пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял.сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя (свабодныя) гарманічныя ваганні лінейных дынамічных сістэм з пастаяннымі параметрамі, дзе адсутнічаюць страты энергіі ці яе прыток ад знешніх крыніц. Характарызуюцца пэўным значэннем частаты, з якой вагаюцца элементы сістэмы, і формай (размеркаваннем амплітуд і фаз па элементах сістэмы).
Дыскрэтныя сістэмы, якія складаюцца з Ν звязаных гарманічных асцылятараў (напр., мех. маятнікаў, вагальных контураў), маюць роўна Ν Н.в. Размеркаваныя сістэмы (напр., струна, мембрана, рэзанатар) маюць бясконцае злічонае мноства Н.в. Адвольны свабодны рух сістэмы можна выявіць як суперпазіцыю Н.в., а поўная энергія руху распадаецца на суму парцыяльных энергій асобных Н.в. Пры знешнім узбуджэнні сістэмы Н.в. ў значнай ступені вызначаюць яе рэзанансныя ўласцівасці (гл.Рэзананс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,
нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз.хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл.Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл.Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл.Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей ўзбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл.Мёсбаўэра эфект) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНІ́ЧНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
крыніца электрычнага току, у якой хім.энергія пераўтвараецца ў электрычную. Складаецца з 2 электродаў: катод (мае акісляльнік) і анод (аднаўляльнік), якія кантактуюць з іонаправодным рэчывам (электралітам). Паміж электродамі ўсталёўваецца рознасць патэнцыялаў (электрарухальная сіла), якая вызначаецца свабоднай энергіяй акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі. Бываюць аднаразовага выкарыстання (першасныя гальванічныя элементы), шматразовага дзеяння (другасныя, або абарачальныя, гальванічныя элементы; гл.Электрычны акумулятар) і гальванічныя элементы, якія могуць бесперапынна працаваць за кошт пастаяннага падводу да электродаў рэагентаў і адводу прадуктаў рэакцыі (паліўныя элементы).
Гальванічныя элементы: а — «сухі» (1 — вугальны стрыжань з кантактавым каўпачком, 2 — пастападобны электраліт, 3 — актываваны вугаль, 4 — цынкавы корпус у кардоннай упакоўцы); б — паліўны вадародна-кіслародны (1 — кісларод, 2 — электраліт, 3 — вадарод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМЕРЫ́Я А́ТАМНЫХ Я́ДРАЎ,
існаванне ў некаторых атамных ядрах узбуджаных (метастабільных) станаў з адносна вял. часам жыцця. Некаторыя ядры маюць некалькі ізамерных станаў з розным часам жыцця і рознымі фіз. ўласцівасцямі, напр., радыеактыўны ізатоп бром-80 мае ў няўзбуджаным стане перыяд паўраспаду 17,6 мін, у ізамерным — 4,4 гадз.
Эксперыментальна выяўлена О.Ганам (1921), даследавана І.В.Курчатавым (1935). Выклікана малой энергіяй узбуджэння і значным адрозненнем спінавых квантавых лікаў ядра ў метастабільных станах (гл.Адбору правілы). Распад ізамераў суправаджаецца выпрамяненнем электронаў унутр. канверсіі (энергія ўзбуджэння перадаецца аднаму з электронаў гэтага ж атама) ці гама-квантаў і ў выніку атрымліваецца тое ж ядро ў стане з меншай энергіяй; часам больш імаверны бэта-распад (напр., у пратактынію-234).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЫ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
адзін з захавання законаў, які ўстанаўлівае пастаянства масы рэчыва пры яго ператварэннях і ўзаемадзеяннях. Адкрыты эксперыментальна пры вывучэнні хім. рэакцый (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770).
Як асобны закон М.з.з. дзейнічае ў класічнай механіцы, дзе скорасць часціц V значна меншая за скорасць святла ў вакууме C (V≪C) і не адбываецца пераўтварэнняў часціц. У адноснасці тэорыі ўстаноўлена ўзаемасувязь энергіі спакою часціцы з яе масай і таму законы захавання масы і энергіі аб’яднаны ў энергіі захавання закон, які пры пэўных умовах выконваецца ў класічнай і ў рэлятывісцкай механіцы (дзе V~C), а таксама ў ядз. рэакцыях і інш. працэсах пераўтварэння элементарных часціц (гл.Дэфект мас, Энергія сувязі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,
асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгр — т.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн.энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА-РАСПА́Д,
α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл.Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10−7 с (для 212Po) да 1017 гадоў (для 204Pb).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),
незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.
Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.