РЭЙМС (Reims),

горад на ПнУ Францыі, у гіст. вобласці Шампань. Засн. да н.э., быў паселішчам кельцкага племя рэмаў, потым цэнтрам рым. правінцыі Белгіка. З канца 5 ст. да 1825 — месца каранацыі франц. каралёў. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Каналам злучаны з рэкамі Марна і Эна. Цэнтр шарсцяной прам-сці і вытв-сці шампанскіх він. Развіта разнастайнае машынабудаванне. Ун-т (з 1548). Шматлікія арх. помнікі 2—4 ст., у т. л. стараж.-рым. арка Марса, і 11—18 ст., у т. л. Рэймскі сабор.

Рэймс. Гістарычны цэнтр.

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФАКС,

горад на ўсх. узбярэжжы Туніса. Адм. ц. аднайм. вілаета. Засн. ў 9 ст. на месцы стараж.-рым. горада Тапарура. Каля 250 тыс. ж. (2001). Марскі порт (вываз фасфарытаў і с.-г. прадукцыі), вузел аўтадарог, чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: алейная, тэкст., хім. (вытв-сць суперфасфату), металаапр., гарбарна-абутковая. Рамёствы, саматужная вытв-сць дываноў і саф’яну. Цэнтр с.-г. раёна (аліўкавае дрэва). Музеі: археал., мастацтва і нар. рамёстваў. Арх. помнікі рым. і візант. часу, а таксама 9—19 ст.: Вялікая мячэць (9—10 ст.), рэшткі гар. сцен, палац.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́БА (лац. tribus ад tribuo дзялю, падзяляю),

у Старажытным Рыме: 1) племя. Паводле рым. традыцыі стараж. насельніцтва Рыма складалася з трох Т. — Рамнаў (лацінаў), Тыцыяў (сабінаў) і Луцэраў (этрускаў). Першапачаткова кожная Т. ўключала 100, потым 300 родаў.

2) Тэрытарыяльныя і выбарчыя акругі, што мелі 1 голас у трыбутных каміцыях (сходах па Т.). Увядзенне гэтых Т. традыцыйна прыпісваюць Сервію Тулію (сярэдзіна 6 ст. да н.э.), які падзяліў Рым з наваколлем на 4 гар. і 17 сельскіх Т. Пасля заваёвы Рымам Італіі колькасць Т. вырасла да 35.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАФЕ́Й,

рускі публіцыст 1-й пал. 16 ст., адзін з ідэолагаў іасіфлян. Манах Елеазарава манастыра ў г. Пскоў. Аўтар шматлікіх пасланняў да вял. кн. Васіля III, цара Івана IV і інш. асоб. У лістах да Васіля III найб. паслядоўна выклаў канцэпцыю «Масква — трэці Рым» (пераемнасць Масквы як сусв. паліт. і царк. цэнтра пасля страты гэтай ролі «другім Рымам» — Канстанцінопалем і, адпаведна, улады маскоўскіх вял. князёў ад рым. і візант. імператараў, «богаабранасць» рус. народа і г.д.), якая разам з «Паданнем аб князях уладзімірскіх» пакладзена ў аснову афіц. ідэалогіі рас. самадзяржаўя.

т. 16, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮПІ́ТЭР,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі цар багоў, бог неба, святла, дажджу, грому, маланкі, вайны і перамогі, а ў пазнейшыя часы — і заступнік Рым. дзяржавы. Лічыўся таксама апекуном земляробства, гарантам вернасці ў клятве, абаронцам свабоды і г.д. Рымляне атаясамлівалі яго з грэч. Зеўсам, міфы пра якога перайшлі з грэч. міфалогіі ў рымскую як міфы пра Ю. Гал. храм Ю. знаходзіўся на Капітоліі ў Рыме, дзе яго шанавалі разам з Юнонай і Мінервай (Капіталійская трыяда), яму былі прысвечаны святы збору вінаграду і Рым. гульні.

т. 18, кн. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́САР,

візантыйская, стараслав. і стараж.-рус. назва рым. імя і імператарскага тытула Цэзар (лац. Caezar) праз грэч. kaisar — манарх, уладар.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДЗЕ́Я (ludaia),

старажытнарымская правінцыя на тэр. Паўд. Палесціны ў 6—41 і з 44 н.э. Цэнтр — г. Іерусалім. Пасля падзелу ў 4 да н.э. былога царства Ірада 7 у І. правіў яго сын Архелай, адхілены рымлянамі ад улады. Верагодна, І. падпарадкоўвалася рым. намесніку Сірыі, але мела ўласнага пракуратара з шырокімі паўнамоцтвамі. Мясц. духавенства мела абмежаваную суд. ўладу. У 41—44 І. ў складзе царства Ірада Агрыпы I, але потым зноў перададзена пад кіраванне пракуратараў. Тэрор і злоўжыванні рым. улад прывялі да ўсеагульнага нар. паўстання (гл. Іудзейская вайна 66—73), пасля задушэння якога І. страціла аўтаномію.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАТЭ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э. — пач. 2 ст. н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЯЧЭНЦІ́НІ (Piacentini) Марчэла (8.12.1881, Рым — 19.5.1960),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў АМ і ун-це ў Рыме. З 1929 праф. Рым. ун-та. У творчасці выкарыстоўваў лапідарныя формы, схематызаваў прыёмы класічнай архітэктуры, уводзіў у кампазіцыю жорсткія рытмы аркад, шмат’ярусных вежаў. Асн. работы: ансамбль П’яцца Віторыо Венета і П’яцца Дантэ (1919—29) у Бергама, комплексы спартыўны Фора Італіка (1928—34) і Сусв. выстаўкі (р-н ЭУР; з 1937, абодва ў сааўт.), універсітэцкі гарадок (1930—35, планіроўка і будынак рэктарата) у Рыме, Палацца ды Джустыцыя ў Месіне (1928) і Мілане (1932—40), рэканструкцыя П’яцца дэла Віторыя (1932) у Брэшы.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РУМ (лац. forum),

1) у гарадах Стараж. Рыма гал. гар. плошча — рынак і цэнтр гандл. і паліт. жыцця. З 6 ст. да н.э. паліт. цэнтрам Рыма стаў Рымскі форум, дзе збіраліся каміцыі, засядаў сенат, адбываўся суд, захоўваліся казна і архіў, размяшчаліся храмы багоў — апекуноў горада, базілікі, трыумфальныя аркі. З 2-й пал. 1 ст. да н.э. жыццё на рым. Ф. замірае. Пазней узніклі Ф. імператараў Цэзара, Аўгуста, Нервы, Траяна. Як цэнтры грамадскага жыцця Ф. былі вядомы ў інш. гарадах Рым. імперыі (у Остыі, Пампеях, Тымгадзе і інш.).

2) Масавы прадстаўнічы сход, з’езд. Напр., Сусв. Ф. моладзі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)