ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,
узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.
Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш.Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.М.Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст.Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн.узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.
Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.
16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.Р.Доўбар-Мусніцкага (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял.бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют.СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач.сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за 2/3тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр.ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л.партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».
1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым у Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-тваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл.Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.
У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр.БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.
Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.
Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв.«Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.
У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач.чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс.чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн.кав. корпус К.М.Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.
Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.Ф.Шубін, Я.Ф.Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл.Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал.нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс.чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.С.Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах.ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах.ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр.БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс.чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл.Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст.Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс.км² з насельніцтвам за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.
Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.Ф.Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.
У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн.чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн.чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд.руб. золатам, прамысл.вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг.Мн., 1980;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.А.Селіванаў, М.С.Сташкевіч.
Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.Да арт.Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.І.Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А. ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ Ў 1950-х — СЯРЭДЗІНЕ 1980-х г.
Прамысловасць, транспарт, сувязь. У развіцці прамысловасці, транспарту і сувязі было шмат супярэчнасцей. З аднаго боку, назіраўся рост прамысл. вытворчасці на базе пашырэння капітальнага будаўніцтва, стварэння новых і расшырэння дзеючых прадпрыемстваў. Новы характар набывала сама вытворчасць, якая пераходзіла ад машынна-індустрыяльнага тыпу да навукова-індустрыяльнага. Навука станавілася непасрэдным удзельнікам комплексна-механізаванай і аўтаматызаванай вытворчасці. Уводзіліся ў дзеянне новыя буйныя прамысл. прадпрыемствы, у т. л.Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне, з-д аўтаматычных ліній у Мінску, 3 салігорскія калійныя камбінаты, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя, Гомельскі суперфасфатны, Мінскі маторны з-ды, Васілевіцкая і Бярозаўская ДРЭС, Магілёўскі шынны камбінат, з-д сінтэтычнага валакна ў Гродне, 4-ы Салігорскі калійны камбінат, Бел. металургічны з-д у Жлобіне, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш. Значныя вынікі дасягнуты ў павышэнні тэхн. ўзроўню вытворчасці — здаваліся ў эксплуатацыю паточныя лініі, спец. станкі і аўтаматы. Калі ў 1965 на прамысл. прадпрыемствах рэспублікі дзейнічала 2,7 тыс. паточных і механізаваных паточных і 189 аўтаматызаваных ліній, то ў 1985 іх колькасць вырасла адпаведна да 8131 і 1749. Новым кірункам у аўтаматызацыі вытворчасці з’явілася робататэхніка. У сярэдзіне 1980-х г.прамысл. робаты сталі выкарыстоўвацца на мінскіх заводах трактарным і «Тэрмапласт». Павышаная ўвага аддавалася развіццю тых галін прамысловасці, якія вызначалі навукова-тэхн. прагрэс (НТП). Адзначалася нарошчванне вытворчасці энергетычнай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі. Паскоранымі тэмпамі ішло развіццё прыборабудаўніцтва, электронікі і радыёэлектронікі, вытворчасці ЭВМ і аўтам. ліній, хім. і нафтахім. прамысловасці. Істотныя змены адбываліся і ў развіцці тых галін прамысловасці, якія выпускалі тавары нар. спажывання — лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дывановы камбінат у Брэсце, Гродзенская абутковая ф-ка, Бабруйскі гарбарны з-д, значна павялічаны магутнасці Мінскага камвольнага камбіната, Гродзенскай швейнай ф-кі, Магілёўскага з-да штучнага валакна і інш. У выніку да 1985 прадукцыя прамысловасці павялічылася ў параўнанні з 1970 больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3 раза, вытворчасць прадметаў спажывання — у 2,6 раза; валавы грамадскі прадукт вырас амаль у 2,5 раза, нац. даход — больш чым у 2,5 раза. Прыярытэтнымі ў рэспубліцы сталі энергетыка (вытворчасць электраэнергіі ў 1985 склала 33,2 млрд.кВт∙гадз), машынабудаванне (апераджальнымі тэмпамі развіваліся прыладабудаванне і радыёэлектроніка, выпуск прадукцыі якіх толькі ў 1985 павялічыўся больш чым у 1,9 раза), хімія і нафтахімія (яе прадукцыя павялічылася амаль у 3,5 раза), лёгкая, дрэваапрацоўчая, харчовая, мяса-малочная і інш. галіны.
Эфектыўнасць нар. гаспадаркі ў многім залежала ад зладжанай работы транспарту і дакладна наладжанай сувязі. Далейшае развіццё атрымалі чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, рачны і паветраны транспарт. Гал. цяжар перавозак прыпадаў на чыгунку. У 1-й пал. 1980-х г. на яе долю прыпадала 52% усяго грузаабароту і 40% пасаж. абароту. Будаўніцтва новых чыг. ліній у рэспубліцы не вялося з 1950-х г. Іх даўжыня і ў 1985 амаль не змянілася і складала 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км электрыфікаваных (першы электрыфікаваны ўчастак Мінск—Аляхновічы здадзены ў эксплуатацыю ў 1963). Рост перавозак забяспечваўся за кошт тэхн. ўдасканалення чыгункі і рухомага саставу, паляпшэння арганізацыі працы на транспарце, укаранення аўтаматызацыі вытв. і кіраўніцкіх працэсаў. У выніку аб’ём грузавых перавозак на чыг. транспарце ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 3 разы, у 4 разы выраслі перавозкі пасажыраў. Усё большае значэнне набываў аўтамабільны транспарт. Грузаабарот яго ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 6 разоў. Доля аўтамабільнага транспарту ў перавозках усіх відаў транспарту вырасла з 9,4% у 1960 да 18,5% у 1985. Удасканальваўся ўнутрыгарадскі транспарт. Побач з традыцыйнымі (трамвай, аўтобус, тралейбус) з’явіўся новы від сучаснага транспарту — метро. У 1984 у эксплуатацыю здадзена 1-я чарга Мінскага метрапалітэна. Для перавозкі грузаў і пасажыраў выкарыстоўваўся і рачны транспарт. У 1985 на яго долю прыпадала 2,4% грузаабароту ўсіх відаў транспарту. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам і выраслі ў 3 разы. У 1985 перавозкі пасажыраў авіятранспартам склалі больш за 1,8 млн. чалавек. Працягвалася будаўніцтва трубаправоднага транспарту. Уведзены ў дзеянне газаправоды Дашава—Мінск, Шчорс—Гомель, Таржок—Івацэвічы, адгалінаванне ад газаправода з Дашавы на Гродна; нафтаправод з Полацка на нафтабазы Віцебскай і Мінскай абл., па якім паступалі дызельнае паліва і бензін.
Пашыралася сетка тэлефоннай і радыёсувязі, тэлебачання. У 1985 у параўнанні з 1965 колькасць прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона павялічылася на 37% і дасягнула амаль 4,5 тыс. З 130,6 тыс. да 1112 тыс. павялічылася колькасць устаноўленых тэлефонных апаратаў. З пач. 1970-х г. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць міжнар. тэлефонныя аўтаматы. За гэтыя гады больш як у 3 разы павялічылася колькасць радыёпрыёмнікаў, а тэлевізараў — амаль у 8 разоў. Радыёсувязь і тэлебачанне ўсё шырэй выкарыстоўваліся ў кіраўніцтве ўнутрызаводскімі працэсамі, у вучэбным працэсе, укараняліся аўтаматызаваныя сістэмы (АСК). Калі ў 1970 у рэспубліцы функцыянавалі 6 АСК, то ў 1985—330. Крок наперад зроблены і па тэлефанізацыі вёскі. Да 1975 практычна па ўсёй тэр. Беларусі ажыццяўляўся прыём тэлевізійных перадач.
Такім чынам, у прамысловасці, сувязі, на транспарце Беларусі адбыліся колькасныя і якасныя змены. На карце рэспублікі з’явіліся новыя прадпрыемствы, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, адбылося тэхн. перааснашчэнне шэрагу дзеючых прадпрыемстваў, павысілася якасць некаторых відаў прадукцыі. У 1960-я г. Беларусь удзельнічала больш чым у 200 міжнар. выстаўках і кірмашах, 30 вырабаў яе прамысл. прадпрыемстваў, н.-д. і канструктарскіх арг-цый былі адзначаны на іх 37 залатымі медалямі і ганаровымі дыпломамі. Залатымі прызамі, напр., былі адзначаны аўтасамазвалы БелАЗ-540 і БелАЗ-548, трактар «Беларусь-52», сіласаўборачныя камбайны з-да «Гомсельмаш», універсальная паўаўтаматычная прылада па мікразварцы і інш. вырабы, якія адпавядалі высокім патрабаванням сусв. стандартаў. Узаемнае азнаямленне на выстаўках з экспартна-імпартнымі партнёрамі садзейнічала расшырэнню колькасці прамысл. прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі, што выраблялі экспартную прадукцыю. Калі ў 1964 іх было 140, то ў 1970 — больш за 300, пры гэтым больш за 100 з’яўляліся галаўнымі ў СССР па вытворчасці адпаведных відаў вырабаў.
Нягледзячы на значны рост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці ў гэтыя гады, перавод прамысловасці на новы тэхн. ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. У шэрагу галін індустрыяльныя працэсы вельмі зацягваліся, а пераважным ва ўсіх галінах прамысловасці заставалася экстэнсіўнае развіццё. Гэта азначала, што ў эканоміцы дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем адм.-каманднай сістэмы. Спробаў 1957 стварыць інш. сістэму кіравання нар. гаспадаркай і перайсці ад галіновага (праз міністэрствы) да тэр.-галіновага (праз саўнаргасы) метаду істотных змен не прынесла. На гэтай аснове адбылося некаторае аслабленне ўплыву цэнтра, што аблегчыла развіццё мясц. прамысловасці, але ўскладніла развіццё цяжкай, таму што саўнаргасная сістэма ўскладняла правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў прамысловасці і была прычынай парушэння гасп. сувязей паміж прадпрыемствамі асобных эканам. раёнаў. Камандныя метады кіраўніцтва перашкаджалі радыкальным пераўтварэнням у эканоміцы, а недастатковая ўвага да НТП з’яўлялася прычынай яе развіцця без уліку найноўшых дасягненняў навукі. У выніку сталі зніжацца сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, фонда- і капіталааддачы, рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва.
Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці, бясконцыя перабудовы і непрадуманыя рэарганізацыі выклікалі неабходнасць гасп. рэформы 1965, якая ў прамысловасці змяняла сістэму планавання, пашырала гасп. самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гасп. разліку; былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці. Першыя крокі гасп. рэформы падавалі надзеі. 8-я пяцігодка (1966—70) па шэрагу важных эканам. паказчыкаў была выканана. Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі ў параўнальных цэнах павялічылася за пяцігодку на 19% пры плане 10%. Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку рэспублікі ў 1966—70 склаў 10,8 млрд.руб., што было больш, чым за 2 папярэднія пяцігодкі, разам узятыя. За пяцігодку ў Беларусі ўведзена ў дзеянне 18 буйных прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. электралямпавы з-д у Брэсце, маторарамонтны з-д у Гомелі, ф-ка верхняга трыкатажу і панчошна-шкарпэтачны камбінат у Брэсце, бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне, малочныя з-ды ў Бабруйску і Гродне, мясакамбінат у Барысаве і інш. Але поспех пачатковага этапа эканам. рэформы быў непрацяглы. Ужо ў першыя гады яе ажыццяўлення пачаліся шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дапаўненні, у выніку якіх яна з буйнамаштабнай ператварылася ў касметычную, а да пач. 1970-х г. фактычна перастала дзейнічаць. Рэформа была наборам супярэчлівых мер, бо немагчыма было, напр., спалучаць пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў і ўзмацненне паўнамоцтваў міністэрстваў і ведамстваў.
У 1970—80-я г. эканоміка Беларусі, як і ўсяго СССР, страціла былы дынамізм, нарасталі негатыўныя з’явы, якія сведчылі, што эканам. рэформа 1965 не дала жаданых вынікаў. Асабліва істотным у гэтых адносінах з’яўлялася адставанне тэмпаў паскарэння НТП і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. НТП закранаў не ўсе, а толькі асобныя галіны вытворчасці. У прамысловасці Беларусі за кошт навукова-тэхн. мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Штогод 5—7% прадпрыемстваў і аб’яднанняў не спраўляліся з планамі па рэалізацыі прадукцыі і прадукцыйнасці працы, амаль кожнае 6-е парушала дагаворную дысцыпліну. Усё гэта стрымлівала пераход прамысл. вытворчасці на якасна новае, інтэнсіўнае развіццё ўсіх яе галін. Не адбылося радыкальных змен у прамысловасці і ў выніку рэформы 1979, паводле якой дэкларавалася імкненне пакончыць з «валам», увесці такі паказчык, як нарматыўна чыстая прадукцыя. Рэформа не дала станоўчых вынікаў, таму што ажыццяўлялася ў рамках адм.-каманднай сістэмы, пры якой ігнараваліся таварна-грашовыя адносіны, закон вартасці, рыначныя адносіны, панавалі суб’ектывізм і валюнтарызм у эканоміцы. Гэтыя негатыўныя з’явы прывялі да рэзкага зніжэння тэмпаў эканам. росту, эканоміка БССР апынулася ў перадкрызісным стане (гл. табліцу).
Сярэднегадавыя тэмпы прыросту, %
Паказчыкі
Гады
1970—75
1976—80
1981—85
Валавы грамадскі прадукт
8,3
5,5
5,0
Нацыянальны даход
8,3
5,2
5,6
Прадукцыя прамысловасці
10,4
7,2
5,4
Прадукцыйнасць грамадскай працы ў прамысловасці
7,4
4,6
4,0
Сельская гаспадарка. У выніку ажыццёўленых у пач. 1950-х г. мер удалося аслабіць вастрыню крызісу сельскай гаспадаркі, а пазней дамагчыся яе росту. Гэтаму садзейнічалі нармалізацыя цэнавых прапорцый і павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў у выніках сваёй працы. З 1956 калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У калгасах ствараліся грашовыя і прадуктовыя фонды з тым, каб у нейкай меры гарантаваць рэгулярную аплату працы. Але гал. ролю ў паспяховым развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы калгасаў і саўгасаў. Калі ў 1950 у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала 11,6 тыс. трактароў, то ў 1960—34 тыс., а ў 1965—55,4 тыс., збожжаўборачных камбайнаў адпаведна 1,7 тыс., 10,6 тыс. і 13,5 тыс. Грузавых аўтамабіляў у 1950 налічвалася 6,6 тыс., у 1965—43,1 тыс. З мэтай лепшага выкарыстання тэхнікі ў 1958 адбылася рэарганізацыя МТС і перадача с.-г. тэхнікі непасрэдна калгасам. Але гэта паставіла ў вельмі цяжкае фін. становішча бяднейшыя калгасы, якія былі вымушаны набываць за высокі кошт часам даволі зношаную тэхніку. ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы рэспублікі ўсё больш рыхтавалі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Калі ў 1950 яны выпусцілі 1550 такіх спецыялістаў, то ў 1965—7350. Новы курс у галіне сельскай гаспадаркі прывёў да таго, што з сярэдзіны 1950-х г. яна ўпершыню за пасляваен. гады стала рэнтабельнай. Пачаўся рост с.-г. вытворчасці. У 1958 валавая прадукцыя калгасаў і саўгасаў вырасла ў параўнанні з 1953 у 2,2 раза, у т. л. прадукцыя жывёлагадоўлі — у 3,1 раза. У 1960 валавы збор збожжа ў рэспубліцы перавысіў узровень 1953 на 36%; на 70% павялічылася вытворчасць мяса, малака, на 50% — яек. У наступныя гады рост працягваўся. У 1965 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перасягнула ўзровень 1950 на 10%. У 1960-я г. разгарнулася шырокае будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, механізацыя работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. З 1966 пачалася шырокая меліярацыя зямель. Да 1970 асушана больш за 900 тыс.га забалочаных зямель, а на сярэдзіну 1980-х г. агульная плошча асушаных зямель у рэспубліцы дасягнула 2,7 млн.га. Усё гэта спрыяла пашырэнню пасяўных плошчаў, а ў цэлым — росту вытворчасці с.-г. прадукцыі. Аднак работы па меліярацыі мелі нярэдка сур’ёзныя адступленні ад першапачатковых праектаў. У прыватнасці, створаныя меліярацыйныя сістэмы часта не прадугледжвалі двухбаковага воднага рэгулявання, многія з іх давялося дарабляць, а часам і перарабляць. Акрамя таго, як паказаў час, меліярацыя мела і адмоўныя экалагічныя вынікі. У 1960-я г. ў рэспубліцы зроблены крок і ў павышэнні ўраджайнасці збожжавых, якая доўгі час складала 7—8 ц з га. У сярэдзіне 1960-х г. яна перасягнула 10 ц, а ў 1970 у цэлым па рэспубліцы склала 17 ц з га.
Паспяховаму развіццю сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. садзейнічалі дэмаграфічнае становішча ў вёсцы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Нарошчванне с.-г. вытворчасці адбывалася ва ўмовах поўнай дастатковасці, а па шэрагу раёнаў і з лішкам рабочай сілы на сяле. У наступныя гады дэмаграфічнае становішча на вёсцы стала мяняцца. Хуткімі тэмпамі пачаўся адток сялян у горад, у інш. галіны гаспадаркі. Калі ў 1966 у БССР сельскае насельніцтва складала 61%, а гарадское 39%, то ў 1985 — адпаведна 38% і 62%. Новыя пакаленні сялян сфарміраваліся як простая рабочая сіла, якая поўнасцю была адлучана ад сродкаў вытворчасці і распараджэння прадметамі сваёй працы. Сельская гаспадарка, хоць і развівалася, але ў яе развіцці было шмат супярэчнасцей, якія не дазвалялі ёй стаць высокаэфектыўнай галіной вытворчасці.
Паскарэнне НТП у прамысловасці ў 1960—70-я г. адкрыла новыя магчымасці для пашырэння ў 1970—85 матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Капіталаўкладанні дзяржавы і калгасаў выраслі з 5,7 млрд.руб. у гады 9-й пяцігодкі да 8,8 млрд.руб. у гады 11-й.
Павялічыліся пастаўкі вёсцы тэхнікі, мінеральных угнаенняў. Штогод калгасы і саўгасы атрымлівалі прыкладна 15 тыс. трактароў, 10 тыс. аўтамабіляў, 5 тыс. збожжаўборачных камбайнаў і інш. сельгасмашын. На гэты час па сутнасці ўсе калгасы і саўгасы былі электрыфікаваны. Усё гэта дазволіла механізаваць значную частку работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. Паскорана развівалася хімізацыя. Калі ў 1970 сельскай гаспадарцы пастаўлена 925 тыс.т мінеральных угнаенняў, то ў 1985—1867 тыс.т. У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую значнасць набывалі прамысловасць, інш. галіны, што абслугоўвалі і былі звязаны з ёю. У рэспубліцы быў створаны аграпрамысл. комплекс (АПК). Ён павінен быў звязаць у адзін вузел, у адну тэхнал. лінію як сельскую гаспадарку, так і адпаведныя галіны прамысловасці, транспарту, гандлю і накіраваць іх на дасягненне агульнай мэты — вытворчасць прадуктаў харчавання і інш. прадметаў спажывання. Аднак з-за ведамаснай раз’яднанасці і пераваг у нар. гаспадарцы ведамасных інтарэсаў так і не адбылося аб’яднання ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур, што адмоўна адбілася на павышэнні эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Нягледзячы на гэта, колькасныя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі павялічваліся. У 1980 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перавысіла ўзровень 1960 амаль у 1,5 раза, прадукцыйнасць працы вырасла ў 2,5 раза; амаль у 2 разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у 1,4 — свіней, больш чым у 2 разы — птушкі і г.д. Аднак дасягнуты ўзровень вытворчасці с.-г. прадукцыі не задавальняў попыт насельніцтва ў прадуктах харчавання. Найперш таму, што нязначным было павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва. Тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі ні ў якое параўнанне не ішлі з тэмпамі развіцця прамысловасці і не адпавядалі патрэбам рэспублікі. Таму на пач. 1980-х г. харчовае забеспячэнне рэспублікі пагоршылася. Сельская гаспадарка апынулася ў перадкрызісным стане.
