ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,

паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.​Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Віктар Міхайлавіч) (н. 19.3.1945, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у БДУ. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, радыяцыйным матэрыялазнаўстве, электроннай структуры крышталёў. Распрацаваў методыкі і тэхнал. працэсы мадыфікацыі ўласцівасцяў металаў і сплаваў іоннымі пучкамі.

Тв.:

Структурный анализ. Мн., 1979 (разам з Г.​А.​Гуманскім).

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫН (Арлен Іосіфавіч) (н. 9.1.1935, Мінск),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1987), праф. (1990). Скончыў Лесатэхн. акадэмію (Ленінград, 1957). У 1957—60 у Ін-це хіміі, з 1965 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па хіміі палімераў. Распрацаваў метады сінтэзу хім. мадыфікацыі поліімідаў для мікраэлектронікі і поліэтылентэрэфталату для вытв-сці валокнаў і плёначных матэрыялаў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Несцер Пятровіч) (11.11.1898, в. Ляцягі Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.9.1970),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1932). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН БССР. Навук. працы па распрацоўцы метадаў атрымання α, β-ненасычаных кетонаў, спіртоў, дыкарбонавых кіслот, мона- і спалучаных дыалефінаў, паліёлаў і іх вытворных на аснове гідрапераксідаў вуглевадародаў цыклічнай структуры.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

электрамагнітнае выпрамяненне, крыніцай якога з’яўляецца лазер. Дыяпазон даўжынь хваль ад 0,1 да 100 мкм. Характарызуецца надзвычай высокімі кагерэнтнасцю, монахраматычнасцю (аднолькавасцю частаты), накіраванасцю і шчыльнасцю энергіі. Выпрамяняецца неперарыўным патокам або кароткімі імпульсамі працягласцю ад фемтасекунд да долей мілісекунд і пікавай магутнасцю да 10​15 Вт. Выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі, прам-сці, медыцыне і інш. Гл. таксама Лазерная фізіка.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭ́НСІЙ (лац. Lawrencium),

Lr, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 103, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 253—260; найб. устойлівы — ​260Lr (перыяд паўраспаду 180 с). Першыя надзейныя звесткі пра элемент 103 атрыманы ў СССР Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі (1965—67). Назва элемента ў гонар амер. фізіка Э.А.Лоўрэнса канчаткова не прынята.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т НАРО́ДНАЙ АДУКА́ЦЫІ,

вышэйшая навуч. ўстанова ў 1920—21. Створаны ў 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, У.А.Пічэта, праф. Дз.​Ц.​Кулагін, Ф.​Ф.​Турук, праф. Маскоўскага ун-та Р.​Ю.​Віпер, А.​М.​Беркенгейм. Дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е рыхтавала педагогаў для дашкольных устаноў (тэрмін навучання 2 гады); 2-е — настаўнікаў пач. школ (3 гады); 3-е — настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады), якое складалася з 6 ф-таў: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фізіка-хім., фізіка-матэм. Меў фіз., прыродазнаўчы, гіст., этнагр. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (9,5 тыс. тамоў). Пры ін-це дзейнічалі Мінскае навук. пед. т-ва (1919—23), Мінскае т-ва гісторыі і старажытнасці (1919—25). Паводле загаду Наркамасветы БССР ад 1.9.1921 1-е і 2-е аддз. ўвайшлі ў склад створанага Мінскага пед. тэхнікума, 3-е аддз. ў 1921—22 — у складзе ф-та грамадскіх навук БДУ.

Літ.:

Новик Е.К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917—1941 гг.). Мн., 1981;

Ляхоўскі У. Узгадаем з удзячнасцю // Адукацыя і выхаванне. 1995. № 11.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЯНЦЮ́К (Анатоль Мікалаевіч) (н. 28.8.1951, в. Трыліскі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў). Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю распаўсюджвання аптычнага выпрамянення і бачання праз стахастычныя рассейвальныя асяроддзі.

Тв.:

Оптическое изображение при дистанционном наблюдении. Мн., 1991 (разам з К.​Р.​Прэдкам).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ матэрыялаў,

здольнасць матэрыялаў захоўваць свае фізіка-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні вады. Вызначаецца адносінамі велічынь трываласці пры расцяжэнні (сцісканні) матэрыялу, насычанага вадой і ў сухім стане (каэф. разумацавання). Да водаўстойлівых адносяць матэрыялы з каэф. разумацавання, большым за 0,8 (напр., многія металы, спечаную кераміку, шкло, фтарапласты, поліалефіны). Водаўстойлівасць — важны паказчык для матэрыялаў, якія ўвесь час эксплуатуюцца ў вадзе (апоры мастоў, плаціны, абліцоўка рэактараў і інш.).

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)