вялікі князь смаленскі з 1358. Сын вял.кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял.кн.Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛпаўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл.Мсціслаўская бітва 1386).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1612—1820 у Оршы. Заснаваны па фундацыі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы, які разам з канцлерам ВКЛ Л.Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 распрацаваў план яго стварэння, а ў 1610—11 падараваў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі в. Князі, Крыніцы, Цянкі, Чабаданы, Чално, Чэрніца; у 1616 — маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян). Кароль надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў горадзе і Аршанскім пав. У калегіуме выкладаліся рыторыка, логіка, філасофія. У 1634 адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі са збяднелых сем’яў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) калегіум на 9 гадоў прыпыніў дзейнасць. Пажар 1680 знішчыў усе пабудовы, праз 3 гады адбудаваны. У калегіуме быў створаны «Аршанскі кодэкс».
Літ.:
Демьянович А. Иезуиты в Западной России в 1569—1772 гг.Спб., 1872;
Митрошенко Н.Я. Иезуиты в восточной части Белоруссии с 1579 по 1772 год // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.
Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.
Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. Агульны выгляд. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,
грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).
На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУНО́Ў (Генадзь Рыгоравіч) (н. 27.5.1939, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,
збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.
Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.
На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.
Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.Крылова, Л.Украінкі, С.Алейніка, Т.Масэнкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КУЛЬТУ́РЫ І АДПАЧЫ́НКУ,
від парку ў населеным месцы, прызначаны для правядзення масавых культ.-асв., фізкультурна-аздараўленчых, спарт., забаўляльных і інш. мерапрыемстваў, для адпачынку насельніцтва. Уваходзіць у сістэму азеляненнянас. месцаў і ствараецца з улікам патрабаванняў зялёнага будаўніцтва.
Пры стварэнні такіх паркаў выкарыстоўваюць паркавыя масівы, у т. л. каштоўныя старадаўнія паркі, улічваюць іх наведвальнасць і ўмяшчальнасць, памеры і прызначэнне збудаванняў на іх, вылучаюць сектары культ.-асв. работы, спарт.-фізкультурных мерапрыемстваў, відовішчна-масавы, дзіцячы, ціхага адпачынку, адм.-гаспадарчы. Арганізуюць пры парках танц. і спарт. школы, тэатр. і муз. калектывы, праводзяць канцэрты, конкурсы, дыскатэкі, гульні, атракцыёны, нар. гулянні і інш. Для абслугоўвання наведвальнікаў ствараецца сетка пунктаў інфармацыі, харчавання, зацішкаў ад непагадзі. Зялёныя насаджэнні звычайна займаюць 70—75% плошчы парку.
На Беларусі першыя такія паркі арганізаваны ў 1930-я г. ў Рэчыцы, Слуцку, Оршы, найб. па плошчы паркі ў Мінску, абл. гарадах, а таксама ў Светлагорску, Кобрыне, Наваполацку, Калінкавічах, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКА-АРША́НСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя на Пд Віцебскай вобл. ў міжрэччы Зах. Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вял.Айч. вайну. Склалася да жн. 1942, уключала да 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага р-наў. Да вер. 1943 займала пл. каля 1500 км². Абаранялі зону 13 партыз. брыгад (каля 12 тыс.чал.), таксама спецгрупы, закінутыя з Вял. зямлі. Кіраўніцтва абаронай і ўнутр. жыццём зоны ажыццяўлялі БШПР, падп. Віцебскі абком КП(б)Б, Аршанскія, Багушэўскія, Дубровенскія, Сенненскія, Талачынскія райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падп. раённыя газеты. Партыз. фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпальшчыкамі Оршы, Віцебска, пас. Асінторф і інш., у складаныя перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу ім прыходзілі партыз. фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі 8 карных аперацый, у час апошняй ворагу ўдалося пацясніць абаронцаў зоны, але пачатак Беларускай аперацыі 1944 перашкодзіў яму выкарыстаць перавагу. У памяць аб баявых дзеяннях фарміраванняў зоны пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,
баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.В.Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс.чал. пры 20 гарматах. 21 ліст.рус. авангард (каля 4,5 тыс.чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс.чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс.чал., у французаў — каля 5 тыс.чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.