У 1-й пал. 1980-х г. стала відавочнай неабходнасць карэннай перабудовы с.-г. вытворчасці, якая ўжо не задавальняла ўзрастаючыя патрэбы ў прадуктах харчавання. Ураджайнасць збожжавых у Беларусі на працягу 1971—85 заставалася на адным узроўні (21 ц/га), а значыць пагаршалася забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Становішча ўскладнялася вялікімі стратамі ўжо вырабленай сельгаспрадукцыі ў час яе транспарціроўкі, перапрацоўкі і захоўвання. Але гал. прычыны, якія патрабавалі кардынальнай эканам. рэформы, былі ў тым, што сельская гаспадарка развівалася як сыравінны прыдатак горада, працягвалася ўшчамленне эканам. інтарэсаў сялянства, адлучэнне яго ад зямлі і вынікаў працы. Усё гэта ўзмацняла безгаспадарчасць на аснове росту апатыі і абыякавасці да вынікаў працы ў асн. масы работнікаў, што зводзіла на нішто затраты дзяржавы і грамадства на развіццё сельскай гаспадаркі.
Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. З сярэдзіны 1950-х г. пачаўся новы этап развіцця сав. грамадства, які быў складаны і супярэчлівы. 5.3.1953 памёр І.В.Сталін. Сумеснае пасяджэнне ЦККПСС, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета СССР 6.3.1953 зацвердзіла на пасадзе Старшыні Савета Міністраў краіны Г.М.Малянкова; сакратарыят ЦК, апарат ЦККПСС узначаліў М.С.Хрушчоў. Але гэтыя прызначэнні не задавальнялі 1-га нам. Старшыні Савета Міністраў Л.П.Берыю, які дамагаўся ажыццяўлення кантролю над партыяй, рыхтаваўся да захопу ўлады. Каб апярэдзіць сваіх канкурэнтаў, ён нават выступаў за «неабходнасць дэмакратызацыі жыцця, аднаўленне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, аб’яднанне Германіі» і інш. У чэрв. 1953 Берыя зрабіў спробу змясціць з пасады 1-га сакратара ЦККПБ М.С.Патолічава. Аднак на пленуме ЦККПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі згоды на такую кадравую змену. Па ініцыятыве Хрушчова 26.6.1953 у час пасяджэння Прэзідыума ЦККПСС Берыя быў арыштаваны. 2—7.7.1953 пленум ЦК разгледзеў пытанне аб «злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных» дзеяннях Берыі. Ён быў выключаны з партыі, зняты з усіх пасад і паводле прыгавору суда расстраляны ў снеж. 1953.
Пасля смерці Сталіна пачаўся некаторы паварот да калектыўнага вырашэння парт., дзярж. і нар.-гасп. пытанняў. У вер. 1953 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Хрушчоў. Адносная дэмакратызацыя назіралася ў дзейнасці кампартыі і дзярж. органаў Беларусі, прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Гэтаму садзейнічала скасаванне ў вер. 1953 Асобай нарады пры МУССССР, якая фактычна без суда выносіла ў масавым парадку такія пакаранні, як высылка, зняволенне, расстрэл. Былі скасаваны вайсковыя пракуратуры і трыбуналы войск МДБ.
Аднаўляўся парадак, паводле якога грамадзяне пазбаўляліся волі толькі ў адпаведнасці з прыгаворам суда. У сувязі з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб амністыі» (27.3.1953) разам з крымінальнымі элементамі пачалася кампанія па вызваленні вязняў, асуджаных па паліт. матывах тэрмінам да 5 гадоў. Іх працаўладкаваннем займаліся мясц.парт. і сав. органы.
Новым крокам у спробах дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця з’явіўся XX з’езд КПСС (14—25.2.1956). Разам з разглядам пытанняў, скіраваных на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, навуцы, з пашырэннем дэмакратыі, абгрунтаваннем прынцыпаў мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадска-паліт. ладам з’езд вымушаны быў звярнуць увагу на нечуваныя парушэнні законнасці ў гады сталінскага праўлення. У канцы работы з’езда на яго закрытым пасяджэнні дэлегаты заслухалі даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», з якім выступіў Хрушчоў. Гэта прамова стала для іх вялікай нечаканасцю. 1 хоць даклад не быў апублікаваны да пач. 1990-х г., яго агульная скіраванасць паступова стала вядома грамадству. Тым больш што 30.6.1956 ЦККПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў», у якой была зроблена спроба выявіць прычыны гэтай заганнай з’явы, паказаны яе сутнасць і наступствы. Хаця гэта рабілася на ўзроўні таго часу, сам факт вынясення пытання на парт. форум, а потым прыняцце ЦК адпаведнай пастановы мелі надзвычай вялікае значэнне для паляпшэння грамадска-паліт. сітуацыі ў краіне.
Пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. На працягу 1956—62 у БССР было рэабілітавана больш за 29 тыс.чал., а ў парт. парадку — каля 200. I хоць гэта з’яўлялася зусім нязначнай часткай ад шматлікай колькасці неабгрунтавана асуджаных і бязвінна закатаваных людзей, для далейшага грамадска-паліт. развіцця такі зрух быў вельмі важным. Але нават спроба крыху прыўзняць заслону патаемнасці над паліт. рэпрэсіямі сустрэла моцнае супрацьдзеянне ў вышэйшых эшалонах улады. У чэрв. 1957 на пасяджэнні Прэзідыума ЦККПСС, якое працягвалася 3 дні, была зроблена спроба зняць з пасады Хрушчова за тое, што ён нібыта вельмі далёка зайшоў у справе крытыкі культу асобы, чым нанёс моцны ўрон прэстыжу камуніст. партыі і СССР як у вачах сав. народа, так і сусв. супольнасці. Аднак. гэта спроба правалілася, і чэрвеньскі пленум ЦККПСС пацвердзіў курс XX з’езда партыі, асудзіў дзеянні антыпарт. групы Малянкова, Молатава, Кагановіча і Шапілава, які прымкнуў да іх. Адметнасцю першай паліт. «адлігі» з’яўлялася тое, што гэтыя дзеячы не былі рэпрэсіраваны. Адначасова зроблены крокі па дэмакратызацыі партыі. Наладжана рэгулярнае скліканне парт. з’ездаў і пленумаў ЦККПСС і саюзных рэспублік. Стала шырока практыкавацца абмеркаванне парт. і дзярж. дакументаў у друку і на сходах працоўных калектываў. Па найважнейшых пытаннях развіцця розных галін нар. гаспадаркі пачалі склікацца нарады з залучэннем шырокага кола спецыялістаў.
У дзейнасці Кампартыі Беларусі, Саветаў, прафсаюзаў, камсамола паглыблялася калегіяльнасць і рабіліся пэўныя захады па пашырэнні ўдзелу насельніцтва ў іх рабоце. У 1957—58 Вярх. Савета БССР зацвердзіў палажэнне аб сельскіх, пасялковых, раённых, гар. Саветах дэпутатаў, скіраванае на паляпшэнне дзейнасці Саветаў у эканоміцы і грамадска-паліт. жыцці. У выніку Саветы атрымалі больш шырокія правы. Але істотных змен у іх дзейнасці не адбылося, яны па-ранейшаму рэальнай уладай не валодалі. Пашыраліся гасп. правы саюзных рэспублік шляхам перадачы ім пытанняў, якія раней вырашаліся ў саюзным цэнтры. Толькі ў 1956 у распараджэнне ўрада БССР перададзена 356 прадпрыемстваў, а ў 1957 — больш за 500. 11.3.1957 Вярх. СаветСССР прыняў закон, паводле якога рэспублікі самі маглі вырашаць пытанні абл. і краявога адм.-тэр. будаўніцтва. Пашыраліся заканадаўчыя правы саюзных рэспублік. У іх кампетэнцыю ўвайшло прыняцце грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў. У 1962 праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў Кампартыі Беларусі. Яны падзяляліся на прамысл. і сельскія. Былі створаны Прэзідыум ЦККПБ, Бюро ЦК па кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, а таксама адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і Савета Міністраў БССР. Сельскія райкомы партыі былі скасаваны, а замест іх утвораны парт. к-ты калгасна-саўгасных упраўленняў. Аднак такая структура не апраўдала сябе і ў 1964 была ліквідавана.
Адм.-камандная сістэма, нягледзячы на некаторыя змены, заставалася непахіснай. Але яна не магла функцыянаваць без штодзённых рэгулярных мабілізацый сваіх грамадзян для дасягнення розных мэт. Вось чаму на XXII з’ездзе КПСС (17—31.10.1961) была прынята новая парт. праграма, якая паставіла мэту за 20 гадоў пабудаваць камуніст. грамадства і «забяспечыць самы высокі жыццёвы ўзровень у параўнанні з любой іншай краінай капіталізму». Пастаноўка непрадуманых, ілюзорных, навукова не абгрунтаваных задач прыводзіла да расчаравання ў грамадстве. Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бясконцыя перабудовы, непрадуманыя рэарганізацыі і, як вынік, — абвастрэнне сац. напружанасці ў сав. грамадстве сталі гал. прычынамі змены паліт. кіраўніцтва СССР. У кастр. 1964 на пленуме ЦККПСС Хрушчоў быў вызвалены ад займаемых пасад. 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй Савета Міністраў СССР назначаны А.М.Касыгін.
Аднак змена кіраўніцтва не прынесла істотных вынікаў. Універсальным сродкам вырашэння ўсіх сац.-эканам. праблем абвешчана павышэнне кіруючай ролі партыі. XXIV з’езд КПСС (30.3—9.4.1971) унёс у статут палажэнне аб праве кантролю парт. арг-цыямі дзейнасці адміністрацыі. Парт. органы дубліравалі органы гасп. кіраўніцтва. Вянчала гэту палітыку замацаванне ў арт. 6 Канстытуцыі СССР (1977) палажэння аб кіруючай ролі партыі ў грамадстве. У 1978 прынята Канстытуцыя Беларускай ССР, якая была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Абвешчаны курс на стабільнасць набываў рысы палітыкі стагнацыі. У паліт. лексікон тых часоў увайшло паняцце «развіты сацыялізм», афіц. выснову аб якім зрабіў Брэжнеў у юбілейным дакладзе да 50-годдзя Кастр. рэвалюцыі (1967) і вызначэнне якому дадзена ў Канстытуцыі СССР (1977). Новая канцэпцыя павінна была вырашыць супярэчнасці паміж дэкларацыяй аб блізкай перамозе камунізму і нерэалізаваным яго ўвасабленнем у жыццё. У грамадстве складваўся кантраст паміж лозунгамі і рэальнымі справамі.
У пач. 1980-х г. крызісныя з’явы набылі канкрэтныя рысы. Гал. іх прычына заключалася ў абвастрэнні супярэчнасцей «дзяржаўнага сацыялізму», найперш паміж сав. бюракратыяй і працоўным народам. Узнік своеасаблівы механізм тармажэння, які ўяўляў сабой сукупнасць антыдэмакр. уладкаванняў і застылых эканам. адносін, пры якіх не ўлічваліся інтарэсы канкрэтнага вытворцы — чалавека працы. Праблема заключалася яшчэ і ў тым, што кіраўніцтва вялікай шматнац. краіны не здолела аб’ектыўна ацаніць узніклыя праблемы і своечасова прымаць адпаведныя захады.
4-ы пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР (1945—50) прадугледжваў шэраг сац. мерапрыемстваў па разгортванні тавараабароту, павышэнні расходаў на жыллёвае і культ.-быт. абслугоўванне насельніцтва, павелічэнні заработнай платы і інш. Аднак рэалізацыя гэтых задач стрымлівалася шматлікімі складанасцямі. У першыя пасляваен. гады матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было цяжкім. На аднаўленне нар. гаспадаркі ішла большая частка сродкаў, фонд тавараў нар. спажывання значна скараціўся. З 1946 урад краіны праводзіў палітыку збліжэння цэн на тавары, якія прадаваліся па картках (пайкавыя цэны) і праз камерцыйны гандаль, шляхам павышэння першых і зніжэння другіх. У снеж. 1947 у краіне адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысл. тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку гандлю без картак па адзіных дзярж. цэнах. Разам з адменай картачнай сістэмы праведзена грашовая рэформа. Замена старых грошай на новыя праводзілася ў разліку 10 руб. старых на 1 руб. новых.
Характэрнай рысай першых пасляваен. гадоў было тое, што павышэнне рэальных даходаў насельніцтва ажыццяўлялася як за кошт павышэння зарплаты рабочых і служачых, так і шляхам пэўнага зніжэння цэн. У 1950 фонд заработнай платы ў нар. гаспадарцы рэспублікі ў 2,5 раза перавысіў яго ў 1945, а ў параўнанні з 1940 заработная плата рабочых і служачых у гэты час была павялічана амаль у 2 разы. У выніку трох паслядоўных паніжэнняў цэн у сак. 1950 яны сталі на 43% ніжэйшыя за сярэдні ўзровень цэн 4-га квартала 1947. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваен. ўзроўню. Гэта тлумачылася тым, што, нягледзячы на неаднаразовыя паніжэнні цэн у 2-й пал. 1940-х г., яны па-ранейшаму былі значна вышэйшыя за даваенныя. Да таго ж у тыя гады адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з зарплаты. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы людзей клаліся штогадовыя дзярж. пазыкі, якія праводзіліся пад націскам парт. і адм. органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму, не меншую за месячны аклад работніка ў год. І без таго невялікая заработная плата яшчэ памяншалася, а пры ўзроўні існуючых цэн не забяспечвала неабходных сродкаў для сапраўднага матэрыяльнага дастатку. Больш цяжкім было жыццё вясковага насельніцтва. Аднаўленне сельскай гаспадаркі Беларусі некалькі палепшыла матэрыяльнае становішча сялянства. Але ў сярэднім на адзін працадзень выдавалася збожжавых і інш. прадуктаў яшчэ менш, чым да вайны. Да таго ж асабістая гаспадарка селяніна знаходзілася пад магутным падатковым прэсам. На ўсё, што ён меў на сваім падворку, накладаўся такі вялікі падатак, што трымаць жывёлу, вырошчваць садавіну і агародніну было нявыгадна.
У пасляваен. гады ў рэспубліцы ў значных памерах ажыццяўлялася жыллёвае будаўніцтва. У выніку ням.-фаш. акупацыі жыллёва-камунальны фонд гарадоў Беларусі быў знішчаны на 80—90%. Найб. інтэнсіўна будаўніцтва вялося ў буйных гарадах рэспублікі, дзе адноўлены разбураныя і ўведзена нямала новых шматпавярховых дамоў. Аднак жыллёвы фонд за гады 4-й пяцігодкі ўдалося аднавіць толькі на 74,5% і патрэбы насельніцтва ў жыллі яшчэ далёка не былі забяспечаны. Цяжкасць сац. праблем была абумоўлена і тым, што на першы план ставіліся задачы прамысловасці. Сац. праблемы адсоўваліся на задні план. На іх вырашэнне вылучаліся толькі тыя рэсурсы, якія заставаліся пасля вытв. затрат. На жаль, такі тэхн. склад думак кіруючых органаў захаваўся да канца 20 ст.
Тым не менш, 1950—60-я г. былі адметныя павышэннем матэрыяльнага і культ. ўзроўню жыцця бел. народа і значнымі тэмпамі развіцця сац. сферы. Пэўныя змены адбыліся ў падатковай сферы. Сістэматычна змяншаліся падаткі з рабочых і служачых, якія атрымлівалі мінімальную зарплату, і з калгаснікаў; адменены падаткі на халасцякоў і маласямейных, уведзеныя ў Вял.Айч. вайну. З 1957 была адменена абавязковая падпіска на дзярж. пазыкі. На працягу 1953—64 зарплата рабочых павялічылася на 44,5%, служачых — на 32,9%. У 1967 у краіне ўведзены 5-дзённы працоўны дзень з двума выхаднымі днямі пры захаванні існаваўшага ўзроўню зарплаты. Рэальнае павышэнне даходаў насельніцтва адбывалася і за кошт грамадскіх фондаў спажывання. З іх дзяржава аплачвала 2/3 расходаў на жыллё, пенсіі, адукацыю, мед. абслугоўванне, утрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, бібліятэк, клубаў, дамоў адпачынку, санаторыяў і інш. У 1967 выплаты з гэтых фондаў працоўным Беларусі ў параўнанні з 1958 падвоіліся. Павялічваліся і рэальныя даходы калгаснікаў. Неаднаразова павышаліся стаўкі аплаты працы механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Выраслі і рэальныя даходы пенсіянераў. У 1965 прыняты закон аб пенсіях калгаснікам. 500 тыс. калгаснікаў Беларусі сталі атрымліваць пенсію, у той час як у 1963 яе атрымлівалі толькі 60 тыс.чал. У галіне жыллёва-камунальнага будаўніцтва задача будаваць больш, хутчэй і танней вырашалася за кошт шырокага выкарыстання тыпавых праектаў дамоў з жалезабетону і панэльных блочных канструкцый, укаранення індустрыяльных метадаў будаўніцтва. У выніку тэмпы здачы ў эксплуатацыю жылой плошчы значна выраслі. За 1959—65 пабудавана ў 2,2 раза больш, чым за папярэднія 7 гадоў. Гэта дазволіла палепшыць жыллёвыя ўмовы 2675 тыс.чал. У 1958 на ахову здароўя людзей расходавана сродкаў амаль удвая больш, чым у 1950.
Экстэнсіўны характар развіцця сав. эканомікі ў 1970—80-я г., нарастанне эканам. цяжкасцей, далейшая канцэнтрацыя сродкаў у цяжкай і ваен. прамысловасці абмяжоўвалі магчымасці вырашэння сац. задач. У 1970-я г. ў вытв. галінах нар. гаспадаркі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады. У выніку заработная плата рабочых і служачых Беларусі павысілася на 63% і склала 173 руб. за месяц (па СССР — 190 руб.), аплата працы калгаснікаў — больш чым у 2,7 раза і склала 154 руб. (па СССР — 153 руб.). У 1970-я г. ўведзены дадатковыя льготы інвалідам Вял.Айч. вайны і сем’ям ваеннаслужачых, што загінулі; устаноўлена 100-працэнтная аплата па цяжарнасці і родах працуючым жанчынам незалежна ад іх працоўнага стажу; павялічана колькасць аплачваемых дзён па доглядзе за хворым дзіцем; павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II групы, палепшаны матэрыяльна-быт. ўмовы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны і інш. Аднак рост агульных намінальных даходаў не адлюстроўваў сапраўднае становішча спраў, бо рэальная (фактычная) зарплата не павышалася, а зніжалася. Памяншалася і доля фонду зарплаты ў нац. даходзе. Так, у 1985 доля фонду зарплаты ў нац. даходзе СССР, які быў створаны ў прамысловасці, склала толькі 36,5%, у той час як у ЗША — 64%, а ў краінах Зах. Еўропы — 60—80%.
Разам з тым на мяжы 1980-х г. у эканоміцы актыўна выявіліся інфляцыйныя тэндэнцыі. На працягу 10-й (1976—80) і 11-й (1981—85) пяцігодак істотна павышаны рознічныя цэны не толькі на прэстыжныя тавары (ювелірныя вырабы, хрусталь, дываны і інш.), але і на многія тавары масавага попыту (мэбля, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, буд. матэрыялы, многія гасп. тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Акрамя таго, павялічыліся тарыфы на паслугі сувязі, быт. і інш. камунальныя паслугі. Нягледзячы на павышэнне цэн на шэраг тавараў і паслуг, у канцы 1970 — пач. 1980-х г. узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовых даходаў ва ўмовах зніжэння тэмпаў эканам. развіцця прывяло да павелічэння грашовай масы, рост якой стаў апярэджваць вытворчасць тавараў. Гэтаму садзейнічала падцягванне акладаў нізкааплатных слаёў насельніцтва да акладаў сярэднеаплатных. Нарастала незбалансаванасць рынку. А па ўзроўні спажывання СССР у 1985 займаў 77-е месца ў свеце. Вострай заставалася жыллёвая праблема. Тэмпы ўводу жылля ў карыстанне зніжаліся. У выніку на пач. 1989 амаль 30% сем’яў і адзінокіх грамадзян чакалі вырашэння кватэрнага пытання. З-за недахопу кватэр на многіх прадпрыемствах не хапала рабочых, захоўвалася высокая цякучасць кадраў, вытв. магутнасці прадпрыемстваў поўнасцю не выкарыстоўваліся. Не адпавядала сучаснаму стану ахова здароўя. Устарэла яе матэрыяльна-тэхн. база. З 1970 пачала расці дзіцячая смяротнасць. Да пач. 1980-х г.сав. грамадства апынулася на 35-м месцы ў свеце па працягласці жыцця. Амаль 50 краін мелі больш нізкую дзіцячую смяротнасць.
