АХО́ЎНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ жывёл, марфалагічныя, фізіялагічныя або эталагічныя асаблівасці, якія забяспечваюць захаванне жывёл і іх патомства ад ворагаў і неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Утварыліся эвалюцыйна ў барацьбе за існаванне.
Марфалагічныя прыстасаванні ўключаюць ахоўную афарбоўку і форму жывёл, органы актыўнай і пасіўнай абароны (рогі, клюшні, ядавітыя органы змей, жукоў, пчолаў, восаў, скарпіёнаў, рыб, іголкі, калючкі, ракавіны, панцыры, мімікрыю). Ад неспрыяльных умоў жывёл ахоўваюць луска, валасяное покрыва, пер’е, тлушчавая праслойка скуры, шкарлупіна яец і інш. Да фізіялагічных ахоўных прыстасаванняў належаць ядавітасць лімфы, крыві, унутр. органаў і скуры жывёл, выдзяленне пахучых рэчываў, назапашванне харч. рэчываў у арганізме, анабіёз, спячка ў жывёл і інш. Эталагічныя (звязаныя з паводзінамі) ахоўныя прыстасаванні — аўтатамія (самакалечанне), сімуляцыя смерці, адпужванне гукамі, позамі і рухамі, міміка, рухі хваста, міграцыі, назапашванне корму; барацьба з паразітамі, групавая абарона, інстынкты пабудовы жылля, клопаты пра патомства і інш.
т. 2, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Створана ў 1939 у г. Баранавічы як ф-ка індпашыву абутку. З 1950 абутковая, у 1985—93 доследна-эксперым. ф-ка, з 1993 адкрытае акц. т-ва з сучаснай назвай. Спецыялізуецца на выпуску жаночага мадэльнага абутку. Асн. прадукцыя (1995): абутак мадэльны, хромавы, з верхам з натуральнай скуры, уцеплены.
т. 2, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАКАКО́З,
падвостры ці хранічны глыбокі мікоз. Узбуджальнік — дражджавы паразітычны грыбок. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі. Праяўляецца як менінгаэнцэфаліт; пашкоджваюцца лёгкія (клінічна падобны на туберкулёз), скура, слізістыя абалонкі. На скуры з’яўляюцца вузельчыкавая вугрападобная высыпка, інфільтраты, вузлы (хутка распадаюцца, з’яўляюцца язвы з ярка-чырв., інш. раз бліскучым дном). Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Бластамікозы.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ЛКА,
прылада працы першабытнага чалавека для праколвання адтуліны ў скуры жывёл з мэтай пашыву з яе адзення, абутку і інш. З’явілася ў эпоху мусцье. Выраблялася з дробных крамянёвых пласцін ці адшчэпаў з вузкім і вострым канцом; рабілі таксама з косці і дрэва. З пашырэннем жалеза П. саступілі месца шылу з жалеза.
т. 12, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАКІНА́ЕВА (Лідзія Іларыёнаўна) (5.4.1905, в. Мязга Валагодскай вобл., Расія — 29.1.1990),
бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1963), праф. (1964). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1938). З 1946 працавала ў ім. У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па піядэрміі, туберкулёзе скуры, абмене рэчываў у хворых на дэрматозы, па псарыязе.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЭМА́ЛІ, нітрафарбы,
эмалевыя фарбы на аснове нітралакаў. Утвараюць дэкар. пакрыцці (напр., «малатковыя», з люстраным бляскам). Наносяць на слой алкіднай ці фенола-алейнай грунтоўкі (гл. Лакафарбавыя пакрыцці), пры пнеўматычным распыленні высыхаюць за 15—30 мін (пры пакаёвай т-ры). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі металу (аўтамабілі, прыборы, станкі), дрэва (кухонная і мед. мэбля), тканіны і скуры.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРАНГО́ВІУС (Вільям Юльевіч) (10.9. 1874, г.Сувалкі, Польшча — ?),
вучоны ў галіне венералогіі і дэрматалогіі. Скончыў Пецярбургскую Ваенна-мед. акадэмію (1900). У 1923—30 праф., заснавальнік кафедры скурна-венерычных хвароб БДУ. Навук. працы па дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы дэрматозаў, туберкулёзу скуры і венерычных хвароб.
Тв.:
Лячэнне ваўчанкі на сяле. Мн., 1929;
Скурныя і венерычныя хваробы. Мн., 1930.
т. 10, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПНО́Э (ад а... + грэч. pnoē дыханне),
часовае спыненне дыхальных рухаў у чалавека і жывёл. Настае пасля фарсіраванага дыхання пры недахопе ў крыві вуглякіслага газу, моцнага павышэння артэрыяльнага крывянога ціску або раздражненнямі скуры (напр., халоднай вадой), у нованароджаных — адразу пасля нараджэння ад лішку кіслароду ў крыві. Адрозніваецца ад асфіксіі, якая ўзнікае пры кіслародным галаданні і лішку вуглякіслага газу.
т. 1, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭРЫЁЗ (ад а... + грэч. pteron пяро + ...оз),
хвароба птушак, якая характарызуецца затрымкай або поўным прыпыненнем росту пер’я. Часцей сустракаецца ў маладняку вадаплаўнай птушкі пры антысанітарным утрыманні, адсутнасці водных выгулаў, недахопе ў рацыёне амінакіслот (цысціну, лізіну, метыяніну). Пры аптэрыёзе прыпыняецца функцыя хвастцовай залозы, намакае покрыўнае пер’е, зніжаецца імунна-біял. рэактыўнасць арганізма, у выніку ўзнікаюць дэрматозы скуры і прастудныя захворванні.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗНІ́ТАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
цераз дымнае змацаванне тканін, скуры, плёнак і інш. матэрыялаў без выкарыстання нітак. Робіцца з дапамогай клейкіх рэчываў (з адначасовым уздзеяннем ціску і тэмпературы, выкарыстаннем прэсаў, прасаў і інш.), зваркі (робіцца пераважна тэрмакантактнай, высокачастотнай або ультрагукавой зваркай на зварачных апаратах і ўстаноўках), спец. бязнітачных швейных машын. Выкарыстоўваюць бязнітачнае злучэнне пры вырабе адзення, абутку, скураной галантарэі.
т. 3, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)