МЕ́ТЭРЛІНК ((Maeterlinck) Марыс) (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),

бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл. Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.С.Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1996, Пьесы. М., 1962;

Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.

Літ.:

Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.

Е.А.Лявонава.

М.Метэрлінк.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),

рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст. муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.

Літ.:

тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;

Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;

Письма. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;

Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;

Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;

Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;

Добровенский Р.Г. Рыцарь бедный. Рига, 1986.

М.П.Мусаргскі. Мастак І.Рэпін. 1881.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр. Эбершт; Eberscht) Жак

(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),

кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнік франц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).

Літ: Соллертинский И. Оффенбах. М, 1962; Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987.

Ж.Афенбах.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬСІ́С ((Balsys) Эдуардас) (20.12.1919, г. Мікалаеў, Украіна — 3.11.1984),

літоўскі кампазітар. Нар. арт. Літвы (1965), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Літ. кансерваторыю (1950), з 1953 выкладаў у ёй (праф. з 1969). У 1962—71 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Літвы. Асн. творы: опера «Падарожжа ў Тыльзіт» (паст. 1980), балет «Эгле, каралева вужоў» (паст. 1960; экранізаваны ў 1965), араторыя «Не чапайце сіні глобус» (1969); кантаты; 2 канцэрты для скрыпкі з арк.; канцэрт для скрыпкі сола; «Драматычныя фрэскі» для скрыпкі, фп. і арк.; Сімфонія-канцэрт для аргана, духавых і ўдарных інструментаў; песні, музыка да кінафільмаў і драм. спектакляў; эстрадная музыка. Дзярж. прэміі Літвы 1958, 1960, 1967, 1969, 1974.

Літ.:

Нарбутиене О. Эдуардас Бальсис: Очерк творчества. Л., 1975.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА (Андрэй Васілевіч) (н. 17.7.1955, г. Вільня),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.С.Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.

Р.М.Аладава.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ДА (Gedda; сапр. Усцінаў) Мікалай

(н. 11.7.1925, Стакгольм),

шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.А.Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Э.Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус. нар. песень і старадаўніх рамансаў.

Тв.:

Рус. пер. — Дар не дается бесплатно. М., 1983.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШАЛЬНІ́ЦКАЯ (Саламія Амбросьеўна) (23.9.1873, с. Бялявінцы Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 16.11.1952),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1951). Скончыла Львоўскую кансерваторыю (1893), выкладала ў ёй (з 1946 праф.). Спявала ў буйнейшых оперных т-рах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру і вял. дыяпазону. Выконвала драм. і лірычныя партыі: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Галька, Ганна («Галька», «Страшны двор» С.Манюшкі), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі), Эльза, Лізавета («Лаэнгрын», «Тангейзер» Р.Вагнера), Саламея, Электра (аднайм. оперы Р.Штрауса) і інш. З 1923 выступала толькі ў канцэртах.

Літ.:

С.Крушельницька: (Спогади. Матеріали. Листування). Ч. 1—2. Київ, 1978—79.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БЕЛІК ((Kubelík) Іеранім Рафаэль) (29.6.1914, Біхары, Чэхія — 1996),

швейцарскі дырыжор і кампазітар. Вучыўся ў бацькі Я.Кубеліка. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1933). З 1934 дырыжор, у 1942—48 і з 1989 маст. кіраўнік Чэш. філармоніі. У 1950—53 узначальваў аркестр у г. Чыкага (ЗША), з 1961 — аркестр Баварскага радыё ў Мюнхене. Муз. кіраўнік многіх спектакляў у буйнейшых оперных т-рах Еўропы («Ковент-Гардэн», Лондан, 1955—58) і ЗША (з 1972 муз. кіраўнік т-ра «Метраполітэн-опера», Нью-Йорк). Сярод твораў: оперы, у т. л. «Вераніка» (паст. 1947); кантаты; рэквіемы (1942, 1962, 1963); «Stabat Mater» (1968); 2 месы; сімфоніі; канцэрты для інструментаў з арк. (1940, 1944, 1950, 1951); камерна-інстр. ансамблі і інш.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБРА́Н ((Malibran) Марыя Фелісіта) (24.3.1808, Парыж — 23.9.1836),

французская спявачка (каларатурнае мецца-сапрана); адна з буйнейшых спявачак 1-й пал. 19 ст. Сястра П.Віярдо-Гарсія. З 1816 вучылася пад кіраўніцтвам бацькі — вак. педагога М.Гарсіі. З 1825 выступала на оперных сцэнах Лондана, Парыжа, гарадоў Італіі. Гастраліравала разам з мужам — Ш.Берыо. Валодала голасам вял. дыяпазону, асабліва выразным і прыгожым у ніжнім рэгістры. Яе выкананне вылучалася імправізацыйнай свабодай, артыстызмам, тэхн. дасканаласцю. Сярод лепшых партый: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.Беліні), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Джульета («Рамэо і Джульета» Н.Цынгарэлі), Дэздэмона, Разіна («Атэла», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Аўтар накцюрнаў для фп., рамансаў і інш. Ёй прысвечана опера амер. кампазітара Р.Р.Бенета «Марыя Малібран» (1935).

М.Малібран у касцюме Дэздэмоны. Партрэт работы мастака Л.Педрацы. 1834.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,

італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст. Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.Вінчы, Н.Порпара, Л.Леа, Н.Іамелі, Т.Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.Б.Пергалезі, Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.Дзена і П.Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.

Літ.:

Гл. пры арт. Опера.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)