ГРАМО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш.асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
найбуйнейшая адмоўная тэктанічная структура плітнага этапу развіцця Усх.-Еўрапейскай платформы, у зах.ч. Рускай пліты. Пл. больш за 1 млн км². У межах Беларусі краявы паўд.-зах. схіл сінеклізы. Абмежавана на ПдЗЛатвійскай седлавінай і Беларускай антэклізай, на Пд — Варонежскай антэклізай, на ПдУ — Волга-Уральскай антэклізай. Запоўнена адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, меза-кайназою. На тэр. Беларусі ў аснове плоскія шырокія Магілёўская і Полацкая ўпадзіны (паўн.-ўсх. звёны Кобрынска-Магілёўскага і Кобрынска-Полацкага палеапрагінаў), запоўненыя адкладамі верхнявендскага-ніжнекембрыйскага комплексу. Фарміраванне М.с. адбывалася ў познабайкальскую і герцынскую эпохі складкавасці, галоўны этап працякаў з сярэдняга да позняга дэвону. На крайнім ПдЗ сінеклізы з познафранскага часу пачаў фарміравацца Прыпяцкі прагін, у выніку чаго тут адбылося скарачэнне плошчы М.с. Верхнепратэразойскія, ніжнепалеазойскія і дэвонскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Сярод кам.-вуг. адкладаў пашыраны бурыя вуглі, якія ўтвараюць Падмаскоўны вугальны басейн. З юрскімі і мелавымі адкладамі звязаны радовішчы шкловых і фармовачных пяскоў. Да М.с. прымеркаваны гідрагеалагічны басейн з вял. запасамі прэснай вады. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),
сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.
Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.
Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МІНГІ,
млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.
П.Ф.Каліноўскі.
Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́НДАЧКА,
у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ БЕ́РАГ КРЫ́МА,
вузкая берагавая паласа паўд.ч.Крымскага паўвострава ад мыса Айя на З да масіву Карадаг на У, ва Украіне; найб. цёплы ўчастак Крымскага ўзбярэжжа; папулярная курортная зона. Даўж. каля 150 км, шыр. 2—8 км. Паверхня абмежавана з Пн стромкімі ўступамі Гал. грады (Яйлы). Рэльеф градава-эразійны, ускладнены апоўзнямі і маляўнічымі абваламі. Пашыраны перадгорныя ўзгорыстыя раўніны, участкі горнага рэльефу, трапляюцца асобныя лакаліты (Аюдаг) і вулканічныя масівы (Карадаг). Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу. Лета сухое, вельмі цёплае, зіма мяккая. Сярэднія т-ры ліп. і жн. каля 24 °C, студз. каля 4 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Пераважае дрэвава-хмызняковая ксерафітная расліннасць з удзелам відаў міжземнаморскай флоры. Сады, вінаграднікі, паркі. Характэрны шырокія зручныя бухты з добраўпарадкаванымі галечнымі пляжамі. Клімататэрапія, марскія купанні (чэрв.—кастр.), вінаградалячэнне. Шматлікія курорты і курортныя мясцовасці: Алупка, Алушта, Артэк, Арэанда, Гурзуф, Карасан, Кастропаль, Карэіз—Гаспра, Кучук-Ламбат, Лівадзія, Мелас, Місхор, Форас, Ялта. У межах П.б.К. запаведнік Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнік, Ялцінскі запаведнік, Нікіцкі батанічны сад.
Асн. прыродны лек. фактар — субтрапічны клімат. Лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, парушэнні абмену рэчываў; выкарыстоўваюць мінер. ваду крыніцы Мелас. Санаторыі для дарослых і дзяцей, дамы адпачынку, пансіянаты, турбазы, пляжы.
Да арт.Паўднёвы бераг Крыма. Палац-музей у г. Алупка. 1828—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н ((Washington) Джордж) (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),
амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач.Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ. калоній Паўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.
Літ.:
Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;