ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НТА Іван (?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),
адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннемрас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.Р.Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЁНЮ́ (Inönü) Ісмет (24.9.1884, г. Ізмір, Турцыя — 25.12.1973),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Турцыі, паплечнік М.К.Атацюрка. Удзельнік Младатурэцкай рэвалюцыі 1908. У 1920—1923 нач. Генштаба. У грэка-турэцкую вайну 1919—22тур. войскі падкамандаваннем І. (тады Мустафа Ісмет-паша) у 1921 двойчы перамаглі грэч. войскі каля населенага пункта Інёню (адсюль прозвішча І. з 1934). З 1922 міністр замежных спраў, ад імя Турцыі падпісаў Лазанскі мірны дагавор 1923. У 1923—37 (з перапынкам) і 1961—65 прэм’ер-міністр. У 1938—50 прэзідэнт Турцыі. Працягваў палітыку рэформ Атацюрка (лібералізацыя друку, увядзенне шматпартыйнай сістэмы і інш.). У час 2-й сусв. вайны захаваў нейтралітэт Турцыі. У 1938—72 старшыня Нар.-рэсп. партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛПАКЧЫ́ Уладзімір Якаўлевіч (7.9.1899, Кіеў — 17.5.1961),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1961). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—21. З 1936 нам.нач. штаба БВА. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд., Бранскім, Паўд.-Зах., Калінінскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 1-м Бел. франтах: нач. штаба арміі, камандуючы арміямі. 63-я армія пад яго камандаваннем удзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 1945 камандуючы арміяй, акругай, у Цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) падкамандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,
бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары падкамандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКШТЫНО́ВІЧ Міхаіл Фаміч (1892, в. Жомайдзь Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1950),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945). Скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча (1912), Ташкенцкую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1924) і ўдасканалення вышэйшага камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1931). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—23 ваяваў на Усх. фронце, супраць басмачоў у Ферганскай вобл. У 1924—25 нач. Ташкенцкай ваен. школы, з 1931 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, корпуса. У Вял.Айч. вайну на Калінінскім, 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах; часці і злучэнні пад яго камандаваннем вызначыліся ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай (1945) аперацыях. Пасля вайны ў Генштабе Узбр. Сіл СССР. Яго імем названа вуліца ў г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКЕ́ВІЧ Данііл Васілевіч (16.12.1902, в. Радзеўцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1989),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1957). Скончыў Вышэйшую пагранічную школу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937), Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял.Айч. вайну на фронце з сак. 1943: нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі і Польшчы, баёў у Германіі. У час Беларускай аперацыі 1944 дывізія пад яго камандаваннем прарвала абарону праціўніка на ПнУ ад Рагачова, фарсіравала р. Друць, Дабасну, Алу і разам з інш. злучэннямі штурмам авалодала Бабруйскам; у вер. 1944 у час прарыву варожай абароны фарсіравала р. Нараў (Польшча) захапіла плацдарм і адбіла 7 контратак. Да 1959 у пагранічных войсках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот падкамандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛАВЕ́Ц Міхаіл Паўлавіч (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.