НЕІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,

сістэма адліку, у якой не выконваецца інерцыі закон. Практычна ўсе рэальныя сістэмы адліку — неінерцыяльныя, яны рухаюцца з паскарэннем (напр., верцяцца) адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай с Сонцам (т.зв. сістэма Каперніка), і ў іх дзейнічаюць сілы інерцыі.

У адрозненне ад інерцыяльных сістэм адліку, якія не адрозніваюцца адна ад адной, кожная Н.с.а. мае свае асаблівасці, што вызначаюцца характарам руху самой сістэмы, выбарам цела адліку і наяўнасцю сіл прыцягнення (гравітацыйнага ўзаемадзеяння). Напр., у некаторых Н.с.а. можна выявіць часткі прасторы, дзе сілы інерцыі практычна не дзейнічаюць. Гэтыя асаблівасці ўлічваюцца пры разліках руху цел (касм. апаратаў, камет, астэроідаў і інш.) адносна Н.с.а., звязаных з Зямлёй ці інш. аб’ектам Сонечнай сістэмы.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАХА́РСТВА,

вядомыя са стараж. часоў у розных народаў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся пэўнымі рытуаламі. Напачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней ператварылася ў лекарскую магію. У аснове такой магіі — вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных умовах можа ўздзейнічаць на гэтыя сілы. Звычайна знахары выкарыстоўвалі замовы, магічныя дзеянні, травы. Некаторыя з іх валодалі пэўнымі ведамі нар. медыцыны, самі збіралі зёлкі і па стараж. рэцэптах рыхтавалі лячэбныя настоі, адвары, мазі; лячылі «рожу» (рожыстае запаленне), «вогнік» (высыпка, лішаі на скуры), а таксама такія хваробы, як «пярэпалах», «порча», «сурокі» (хваробы ад ліхога вока), «падвей» (ад скразняку), «прыстрэк», «крыкса-плакса» і інш. У наш час З. амаль выцеснена кваліфікаваным мед. абслугоўваннем і традыц. нар. медыцынай.

Л.​І.​Мінько.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,

поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.

Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал. ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРГУЗІ́Н,

мясцовы халодны ўсх. або паўн.-ўсх. вецер тыпу бара, які дзьме пераважна на сярэднюю ч. воз. Байкал з боку даліны р. Баргузін. Скорасць ветру звычайна меншая за 20 м/с, працягласць — менш як суткі, часцей бывае ноччу. Значнай сілы дасягае восенню.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРФУ́НКЦЫЯ (ад гіпер... + функцыя),

павышаная дзейнасць органа, тканкі, сістэмы арганізма. Узнікае як прыстасавальная рэакцыя (напр., павелічэнне памераў і сілы скарачэння сардэчнай мышцы ў спартсменаў) ці як парушэнне ў арганізме, што выклікае хваробу (пры гіперфункцыі шчытападобнай залозы, павелічэнні выпрацоўкі ёй гармонаў узнікае гіпертырэоз).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́СА ПАСКАРЭ́ННЕ,

частка поўнага паскарэння цела, якое рухаецца адносна сістэмы адліку, што верціцца вакол нерухомай восі. К.п. aкар = ( ω × v ) , дзе ω — вуглавая скорасць сістэмы адліку, v — адносная скорасць цела. Выклікае ўзнікненне Карыяліса сілы. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса. Гл. таксама Адносны рух.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТ,

адзінка электрычнага напружання, эл. патэнцыялу, рознасці эл. патэнцыялаў і электрарухальнай сілы (эрс) у СІ. Абазначаецца В. 1 В роўны эл. напружанню на ўчастку эл. ланцуга з пастаянным такам сілай 1 А, у якім затрачваецца магутнасць 1 Вт (гл. Ампер, Ват). Названы ў гонар А.Вольты.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЧНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

вымярэнні мех. велічынь (напр., перамяшчэння, масы, сілы, ціску) з дапамогай адпаведных вымяральных прылад. Бываюць прамыя (напр., вымярэнне масы на рычажных вагах) і ўскосныя (напр., змены даўжыні ўзору пры вымярэнні на дылатометры з дапамогай механатрона пераўтвараюцца ў эл. сігнал). Гл. таксама Вымяральная тэхніка.

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛ (ад франц. balle шар),

1) умоўная адзінка для вызначэння па пэўнай шкале інтэнсіўнасці з’яў (напр., сілы ветру, шторму, землетрасення і інш.).

2) Лікавая ацэнка поспехаў і паводзін у навуч. установах, дасягненняў у спорце, якасці с.-г. жывёл (на выстаўках) і інш. 3) Шар для галасавання (балаціравання).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],

кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)