Вялікай трагедыяй у жыцці бел. народа стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС (крас. 1986). Пад уздзеянне радыяцыі на Беларусі трапілі 54 раёны? Эканоміка рэспублікі панесла велізарныя матэрыяльныя страты: з абароту выведзена больш за 20% с.-г. угоддзяў, амаль 15% лясоў. Агульныя выдаткі склалі больш за 100 млрд.руб., або 16 нац. гадавых бюджэтаў Беларусі. Ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы стала надзённай праблемай для Беларусі. Вярх. СаветБССР прыняў шэраг законаў па сац. падтрымцы людзей, што пацярпелі ад аварыі. У ходзе іх выканання толькі ў 1991 было асвоена капіталаўкладанняў на 500 млн.руб. больш, чым за папярэднія 4 гады.
У канцы 1980-х матэрыяльнае становішча народа пачало яшчэ больш пагаршацца, эканам. крызіс ахапіў сац. сферу, абвастрыўся дэфіцыт прадуктаў і спажывецкіх тавараў. Гэта садзейнічала ўзнікненню сац. напружанасці ў грамадстве.
Адукацыя, навука. Распачатая ў 1959 школьная рэформа прадугледжвала ўвядзенне ўсеаг. 8-гадовага навучання, рэарганізацыю 10-класных сярэдніх школ у 11-класныя працоўныя політэхн.навуч. ўстановы з абавязковай прафесійнай падрыхтоўкай вучняў. Пашыралася сетка завочнага і вячэрняга навучання. Узяты курс на масавае стварэнне школ-інтэрнатаў (у 1970 іх было 115). У той жа час у айч. сістэме асветы вывучэнне бел. мовы пераведзена на добраахвотную аснову. У сярэдзіне 1960-х г. школьная рэформа адкарэкціравана — вырашана вярнуцца да 10-гадовага тэрміну навучання. Неабавязковым стала і вытв. навучанне — у далейшым яно ажыццяўлялася ў вучэбна-вытв. камбінатах (да 1981 іх адкрыта 191). Паступова скарачалася колькасць 3-класных пач. школ. Да 1980 у рэспубліцы дасягнута ўсеаг. сярэдняя адукацыя ў дзённых агульнаадук. і спецыялізаваных школах. Колькасць сярэднеспецыяльных тэхнікумаў і вучылішчаў пры гэтым вырасла за 1960—85 са 102 да 139. У 1978/79 навуч.г. ў Беларусі працавала каля 7,7 тыс. школ усіх тыпаў (больш за 1,7 млн. навучэнцаў), 23,1% з іх мелі бел. мову выкладання (пераважна ў сельскай мясцовасці).
З улікам далейшага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася эвалюцыя вышэйшай школы. За 1960—85 колькасць ВНУ у рэспубліцы вырасла з 24 да 33. Адметнымі падзеямі сталі арганізацыя новых універсітэтаў у Гомелі (1969) і Гродне (1977), адкрыццё ў Мінску радыётэхнічнага (1964) і культуры (1975) ін-таў, у Брэсце — інж.-будаўнічага ін-та (1966), у Віцебску — тэхнал. ін-та лёгкай прамысловасці (1965), у Магілёве — машынабудаўнічага (1961) і тэхнал. (1973) ін-таў, у Наваполацку — політэхн. ін-та (1974). Колькасць студэнтаў у ВНУ на канец 1970-х г. дасягнула 171 тыс. чал.
Цэнтрам айч. вышэйшай адукацыі заставаўся Мінск, дзе працавала 17 ВНУ (100 тыс. студэнтаў). Разам з тым хуткі колькасны рост ВНУ абвастрыў праблему падрыхтоўкі выкладчыцкіх кадраў — нават у Мінску ступені дактароў навук мелі каля 3% выкладчыкаў, а кандыдатаў навук — 34%.
Новая хваля НТР патрабавала навуковых даследаванняў і абумовіла нарастаючую ролю навукі. За 1956—85 колькасць навук. устаноў у Беларусі павялічылася з 76 да 167. Да таго ж на прамысл. аб’ектах дзейнічала больш за 1 тыс. праектна-тэхнал. арг-цый і канструктарскіх бюро. Апрача фундаментальных даследаванняў, што вяліся ў ВНУ, у 1970-я г. пры іх дзейнічалі 12 н.-д. сектараў, 12 праблемных і 20 галіновых лабараторый, шэраг НДІ (пры БДУ і Бел.політэхн. ін-це). Вядучую ролю ў навук. даследаваннях па-ранейшаму адыгрываў Мінск, дзе працавала больш за 40 НДІ. Акрамя Акадэміі навук буйныя даследчыя цэнтры былі створаны пры Дзяржплане БССР, мін-вах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя. Для каардынацыі дзейнасці навук. устаноў у с.-г. галіне ў 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне Усесаюзнай акадэміі с.-г.навук. У 1960-я г. пры Ін-це ядзернай энергетыкі пабудаваны першы ў рэспубліцы атамны рэактар (пад Мінскам). З Расіі ў Беларусь на працу запрошаны вядучыя вучоныя: фізікі М.А.Ельяшэвіч, Б.І.Сцяпанаў; матэматыкі М.П.Яругін, А.К.Красін, А.В.Лыкаў. Сусв. вядомасць атрымалі даследаванні айч. навукоўцаў А.А.Ахрэма, М.А.Барысевіча, Я.Р.Канавалава, М.Я.Мацапуры, У.П.Платонава, А.Н.Сеўчанкі, Ф.І.Фёдарава, Б.Л.Шапашніка і інш. У 1985 на Беларусі працавала 1011 дактароў навук і 13,1 тыс. кандыдатаў навук. На працягу 1956—85 бел. вучоныя атрымалі 26 Дзярж. прэмій СССР і 57 Дзярж. прэмій Беларусі.
Літ.:
Сельское хозяйство СССР: Стат. сб. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1977;
Белорусская Советская Социалистическая Республика. Мн., 1978;
Гиоргиадзе З.И., Геращенко Л.Ф. Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Народное хозяйство Белорусской ССР: Стат. ежегодник. Мн., 1987;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. М., 1990;
Грыгор’ева В.В., Марчанка І.Я. Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР (сярэдзіна 50-х — сярэдзіна 80-х гг.) // Актуальныя пытанні гісторыі БССРМн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. веска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999;
БССР в цифрах, 1986 г.Мн., 1987;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;
Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985: Давед.Т. 1. Мн., 2004.
І.І.Гвардзееў (прамысловасць, транспарт, сувязь, сельская гаспадарка), У.Я.Казлякоў (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1950 — пач. 2000-х гадоў
Паэзія. У паэзіі пасляваен. дзесяцігоддзя (1945—55) як адным з найб. аператыўных відаў эстэт. ўспрымання, рэалізаванага ў малых жанравых формах, адчувальна акрэсліваліся нават нязначныя зрухі маст. мыслення, характэрныя для літаратуры ў цэлым. Вайна на многія дзесяцігоддзі прадвызначыла тэматыку і праблематыку, пэўныя асаблівасці маст. характараў, пафас твораў бел. пісьменнікаў: вершы і паэмы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Танка і інш. З тэмай вайны прыйшлі ў літаратуру паэты, якія вярталіся з фронту, партызан, падполля. Некат. з іх былі ўжо добра вядомыя ў 1930-я г., іншыя толькі пачыналі свой творчы шлях: М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Дзяргай, К.Кірэенка, П.Панчанка, П.Прануза, П.Прыходзька, А.Пысін, А.Русецкі і інш. У літаратуру прыйшлі зах.-бел. паэты М.Васілёк, М.Засім, М.Машара, В.Таўлай. Жыццёвы і творчы вопыт, набыты ў экстрэмальных умовах ваен. выпрабаванняў, фарміраваў непаўторнасць творчай індывідуальнасці, грамадз. і мастакоўскую зарыентаванасць светапогляду. У шматлікіх паэт. зборніках асн. матывы — радасць перамогі і вяртання да мірнага жыцця, услаўленне гераізму, велічы нар. подзвігу ў гады вайны і працоўнага энтузіязму, тэма радзімы, дружбы, кахання, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны: зб-кі «Ранак ідзе» (1945) і «Пасля навальніцы» (1947) К.Кірэенкі, «На сотай вярсце» (1945) і «Камуністы» (1949, 1951) А.Куляшова, «Шырокае поле вайны (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955) М.Лужаніна, «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «За шчасце, за мір» (1950) і «Шырокі свет» (1955) П.Панчанкі, «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954) П.Броўкі, «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл» (абодва 1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954) М.Танка, «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954) А.Бачылы, «Нашай славы зара» (1947) і «Размова аб шчасці» (1948) П.Глебкі, «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951) і «Ранак над Эльбай» (1952) П.Прыходзькі, «Добры дзень» (1948) і «Зямля мая» (1952) А.Астрэйкі, «Пярэдні край» (1949), «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952) М.Аўрамчыка, «Сонца ў блакіце» (1949) і «У вялікім паходзе» (1952) М.Калачынскага, «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954) П.Пранузы, «З розных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954) Р.Сабаленкі, «Наш дзень» А.Пысіна, «У заўтрашні свет» А.Русецкага (абодва 1951), «Дарогай шчасця» А.Бялевіча (1952), «Вачыма будучыні» С.Дзяргая (1953), «Мой таварыш» М.Смагаровіча (1955). Новыя зрухі ў грамадскім жыцці, адбудова нар. гаспадаркі — тэмы зб-каў «Новае рэчышча» А.Куляшова (1948), «Мая рэспубліка» К.Кірэенкі (1949). Абнаўленню побыту тагачаснай вёскі прысвечаны паэмы «Хлеб» (1946), «Родныя берагі» (1948), «Добры друг» (1949) П.Броўкі, «Кладкі Градоўскага» М.Лужаніна (1949), у якіх побач са значнымі дасягненнямі (адметнасць стылю, удалыя вобразныя знаходкі, адухоўленасць пачуццяў лірычнага героя) шмат неабавязковага, другаснага, інфармацыйна-рэпартажнага, прадыктаваныя часам ідэалагемы. Гэта датычыць і паэм «Рыбакова хата» Я.Коласа (1941—47), «Грозная пушча» А.Куляшова, «Бацька Дняпро» А.Вялюгіна (абедзве 1955). Выразна люструецца ў тагачаснай паэзіі парадная атмасфера пераможных салютаў: зб-кі «Крамлёўскія зоры» А.Астрэйкі (1945), «Свята», «Чалавек-сонца» (абодва 1947), «Светач» (1950) А.Бялевіча, «Салют у Мінску» А.Вялюгіна (1947), «Салдаты міру» П.Прыходзькі (1951) і інш. Аднак у паэзіі ўсё настойлівей прабіваўся голас паэта-франтавіка — сведкі і непасрэднага ўдзельніка ваен. падзей. Вайна стала гал. тэмай у творчасці франтавога пакалення.
Лепшыя пасляваен. творы вылучаюцца шчырасцю і непасрэднасцю лірычнага перажывання, яркімі фарбамі, дынамікай дзеяння. У іх палітры бясконцыя шляхі-дарогі вядуць да роднай хаты і ў неабсяжны сусвет. Апорныя вобразы, вынесеныя, як правіла, у назвы кніг або асобных твораў, перадаюць не толькі агульны мажорны настрой, а і своеасаблівы душэўны стан, узрушанасць лірычнага героя. Урачыста песенныя інтанацыі і светлыя колеры пераважаюць нават там, дзе маст. сюжэт заснаваны на падзеях і фактах, поўных смутку і жальбы («Песня пра чатыры магілы» П.Панчанкі, 1945). З паасобных уражанняў паступова стваралася мазаіка гіст. часу — жыцця і побыту чалавека на вайне, якая непрыкметна перарастала ў маст.-дакумент. хроніку: вершы «Прыдарожны гушчар», «Салдацкая сляза», «Памяці Міколы Сурначова» М.Аўрамчыка, «Няўзяты форт» (пазнейшая назва — «Сталінградская легенда») А.Вялюгіна, «Зварот» П.Глебкі, «Франтавік» П.Панчанкі. Асаблівая паслядоўнасць і кінематаграфічная дакладнасць уражанняў непасрэднага ўдзельніка падзей вылучае нізку вершаў «Салдацкі штодзённік» М.Лужаніна, гэта споведзь пра напоўненыя драматызмам салдацкія будні, дзе асабістае, прыватнае вырастае да маштабаў агульназначнага і ўспрымаецца як маналог франтавога пакалення, ад імя якога гаворыць паэт. У цяжкія часіны нярэдка парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікра- і макрасвету, узмацняецца адчуванне язычніцкага яднання чалавека з прыродай. У эстэт. малюнку асабліва акрэсленымі становяцца праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода «ажывае», абагаўляецца, дапамагае раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы (верш «Пачатак» М.Лужаніна).
У лірычным роздуме ваен. і пасляваен. гадоў значнае месца займае лёс Беларусі: вершы «Радзіма мая дарагая» А.Бачылы, «Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі...» П.Броўкі, «Беларусь, Беларусь!..» А.Вялюгіна, «Беларусі» П.Глебкі, «Жыві, Беларусь!» Я.Коласа, «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» П.Панчанкі, «Ты будзеш жыць, Радзіма!» М.Танка. Вобраз Радзімы, роднай зямлі пазначаны драматызмам, асабліва ў творах, напісаных пад уражаннем убачанага і перажытага ў чужых краінах: вершы «З ташкенцкай торбы» Я.Коласа, германскага цыкла М.Лужаніна.
Спосабы сатыр. тыпізацыі найб. плённа адчуваюцца ў жанры байкі: кн. «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953) У.Корбана, «Вершы і байкі» Э.Вадасевіча (1954). Вострасатыр. вершы і байкі пісалі А.Бачыла, М.Лужанін, П.Панчанка. Акцэнты сатыр. высмейвання перамясціліся з аб’ектаў ваен. часу (ворагі) у сферы мірнага жыцця і побыту грамадства (выявы розных антыграмадскіх анамалій ва ўзаемадачыненнях, паводзінах і ўчынках людзей). З сярэдзіны 1950-х г., пераадольваючы розныя ідэалагічныя бар’еры, хібы «тэорыі бесканфліктнасці», паэзія ўзыходзіла на новыя вышыні, пазначаныя прыкметамі найбольш поўнай самарэалізацыі творчай асобы: значна пашырыліся далягляды паэзіі, павысіўся яе інтэлектуальны ўзровень, пабагацеў духоўны свет лірычнага героя. У філас. роздуме над надзённымі праблемамі адчуваецца драматызм часу, акрэсліваецца магутны патэнцыял гадамі назапашанай творчай энергіі. У выніку літ. дыскусій 1960—70-х г. павысіліся патрабаванні да маст. твораў. Выпрацаваліся пэўныя маст. арыенціры, эстэт. крытэрыі. Узорамі непераўзыдзенага майстэрства, якімі вымяралася маст. вартасць тагачаснай паэзіі, сталі кнігі: «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1962) П.Броўкі, «Чатыры стыхіі» (1962), «Свята ў будзень» (1964) С.Дзяргая, «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) М.Танка, «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970) А.Куляшова, «Пры святле маланак» (1966), «Вячэрні цягнік» (1977) П.Панчанкі, «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967) А.Пысіна, «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971) А.Русецкага і інш. У іх засведчаны адметнасць мыслення, непаўторнасць кожнай творчай індывідуальнасці, што пацвярджаецца сплавам лірызму, эпічнай шырыні, драматызму маст. перажывання, публіцыстычнай адкрытасці, выразнасці грамадз. пазіцыі. Паэтыка М.Танка, напр., спалучае ў сабе нар.-песенныя вытокі і некат. асаблівасці авангардысцкай плыні. У эпіцэнтры яго эстэтыкі прысутнічае творчая асоба, сам паэт, думкі і назіранні, якія разбягаюцца кругамі і ўцягваюць у сваё «поле» новую прастору. У філас. роздуме А.Куляшова паяднаны імгненні і вечнасць, зямное і астральнае, былое і наступнае. Акрамя зямнога і касм. ёсць трэці свет — звычайны чалавек.
Па-новаму, з больш глыбокім псіхалагізмам пераасэнсоўвалася тэма вайны, даследавалася псіхалогія чалавека на вайне, у экстрэмальных умовах: творы М.Аўрамчыка, А.Вялюгіна, А.Пысіна, А.Русецкага. У 2-й пал. 1950-х г. да творчай працы вярнуліся рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Пушча, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет кнігі Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Пушчы, М.Чарота, што было неабходным для ўзнаўлення літ. працэсу і паўнаты ўяўлення пра маст. традыцыі 1920—30-х г., а таксама кнігі «Залаты лістапад» М.Хведаровіча (1957), «Дзень нараджэння» (1958), «Памяць» (1965) С.Грахоўскага, «Запаветнае» (1961), «Неспакойныя сэрцы» (1973) А.Звонака і інш. З сярэдзіны 1950—60-х г. першымі кнігамі дэбютавалі паэты т.зв. філалагічнага пакалення: «Паходныя кастры» С.Гаўрусёва, «Першы след» П.Макаля (абедзве 1955), «Песня ў дарогу» Н.Гілевіча (1957), «Не ўсе лугі пакошаны» М.Арочкі, «Матчына душа» У.Караткевіча, «Сакавік» Е.Лось, «Вясновыя барозны» У.Нядзведскага (усе 1958), «Маладзік над стэпам» Р.Барадуліна, «Белыя каштаны» І.Калесніка, «На юначым шляху» А.Лойкі, «Шэпчуцца ліўні» Ю.Свіркі, «Золак над Бярозай» А.Ставера, «Такія сэрцы ў нас» К.Цвіркі (усе 1959), «Майская просінь» Г.Бураўкіна, «Узлётная паласа» У.Паўлава, «Сонечны дождж» Я.Сіпакова (усе 1960), «Дзявочае сэрца» Д.Бічэль-Загнетавай (1961), «Вочы вясны» В.Вярбы, «Песня пра хлеб» А.Вярцінскага, «Абветраныя далягляды» Г.Кляўко, «Неба ўсміхаецца маланкаю» А.Наўроцкага (усе 1962), «Вогненная камета» В.Макарэвіча, «Першыя вёрсты» М.Рудкоўскага (абедзве 1963), «Магістраль» А.Грачанікава, «Белае дзіва» А.Кавалюк, «Асколкі і росы» Р.Тармолы (усе 1964), «Крэсіва» В.Зуёнка, «Едуць маразы» М.Маляўкі, «Азбука» А.Сербантовіча (усе 1966), «Спатканне» М.Дуксы, «Непазбежнасць» М.Купрэева, «Кастры Купалля» С.Панізніка (усе 1967), «Раўнавага» С.Блатуна, «Свежасць» Я.Міклашэўскага, «Вернасць» В.Ракава, «Зямля — магніт» М.Федзюковіча (усе 1968), «Гром на зялёнае голле» Ю.Голуба, «Раніца» В.Іпатавай, «Восеньскія позвы» К.Камейшы, «Буслы над аэрадромам» У.Скарынкіна (усе 1969) і інш. У літаратуру ўваходзіла пакаленне дзяцей вайны. Усе пакуты і боль, перажытыя дзецьмі і падлеткамі, выліліся на старонкі іх кніг: «Бязбацькавічы» Г.Бураўкіна, «Я не глытала па акопах дыму» В.Вярбы, «Песня пра асколак» У.Караткевіча, «Дзяўчаты мінулай вайны» Е.Лось і інш. Драматызм лірычнага перажывання асабліва адчувальны ў творах «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага, у араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», паэмах «Недзяленя», «Заручыны» Н.Гілевіча. Да ліраэпічнага жанру звярнуліся Р.Барадулін (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»), В.Макарэвіч («Мацярык маленства»). Тэма вайны знайшла глыбокае асэнсаванне ў творчасці пісьменнікаў франтавога пакалення, якія як бы занава прачытвалі драм. і трагічныя калізіі вогненных гадоў, даследавалі чалавека ў экстрэмальных абставінах, што асабліва характэрна прозе В.Быкава, паэзіі А.Пысіна (вершы «Іван-чай», «Палім мы маршанскую махорку», «Пярэдні край», паэма «Белы камень»). Балючая памяць перажытага ў вайну склала асн. змест многіх твораў З.Астапенкі, М.Аўрамчыка, А.Бачылы, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, П.Панчанкі, А.Русецкага. Болем асабістага суперажывання напоўнена паэма «Голас сэрца» П.Броўкі (1960), прысвечаная маці паэта. якая загінула ў канцлагеры ў Асвенціме. У 1970—80-я г. выйшлі першыя кнігі: «Агонь» Н.Мацяш, «Адраджэнне» А.Разанава, «Снежныя грамніцы» Я.Янішчыц (усе 1970), «Вуліцы без назваў» У.Дзюбы (1972), «Прыпяць» У.Верамейчыка, «Абеліск» Х.Жычкі, «Бяседа» С.Законнікава, «На мове шчасця» Г.Каржанеўскай, «Бацькоўскі парог» І.Скурко, «Ядлоўцавы куст» М.Стральцова (усе 1973), «Рамонкавы бераг» Р.Баравіковай, «Захапленне» Т.Бондар, «Паклон» В.Жуковіча, «Сакавік» Л.Забалоцкай, «Жураўлінае вясло» У.Лісіцына (усе 1974), «Касавіца» В.Гардзея, «Радар» Н.Загорскай, «Прадвесне» П.Марціновіча, «Кляновік» Г.Пашкова (усе 1975), «Адкрыццё» У.Някляева, «Уваходзіны» В.Яраца (абедзве 1976), «Хлеб і соль» Х.Гурыновіча, «Абеліск у жыце» М.Мятліцкага (абедзве 1980), «Белая бярэзіна» С.Басуматравай (1981), «Планета маёй душы» К.Жука, «Пад спеў крыніц» У.Мазго, «Пад небам бусліным» З.Марозава, «Зоркі ў кронах» У.Марука (усе 1982), «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюка, «Скразная лінія» А.Каско, «Белы камень» А.Пісьмянкова, «Смага ракі» Л.Тарасюк (усе 1983), «Таемнасць агню» Л.Галубовіча (1984), «Чаравікі маленства» І.Багдановіч, «Цвет алешыны» А.Канапелькі, «Адведзіны рамонкавай паляны» Л.Паўлікавай (усе 1985), «Сінтэз» Г.Булыкі, «Сурма» А.Мінкіна (абедзве 1986).
