ФУ́НЕЎ Іван (24.7.1900, с. Горна-Бешавіца, Балгарыя — 21.7.1983),

балгарскі скульптар. Нар. мастак Балгарыі (1961). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў АМ у Сафіі (1930), з 1945 яе прафесар. Творы (у жалезабетоне) пераважна на рабочую тэму: «Рабкоры» (1931), «Машыніст» (1933), «У вагоне трэцяга класа» (1936) і інш. Працаваў таксама ў жанры партрэта («Георгі Караславаў», «Нікола Хрэлкаў», абодва 1932), у манум. скульптуры («Партызаны», 1945). Адзін з аўтараў манумента ў гонар Сав. Арміі ў Сафіі (1954). Прэмія імя Дзімітрова 1950.

Літ.:

Остоич Д. Иван Фунев. София, 1956.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́АЛТАНЕН (Aaltonen) Вяйнё Валдэмар (8.3.1894, г. Марціла, Фінляндыя — 30.5.1966),

фінскі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (з 1958). Працаваў у галіне фігурнай пластыкі («Бягун Паава Нурмі», бронза, 1924, Хельсінкі), псіхал. партрэта («Ян Сібеліус», 1935), манум.-дэкар. скульптуры (помнік пісьменніку А.​Ківі ў Хельсінкі, 1934; помнік фінскім перасяленцам у Дэлавэры, ЗША, 1938). За гранітны манумент у г. Лахты «Мір» (1952) узнаг. Залатым медалём Сусв. Савета Міру (1953). Вядомы як жывапісец і тэатр. дэкаратар.

Літ.:

Цагарелли И.Я. Вяйнё Аалтонен. М., 1961.

В.Аалтанен. Манумент «Мір» у г. Лахты.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАРДЗІ́Н (Bernardin) Занобія дэ Джыеноціс (канец 15 ст. — 1541),

італьянскі архітэктар, скульптар. У 1520 па запрашэнні вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога працаваў у Кракаве на буд-ве капліцы-маўзалея; стварыў шэраг надмагілляў князёў Мазавецкіх у Варшаўскай кафедры, канцлера Крыштофа Шыдлавецкага і яго дачкі ў калегіяце ў Апатаве і інш. З 1534 разам з Джавані Цыні будаваў Ніжні замак і перабудоўваў кафедральны касцёл у Вільні. Выканаў надмагілле канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (1539—41, Віленскі кафедральны сабор).

А.​К.​Лявонава.

З.Бернардзін. Фрагмент надмагілля А.​Гаштольда ў кафедральным саборы ў Вільні. 1539— 41.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́КЕ (Blocke) Вільгельм ван дэн (паміж 1540—50 г-мі г., Мехелен, Бельгія — 28.1.1628),

нідэрландскі скульптар. Вучань К.​Флорыса. З 1584 жыў у Гданьску, дзе стварыў брамы Верхнюю (1588) і Залатую (1614), алтар касцёла св. Яна (1611), аформіў фасады «двара Артуса» (1617) і інш. Выконваў заказы каралеўскага двара, духоўных і свецкіх асоб — надмагіллі Яну III Вазу ў Упсале (Швецыя, 1596), кардыналу Андрэю Баторыю і яго брату Балтазару ў Барчаве (Польшча, 1598), Станіславу Радзівілу (паміж 1618—21, Віленскі бернардзінскі касцёл) і інш., адзначаныя рысамі маньерызму.

А.​К.​Лявонава.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗІКАЎ Аляксандр Мікалаевіч (н. 29.11.1951, г. Віцебск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум. і станковай пластыцы. Сярод манум. твораў помнікі Героям Сав. Саюза А.​Углоўскаму (1978), М.​Сільніцкаму (1981), мемар. ансамбль, прысвечаны дзецям М.​П.​Шмырова (1984), помнікі мастакам М.​Шагалу (1992) і І.​Хруцкаму (1996), нар. арт. Беларусі Г.​Дубаву (1996). Аўтар станковых кампазіцый: «Партрэт бацькі» (1975), трыпціх «Нараджэнне палёту» (1980), «Рэпін у Здраўневе» (1987) і інш. Творы вылучаюцца завершанасцю і лаканізмам, выразнай рытмікай, пластычнай мадэліроўкай.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОС Віктар Іванавіч (11.11.1934, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1980),

бел. скульптар. Скончыў маст. ін-т Літ. ССР у Вільні (1958). Працаваў у станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: «Рыбак» (1958 і 1968), «Муляр» (1961), «Нескароны» (1964), партрэт А.​П.​Марэсьева (1960), помнікі воінам і партызанам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, у в. Дзяляцічы (1964), г. Любань Мінскага р-на (1966, з У.​Ананька, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), в. Пухавічы Пухавіцкага р-на (1969, арх. В.​Марухін). Творы вызначаюцца лаканізмам, абагульненасцю пластыкі.

В.Грос. Муляр. 1961.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫНКУ́ШЫ, Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. мастацтва.

К.Брынкушы. Пацалунак. 1908.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКО́ЎСКІ (Bukovskis) Леў Уладзіміравіч (30.5.1910, Рыга — 18.3.1984),

латышскі скульптар. Нар. мастак Латвіі (1976), чл.-кар. АМ СССР (1975). Вучыўся на арх. ф-це Латв. ун-та ў Рызе (1932—35), Фларэнційскай АМ (1938—39). Аўтар помнікаў змагарам рэвалюцыі 1905 на могілках Матыса ў Рызе (1956—59, у сааўт.), мемар. ансамбля Памяці ахвяр фашызму ў Саласпілсе (1961—67, у сааўт., Ленінская прэмія 1970), станковых кампазіцый («На цаліне», 1954—55, «Героі грамадзянскай вайны Э.​Берг і А.​Жалязняк», 1957) і партрэтаў.

Л.Букоўскі. Помнік змагарам рэвалюцыі 1905 года на могілках Матыса ў Рызе. 1959.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́ГА Уладзімір Антонавіч (н. 7.9.1936, в. Канюцічы Мінскага р-на),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Выкладчык БПА (з 1967). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Сярод работ: кампазіцыі «Арсеналец» (1967), «Юнацтва» (1970); партрэты М.​Багдановіча, хірурга В.​А.​Мохарта; помнікі С.​І.​Вавілаву ў Мінску і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (в. Брадзяцін Маларыцкага р-на, абодва 1978), мемарыяльныя дошкі М.​Лынькову, М.​В.​Дарашэвічу ў Мінску, І.​І.​Якубоўскаму ў Оршы і інш.

У.Булыга. Юнацтва. 1970.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),

2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.

Давід. Скульптар Мікеланджэла. 1501—04.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)