ЛЕДАВІКО́ВАЯ ЭРО́ЗІЯ, экзарацыя,
разбурэнне ледавіком і ўмерзлымі ў яго абломкамі горных парод свайго ложа. Адбываецца пры росце і прасоўваннях ледавіка. Выклікае здзіранне, драбленне, растрэскванне, адшчапленне парод. Садзейнічае выпрацоўцы многіх форм ледавіковага рэльефу. Працэсы Л.э. на Беларусі абумовілі ўтварэнне гляцыядыслакацый (у т. л. адорвеняў), ледавіковых лагчын, эратычных валуноў, ледавіковай штрыхоўкі, сешчаў, значнай колькасці азёрных катлавін.
т. 9, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел фіз. оптыкі, у якім аптычныя працэсы, што адбываюцца ў розных асяроддзях, вывучаюцца на аснове ўліку дыскрэтнай (атамнай і малекулярнай) будовы рэчыва. Устанаўлівае сувязь паміж характарам асобных актаў узаемадзеяння светлавой хвалі з часціцамі рэчыва і макраскапічнымі параметрамі (напр., паказчыкам пераламлення) асяроддзя, што дае магчымасць растлумачыць законы распаўсюджвання, пераламлення, адбіцця і рассеяння святла.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што ўласціва суб’екту ці вытворнае ад яго дзейнасці. Ўключае ўсе псіхічныя працэсы індывіда, з дапамогай якіх ён успрымае і адлюстроўвае ў сваёй свядомасці аб’ектыўнае. Адзін з гал. фактараў пазнання, якое ўяўляе сабой працэс пераходу ад С. да аб’ектыўнага. Часам пад С. разумеюць неадэкватнае ўяўленне, што не адпавядае аб’екту пазнання (гл. Суб’ектывізм).
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕМАСІ́НТЭЗ (ад хема... + сінтэз). працэс утварэння некат. бактэрыямі арган. рэчываў з двухвокісу вугляроду за кошт энергіі, атрыманай пры акісленні неарган. злучэнняў (аміяку, вадароду. злучэнняў серы і інш.). Адкрыты С.М.Вінаградскім у 1887. Хемасінтэтычным бактэрыям належыць важная роля ў біягеахімічным кругавароце рэчываў. Многія працэсы ператварэння хім. элементаў у біягеахім. цыклах ажыццяўляюцца толькі арганізмамі, здольнымі да Х.
т. 17, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЫРПА́ЦЫЯ (ад лац. extirpatio выдаленне з коранем),
хірургічная аперацыя з поўным выдаленнем органа.
Паказанні да Э.: пухліны, працэсы, звязаныя з цяжкім крывацёкам, хранічным запаленнем ці стратай функцыі органа. Орган найчасцей выдаляюць разам з клятчаткай, што яго акружае, і рэгіянарнымі лімфатычнымі вузламі. Для ўзнаўлення праходнасці перасечаных полых органаў накладваюцца анастамозы.
А.С.Леанцюк.
т. 18, кн. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМ (ад англ. time час),
1) перыяд часу, неабходны для гульні ў футбол, хакей, баскетбол і інш. спарт. гульні з мячом.
2) Частка складаных слоў, якія абазначаюць працэсы, абмежаваныя ў часе. Напр., Т.-аўт — прадугледжаны правіламі перапынак у час гульні, які назначаецца па просьбе каманды або яе трэнера; Т.-чартэр — дагавор на арэнду транспарту на пэўны тэрмін.
т. 15, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАЛО́ГІЯ БЯЗЛЮ́ДНАЯ,
тэхналагічныя працэсы, якія ажыццяўляюцца аўтаматызаванымі тэхн. комплексамі (аўтаматычныя лініі, прамысловыя робаты, маніпулятары і да т.п.).
Тэхн. асновай стварэння Т.б. з’яўляюцца рабатызацыя і аўтаматызацыя вытворчасці, укараненне робататэхнічных комплексаў. Знайшла выкарыстанне бязлюдная выемка карысных выкапняў (вугалю і інш.), пры якой не патрабуецца прысутнасць рабочых у забоях, а кіраванне абсталяваннем ажыццяўляецца дыстанцыйна. Найб. перспектыўнае ўкараненне Т.б. у шкодных вытв-сцях.
т. 16, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕМАСТЭРЫЛЯ́НТЫ (ад хема... + лац. sterilis бясплодны),
хімічныя рэчывы са стэрылізавальным дзеяннем. У якасці Х. для стэрылізацыі насякомых выкарыстоўваюць антыметабаліты (парушаюць сінтэз нуклеінавых к-т. абменныя працэсы), алкілавальныя рэчывы (выклікаюць парушэнні ў храмасомах), некат. антыбіётыкі, алкалоіды і інш. У выніку большасць шкоднікаў адкладваюць нежыццяздольныя яйцы. Выкарыстоўваюцца ў барацьбе са шкоднымі насякомымі (малярыйным камаром, яблыневай пладажэркай, тараканамі і інш.).
т. 17, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПАЛЕ́РНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання с.-г. культур (вінаграду, персікаў, яблынь, хмелю, агуркоў, памідораў і інш.), пры якім іх надземную ч. прымацоўваюць да шпалеры ў адной ці двух плоскасцях. Шпалерай служаць рашоткі з рэек, калкі з нацягнутым дротам і інш. Ш.к. дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць глебу і сонечную энергію, механізаваць працэсы догляду за раслінамі і збор ураджаю.
т. 17, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТРЫЦА РАССЕ́ЯННЯ, S-матрыца,
сукупнасць велічынь (матрыца), якая апісвае пераходы квантавамех. сістэм з аднаго стану ў другі пры іх узаемадзеянні (рассеянні); квантавамех. аператар. Абазначаецца Sfi; звязвае хвалевыя функцыі Ψi пачатковага і Ψf канчатковага станаў: Ψf= Sfi Ψi. Уведзена ням. фізікам В.Гейзенбергам (1943).
М.р. разглядаецца як аператар эвалюцыі сістэмы ад бясконца аддаленага мінулага да бясконца аддаленага будучага ў базісе фіз. станаў, калі ўзаемадзеянне, што выклікала адпаведны пераход сістэмы, можна не ўлічваць. Дыяганальныя элементы М.р. апісваюць пругкія працэсы (пругкае рассеянне), недыяганальныя — няпругкія працэсы (рэакцыі з ператварэннем і нараджэннем часціц). Квадрат модуля элемента М.р. вызначае імавернасць адпаведнага працэсу, а сума імавернасцей працэсаў па магчымых каналах рэакцыі роўная 1 (умова унітарнасці М.р.). М.р. мае інфармацыю аб паводзінах сістэмы, калі вядомы лікавыя значэнні яе элементаў і іх аналітычныя ўласцівасці. Напр., асаблівыя пункты (полюсы) М.р. адпавядаюць звязаным станам сістэмы з дыскрэтнымі ўзроўнямі энергіі. Вызначэнне М.р. — асн. задача квантавай механікі і квантавай тэорыі поля.
Літ.:
Берестецкий В.Б. Динамические свойства элементарных частиц и теория матрицы рассеяния // Успехи физ. наук. 1962. Т. 76, вып. 1.
А.А.Богуш.
т. 10, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)