У мастакоўскай палітры паэтаў 1970 — пач. 80-х г. драматызм памяці цесна пераплецены з памкненнямі да прыгожага, узвышанага. У параўнанні з папярэднікамі ў іх творах значна больш светлых колераў. Выявы памяці, спраектаваныя на сучаснасць, неслі ў сабе моцны зарад творчай энергіі, паспяхова рэалізаваліся ў лірыка-эпічных жанрах: паэмы «Кульмінацыя» С.Законнікава, «Даведка аб нараджэнні» У.Някляева, «Ясельда» Я.Янішчыц і інш.
Лепшыя творы канца 1950 — пач. 1980-х г. пазначаны глыбокім інтэлектуальна-філас. роздумам, зваротам да нар. вытокаў, да спрадвечных маральна-этычных і эстэт. каштоўнасцей: «Падземныя замкі», «Зямля Міцкевічаў» М.Арочкі, «Трэба дома бываць часцей», «Неруш» Р.Барадуліна, «Песня пра хлеб», «Мы жывём, каб вяртацца...» А.Вярцінскага, «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...», «Ах, якая над Гайнаю ноч!...» Н.Гілевіча, «Беларуская песня» У.Караткевіча, «Бацькаўшчына» М.Стральцова, «Ave Maria», «Дарога на Нарач» М.Танка. Увасабленне найлепшых чалавечых якасцей, усяго светлага, высакароднага, зямнога і сакральнага — у вобразе Маці (вершы і паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, А.Лойкі, Е.Лось і інш.). Суб’ектыўна-індывідуальны пачатак (унутр. свет чалавека, яго пачуцці, перажыванні) у паэзіі А.Вярцінскага, Р.Барадуліна, В.Іпатавай, У.Караткевіча, Н.Мацяш, А.Разанава, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Лірычны герой у многім летуценнік, рамантык, філосаф, першаадкрывальнік касм. прасторы і пакарыцель цаліны ў вершах «Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца...» Г.Бураўкіна, «Спадарожніку Зямлі» У.Караткевіча, «Дарога да зор» П.Макаля, «Белыя яблыні» П.Панчанкі і інш. Роздум над глабальнымі праблемамі часу, трывога за лёс чалавецтва перад пагрозай ядзернай катастрофы, экалагічныя, сац.-бытавыя пытанні патрабавалі звароту да вялікіх жанравых форм: паэмы «Яго Вялікасць» (1964) і «Айкумена» (1981) А.Русецкага, «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970) А.Куляшова. Грамадз. вартасць асобы, маральна-этычная трываласць народа вывяраліся разам з гіст. і сац.-бытавымі абставінамі. Прадметна-вобразная канкрэтыка спалучалася з умоўна-асацыятыўнымі абстракцыямі, нар.-песеннай стыхіяй у паэмах «Слёзы Раданы» (1967) і «Трыпутнік» (1976) К.Кірэенкі. Драматызм часу асабліва адчувальны ў паэмах «Маналог» (1966), «Варшаўскі шлях» (1968), «Хамуціус» (1975) А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка (1978), «Суд Алаізы» В.Коўтун (1985). Рэаліі сівой даўніны ўзноўлены ў драм. паэмах «Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1988) М.Арочкі, «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» П.Бітэля (1984), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1990—91). Да гіст. тэматыкі пастаянна была скіравана ўвага У.Караткевіча: вершы «Сырцовыя цагліны», «Паўлюк Багрым», «Скарына пакідае Радзіму», «Шляхі Ігната Буйніцкага» і інш.
З сярэдзіны 1980-х г. у паэзіі пачаўся перыяд, пазначаны абнаўленнем эстэт. мыслення, істотнымі рысамі якога сталі памкненне да разняволенасці, пазбаўленне ад звыклых, стэрэатыпных ідэалагем, акцэнтацыя нац. ідэі, узмацненне публіцыстычнасці і кантрастнасці бачання навакольнага свету, канфліктнасці лірычнага перажывання: зб-кі «Каліна зімы» Я.Янішчыц (1987), «Лісты да цябе» В.Коўтун, «Горкі жолуд» П.Панчанкі (абодва 1988), «Пан Лес» А.Сыса (1989), «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) А.Бадака, «Горад-утопія» В.Шніпа (1990), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992) Р.Барадуліна, «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) П.Панчанкі, «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «Заклён на скрутны вір» А.Вялюгіна, «Пісьмы з гэтага свету» В.Зуёнка, «На зломе лёсу» А.Русецкага, «Чорна-белы свет» П.Шруба (усе 1995), «Прошча» У.Някляева, «Адзінокая зорка» Л.Сом, «Errata» М.Танка (усе 1996), «Журавінавы востраў» Г.Пашкова (1998), «Межань» В.Гардзея, «Душою з небам гаварыць» Н.Мацяш (абодва 1999), «Неўміручасць» А.Лойкі (2000) і інш.
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. па-новаму асэнсоўваецца гіст. лёс Беларусі, Бацькаўшчыны. Паэтаў хвалявала занядбанасць роднай мовы, гіст. памяці народа, абыякавасць да сваіх родавых каранёў: вершы Д.Бічэль-Загнетавай, Л.Галубовіча, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Разанава, Л.Рублеўскай і інш. Хрысціянскія матывы прагучалі ў кн. «Вялікдзень» І.Багдановіч (1993), «Божа мой, Божа» Д.Бічэль-Загнетавай (1993), «Капліца» В.Аксак (1994), «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «На рэштках Храма» В.Шніпа (1994), «Евангелле ад Мамы» Р.Барадуліна (1995), «Аддай асалоду Богу» Л.Раманавай (1997) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. свет убачылі творы, раней не апублікаваныя: «Паэма тугі» А.Бачылы (1987), у якой завострана ўвага на негатыўных наступствах гвалтоўнай калектывізацыі, раскулачванні і «рассяляньванні» сялянства. Выйшлі кнігі вязняў ГУЛАГа: «Белы сон» Л.Геніюш (1990), «І радасць і боль» С.Грахоўскага (1987), «Святлацені» А.Звонака (1992), «Пароша» П.Пруднікава (1996) і інш. У друку з’явіліся публікацыі твораў паэтаў бел. эміграцыі.
У паэзіі мяжы 20—21 ст. існуюць разнастайныя кірункі маст. пошукаў. Найчасцей перавага аддаецца зладжана гарманічнай мадэлі свету, не пазбаўленай аднак -шматфарбнасці і кантрасту каляровай гамы, што асабліва характэрна для пейзажнай лірыкі, паэзіі хрысціянскага зместу і вершаў пра каханне: «Каханне» (1987), «Сад на капялюшыку каханай» (1998) Р.Баравіковай, «Споведзь бяссоннай душы» Л.Галубовіча (1989), «Шчаслівай долю назаві...» Н.Мацяш (1990), «Хачу назваць цябе каханым» Т.Бондар (1991), «Случарыны» В.Аколавай (1994), «Стомленасць Парыжам» Л.Дранько-Майсюка (1995), «Рабро Адама» Т.Мушынскай (1999), «Валошкі памяці» А.Камароўскага (2002) і інш. Урбаністычныя матывы займаюць значнае месца ў творчасці А.Дуброўскага, М.Касцюкевіча, А.Мінкіна, Л.Рублеўскай, С.Шах і інш. Побач з рамант. плынню (паэма «Прошча» У.Някляева, кн. «Замак месячнага сяйва» Л.Рублеўскай, 1992) узмацняецца трагізм, асабліва ў творах чарнобыльскай тэматыкі, дзе ўвага акцэнтавана на экалагічных праблемах, найперш даследуецца разбуральнае ўздзеянне атрутнага ядзернага распаду на «экалогію душы» чалавека, асобы: кн. вершаў «Палескі смутак» (1991), «Бабчын» (1996) М.Мятліцкага, «Начное сонца» В.Куртаніч (1994), «Летазлічэнне» А.Канапелькі (1999), паэмы «Чорная быль» С.Законнікава (1987), «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) М.Башлакова і інш.Літ. працэс канца 20 ст. фарміруецца не ў адрыве ад фалькл. і літ. (нац. і сусв.) традыцый, постмадэрнісцкіх кірункаў і плыней: кн. «Турмалін» Г.Булыкі (1994), «Гліна. Камень. Жалеза» А.Разанава (2000) і інш. Паэты прымушаюць загаварыць прадметы, хімічныя рэчывы, з’явы прыроды, сутнасць якіх адкрывае неабсяжны філас. падтэкст, выяўляе неабмежаваныя магчымасці ўмоўна-асацыятыўных сувязей і вобразна-метафарычных абстракцый.
У канцы 20 ст. выдадзены першыя кнігі маладых паэтаў: «Вяртанне» А.Аркуша, «Першапутак» Л.Пранчака, «Агмень» А.Сыса (усе 1988), «Бацькоўскі дом» Т.Мельчанкі (1989), «Кальварыйскія клёны» С.Адамовіча, «Пяшчота ліўня» Э.Акуліна, «Крытычная маса» П.Вераб’ёва, «Белыя птахі» В.Дэбіша (усе 1990), «Ноч» Ю.Пацюпы (1991), «Водар цела» Ю.Гуменюка, «Калядная вячэра» А.Дэбіша (абедзве 1992) і інш. На Беларусі плённа працавала і працуе група паэтаў, якія пішуць на рус. мове. Выйшлі ў свет кн. «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Шукаю чалавека» (1988) С.Яўсеевай, «Галіны» (1969), «Зімовае святло» (1985) Н.Кісліка, «Памяць» (1969), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982) Ф.Яфімава, «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Г.Шутэнкі, «Ясень» (1973), «Вербніца» (2002) Б.Спрынчана, «Твар твой» (1982), «Споведзь» (1990) А.Дракахруста, «Вечаровыя цені» (1977), «Мой дом» (1988) Э.Скобелева, «Зямля і зоркі» (1981), «Святло непадзельнае» (1990) В.Спрынчана, «Сухія кветкі» (1995), «Альфа і амега» (2001) А.Скарынкіна і інш.
Сучасны этап развіцця бел. паэзіі прадаўжае і развівае асн. тэндэнцыі ўсёй бел. літаратуры.
Проза. Развіццё прозы 2-й пал. 20 ст. абумоўлена грамадскім быццём і іманентнымі магчымасцямі маст. свядомасці народа. 1-я пал. 1950-х г. адзначана з’яўленнем шэрагу буйных твораў, напісаных пісьменнікамі старэйшага пакалення і тымі, хто прыйшоў у літаратуру ў час Вял.Айч. вайны. У 1954 Я.Колас завяршыў працу над трылогіяй «На ростанях», П.Пестрак — раманам «Сустрэнемся на барыкадах» — панарамнай карцінай жыцця і змагання працоўных Зах. Беларусі. Шматбакова ўзноўлены нядаўнія падзеі Вял.Айч. вайны ў эпічных творах «Векапомныя дні» М.Лынькова (1948—58), «Мінскі напрамак» І.Мележа (1950—52), «Расстаёмся ненадоўга» А.Кулакоўскага (1953—54). Аповесць «У Забалоцці днее» Я.Брыля (1950), раманы «Святло над Ліпскам» М.Паслядовіча (1949—52), «У добры час» І.Шамякіна (1953) пра пасляваен. жыццё бел. вёскі. Для прозы гэтага часу характэрны тэндэнцыі спрошчанага, схематычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, што тэарэтычна абгрунтоўвалася «тэорыяй бесканфліктнасці». З 2-й пал. 1950-х г. літаратура, асабліва проза, умацоўвае сувязі з рэчаіснасцю, становіцца больш праўдзівай і шчырай. Фактар непасрэднай адпаведнасці жыццю становіцца асноўным у вызначэнні характару літаратуры. Празаічныя творы ўражваюць больш жыццёвай, адкрыта ідэйнай навізной, чым мастацкай. Тагачасная грамадская патрэба праўды жыцця і праўдзівасці, шчырасці голасу аўтара ярка і адкрыта засведчылі сябе ў лірычнасці і публіцыстычнасці, у звароце да жывога факта і дакумента. Новыя тэндэнцыі выявіліся ў аповесцях «На Быстранцы» Я.Брыля (1955), «Нявестка» (1956), «Дабрасельцы» (1958) А.Кулакоўскага, у нарысах-апавяданнях І.Шамякіна (1953—60). Характэрным для творчасці гэтых пісьменнікаў, як і для літаратуры наогул, быў выразны і моцны сатыр. струмень. У 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. у прозу прыйшлі В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, У.Караткевіч, А.Карпюк, І.Навуменка, І.Пташнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў, пазней — А.Кудравец, П.Місько. Проза стала больш праўдзівай і багатай у адлюстраванні жыцця і выяўленні пачуццяў, больш дасканалай і разнастайнай сваімі маст. якасцямі. Вызначальныя якасці буйных празаічных твораў 1960—1-й пал. 1980-х г. — праўда жыцця, адлюстраваная ў літаратуры і ўзятая як сістэма фактаў у іх шырокім гіст.-часавым ахопе, у гіст.-сац. абумоўленасці, і шчырасць аўтарскіх адносін да яе, увасобленая не толькі ў эмацыянальнай атмасферы, але і ва ўсёй маст. сістэме: раманы «На парозе будучыні» (1961), «Гарадок Устронь» (1968), «Шэметы» (1980) М.Лобана, «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976) І.Мележа, «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979) І.Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1963), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), «Петраград—Брэст» (1983) І.Шамякіна, «Засценак Малінаўка» А.Чарнышэвіча (1964), «Каласы пад сярпом тваім» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1979) В.Караткевіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983) І.Чыгрынава, «Чужое неба» (1975), «Вялікі Лес» (1984) Б.Сачанкі, «Пушча» В.Карамазава (1978), «Чужая Бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985) В.Адамчыка, «Неруш» В.Казько (1981), «Знак бяды» В.Быкава (1982); аповесці Я.Брыля, В.Быкава, А.Васілевіч, А.Жука, А.Кудраўца і інш. Для гэтых твораў характэрна шырыня ахопу жыцця, моцная грамадска-сац. насычанасць, гуманістычнасць аўтарскай канцэпцыі. Важныя гіст. падзеі асэнсоўваліся і пераасэнсоўваліся аўтарамі ў іх непасрэднай суаднесенасці з канкрэтным жывым чалавекам. І ад таго, што вобраз чалавека суадносіўся з важнымі сац. падзеямі, ён узбуйняўся, набываў ідэйна-маст. значнасць. Менавіта ў такіх вобразах выразна адчуваецца непаўторная духоўная асоба аўтара, яго ўзровень эстэт. мыслення, здольнасць раскрываць гісторыю народа ў сац. змесце, паказваць сучаснасць, яе духоўны і грамадскі патэнцыял. Адпаведнасць самым актуальным грамадска-сац. праблемам сучаснасці ў І.Шамякіна; глыбокая заземленасць у стыхію нар. жыцця і важнасць праблематыкі ў І.Мележа; шырыня і актыўнасць духоўных пошукаў у Я.Брыля; пякучы роздум над лёсам простага чалавека ў часы вайны, мэтанакіраванае сцвярджэнне яго каштоўнасці ў В.Быкава; жаданне, даследуючы нар. жыццё ў вайне, разабрацца ў няпростых людскіх лёсах у І.Навуменкі, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава; выяўленне глыбінь нар. характару, сцвярджэнне яго маральнай сілы і прыгажосці ў І.Пташнікава; імкненне праз шэрую штодзённасць убачыць драматызм і прыгажосць жыцця ў А.Кудраўца; палкае жаданне далучыць сучасніка да гісторыі народа, глыбокае яе даследаванне і ўслаўленне ў У.Караткевіча.
З’явіліся і іншыя творы гіст. жанру: «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976) Б.Сачанкі, «На струнах буры» Л.Арабей (1967), «Прадыслава» В.Іпатавай, «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (абодва 1971), «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна (абодва 1983), «Памяць пра легенды» К.Тарасава (1984). Для В.Іпатавай і К.Тарасава гіст. тэма ў далейшай іх творчасці стала асноўнай. І.Мележ і М.Лобан шукалі ў мінулым вытокі тых сац. з’яў, якія асабліва турбавалі іх грамадз. сумленне.
Свет І.Мележа — багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, у душэўнай шчырай сувязі з зямлёй, у супярэчлівым, складаным бытавым і сац. перапляценні. Жыццё ў «Палескай хроніцы» ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, г.зн. як жыццё рэальнае. Шырынёй гіст. погляду, глыбінёй сац. даследавання, маштабнасцю і моцным напаўненнем аўтарскай думкі, тонкім, бездакорным аналізам псіхалогіі зусім непадобных сваім унутр. зместам чалавечых характараў, эпічнай разгорнутасцю і глыбока асабістымі адносінамі да ўсяго, што адбываецца, майстэрствам маст. жывапісу, глыбока арганічным адчуваннем нар. моўнай стыхіі «Палеская хроніка» стала адным з самых значных дасягненняў бел. літаратуры. Форма хронікі, яе жанравая і сюжэтна-кампазіцыйная структура, спакойная, паглыблена-нетаропкая манера апавядання, задуменна-лірычны агульны тон як нельга лепш адпавядаюць падзеям, жыццёваму матэрыялу, што з’яўляюцца рэальнай асновай твора.
