КАР ((Carr) Джэралд) (н. 22.8.1932, г. Дэнвер, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1954). З 1949 у ВМС ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Э.Гібсанам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 3-га экіпажа), у час якога тройчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 48 мін). Правёў у космасе 84,04 сут. Залаты медаль «Космас» (ФАІ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-САХАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ, Заходні хрыбет,
горы на ПдЗ в-ва Сахалін, Расія. Даўж. 650 км, выш. да 1330 м (г. Анор). Складзены з некалькіх паралельных хрыбтоў, падзеленых падоўжнымі далінамі, і патухлых вулканаў (горы Ламанон). Гал. водападзельны хрыбет — Камышовы. Складзены пераважна з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў і магматычных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Лесагорскае, Вуглягорскае, Башнякоўскае і інш.). На схілах мяшаныя лясы пераважна шыракалістых парод і ялова-піхтавая тайга з зараснікамі курыльскага бамбуку. Горы перарэзаны чыг.Паўднёва-Сахалінск—Холмск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індастан з суседнімі астравамі, Інда-Гангскую раўніну і яе горнае абрамленне (паўд. схілы Гімалаяў, Гіндукуша, паўд.-ўсх. ўскраіну Іранскага нагор’я). Пл. 4,5 млн.км². Нас. каля 1300 млн.чал. (1999), Прыродная расліннасць: трапічныя лясы, саванны, на З участкі пустынь і паўпустынь. На раўнінах пераважае арашальнае земляробства. На тэр. П.А. знаходзяцца дзяржавы: Індыя, Пакістан, Бангладэш, Непал, Бутан, Шры-Ланка і Мальдывы; зрэдку ў склад П.А. ўключаюць Паўднёва-Усходнюю Азію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ДНЫ СТЭП, Паўднёвы Галодны Стэп,
раўніна ў Сярэдняй Азіі, на левабярэжжы р. Сырдар’я, пераважна ва Узбекістане. На Пд абмежаваны перадгор’ямі і адгор’ямі Туркестанскага хр., на Пн і ПнЗ зліваецца з пяскамі Кызылкум. Размешчаны на тэрасах р. Сырдар’я, складзеных з лёсападобных суглінкаў і супескаў. Асваенне Галоднага Стэпу пачалося ў канцы 19 ст., асабліва інтэнсіўнае было ў 1950—60-я г. Большая ч.тэр. арашаецца (Паўночны канал імя С.М.Кірава, Цэнтральны, Паўднёва-Галоднастэпскі канал і інш.). Баваўнаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НА-ПАДО́ЛЬСКАЯ ПЛІТА́,
паўднёва-заходняя частка Усх.-Еўрап. платформы паміж Украінскім шчытом і Усх. Карпатамі. Складкавыя геасінклінальныя структуры Усх. Карпат аддзелены ад Валына-Падольскай пліты Тэйсейра-Торнквіста лініяй (на гэтым участку — Рава-Рускім глыбінным разломам). Крышталічны фундамент пліты складзены з архейска-сярэднепратэразойскіх метамарфічных парод, мае разломна-блочную будову, апускаецца на ПдЗ да 6—8 км, перакрыты верхнепратэразойска-кайназойскімі адкладамі. Платформавая структура пліты ўтварылася ў выніку фарміравання прагінаў рознага ўзросту і распасцірання, накладзеных адзін на адзін. Асн. карысныя выкапні: нафта, каменны вугаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Н-КАЛА́,
гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІТНІ́ЦКАЯ (Алена Дзмітрыеўна) (8.10.1919, Масква — 5.7.1981),
расійскі гісторык архітэктуры. Канд.тэхн.н. (1947). Скончыла Маскоўскі арх.ін-т (1941). З 1941 працавала ў НДІпрамысл. збудаванняў, тэорыі і гісторыі архітэктуры ў Маскве. Адзін з першых даследчыкаў помнікаў жылой, грамадз. і культавай архітэктуры Беларусі: «Старыя гарадскія драўляныя дамы паўднёва-заходняй Беларусі» (1961), «Планіроўка Гродна ў XVI—XVIII стст.» (1964), «Малавядомыя зальныя збудаванні Беларусі канца XV—пачатку XVI ст.» (1967), «Калегіумы Беларусі XVII ст.» (1969), «Адміністрацыйныя будынкі Беларусі канца XVIII ст.» (1972) і інш.
Тв.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 6. М., 1968 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРТЭМІ́Р (сапр.Турсунаў Міртэмір Умарбекавіч; 10.6.1910, с. Ікан Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан — 23.1.1978),
узбекскі паэт.Нар. паэт Узбекістана (1971). Скончыў Пед. акадэмію ў Самаркандзе (1932). Друкаваўся з 1926. У зб-ках лірыкі «У абдымках промняў» (1928), «Усхваляванасць» (1931), «Камуна» (1932), «Новыя вершы» (1947), «За перавалам перавал» (1978) і інш. паэтызацыя сацыяліст. перамен у краіне, багацце духоўнага свету чалавека-творцы. Вершы адметныя ўсхваляванасцю інтанацый, экспрэсіўнасцю вобразаў, грамадз. пафасам. Пісаў для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы на ўзб. мову. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў С.Грахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.