паветра і інш. (напр., афганец, сірока, хамсін).
т. 11, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІО́БІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць ў прам-сці для здабычы ніобію. Звычайна трапляюцца з танталавымі рудамі. Гал. рудныя мінералы ніобію: пірахлор (40—80% аксіду ніобію Nb2O5, калумбіт (50—78%) і лапарыт (7—20%). Н.р. падзяляюцца на ўласна ніобіевыя і тантала-ніобіевыя. Паходжанне магматычнае, пнеўматаліта-гідратэрмальнае, метасаматычнае, экзагеннае. Спадарожна ніобій здабываюць з пегматытаў, якія змяшчаюць тантала-ніабаты.
т. 11, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫ́ГМА (ад грэч. paradeigma прыклад, узор),
1) навук. тэорыя, увасобленая ў сістэме паняццяў, якія выражаюць істотныя рысы рэчаіснасці.
2) Зыходная канцэптуальная схема, мадэль пастаноўкі праблем і іх вырашэння, метадаў даследавання, якія пануюць на працягу пэўнага гіст. перыяду ў навук. супольнасці.
3) Паняцце, якое выкарыстоўваецца ў філасофіі антычнасці і сярэднявечча для характарыстыкі ўзаемаадносін духоўнага і рэальнага свету.
т. 12, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТАФО́РЫ,
надземныя дыхальныя карані раслін, якія растуць уверх (аэратрапізм і адмоўны геатрапізм). Забяспечваюць кіслародам падземныя органы раслін, што растуць на забалочаных глебах і марскіх узбярэжжах (у прыліўнай паласе). Напр., вярба ломкая, што трапляецца на балотах, утварае П. ў выглядзе шчоткі чырванаватых каранёў, якія тарчаць уверх. Таксама П. наз. буйныя паветраносныя поласці некат. плаваючых водарасцей (напр., фукуса).
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1724.
Паводле дагавора, падпісанага 23 чэрв. ў г. Стамбул, Турцыя пагаджалася з далучэннем да Рас. імперыі тэрыторый на зах. узбярэжжы Каспія, якія былі заняты рас. арміяй ў выніку Персідскага паходу 1722—23, а Расія — на далучэнне да Асманскай імперыі зямель у Закаўказзі і Паўн.-Зах. Іране, якія былі захоплены тур. войскамі ў пач. 18 ст.
т. 13, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕРБЕРА́ТАР,
прылада для стварэння штучнай рэверберацыі пераўтварэннем эл. сігналаў, якія нясуць гукавую інфармацыю. Выкарыстоўваецца пры фарміраванні праграм гукавога і тэлевізійнага вяшчання, у гуказапісе і інш. Дзеянне Р. зводзіцца да складання асн сігналу з паслядоўнасцю эл. сігналаў зменшанай амплітуды, якія нясуць тую ж інфармацыю і затрыманы ў часе адносна асн. сігналу. Час рэверберацыі вызначаецца патрабаваннямі да характару гучання.
т. 13, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КІ МІЖНАРО́ДНЫЯ,
рэкі, якія працякаюць па тэрыторыі дзвюх і больш дзяржаў і выкарыстанне якіх з’яўляецца прадметам міжнар. прававых адносін паміж прыбярэжнымі дзяржавамі (напр., Дунай, Рэйн, Конга, Нігер, Амазонка). Кожная частка Р.м. знаходзіцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, у межах якой працякае. Сярод Р.м. прынята вылучаць пагранічныя рэкі, якія раздзяляюць тэрыторыі некалькіх дзяржаў і звычайна не з’яўляюцца адкрытымі для міжнар. суднаходства.
т. 13, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬФАТА́РЫ (ад італьян. solfatara ад solfo сера),
струмені сярністага і серавадароднага газаў (т-ра 100—300 °C) з прымесямі пары вады, вуглякіслага і інш. газаў, якія выдзяляюцца з трэшчын сценак і дна кратэра, на схілах вулканаў. С. называюць таксама вулканы, якія спакойна і другі час выдзяляюць такія газы (напр., вулкан Сальфатара каля г. Неапаль). Гл. таксама Фумаролы.
т. 14, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКЮЛО́ТЫ (франц. sans-culottes ад sans без + culotte кароткія штаны),
тэрмін часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. Першапачаткова С. арыстакраты зняважліва называлі прадстаўнікоў гар. беднаты, якія насілі доўгія штаны з грубай матэрыі (у адрозненне ад дваран і буржуа, якія насілі кароткія штаны з шаўковымі панчохамі); пазней (асабліва ў час якабінскай дыктатуры 1793—94) тэрмін «С.» быў саманазвай радыкальных рэвалюцыянераў.
т. 14, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)