Эпічна-хранікальная панарамная форма ўзнаўлення рэчаіснасці ў 1960-я г. і пазней была даволі пашыранай і мела прыкметныя набыткі: творы В.Адамчыка, А.Васілевіч, М.Лобана, І.Мележа, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Чарнышэвіча, І.Чыгрынава. У 1960—80-я г. тэма вайны, партыз. барацьбы стала для бел. літаратуры нац. тэмай: па значнасці маст. набыткаў, па колькасці напісанага, па ахопе і глыбіні даследавання жыццёвага матэрыялу. Асобнае месца ў бел. прозе на тэму Вял.Айч. вайны займаюць творы В.Быкава. У аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964) вызначальнай рысай была крывавая праўда вайны, якую называлі акопнай. Паступова жыццёвы матэрыял вайны, напоўнены драматызмам, выкарыстоўваецца і для вырашэння маральна-этычных задач сучаснасці. Трансфармуецца і жанравая структура, яна становіцца гранічна цэнтраімклівай і ідэйна жорсткай. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Сотнікаў» (1970), «Яго батальён» (1975), «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986) — найб. характэрныя, творча і жанрава вызначальныя на творчым шляху пісьменніка.
Адметнае месца ў ваен. прозе і па праблематыцы, і па маст. якасцях займае раман «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля. Гэты раман — адзін з самых асабістых твораў пісьменніка не толькі паводле духоўна-эмацыянальнай напоўненасці, але і насычанасці падзеямі і фактамі аўтабіягр. характару і зместу. «Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выказана ў самой назве асн. думка твора. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.
Пра жахі вайны, пра знішчэнне цэлых вёсак з людзьмі, пра неверагоднасць здзейсненага сказалі пісьменнікі пакалення дзяцей вайны: Б.Сачанка ў аповесці «Апошнія і першыя» (1966), І.Пташнікаў у аповесці «Тартак» (1967). Пазней былі створаны «Хатынская аповесць» (1972), «Карнікі» (1980) А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько (1978), кніга-памяць «Я з вогненнай вёскі...» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка (1975).
З’явіліся раманы і аповесці, у якіх паўстае ўсенар. гераічная трагедыя: «Пушчанская адысея» (1964) і «Партрэт» (1982) А.Карпюка, «Вогненны азімут» А.Асіпенкі (1965), «Сярод ночы» (1968), «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980) Л.Арабей, «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) І.Сяркова, «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз» (абодва 1983) А.Кулакоўскага, «Калянае лісце» П.Місько (1979), «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983) А.Савіцкага, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі (1978), «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985) А.Марціновіча, «У падзямеллі» (1983) і «Палон» (1989) М.Аўрамчыка, пенталогія «Трывожнае шчасце» (аповесці «Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965), «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) І.Шамякіна.
Літаратура гэтага перыяду звярталася і да праблем сучаснасці. Раманы «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) І.Шамякіна, «Непрыкаяны маладзік» А.Асіпенкі (1971), яго ж аповесць «Жыта» (1966), раман «Васількі» А.Кулакоўскага (1972), аповесці «Німфа» У.Дамашэвіча, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі (абедзве 1977) — творы, якія адгукаюцца на надзённыя пытанні. Літаратура 1960—80-х г. сцвярджае самакаштоўнасць, самаўдасканаленне чалавечай асобы. Чалавек і абставіны, чалавек і навакольны свет, чалавек і грамадства — вызначальныя кірункі маст. даследавання чалавека, яго духоўна-творчых памкненняў.
Раманы «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) І.Пташнікава надзелены жыццёвасцю ў сваіх падзеях, сітуацыях, характарах, абставінах і разам з тым насычаны паэтычнасцю. У аповесці «Раданіца» (1970) і рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) А.Кудраўца сцвярджаецца і развіваецца традыцыя праўдзівасці і чалавечнасці ў асэнсаванні звычайнага, штодзённага жыцця. Такая тэндэнцыя адбілася на творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў бел. прозу пазней: А.Варановіч, В.Гігевіч (у першых кнігах), Г.Далідовіч, А.Жук, Л.Калодзежны. У гэты перыяд раскрыўся і талент Я.Брыля: аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), нарысы, эсэ, мініяцюры.
Апавяданні, эсэ «Загадка Багдановіча» (1968), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) М.Стральцова пазначаны тонкім адчуваннем рухаў чалавечай душы, дакладнасцю акварэльнага малюнка, чысцінёй эмацыянальнага тону, высокапашанлівымі адносінамі да слова. Моцны лірычны пачатак уласцівы і прозе Я.Сіпакова: кн. «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980); філас. прыпавесці.
Змены, што адбываліся з сярэдзіны 1980-х г. у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд перабудовы і пачатку новага этапу адраджэння ў значнай ступені працягваў працэс, распачаты ў нац. літаратуры ў 2-й пал. 1950—60-х г., — да канца рэабілітаваў літаратуру мінулага, далучыў яе да гіст.літ. кантэксту, тым самым узбагаціўшы і значна паглыбіўшы яго. Сучасная літаратура адчула больш багатую, больш разнастайную нац. аснову. Пераклады сусв. літаратуры на бел. мову далучылі нац. літаратуру да сусв.літ. працэсу. Новы літ. перыяд вылучыў на першы план агульназначныя моманты бытавання і існавання літаратуры: мастак і жыццё, жыццёвая і маст. праўда. Адчуванне і разуменне новага, яго ўваходжанне ў творчы працэс, у творчае самаадчуванне адбывалася ў мастакоў слова паступова і псіхалагічна даволі складана. Чула рэагуе на рэаліі часу Я.Брыль: аповесць «Муштук і папка» (1990), кн. «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абедзве 1994), «Дзе скарб ваш» (1997). У творах, напісаных тымі, хто перажыў турмы, высылкі, найперш выклікае цікавасць сама рэальнасць, сведчанні часу, праяўленні чалавечых магчымасцей: «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) С.Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) П.Пруднікава, «Мая Галгофа» Я.Бяганскай (1990), «Споведзь» Л.Геніюш (1991), «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча (1993), «Успаміны Платона Крэня» (1998) і яго «Унжлаг» (1999). Бел. проза спрабуе паказаць трагічны мацярык пакут і смерці ў самых розных праявах, што прымушае чалавека задумацца пра сябе, іншых, народ.
З сярэдзіны 1980-х г. В.Быкаў стварае аповесці «У тумане» (1988), «Аблава» (1989), «Сцюжа» (1991), «Пакахай мяне, салдацік» (1995), «Ваўчыная яма» (1998), «Балота» (2001), кнігі апавяданняў «Сцяна» (1997), публіцыстыкі і эсэістыкі «Крыжовы шлях» (1998), прыпавесцей «Пахаджане» (1999), застаючыся паслядоўным у сцвярджэнні асноватворных маральных і эстэт. прынцыпаў. Для В.Быкава самае важнае — пазнаць магчымасці чалавека, выявіць у ім ступень духоўнасці і меру чалавечнасці.
У творах І.Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі, таму ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці, публіцыстычна выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была па-сапраўднаму моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у сённяшнім жыцці станоўчага героя не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І.Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваен. гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Пазіцыя прызнаваць у мінулым толькі нязначныя недахопы выразна праглядаецца ў раманах «Лабірынты страху» А.Асіпенкі (1992), «Цень крумкачовага крыла» А.Марціновіча (1991). І.Навуменка звяртаецца пераважна да мінулага, каб паказаць духоўны рост свайго любімага героя: «Дзяцінства» (1991), «Падлетак» (1993), «Юнацтва» (1994), «Любімы горад» (1996). Па-іншаму глядзіць у мінулае і ўспрымае сучаснасць А.Адамовіч у аповесцях «Венера, альбо Як я быў прыгоннікам» (1992), «Vixi» (1993). Мінулае для яго не толькі напоўнена паэзіяй і здзіўленнем адкрыцця свету, бо якраз у мінулым ён бачыць праявы жорсткасці, несправядлівасці, бесчалавечнасці.
У 1986—2000 — гады вял. змен і ўзрушэнняў, рэзкай змены этычных і эстэт. каштоўнасных арыенціраў і крытэрыяў. В.Адамчык раманам «Голас крыві брата твайго» (1990) скончыў тэтралогію пра трагічны лёс зах.-бел. вёскі ў часы даваен. і ваен. ліхалецця. І.Чыгрынаў раманамі «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1994) завяршыў пенталогію — шырокае эпічнае палатно пра партыз. вайну ў бел. вёсцы. Непасрэдна асабісты пачатак становіцца вызначальным у творчасці Б.Сачанкі. Эсэістыка і публіцыстыка пранізваюць усё ім напісанае. Асаблівую цікавасць ён праяўляе да гісторыі, піша пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, драм. лёс бел. эміграцыі, духоўныя набыткі, нар. побыт і звычаі як выяўленне характару і светапогляду («Вечны кругаварот», 1986), родныя мясціны Палесся («Родны кут», 1987), маці («Пад сузор’ем сярпа і молата», 1993), чарнобыльскую бяду («Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону», абодва 1990). Апавяд. «Львы» (1987), «Арчыбал» (1988), «Францужанкі» (1997), «Тры пуды жыта» (1998), «Пагоня» (1999), «Ірга каласістая» (1996), матэрыялы мемуарнага характару «Што застаецца ў памяці» (1992), «Ненапісаная аповесць» (2002) І.Пташнікава з’яўляюцца арганічным развіццём усяго напісанага ім раней. Пісьменнік паглыбіў філас. змест, давёў ранейшае драм. гучанне да сапраўды трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт яго ўзбагачэння жыццёвым матэрыялам і за кошт паглыбленай вобразнай сістэмы. Для твораў А.Кудраўца канца 20 ст. характэрна выяўленне і сцвярджэнне ў звычайным чалавечым жыцці праяў высокіх духоўных якасцей, таго, што робіць чалавека прыгожым, што выпраменьвае цяпло дабрыні (аповесць «Двое за нізкім столікам», 1991). Чуйна ўлоўлівае этычныя і эстэт. запатрабаванні сучаснасці Я.Сіпакоў: аповесці «Кулак» (1989), «Блуканні па іншасвеце» (1994), кн. паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991), прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і інш. Ва ўсіх яго творах, аб’яднаных павагай да чалавека, клопатам пра яго і болем за яго, адчуваецца подых гісторыі, далёкага і больш блізкага мінулага, бачыцца жаданне ўбачыць будучыню. Пастаяннай скіраванасцю на адкрыццё новага, на пошук вызначаюцца творы В.Казько. Ён не надта імкнецца пашыраць жанравую прастору сваёй творчасці, не гоніцца за найноўшымі эстэт. павевамі. У пошуках адказу на пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё, ён і яго героі звяртаюцца да мінулага, захаванага асабіста іх памяццю, а таксама да мінулага, якое захоўвае нар. памяць у міфах і паданнях. Пошукі адказу на пытанні маральнага зместу, сэнсу быцця ў сучасным свеце абумоўліваюць ускладненасць маст. формы і вобразнай структуры: «Сад, або Заблытаны след рамана» (1986), «Но Пасаран» (1990), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997), «Бунт незапатрабаванага праху» (2001).
Адной з самых значных тэм бел. літаратуры канца 20 ст. стала Чарнобыльская катастрофа: публіцыстыка А.Адамовіча, раман «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «Чарнобыльская малітва» С.Алексіевіч, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В.Казько (1991), «Краем белага шляху» В.Карамазава (1992), «Імем Айца і Сына» Т.Бондар (1993), «Ваўчыная яма» В.Быкава (1998), дакумент. аповесць «Сталі воды горкія» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), творы У.Глушакова, І.Канановіча, Л.Левановіча, Б.Сачанкі і інш. Агульная тэндэнцыя даверу літаратуры да жыцця народа, да гісторыі, даверу да асабістага вопыту і ў сувязі з гэтым узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў маст. форме па-свойму выявіліся ў творах пісьменнікаў, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны: раманы «Шчыглы» (1986), «Дзікая ружа» (1992), «Сіняе лета» (1998) Л.Левановіча, «Хлопцы, чые вы будзеце?» П.Місько (кн. 1—2, 1989—92), «Закон прыцяжэння» (1987) Я.Радкевіча, «Трэба было жыць» А.Рыбака (1990), «Не праспі сваю долю» У.Дамашэвіча (1993), «Уліс з Прускі» (2000), «Усход» У.Гніламёдава (2003); аповесці «Вырай» В.Блакіта (1986), «Кім і Валерыя» (1986), «Перавал. Лісты да сына» М.Гіля (1997), «Адна — долі жадна» (1993), «Лішнія дзеці, або Амплітуда жаданняў» (1999) У.Дамашэвіча, «Падарунак маладым» (1986), «Палескае лета» М.Капыловіча (1996), «Мёртвая крыніца» Я.Міклашэўскага, «Мы з Санькам — артылерысты...» І.Сяркова (абедзве 1989), «Імярэк» М.Клебановіча, «Трывожна шумяць ясакары» Н.Маеўскай (абедзве 1992), «На маяку», «Чаромхавыя халады» (абедзве 1993) М.Воранава, «Лесавікі» А.Масарэнкі (1994), «Узяць пад варту ў зале суда» Л.Левановіча (1995), «Кельты не ўміраюць» А.Лойкі (1997), «Пад схіленым дрэвам» (1997), «Бог чуе таго, хто плача» (2000) У.Паўлава, «Ніль Адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999), «Самыя кароткія ночы» П.Місько, «Валацуга» А.Варановіча (абедзве 2000) і інш. У аповесці «Сны пра маму» А.Жука (1997), кн. «Мама» У.Ліпскага (1999), паэме ў прозе «Кукавала зязюля» З.Прыгодзіча (2000) маці ўвасабляе вёску, свет вёскі, з’яўляецца носьбітам тых адвечных каштоўнасцей, якія назапашваліся ў душы чалавека праз яго ўзаемаадносіны з зямлёй, з навакольным светам. Драматызмам вылучаюцца аповесці «Лес» Х.Лялько (1986), «Праклятая любоў» А.Жука (1990), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997) В.Гардзея і інш. Становішча вёскі як аснова нац. самаадчування прымушае думаць пра гісторыю народа, пра дзяржаўнасць. З такога разумення гісторыі ўзнікла трылогія Г.Далідовіча: раманы «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1989). Асобныя адказы на пытанні, пастаўленыя сучаснай вёскай — пытанні сац.-гаспадарчага і духоўнага зместу — шукае пісьменнік і ў гадах пасляваен. (раман «Заходнікі», 1992).
У канцы 20 — пач. 21 ст. з’явілася літаратура гіст. зместу і характару. Звяртаецца да гісторыі І.Шамякін. Далёкая мінуўшчына зацікавіла А.Карпюка (аповесць «Белая Дама», 1991). Нац.-рэв. падзеі 19 ст. ў аснове аповесці «Стрэл у акно» В.Хомчанкі (1988). Велічная постаць бел. друкара, асветніка і філосафа ўвасоблена ў рамане-даследаванні «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1989). Я.Сіпакоў звярнуўся да язычніцкага мінулага. Зварот да гісторыі надаў творчасці пісьменнікаў сапраўднае сучаснае гучанне, забяспечыў яе нац. аптымізм, вызначыў сённяшнюю духоўную запатрабаванасць. Творчы роздум над мінулым і сучаснасцю народа скіравалі ўвагу Г.Далідовіча ў 13 ст. да бел.дзярж. вытокаў: раман «Кліч роднага звона» (1999). Дзякуючы гіст. раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) творчасць Л.Дайнекі стала набыткам нац. літаратуры. У раманах «Залатая жрыца Ашвінаў» (1999), «Альгердава дзіда» (2001), аповесцях «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю» (абедзве 1989), «Вяшчун Гедзіміна» (2000) В.Іпатавай гіст. аснова, насычанасць канкрэтным матэрыялам, займальны сюжэт, жывая форма апавядання, псіхалагічна дакладныя і духоўна змястоўныя чалавечыя характары. Раман «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун [1988) прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Цёткі.
Асаблівасць сучаснага літ. працэсу — наяўнасць у ім прыкметнай плыні фантаст. зместу. Нават у творах пісьменнікаў рэаліст. светаўспрымання ёсць сюжэты, сітуацыі, калізіі, вобразы, матывы выразна фантаст. характару: прыпавесці В.Быкава, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), «Прахожы» (1995) В.Казько, «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994) і інш. У найб. ступені фантаст. элемент прысутнічае ў творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—90-я г. Момант навуковасці ўласцівы фантаст. раманам «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» Л.Дайнекі (1992), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1989), «Кентаўры» (1993) В.Гігевіча, яго аповесцям «Карабель» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1989), «Палтэргейст» (1992).
З 2-й пал. 1980-х г. выходзяць кнігі аповесцей і апавяданняў У.Арлова «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Рандэву на манеўрах» (1992), «Пяць мужчын у леснічоўцы» (1994) і інш., а таксама аповесці А.Федарэнкі «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1991), «Такое кароткае лета» (1994), «Вёска» (1995), «Шчарбаты талер» (1997) і інш. Выразна заявілі пра сябе А.Асташонак, Г.Багданава, А.Казлоў, А.Наварыч, У.Рубанаў, Л.Рублеўская, Б.Пятровіч, Ю.Станкевіч, У.Ягоўдзік і інш. У сучасным літ. працэсе проза ўсё больш узбагачаецца і пашыраецца новымі творамі.
Драматургія. У 2-й пал. 20 ст. прыкметна павялічылася ўвага да бел. драматургіі і на ўзроўні ўрадавых інстанцый, і ў асяроддзі непасрэдных творцаў — пісьменнікаў, тэатр. работнікаў, выдаўцоў. Прыняты шэраг урадавых пастаноў, скіраваных на паляпшэнне спраў у драматургіі і тэатры. На гэты ж час прыпадае адзін з самых інтэнсіўных прытокаў новых сіл. Актывізавалася публікацыя п’ес у перыёдыцы і асобнымі выданнямі. З другога боку, «тэорыя бесканфліктнасці» стала адной з прычын адставання драматургіі. Лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, паказ канфліктаў добрага з лепшым уласцівы п’есам «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Дарагі госць» Ю.Рудзько (абедзве 1950), «Неспакойныя сэрцы» А.Кучара (1952), «Стопрацэнтны фечасан», «Як пасцелеш — так і выспішся» (абедзве 1953), «У ціхім кутку» (1954) А.Рылько, «Гарачыя галовы» У.Краўчанкі, «Наталля Крыўцова» А.Маўзона (абедзве 1954) і інш. Нават К.Крапіва паказваў рэчаіснасць пасляваен. калгаснай вёскі ў залішне мажорных фарбах. Яго лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) напісана таленавіта, прынамсі, такіх яркіх — па перадачы падзейнага антуражу (сцэны сватання), па моўнай каларыстыцы (багацце метафар, параўнанняў, афарызмаў), па майстэрстве псіхал. характарыстыкі персанажаў было не шмат, аднак ёй уласціва аблегчанасць асэнсавання рэальных супярэчнасцей жыцця. К.Крапіва, адчуўшы на сваім уласным вопыце, якую шкоду прыносіла бесканфліктнасць усім жанрам літаратуры, і асабліва драматургіі, з артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) выступіў супраць ідэалагічнай рэгламентацыі творчага працэсу. Пад уздзеяннем «тэорыі бесканфліктнасці» драматургію паступова пакідаў высокі накал страсцей і пачуццяў, маральныя катаклізмы ўсё часцей выцясняліся спакойнымі сцішанымі калізіямі, што прывяло да паслаблення псіхалагізму, кампазіцыйнай аморфнасці, хадульнасці пафасу, здрабнення характараў і тэм. Самым актыўным барацьбітом з «тэорыяй бесканфліктнасці» быў А.Макаёнак. Надрукаваўшы шэраг аднаактовых п’ес «Добра, калі добра канчаецца» (1945), «Перад сустрэчай», «Першае пытанне» (абедзве 1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Жыццё патрабуе» (1960), у якіх асэнсаванне рэчаіснасці рэалізоўвалася ў аб’ектывізавана-ілюстрацыйных формах, ён у 1953 завяршыў сатыр. камедыю «Выбачайце, калі ласка», у якой рэзка, бескампрамісна высмеяў практыку бяздушнага адміністравання, паказушніцтва і ашуканства. Гэтая камедыя атрымала значны грамадз. і маст. рэзананс, стала пачынальніцай пратэстнай плыні ў сав. драматургіі. Да гэтай плыні адносяцца таксама сатыр. камедыі «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), у якіх востра ставілася праблема маральнай адказнасці чалавека перад сабой, грамадствам і часам. З’явілася і новае: выкрыццё мяшчанства, крытыка чыноўніцтва высокага рангу абвастрылася наяўнасцю ў п’есе калізіі, звязанай з рэпрэсіямі 1930-х г. Вобразы бацькі і сына Мякішавых — творчая ўдача А.Маўзона, але астатнія персанажы ахарактарызаваны прыблізна, амаль адсутнічала псіхал. абгрунтаванасць большасці сюжэтных сітуацый. Гэтыя недахопы — тыповыя для многіх п’ес, напісаных у 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. Настойлівае імкненне драматургаў пашырыць тэматычны дыяпазон маст. асэнсавання рэчаіснасці, іх жаданне ставіць вострыя праблемы жыцця вельмі рэдка надавала творам сапраўдную актуальнасць. Многія драматургі імітавалі вастрыню, і барацьба ў іх творах адбывалася толькі з ценем зла, а не з самім злом. У гэты час у драматургію прыйшло шмат маладых творцаў, і з усёй вастрынёй паўстала неабходнасць павышэння прафесійнага майстэрства. І.Дорскі ў п’есе «Шчасце» (1956) зрабіў спробу падсвятліць асэнсаванне побытавых перыпетый тагачаснага жыцця святлом адвечнай праблемы чалавечага шчасця, аднак жаданай маштабнасці, абагульненасці вывадаў не дасягнуў, бо ў жорстка схематызаванай канструкцыі твора (добры сакратар абкома разам з такім жа прагрэсіўным калегам з райкома паспяхова пераадольваюць бюракратызм чыноўнікаў на карысць простым людзям) застывала развіццё дзеі і характараў. Зададзенасць аўтарскіх вывадаў, нівеліроўка характараў адбілася на п’есах т.зв. маладзёжнай тэматыкі «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава (1957), «Незвычайная сустрэча» В.Зуба (1958), «Трэці лішні» М.Алтухова (1959), «Калі любіш» М.Гарулёва, «Дзяўчына з камвольнага» А.Дзялендзіка (абедзве 1962), «Салодкі месяц» К.Губарэвіча (1968), у якіх па-мастацку пераканаўча ставяцца праблемы выбару моладдзю жыццёвых шляхоў, маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Нетрывіяльны погляд аўтара на нядаўнюю гісторыю і сучаснасць зах.-бел. вёскі ў п’есах «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела. У першай з іх пісьменнік, даследуючы праблему ўзаемаадносін уласнасці і чалавечай годнасці, абапіраўся на пастулаты здаровага нар. сэнсу. Антыўласніцкі пафас вельмі выразны і ў драме «Над хвалямі Серабранкі» («Канчане — суседзі мае»), дзеянне якой адносіцца да сярэдзіны 20 ст.
На мяжы 1950—60-х г. пачаў выступаць у драматургіі І.Шамякін. У яго п’есе «Не верце цішыні» (1957) ёсць вострая, па сутнасці дэтэктыўная, інтрыга, займальнасць сюжэту, напружанасць развіцця дзеяння, але няма глыбіні ў псіхал. характарыстыцы персанажаў, таму гісторыя перараджэння былога сав. партызана ў мацёрага агента адной з замежных разведак атрымалася малапераканаўчай. У п’есе «Выгнанне блудніцы» (1961) характар гал. героя, журналіста і паэта Васіля Гаворкі, раскрываецца і ў слове-дыялогу, і ў справе-дзеянні, дзякуючы чаму вобраз атрымаўся каларытны, псіхалагічна верагодны, хаця яму бракуе асобаснай маштабнасці. Сац. маштабнасці і маст. выразнасці не хапае і героям драмы «Чалавек вярнуўся» П.Васілеўскага (1959), прысвечанай вяртанню да сумленнага жыцця бел. хлопца, завербаванага ў свой час замежнай шпіёнскай арганізацыяй. Цікавыя жыццёвыя калізіі, у якіх ярка раскрываліся характары дзейных асоб, у п’есе «Любоў, Надзея, Вера...» П.Васілеўскага (1960), аднак у ёй праследуюцца схематызаванасць і павярхоўнасць вырашэння канфлікту.
У пач. 1960-х г. зноў павысілася ўвага да распрацоўкі праблем сучаснасці. Аднак п’есы «Злавацца не трэба» В.Зуба (1960), «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай (1962), «Цвёрды арэшак» М.Алтухова, «А куды ж нам падзецца?...» К.Губарэвіча (абедзве 1963), «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона (1965) не ўзняліся да значных маст. абагульненняў. Толькі А.Макаёнак сваёй «Лявоніхай на арбіце» (1961) пераканаўча даказаў, што пры майстэрскім асэнсаванні матэрыялу надзённая рэчаіснасць можа стаць асновай для напісання яркага і змястоўнага твора. П’есе ўласціва шматграннасць паказу рэчаіснасці, наяўнасць чалавечых характараў, маст. вобразаў, напісаных драматургам аб’ектыўна, глыбока, без скоўвання іх светапоглядных, валявых і духоўных памкненняў. Дзейсным характарам у барацьбе з «тэорыяй бесканфліктнасці» з’явілася распрацоўка гіст.-рэв. тэматыкі, выкліканая святкаваннем 40-годдзя Кастр. рэвалюцыі, БССР і КПБ. Серыя гіст.-рэв. п’ес стала прарывам у новыя сферы маст. выразнасці, удалай спробай асэнсавання складаных сац. працэсаў і гіст. шляхоў бел. народа. Характэрныя асаблівасці драматургіі гэтага жанрава-выяўл. пласта — строгае захаванне прынцыпаў гістарызму, адмаўленне ад наменклатурнага выбару персанажаў — у цэнтры твораў характарныя героі, а не функцыянеры са службовым становішчам. Імкненнем убачыць вялікае ў «простым» чалавеку вылучаюцца драмы «Год дзевяцьсот семнаццаты» П.Васілеўскага, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «У бітве вялікай» А.Маўзона, «Дні нараджэння» І.Мележа (усе 1957). Настойлівае, а часам нават палемічнае падкрэсліванне асноватворчай ролі народа ва ўсіх сац.-гіст. працэсах было для бел. драматургіі надзвычай плённым, паколькі яна заўсёды арыентавалася на распрацоўкі нар. характараў, на маст. даследаванне глыбінных праяў нар. духу. Але ў творах, прысвечаных больш даўняй мінуўшчыне, гісторыя прадставала ў выразна белетрызаваным выглядзе: драма «Лявоніха» П.Данілава (1960) пра антыфеад. выступленні бел. сялян у першыя гады пасля рэформы 1861.
Збавенне ад бесканфліктнасці многія драматургі бачылі ў выбары матэрыялу, які генетычна грунтаваўся на супярэчнасцях і барацьбе, напр., зварот да падзей Вял.Айч. вайны: «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы») К.Губарэвіча (1952). Адкрытая канфліктнасць сітуацый ваен. часу пазбаўляла драматургаў ад неабходнасці адшукваць прапорцыі паміж добрым і лепшым. Аднак патрыят. памкненне пісьменнікаў уславіць подзвіг народа, паказваючы ўсё новыя і новыя факты гераізму, нярэдка было па-мастацку бездапаможным. Існавала прымітывізацыя драматургічнага канфлікту, калі спрацоўваў прынцып адналінейнасці: сутыкненні гранічна палярызаваных сіл, рэзкае размежаванне на сваіх і чужых, надзяленне герояў толькі станоўчымі або толькі адмоўнымі якасцямі. Не ўсім удалося раскрыць і асэнсаваць праблему гераізму як вельмі тонкую, шматузроўневую праблему псіхалагізацыі чалавечых характараў і ўчынкаў: драма «Юныя мсціўцы» А.Гуткевіча і У.Хазанскага (1957), прысвечаная подзвігу ўдзельнікаў Обальскай падп. камсамольскай арганізацыі. Арыентуючыся перш за ўсё на падзею маладыя драматургі фактычна праігнаравалі характар як важнейшы атрыбут драматургічнай творчасці. Прывязваючы характары да падзей, пісьменнікі дасягалі толькі фактаграфічна-сітуацыйнай дакладнасці: драмы «Выбух» М.Алтухова і М.Гарулёва (1958), «Час любві і нянавісці» Я.Пасава (1959), «Марат Казей» В.Зуба (1963) і інш. Удалая спроба паглыбіць рэчышча асэнсавання ваен. тэматыкі, скіраваць яго на шлях філас. угрунтаванасці, псіхал. ускладненасці, выяўл. шматмернасці зроблена ў драме «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Гэта тэндэнцыя плённа выявілася ў пазнейшых п’есах «Першы ўрок» К.Губарэвіча (1967), «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (1974) В.Быкава.
З канца 1960-х г. у бел. драматургіі пачаўся новы ўздым творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, садзейнічалі ўсталяванню арыентацый на асэнсаванне, вырашэнне вельмі сур’ёзных, асноватворчых праблем. Менавіта такія праблемы пакладзены ў аснову сатыр. камедыі-фантасмагорыі «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1972). Значныя сац. пытанні ўздымаліся ў п’есах «Амністыя» (1970), «Апошняя інстанцыя» (1974) М.Матукоўскага, «Злыдзень» (1973), «Трывога» (1974) А.Петрашкевіча, «Экзамен на восень» (1975), «1 змоўклі птушкі» (1978) І.Шамякіна, «Сіні снег» (1975), «Шрамы» (1977) Я.Шабана. Агульная актывізацыя творчых пошукаў часткова закранула і гіст. драму. П’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» (абедзве 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці ўрагану» (1982) У.Караткевіча асэнсоўвалі жыццё беларусаў на пераломных, трагічна-драм. этапах гісторыі. Эпоха выдатнага асветніка Ф.Скарыны паўстала ў драме «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча (1978). У 1970-я г. быў пік творчай актыўнасці А.Макаёнка: камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973), трагікамедыі «Кашмар» (1976), «Пагарэльцы» (1980), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979).
Значных вынікаў дасягнула бел. драматургія 1980-х г. А.Макаёнак завяршыў трагікамедыю «Дыхайце эканомна» (1982), бліскучую антымілітарысцкую сатыру, п’есу-папярэджанне. Сцэнічна запатрабаванымі былі творы А.Петрашкевіча: публіцыст. драма «Соль» (1980) пра пагрозу экалагічнай катастрофы ў Салігорску, гіст. хронікі «Русь Кіеўская» («Гора і слава») і «Змова», трагедыя «Злавеснае рэха» (усе 1983), прысвечаная выкрыццю генацыдных злачынстваў фашыстаў, драма-рэквіем «У спадчыну — жыццё» (1985) пра лёс пасляваен. падлеткаў. Вострасюжэтныя, з выдатным сцэн. патэнцыялам п’есы А.Дударава: «Радавыя» (1984) пра Вял.Айч. вайну, «Парог» (1981), «Вечар» (1983), «Кім» (2001) на маральна-этычную праблематыку, драм. паэма «Чорная панна Нясвіжа» (2000). Павялічвалася прафес. майстэрства ў п’есах Г.Марчука: «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1982), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1984), «Альдона, Анета, Анфіса», «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (усе 1985). Адна з адметнасцей 1980-х г. — прыход у драматургію паэтаў і празаікаў. Некат. з іх, не адчуўшы да сябе зацікаўленасці з боку тэатраў, абмежаваліся напісаннем адной-дзвюх п’ес: «Бацька і сын» (1982), «Гультаі» (1985) А.Карпюка, «Птушкі між маланак» І.Навуменкі (1982), «Доктар Русель» У.Дзюбы (1985), «Раіна Грамычына» В.Адамчыка (1989) і інш. Для іншых захапленне драматургіяй стала больш глыбокім: «Пасля разводу» (1980), «Зямля не даруе» (1987) Л.Леановіча, «Іскры ўначы» (1982), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1984) А.Асташонка, «Вокны» (1984), «Сівы бусел» (1985) В.Ткачова. Н.Гілевіч напісаў больш за 10 п’ес самага рознага жанрава-стылёвага і ідэйна-тэмат. напаўнення: камедыі «Не кажы, гоп» (1971), «Формула годнасці» (1972), «Першая ноч на курорце» (1977), драмы «Начлег на буслянцы», «Патрыярхальны Дзядовіч» (абедзве 1975), «Мы скора завітаем зноў» (1977), «Забяспечым маме здароўе», «Камень з магілы продкаў» (абедзве 1978), аднак пастаўлена была толькі адна — «Патрыярхальны Дзядовіч» Бел. тэлетэатрам (1981). Другая адметнасць 1980-х г. — актыўная фемінізацыя персанальнага складу драм. твораў: «Іван Світаннік» (1981), «Шукайце кветку-папараць» (1985), «Зуб мудрасці» (1986), «Мора, аддай пярсцёнак (1987) Г.Каржанеўскай, «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (1981), «Балада пра белую вішню» (1984), «Вясновая песня» (1985) С.Клімковіч, «Цётка Малання з Асаўца» Р.Баравіковай (1984), «Канёк-гарбунок» (1984), «У абдымках вятроў» (1985), «Дудка-самагудка» (1988) З.Дудзюк, «Памяць па сходнай цане» В.Іпатавай (1985) і інш. Асаблівых гендэрных адметнасцей гэтыя п’есы ў сабе не заключалі. Трэцяя адметнасць 1980-х г. — запавольванне дынамікі якаснага росту драматургіі ў сувязі са зменай пакаленняў. Хоць пэўны рэзананс атрымала камедыя «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987), з’явіліся гіст. хронікі «Звон — не малітва», «Следчая справа Вашчылы» (абедзве 1988), «Ігракі» (1989) І.Чыгрынава.
З сярэдзіны 1980-х г. актывізаваўся зварот да гіст. тэматыкі: «Князь Вітаўт» (1987), «Палачанка» (1998) А.Дударава, «Судны дзень Скарыны» М.Арочкі, «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча (абедзве 1990), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1994), «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва (1996). Побач з асэнсаваннем гіст. мінулага шмат увагі аддавалася праблемам сучаснай рэчаіснасці. Ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці паўстала жыццё сучасніка ў п’есах «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча (1993), «Пятля часу» Р.Баравіковай, «Сям’я для старога сабакі» А.Ждана, «Вірус» Г.Каржанеўскай, «Стары і дарога» В.Ткачова, «Багаты кватарант» А.Федарэнкі (усе 1995), «Заложнікі шчасця» З.Дудзюк, «Збродныя душы» М.Клебановіча, «Блудны муж і Варвара» Г.Марчука, «Абраннікі лёсу» А.Паповай (усе 1997), «Яблычны Спас» А.Дзялендзіка (1998). Звярнуліся драматургі і да найвялікшай экалагічнай катастрофы 20 ст. — Чарнобыльскай. З маральнага боку гэта праблема даследуецца ў п’есах «Хто вінаваты» (1989) і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1990) І.Чыгрынава, «Бездань» М.Матукоўскага (1991), «Адцуранне» А.Дударава, «Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана, «Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча (усе 1993), «Усміхаўся месяц белай вішні» В.Ткачова (1996) і інш.
Плённа развівалася драматургія для дзяцей. Большасць п’ес створана на аснове фалькл. сюжэтаў або з выкарыстаннем прыёмаў фалькл. паэтыкі. У п’есах «Усміхніся, прынцэса» У.Ягоўдзіка (1990), «Каляровая затока» (1992), «Страшнік Гам» (1993), «Навагодні дэтэктыў» (1996), «Маленькі збраяносец» (1998) П.Васючэнкі, «Хохлік» (1993), «Дарога на Віфлеем» (1998) С.Кавалёва, «Жывая вада», «Сінязорка» (абедзве 1994), «Канікулы на астэроідзе» (1997) З.Дудзюк, «Янук, рыцар Мятлушкі» Л.Рублеўскай, «Чарадзейныя суніцы» А.Якімовіча (абедзве 1994), «Чарнабог» Г.Каржанеўскай (1996) адвольна сінтэзуюцца сюжэты бел. і сусв. фальклору. Прынцыпова новая з’ява ў драматургіі канца 20 ст. — з’яўленне п’ес-рымейкаў, сучасных адаптацый твораў даўняй бел. літаратуры. Паводле «Камедыі» К.Марашэўскага і «Птушкі шчасця» Ф.Аляхновіча У.Рудаў напісаў п’есу «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (1997). Сюжэты «Аповесці пра Баву» і «Аповесці пра Трышчана», кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», п’ес Ф.У.Радзівіл «Распуснікі ў пастцы», К.Марашэўскага «Камедыя», Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця» С.Кавалёў зрабіў асновай сваіх рымейкавых п’ес: «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (1991), «Трышчан ды Іжота» (1995), «Люстэрка Бландоі» (1996), «Стомлены д’ябал» (1999), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш.
У драматургіі канца 20 ст. ўзніклі павевы мадэрнізму і постмадэрнізму. Пісьменнікі малодшага пакалення распачалі «культывацыю» паэтыкі абсурдысцкага тэатра. У фарсе-абсурдзе «Галава» І.Сідарука (1992) зададзенасць сюжэтнай будовы, якая спатрэбілася аўтару для надання п’есе парабалічнай формы, не магла не прывесці да схематызму, а разам з тым і да змярцвення ўсёй дзеі. У п’есах «Ку-ку» (1991) і «Лабірынт» (1997) М.Арахоўскаму ўдалося дасягнуць гарманічнай раўнавагі паміж рэальным і фантасмагарычным. Драматургі-эксперыментатары А.Асташонак («Драматургічныя тэксты», 1995), Г.Багданава («АС—лінія», 1997), А.Карэлін («Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя», 2001) і інш. даказалі, што выкарыстанне авангардысцка-мадэрнісцкай паэтыкі здольна пашырыць арсенал выяўл. сродкаў, што пошук нават з адмоўным вынікам прыносіць карысць развіццю жанру.
Маладыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у Я.Коласа. 1949.Беларускія пісьменнікі: М.Аўрамчык, А.Куляшоў, Б.Спрынчан, П.Панчанка, П.Дубашынскі (акцёр), М.Танк, І.Шамякін. 1975.М.Аўрамчык, У.Караткевіч, В.Быкаў у рэдакцыі часопіса «Маладосць». 1973.Беларускія і рускія пісьменнікі на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ І ВАЕННАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ 1918—20
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе 25.10(7.11).1917 і звяржэнне Часовага ўрада абвастрылі класавыя супярэчнасці ў Расіі. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў Часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і аб зямлі. Ні ў адным з прынятых з’ездам дэкрэтаў пабудова сацыялізму не абвяшчалася як першачарговая мэта; стаўка рабілася на сусв. пралетарскую рэвалюцыю. Лідэры бальшавікоў не былі ўпэўнены, што здолеюць утрымаць уладу, калі рабочыя іншых краін не прыйдуць ім на дапамогу і не ўзнімуць паўстанні супраць сваіх урадаў. Перыяд з кастр. 1917 да сак. 1918 Ленін назваў трыумфальным шэсцем сав. улады. Ён характарызаваўся хуткім устанаўленнем амаль на ўсёй тэр.б.Рас. імперыі сав. улады, якая абапіралася на пралетарыят і бяднейшыя слаі сялянства, г.зн. на актыўную частку насельніцтва. У такім выпадку непазбежнай была рэв. дыктатура, якая, на думку бальшавіцкага кіраўніцтва, павінна была абараніць інтарэсы працоўнага народа. Такая дыктатура ажыццяўлялася партыяй бальшавікоў па меры паглыблення супрацьстаяння класавых і паліт. сіл.
25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 утвораны Ваенна-рэв.к-тЗах. фронту (ВРК), які абвясціў сябе ўладаю на тэр. Беларусі і Зах. фронту. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі К-т выратавання Радзімы і рэвалюцыі, што стаў альтэрнатывай бальшавіцкаму органу ўлады. Яго дзеянні падтрымала Вял.бел. рада (ВБР). Паміж гэтымі к-тамі разгарнулася барацьба за ўладу. У паліт. барацьбе бальшавікі зрабілі стаўку на салдат Зах. фронту. 27.10(9.11).1917 Паўн.-Зах.абл.к-тРСДРП(б) накіраваў сваіх упаўнаважаных у к-т 2-й арміі для перакідкі ў Мінск вайск. часцей, зрабіў спробу ўцягнуць у барацьбу з К-там выратавання рэвалюцыі гар. міліцыю. Бальшавіцкая фракцыя к-та 2-й арміі дамаглася адпраўкі ў Мінск атрадаў салдат, бронемашын і браняпоезда пад камандаваннем В.А.Пралыгіна. 2(15).11.1917 у Мінску ўсталявалася сав. ўлада. 3(6).11.1917 ВРКЗах. фронту выдаў загад з патрабаваннем выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. 4(17).11.1917 распушчаны К-т выратавання рэвалюцыі, а яго старшыня Т.М.Калатухін арыштаваны; арыштаваны таксама камісар Зах. фронту В.А.Жданаў; за адмову выконваць распараджэнні сав. ўрада з пасады змешчаны галоўнакаманд. Зах. фронтам ген. П.С.Балуеў. ВРК прыняў шэраг мер: былі закрыты газеты ліберальнага кірунку, устаноўлены кантроль над выданнямі эсэраў, меншавікоў, нац.-дэмакр. партый, тэлеграфам і інш. Барацьба за ўстанаўленне сав. улады на Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага. 26.10(8.11).1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш.дэмакр. партый 4—11(17—24).11.1917 зрабілі спробу стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. 7(20).11.1917 Стаўка прыняла план адпраўкі войск у Петраград і Маскву на дапамогу керанска-красноўскаму мяцяжу, а пасля яго разгрому спрабавала сабраць войскі ў раёне г. Луга для наступлення на Петраград. Сав. ўрад распачаў барацьбу са Стаўкай. Ген. М.М.Духонін быў зняты з пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага. З Петраграда ў Магілёў накіраваны атрады салдат Маск. палка, матросаў Балт. флоту і чырвонагвардзейцаў на чале з С.Д.Паўлавым, з Зах. фронту — атрады пад камандаваннем Р.І.Берзіна і Я.Лысякова. 20.11(3.12).1917 сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам захапілі Стаўку. Падавіўшы супраціўленне антыбальшавіцкіх сіл, бальшавікі ў канцы ліст. 1917 умацавалі сваю ўладу на ўсёй неакупіраванай тэр. Беларусі. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, што праходзілі 20—23.11(3—6.12). 1917, выбралі выканкомы і франтавы к-т, на аснове якога 26.11(9.12).1917 разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў абраны вышэйшы орган улады — Абл. Выканаўчы к-т Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Выканком Савета стварыў абл. выканаўчы орган — Савет Нар. Камісараў (СНК) Зах. вобласці і фронту. Гэтымі рашэннямі быў пацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Зах. вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Аднак паліт. становішча заставалася напружаным.
У выніку Кастр. рэвалюцыі супраціўленне апазіцыйных класаў і грамадскіх груп выяўлялася ў розных, у т. л. ваенных, формах. Становішча ў Сав. Арміі абвастрыла барацьбу сацыяліст., анархічных, ліберальна-дэмакр., рэакцыйна-манархічных сіл за адваяванне ўлады і ўмацаванне сваіх класавых прыярытэтаў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што краіна знаходзілася ў стане вайны з Германіяй.
Брэсцкі мірны дагавор. Акупацыя Беларусі германскімі войскамі. У сувязі з адмовай дзяржаў Антанты ад мірных перагавораў сав. ўрад вырашыў пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2(15).12.1917 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9(22) снеж. ў Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы. Герм. дэлегацыя адмовілася заключыць дэмакр. мір і 10.2.1918 паставіла ультыматыўныя патрабаванні, паводле якіх анексіравалася значная частка тэр.сав. краіны, у т. л. большая частка Беларусі. Выкарыстаўшы адмову кіраўніка сав. дэлегацыі Л.Д.Троцкага падпісаць мірны дагавор на тых умовах, герм. камандаванне 16.2.1918 афіцыйна заявіла пра спыненне перамір’я і аднаўленне ваен. дзеянняў. 18.2.1918 больш за 50 герм. і аўстра-венгерскіх дывізій пачалі наступленне на ўсім рас.-герм. фронце ад Балт. мора да Карпат. На Беларусі (цэнтр. напрамак) дзейнічалі войскі 10-й арміі (11 пях. дывізій) і 6 кав. палкоў, а таксама часці з групы армій ген.-палк. А.Лізінгена. Ім ставілася задача разбіць войскі Зах. фронту, выйсці да «Смаленскіх варот» (у міжрэчча Дняпра і Зах. Дзвіны), заняць Оршу, Жлобін, перарваць зносіны паміж паўд. і паўн. Расій па чыгунцы Кіеў—Петраград і тым самым стварыць пагрозу захопу Масквы. Дэзарганізаваная рас. армія адступала ў беспарадку. Дапаможную ролю выконваў 1-ы польскі корпус Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, які 20.2.1918 заняў Мінск, пакінуты бальшавікамі. 21.2.1918 герм. войскі ўступілі ў Мінск. У той жа дзень СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!». У яе падтрымку галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў 23.12.1918 выдаў (у Смаленску) загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту (у раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавічаў), якія ўдзельнічалі ў баях супраць наступаючых герм. войск. Іх дзеянні каардынаваў Вярх.ваен. савет па вядзенні партыз. вайны, створаны ў лют. 1918. Партыз. атрады фарміраваліся ў асн. з мясц. сялян, іх камандны састаў складаўся гал.ч. з камуністаў і левых эсэраў. На Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. Мяснікоў) абараняў Віцебск, Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў; Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін) абараняў Жлобін, Калінкавічы, Гомель, прыкрываў камунікацыі на Бранск і Бахмач. Да 27.2.1918 наступленне герм. часцей спынена каля Полацка і Віцебска; на інш. участках фронту сав. войскі працягвалі адыход: 24 лют. яны пакінулі Калінкавічы, 27 — Жлобін, 28 — Рагачоў і Рэчыцу, 1 сак. — Гомель, 3 — Оршу, 5 — Магілёў. У пач.сак. 1918 наступленне герм. войск спынілася на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. Больш за 3/4тэр. Беларусі апынуліся пад уладай герм. акупантаў; яе паўд. частка (большасць Пінскага, Рэчыцкага, Мазырскага і частка Гомельскага пав.) была далучана да гетманскай Украіны. I толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. захавалася сав. ўлада. Інтэрвенцыя Германіі звузіла паліт. базу сав. улады, змяніла суадносіны паліт. сіл на акупіраванай тэрыторыі, адштурхнула левых эсэраў ад супрацоўніцтва з камуністамі.
Сав. ўрад працягваў намаганні па найхутчэйшым заключэнні міру. 3.3.1918 у Брэсце падпісаны мірны дагавор на вельмі цяжкіх умовах, навязаных Герм. кааліцыяй. Тэкст дагавора ва ультыматыўнай форме быў прадыктаваны прадстаўнікамі Герм. кааліцыі і падпісаны без абмеркавання. Брэсцкі мір быў несправядлівы і грабежніцкі, а яго вынікі — цяжкія для насельніцтва Беларусі, якое апынулася пад ням. акупацыяй. Герм. ўрад акупацыю Беларусі ўспрымаў толькі як заклад пад ваен. кантрыбуцыю, якую павінен быў выплаціць рас. бок. У адпаведнасці з дагаворам лёс акупіраваных абласцей павінен быў вырашацца Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пасля заканчэння вайны. Беларусь у дагаворы выступала не як суб’ект міжнар.-прававых адносін, а толькі як аб’ект; яна не прызнавалася самастойным нац. рэгіёнам. Германія не была зацікаўлена ў прызнанні самастойнасці Беларусі, бо планавала яе паўн.-зах. землі ўключыць у склад сваёй тэрыторыі. У выніку Брэсцкага дагавора Сав. краіна панесла вял. страты, але выкарыстала мірную перадышку для арганізацыі абароны, а бальшавікі — для замацавання сваёй улады. Па ўсёй краіне фарміраваліся добраахвотныя часці Чырв. Арміі. У сак. 1918 быў створаны Вышэйшы ваен. савет, які для абароны зах. граніц Сав. Рэспублікі стварыў Зах. ўчастак атрадаў заслоны (ЗУАЗ).
З першых дзён ням. акупацыі падп. дзейнасць разгарнулі бальшавіцкія арг-цыі. 28.2.1918 у Мінску па ініцыятыве групы бальшавікоў адбыўся нелегальны сход, на якім выбраны Мінскі падп.к-т, рэарганізаваны ў крас. 1918 у Мінскі падп. раённы к-т РКП(б). У сакавіку створаны Палескі, у маі — Магілёўскі, у чэрв. 1918 — Гродзенскі падп. к-ты РКП(б). Падп. бальшавіцкія арг-цыі ўзніклі ў Бабруйску, Брэсце, Лунінцы, Пінску, Полацку, Вілейцы, Клецку. Дзейнасць камуніст. арг-цый на акупіраванай тэр. Беларусі каардынаваў Паўн.-Зах.абл.к-т РКП(б), які размяшчаўся ў Смаленску. Пад кіраўніцтвам бальшавікоў разгортвалася рэв. і вызв. барацьба, у авангардзе якой быў рабочы клас Беларусі. Вясной 1918 на заводах і фабрыках акупіраванай тэр. Беларусі пракацілася хваля забастовак і стачак. Напр., забастоўка гомельскіх чыгуначнікаў, аб’яўленая 15.7.1918 у знак салідарнасці з усеаг. забастоўкай чыгуначнікаў Украіны, перарасла ва ўзбр. сутычку; яе падтрымалі рабочыя Магілёва, Жлобіна, Рагачова і інш. Вясной 1918 адбыліся сял. выступленні ў Навагрудскім, Слуцкім, Быхаўскім, Рэчыцкім, Бабруйскім і інш. паветах. Ва ўмовах рэв. ўздыму ў тыле ням. войск пачалася ўзбр.партыз. барацьба. Вызв. рух патрабаваў каардынацыі дзеянняў. 1-я канферэнцыя Беларусі і Літвы (8—11.8.1918, Смаленск) выбрала камісію, якая разам з Паўн.-Зах.абл. к-там РКП(б) стварыла Краявы к-ткамуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, вызначыла гал. задачу падп. бальшавіцкіх арг-цый — стварэнне і ўмацаванне партыз. атрадаў, узбраенне рабочых і сялян з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў варожым тыле. Да восені 1918 баявыя дзеянні партызан разгарнуліся па ўсёй акупіраванай тэрыторыі. У Мінскім, Магілёўскім, Бабруйскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Барысаўскім, Ігуменскім, Слуцкім, Быхаўскім пав. дзейнічала каля 100 партыз. атрадаў. У раёне Полацка супраць акупантаў змагалася амаль 13 тыс. партызан. Асабліва разгарнуўся партыз. рух у паўд. паветах Беларусі. Для аператыўнага кіраўніцтва партыз. атрадамі на З Палесся створаны Палескі паўстанцкі рэўком.
На неакупіраванай тэр. Беларусі найважнейшай задачай стала дапамога Чырв. Арміі, павышэнне баяздольнасці чырвонаармейскіх і інш.рэв. атрадаў. З гэтай мэтай у пач.крас. 1918 створана аператыўнае аб’яднанне атрадаў, куды ўвайшлі Віцебскі, Невельскі, Аршанскі, Рослаўскі, Смаленскі, Бранскі, Курскі атрады. На чале аб’яднання стаяў Ваен. савет, які ажыццяўляў кіраўніцтва ўсімі войскамі, што размяшчаліся ўздоўж дэмаркацыйнай лініі. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК ад 8.4.1918 створаны новы ваенна-адм. апарат: акр., губ., пав. і валасныя камісарыяты па ваен. справах. На неакупіраванай тэр. Беларусі былі ўтвораны 2 губ., 15 пав. і 139 валасных ваен. камісарыятаў. Дзякуючы іх дзейнасці ў 1918 у Віцебскай і Магілёўскай губ. добраахвотнікамі ў Чырв. Армію запісалася больш за 30 тыс. рабочых і салдат, што склала 5 чырвонаармейскіх палкоў: імя Віцебскага Савета, Сенненскі нар. полк, 1-ы Мсціслаўскі нар. батальён, 1-ы рэв. полк Аршанскага Савета. Атрады Чырв. Арміі створаны таксама ў Чавускім, Чэрыкаўскім, Быхаўскім і інш. паветах.
На захопленай ням. акупантамі тэрыторыі значна актывізаваўся бел.нац. рух. Акупац. ўлады забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, што стаялі на платформе сав. улады, затое дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Бел.нац. партыі сацыяліст. кірунку [Бел.сацыяліст. грамада (БСГ) і інш.], хоць і не былі забаронены, аднак не мелі падтрымкі з боку акупац. улад. Такія ж адносіны ўсталяваліся з эсэрамі, меншавікамі, яўр.нац. сацыялістамі. Акупац. адміністрацыя аднавіла прыватную ўласнасць на зямлю, вярнула памешчыкам іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такую палітыку варожа сустрэла бел. сялянства, якое паступова ператваралася ў моцны фактар нац.-вызв. барацьбы бел. народа супраць герм. акупантаў.
Абвяшчэнне БНР. Яшчэ да эвакуацыі з Мінска ў Смаленск Выканкома і СНКЗах. вобласці і фронту (выехалі 19 лют.) кіраўніцтва вядучых бел.нац. партый (БСГ і інш.) імкнулася ўзяць у свае рукі ўладу. Зрабіць гэта меркавалася яшчэ да захопу Мінска герм. войскамі (да 21.2.1918). Такія абставіны не мог не ўлічваць Выканком Рады Усебел. з’езда, які быў утвораны пасля разгону з’езда бальшавікамі [18(31).12.1917] і выступаў як кіруючы цэнтр бел.нац. руху. Выканком Рады Усебел. з’езда 19.2.1918 выдаў загад №1, дзе гаварылася, што ён узяў уладу ў свае рукі. Прызначаны Выканкомам новы камендант Мінска К.Б.Езавітаў 20.2.1918 выдаў загад № 1 па гарнізоне аб тым, што ням. армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае насельніцтва, якое не жадае вайны.
У п. 2 загаду гаварылася пра ўвядзенне ваен. становішча. 21.2.1918 Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся да народаў Беларусі з 1-й Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». 1-я Устаўная грамата заклікала бел. народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасці — на нац.-персанальную аўтаномію. У гэтым дакуменце Выканком абвясціў пра стварэнне ім 20 лют. ўрада — Нар. сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Варонка) — часовага выканаўчага органа нар. улады ў краі. 9.3.1918 Выканком на сваім пасяджэнні прыняў 2-ю Устаўную грамату да народаў Беларусі. Гэтым актам Беларусь абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай (БНР). 1-я і 2-я Устаўныя граматы БНР з’явіліся першымі пастановамі Выканкома, у якіх утрымліваліся асн. прынцыпы, што тычыліся ўладкавання абвешчанай рэспублікі, яе тэрыторыі, правоў і свабод грамадзян, форм уласнасці (адмена прыватнай уласнасці на зямлю і бязвыплатная перадача яе тым, хто апрацоўвае). Формы ўзаемаадносін БНР з Расіяй і інш. дзяржавамі не абумоўліваліся. 18.3.1918 Выканком рэарганізаваны ў Раду (старшыня Я.Серада). Вясной 1918 на акупіраванай тэр. Беларусі ініцыятыва перайшла да БСГ, якая паслядоўна выступала за стварэнне нац. дзяржаўнасці. Не адмаўляючы сацыяліст. выбару, БСГ імкнулася закласці дэмакр. асновы бел. незалежнай дзяржавы. 19.3.1918 Рада БНР прыняла закон «Аб вярхоўнай уладзе Беларускай народнай рэспублікі», які замацоўваў за ёй функцыі заканадаўчага органа.
25.3.1918 Рада па ініцыятыве фракцыі БСГ прыняла 3-ю Устаўную грамату, якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Дэкларуючы поўную самастойнасць і незалежнасць БНР, Рада спрабавала рэалізаваць яе дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. Аднак гэта імкненне поўнасцю не было рэалізавана. Знешні фактар складаўся не на карысць Рады БНР.
Ва ўмовах вайны з Германіяй і распачатай грамадз. вайны ў Расіі ўрады краін Антанты і ЗША не праявілі зацікаўленасці ў БНР, не жадаючы пазбаўляць сябе адчыненай брамы для інтэрвенцыі ў Сав. Расію. Афіц.ням. ўлады ў Берліне таксама разглядалі Беларусь як частку Расіі. Сав. ўрад заняў відавочна адмоўную пазіцыю да БНР як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Адносіны да дзеянняў Рады БНР былі сфармуляваны ў Дэкларацыі «Да беларускіх рабочых і сялян», прынятай 14.4.1918 2-м з’ездам Саветаў Зах. вобласці, у якой абвяшчэнне незалежнасці БНР кваліфікавалася як контррэв. акцыя, а тыя, хто дамагаўся рэалізацыі яе дзярж. суверэнітэту, — як «ворагі савецкай сацыялістычнай улады». На гэтым этапе гал. зместам тактыкі бальшавікоў заставаліся сілавыя прыёмы барацьбы супраць бел. нац.-дэмакр. партый. Бальшавікі не ішлі на згоду нават з левымі групоўкамі і плынямі бел.паліт. руху, бо лічылі іх патэнцыяльнай апазіцыяй. БНР у поўным аб’ёме з’яўлялася толькі зародкам дзярж. ўтварэння, так і не змагла ажыццявіць свае прадстаўнічыя паўнамоцныя функцыі. Нягледзячы на тое, што ў асобе Рады БНР і Нар. сакратарыята была створана пэўная паліт. структура, якая выступала як заканадаўчая і выканаўчая ўлада, яна не мела сістэмы органаў улады на месцах (на губ., пав. і валасных узроўнях). У выніку БНР не магла ажыццявіць сваю юрысдыкцыю на тэрыторыі, дзе яна была абвешчана.
У адносінах да бел.паліт. руху герм.ваен. камандаванне праводзіла асцярожную палітыку. Не выступаючы супраць акцыі абвяшчэння незалежнасці БНР, яно было стрыманым у адносінах з Радай і Нар. сакратарыятам, таму што ў іх складзе пераважалі прадстаўнікі сацыяліст. партый. Адкрыта яно падтрымлівала толькі Мінскае бел.нар. прадстаўніцтва — аб’яднанне ліберальна-бурж. і памешчыцкіх арг-цый (Бел. хрысціянская дэмакратыя, Бел.правасл. саюз, Бел. саюз зямельных уласнікаў, Бел.нар. партыя і інш.), якое выступала канкурэнтам БСГ у барацьбе за ўладу. Герм.акупац. адміністрацыя стрымлівала вырашэнне найважнейшых пытанняў — перадачу Радзе грамадз. улады на акупіраванай тэр. Беларусі, стварэнне ўзбр. сіл БНР і інш. Тым не менш герм.ваен. камандаванне шукала згоды з кіраўнікамі БНР. 27.3.1918 была аб’яўлена Дэкларацыя, у якой прызнаваліся ўсе краявыя структуры ўлады. Ім перадаваліся некаторыя адм. функцыі. Рада атрымлівала поўную самастойнасць у галіне мясц. гандлю, прамысловасці, аховы грамадскага парадку. Для рэгулявання адносін насельніцтва і акупац. улад герм. камандаванне дало згоду на ўтварэнне груп бел. дарадчыкаў пры павятовых камендатурах. Таму Рада БНР вымушана была пайсці на крайні крок — 25.4.1918 накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму II, у якой заявіла пра гатоўнасць «дасягнення дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэстаў у розных колах бел. грамадства. Рост супраціўлення насельніцтва ням.акупац. рэжыму паскорыў паліт. размежаванне ў Радзе БНР. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Супярэчнасці ва «ўрадавым лагеры» прывялі да расколу БСГ і ўтварэння новых партый — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Бел.с.-д. партыі (БСДП), Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Агульнарас. дэмакр. партыі (меншавікі, эсэры), яўр. сацыялісты вялі прапагандысцкую работу ў прафсаюзах, выступалі ў якасці апазіцыі да акупац. адміністрацыі (арганізацыя дэманстрацый, мітынгаў і забастовак рабочых). 1.5.1918 у Мінску адбылася дэманстрацыя рабочых, а на прадпрыемствах Гомеля, Рэчыцы, Мазыра і інш. гарадоў — сходы і мітынгі, на якіх прымаліся рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Летам 1918 забастоўкі адбыліся на прадпрыемствах Мінска, Гомеля, Барысава, Бабруйска. 15.7.1918 пачалася 2-тыднёвая забастоўка салідарнасці гомельскіх чыгуначнікаў з чыгуначнікамі Украіны, у выніку чаго зменшылася магчымасць перакідваць войскі з Германіі, вывозіць з Беларусі нарабаваныя прадукты і матэрыяльныя каштоўнасці. Бальшавікі вымушаны былі некалькі змяніць свае адносіны да меншавікоў, эсэраў і нац.-дэмакр. партый сацыяліст. арыентацыі. Гэта выявілася ў рашэннях 6-й Паўн.Зах. канферэнцыі РКП(б) (4.6.1918, Смаленск). Падп.камуніст. к-там рэкамендавалася падтрымліваць імкненне левых груп гэтых партый да збліжэння з сав. уладай, іх заклікалі да актыўнай барацьбы супраць герм. акупантаў.
Паўн.-Зах.абл.к-т РКП(б) выступіў у ліп. 1918 з ініцыятывай стварэння каардынуючага цэнтра па кіраўніцтве партыз. рухам, зацвердзіў «План арганізацыі партызанскіх дзеянняў у тыле германскіх войск», паводле якога ўся акупіраваная тэрыторыя падзялялася на 12 зон дыслакацыі і баявых аперацый партыз. атрадаў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. знаходзіліся пад сумесным кантролем камуністаў і левых эсэраў. Аднак пасля антыбальшавіцкага выступлення левых эсэраў у Маскве ў ліп. 1918 (на Беларусі такія выступленні адбыліся ў Оршы і Сянне) РКП(б) узяла курс на адхіленне іх ад кіраўніцтва партыз. рухам і пачала ўстанаўліваць свой кантроль над партыз. атрадамі ўсх. Беларусі. Партыя бел. эсэраў, значна пашырыўшы свой уплыў на сял. масы, з лета 1918 стала ўстанаўліваць кантроль над партыз. атрадамі ў Мінскай і Гродзенскай губ. З мэтай стварэння адзінага каардынуючага цэнтра дзеянняў партыз. атрадаў па прапанове Паўн.-Зах.абл.к-та была склікана канферэнцыя камуніст. арг-цый акупіраваных тэр. Беларусі і Літвы (44 дэлегаты ад 300 парт. арг-цый), якая праходзіла 8—11.8.1918 у Смаленску. Яна абрала Краявы к-ткамуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, які зрабіў стаўку на падрыхтоўку ўзбр. паўстання ў тыле герм. войск, чым пацвердзіў рашэнне 1-й падп. канферэнцыі Мінскага р-на (5.6.1918). Гэту ўстаноўку падтрымалі бальшавіцкія падп. канферэнцыі Палескага р-на, Гомельскага, Бабруйскага, Магілёўскага, Рагачоўскага, Ігуменскага, Барысаўскага і інш. паветаў. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух. Толькі на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. дзейнічала каля 100 атрадаў на чале з Л.Я.Адзінцовым, В.А.Аляшкевічам, А.М.Ільіным, А.М.Крыніцкім, І.С.Кузьмічом, М.А.Ляўковым, А.Р.Салаўём, П.М.Серабраковым, А.С.Славінскім, Ш.Ш.Ходашам і інш. У Бабруйскім пав. была ўтворана т.зв. Рудабельская рэспубліка. Значны размах партыз. рух набыў на Палессі, дзе яго каардынаваў Палескі рэўком. Партызаны нападалі на склады, абозы, гарнізоны, учынялі дыверсіі на чыгунцы. Эфектыўна дзейнічалі партызаны і ў зоне Зах. ўчастка атрадаў заслоны (ЗУАЗ), створанага 29.3.1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі на зах. стратэгічным напрамку ад магчымага ўварвання герм. войск у глыб Сав. Расіі. Загадам Рэўваенсавета РСФСР 11.9.1918 ЗУАЗ пераўтвораны ў Зах. раён абароны. Курс бальшавікоў на ўзбр. паўстанне не быў рэалізаваны, бо ён быў задуманы пераважна з мэтай не дапусціць раду БНР да ўлады. Бел.нац.дэмакр. партыі выступалі за мірны пераход улады да Рады БНР, і гэта іх пазіцыя паўплывала на фракцыйную барацьбу ў Радзе. Прыход ва ўрад БНР левацэнтрысцкіх сіл (сацыял-дэмакратаў і сацыялістаў-федэралістаў) не здолеў змяніць паліт. арыентацыі Рады БНР на супрацоўніцтва з герм.акупац. адміністрацыяй. Гэта вымусіла кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзець тактыку і перайсці да ўзбр. супраціўлення акупантам. У кастр. 1918 ЦК БПС-Р выдаў 2 адозвы: «Час прабіў — далей чакаць нельга» і «Што рабіць», — у якіх заклікаў бел. сялян, рабочых і нар. інтэлігенцыю правесці па ўсёй тэр. Беларусі выбары ў мясц. органы ўлады — валасныя, пав. і губ. рады і перадаць ім усю ўладу, заявіў пра неабходнасць склікаць 2-і Усебел. з’езд, які б ад імя бел. народа замацаваў незалежнасць БНР. Такія памкненні БПС-Р былі адхілены Паўн.-Зах.абл. к-там РКП(б), які прыняў рашэнне пра падаўленне паліт. ініцыятывы бел. эсэраў. Аналагічную пазіцыю адносна дэмакр. партый (эсэраў, меншавікоў, яўр. сацыялістаў) займалі бальшавікі і на сав.тэр. Беларусі (Зах. вобласць). Паводле рашэння ВЦВК ад 14.6.1918 з Саветаў Беларусі былі выключаны эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты і інш. У рэальнай палітыцы бальшавікоў з лета 1918 усё больш замацоўвалася левакамуніст. мадэль сацыялізму, якая фактычна арыентавалася на ўстанаўленне ў краіне аднапарт. сістэмы. Яна паступова трансфармавалася ў палітыку «ваеннага камунізму», пабудаваную на ідэі сац. роўнасці, метадах прамога прымусу. На сав.тэр. Беларусі пасля нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці летам 1918 нацыяналізаваны чыгункі, прыватныя і каап. банкі, да восені ліквідаваны прыватны гандаль, і ўся сістэма размеркавання перайшла ў рукі дзяржавы.
27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР Дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі абавязваліся пакінуць частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 у выніку паражэння аўстра-герм. блоку ў 1-й сусв. вайне і рэвалюцыі ў Германіі сав. ўрад ануляваў Брэсцкі дагавор, і бальшавіцкія войскі па меры адыходу герм. войск паступова сталі займаць тэр. Беларусі. Бел. нац.-дэмакр. партыі з улікам скарэкціраванай тактыкі выступілі пад лозунгам барацьбы супраць двух акупантаў — Германіі і Расіі. У кааліцыі гэтых партый кіруючая роля належала бел. эсэрам. ЦК БПС-Р заявіў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць, толькі абапіраючыся на «ўласныя сілы беларускага народа», і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе менавіта сваю партыю. Спроба бел. эсэраў дамовіцца з герм.акупац. адміністрацыяй аб перадачы дзярж. улады ў Беларусі Радзе БНР не была задаволена. У гэтых умовах ЦК БПС-Р заклікаў нац.-дэмакр. партыі вярнуць сваіх прадстаўнікоў у Раду і тым самым паставіў задачу зрабіць з яе кіруючы нац.-паліт. цэнтр барацьбы за «адраджэнне дзяржаўнасці беларускага народа». Заклік актыўна падтрымалі Бел. настаўніцкі саюз, прафес. саюзы чыгуначнікаў і паштова-тэлегр. служачых. Бел. эсэры спрабавалі скарыстаць і свае сял. дружыны, але яны з-за арганізац. няўстойлівасці не маглі адыграць рашаючай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Зацвердзіцца ў якасці краявой улады спрабавала і земска-гар. аб’яднанне паліт. партый (меншавікоў, рас. эсэраў, бундаўцаў), якое адмовілася супрацоўнічаць з бел. партыямі. Стварыўшы «Дэмакратычны краявы цэнтр», яно двойчы звярталася да Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі з патрабаваннем перадаць яму грамадз. ўладу на Беларусі. Аднак Савет не прыняў іх патрабаванні і перадаў уладу бальшавікам. Не маючы ўзбр. сілы, земска-гар. аб’яднанне не здолела аказаць ім супраціўленне.
Вызваленне тэр. Беларусі ад ням. войск падштурхнула Раду БНР, якая не мела ўзбр. сіл для замацавання сваёй улады, звярнуцца за дапамогай да інш. дзяржаў. 20.10.1918 яна накіравала пісьмо канцлеру Германіі, у якім прасіла «афіцыйна прызнаць незалежнасць Беларусі» і даць магчымасць бел. ўраду ажыццявіць свае функцыі дзярж. будаўніцтва і кіравання, «арганізаваць узброеную сілу з мэтай самаабароны». У той жа дзень былі накіраваны пісьмы прэзідэнту ЗША Т.В.Вільсану, а таксама інш. нейтральным і ваюючым краінам з просьбай забяспечыць ёй знешнюю недатыкальнасць, прызнаць яе самастойнасць і незалежнасць, дапамагчы Радзе БНР замацаваць. усю грамадз. ўладу на Беларусі. 28.11.1918 дэлегацыя Рады БНР накіравалася ў Лондан, каб заручыцца падтрымкай урада Д.Лойд Джорджа. У гэты ж дзень Рада БНР прыняла 4-ю Устаўную грамату да бел. народа з заклікам «злучыць свае сілы, ствараючы на месцах Беларускія рады» і звязваючы іх з Радай рэспублікі, «бараніць сваю волю і незалежнасць». У гэтай сітуацыі Рада БНР не дабілася станоўчых вынікаў і вымушана была пайсці на перагаворы з СНК РСФСР. Хоць Рада і абвясціла 25.3.1918 незалежнасць БНР, усх.бел. губерні па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй урада РСФСР, якую прызнавала Германія і краіны Антанты. У кастр. 1918 адбылася сустрэча старшыні ўрада БНР А.І.Луцкевіча з прадстаўніком РСФСР Х.Г.Ракоўскім. У ходзе перагавораў Луцкевіч не быў супраць федэрацыі з Сав. Расіяй і ўвядзення ў Беларусі сав. канстытуцыі. Ён пагадзіўся перадаць уладу Саветам, але прасіў выканаць толькі адну ўмову: прызнаць незалежнасць Беларусі. У ліст. 1918 з гэтай мэтай ён зноў накіраваўся ў Маскву. Аднак і гэта паездка была безвыніковай. Спробы Луцкевіча вывесці Раду БНР з паліт. ізаляцыі поспеху не мелі. Кіраўніка Рады падтрымала толькі Літ. Тарыба, у склад якой 27.11.1918 былі ўключаны 6 членаў Віленскай бел. рады, у т. л. І.І.Луцкевіч, В.Ю.Ластоўскі. Адначасова ва ўрадзе Літвы было ўтворана Мін-вабел. спраў, якое пагаджалася ўключыць тэр. Гродзенскай губ. ў склад Літ. дзяржавы. Ваенна-паліт. абставіны прымусілі ўрад РСФСР накіраваць на Беларусь Зах. армію (сфарміравана 15.11.1918 з войск Зах. раёна абароны, 13.3.1919 перайменавана ў Бел.-Літ. армію, а 9.6.1919 — у 16-ю армію Зах. фронту). 10.12.1918 яна заняла Мінск. Мінскі Савет, абраны яшчэ да прыходу сав. войск, абвясціў пра аднаўленне сав. улады. Але фактычна ўлада была сканцэнтравана ў руках ВРК, створанага армейскім камандаваннем. Мінскі ВРК устанавіў кантроль над дзейнасцю паліт. партый, якія арыентаваліся на Раду БНР, што вымусіла частку Рады пакінуць Мінск і пераехаць у Гродна, дзе яна спрабавала стварыць органы мясц. улады. У Гродне члены Рады БНР на нарадзе 21.12.1918 утварылі Савет дзярж. абароны на чале з Ластоўскім. Яму былі перададзены 1-ы Бел.пях. полк, Асобны пях. батальён, Гродзенская камендатура і Бел. гусарскі эскадрон. Яны павінны былі абараняць БНР, аднак зрабіць гэтага не змаглі, бо ў напрамку Гродна пачалі наступаць польскія легіянеры. Эсэраўская фракцыя, якая знаходзілася ў Мінску, у хуткім часе была ізалявана, і яе дзейнасць спынена. Да лют. 1919 часці Зах. арміі замацаваліся на лініі Вільня—Ліда—Слонім—р. Шчара—Агінскі канал—Сарны. 23.12.1918 ВЦВК прыняў рашэнне пра захаванне «Заходняй камуны» (Зах. вобласці) і канчаткова вызначыў яе тэрыторыю ў складзе Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ. Рашэннем ВЦВК яна атрымала статус адм.-гасп. самастойнасці ў межах РСФСР.
Утварэнне БССР. Пад уздзеяннем паліт. працэсаў, што адбываліся на Беларусі з сярэдзіны 1918, бел. партыі і арг-цыі, якія дзейнічалі на сав. тэрыторыі, выпрацавалі ідэю стварэння бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. Пра гэта было заяўлена на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве (17—22.7.1918). Такія ж дэкларацыі прыняты на 1-й канферэнцыі бел. і сав. партый летам 1918 у Петраградзе, на Усерас. канферэнцыі бел. секцый РКП(б) у Маскве (21—23.12.1918). 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. Новая арыентацыя ЦК РКП(б) у нац.-дзярж. будаўніцтве Беларусі была выклікана ўнутр. (існаванне абвешчанай БНР) і знешнім (тэр. прэтэнзіі да Сав. Расіі інш. дзяржаў, найперш Польшчы) фактарамі. У снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі адкрыта заявіў, што польская дзяржава будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. землі. Імкненне кіруючых колаў Польшчы падтрымлівалі ўрады краін Антанты. БССР стваралася і як будучы плацдарм для наступлення сав. войск з мэтай падтрымкі сусв. пралетарскай рэвалюцыі. Для рэалізацыі парт. дырэктывы аб утварэнні БССР была склікана VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б). Яна прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай». Адначасова канферэнцыя пастанавіла перайменаваць Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуніст. партыю (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], было абрана Цэнтр. Бюро КП(б)Б. Па рэкамендацыі ЦК РКП(б) 31.12.1918 ЦБКП(б)Б зацвердзіла персанальны склад Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам (Ц.Гартным). 1.1.1919 урад апублікаваў Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Уся ўлада на тэр. Беларусі пераходзіла да Саветаў рабочых, сял. і салдацкіх дэпутатаў. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэр. Беларусі, асн. сродкі вытворчасці — агульнанар. здабыткам, адмяніў усе загады і распараджэнні акупац. улад, аб’явіў па-за законам Раду БНР. У выніку абвяшчэння БССРЗах. вобласць была скасавана, Аблвыкамзах склаў свае паўнамоцтвы. 5.1.1919 сталіцай БССР стаў Мінск, куды і пераехаў урад рэспублікі. Паколькі пры абвяшчэнні БССР і стварэнні яе дзярж. органаў ЦК РКП(б) і I з’езд КП(б)Б кіраваліся толькі парт. дырэктывамі, узнікла неабходнасць надаць гэтым актам юрыд. аснову. Гэта павінен быў ажыццявіць Усебел. з’езд Саветаў, які меркавалася правесці ў пач.лют. 1919. Аднак у ходзе яго падрыхтоўкі палітыка бальшавіцкага кіраўніцтва адносна бел. дзяржаўнасці змянілася. Хоць БССР і была абвешчана суверэннай дзяржавай, ваенна-паліт. і сац.-эканам. абставіны не спрыялі ўмацаванню яе незалежнасці. Яе тэрыторыя яшчэ не была цалкам вызвалена ад герм. войск, а ўжо рэальнай станавілася інтэрвенцыя з боку Польшчы. У снеж. 1918 камандуючы аб’яднанымі войскамі краін Антанты маршал Ф.Фош запатрабаваў ад герм. камандавання забяспечыць свабодны пропуск польскіх войск у напрамку Гродна і далей на У. Гэта і прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва адмовіцца ад сваёй першапачатковай задумы. Вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыд. афармлення БССР прадвызначылі скасаванне Бел. рэспублікі.
Утварэнне Літоўска-Беларускай ССР. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне ўключыць Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губ. ў склад РСФСР, а на аснове Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. абвясціць Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Літбел). Прапаноўвалася ідэя стварэння больш устойлівай буфернай дзяржавы, якую бальшавіцкае кіраўніцтва разлічвала выкарыстаць для адмежавання РСФСР ад Польшчы з мэтай прадухілення адкрытай вайны з ёю, а таксама для падаўлення ініцыятывы бел. і літ. нац.-дэмакр. партый, якія выступалі за прызнанне незалежнасці БНР і Літ. Рэспублікі. I Усебел. з’езд Саветаў у Мінску (2—3.2.1919) не заняў цвёрдай пазіцыі ў захаванні бел. дзяржаўнасці, а па прапанове Я.М.Свярдлова прыняў рашэнне пра аб’яднанне БССР з Літ. ССР, якое адбылося ў канцы лют. 1919. Аб’яднаўчы з’езд кампартый Літвы і Беларусі, які адбыўся 4—6.3.1919, прыняў рашэнне аб стварэнні Камуніст. партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ]. Старшынёй ЦВК новай дзярж. структуры са сталіцай у Вільні стаў К.Г.Ціхоўскі, а СНК узначаліў В.С.Міцкявічус-Капсукас.
Негатыўныя тэндэнцыі палітыкі «ваеннага камунізму» на Беларусі найперш выявіліся ў адносінах да сялянства. Значная яго частка (гал.ч. заможная) пры перавыбарах валасных Саветаў была пазбаўлена выбарчых правоў, якія даваліся толькі батракам і малазямельным сялянам. Па ўказанні ЦК КП(б)ЛіБпарт. і сав. органы, абапіраючыся на «Палажэнне аб сацыялістычным землеўпарадкаванні і аб мерах пераходу да сацыялістычнага земляробства» (прынята ВЦВК 13.12.1919), адмовіліся надзяляць працоўных сялян канфіскаванай памешчыцкай зямлёй. За карыстанне ёй яны аддавалі 1/2 частку ўраджаю, а па харчразвёрстцы ў іх забралі ўсе «лішкі» прадукцыі. Для барацьбы з антысав. выступленнямі ствараліся працоўныя лагеры для «ворагаў рэвалюцыі», уведзены інстытут заложнікаў. Рашэнне ЦК КП(б)ЛіБ ад 9.5.1919 аб магчымым прыцягненні меншавікоў, рас. эсэраў, яўр. сацыялістаў да гасп. і культ. будаўніцтва не распаўсюджвалася на бел.дэмакр. партыі, супраць якіх праводзілася палітыка ізаляцыі і падаўлення іх ініцыятывы.
Акупацыя Беларусі польскімі войскамі. Вясной 1919 пачалося наступленне на Беларусь польскіх войск, якое ажыццяўлялася па 3 напрамках: Вільня—Ліда—Маладзечна, Баранавічы—Мінск, Кобрын—Пінск. У сак. 1919 яны захапілі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Супраць польскіх войск змагалася Зах. армія, перайменаваная Рэўваенсаветам РСФСР 13.3.1919 у Бел.-Літ. армію.
Асн. сілы Чырв. Арміі накіроўваліся на Усх. фронт, які бальшавіцкі ўрад лічыў галоўным. СНК Літбел не змог арганізаваць эфектыўнае супраціўленне польскім войскам. Барацьба супраць польскіх войск на Беларусі была аслаблена і інш. прычынамі. Сялянства, за выключэннем бяднейшай яго часткі, не падтрымлівала палітыку «ваеннага камунізму», у розных формах аказвала супраціўленне яе ажыццяўленню; адпраўка мабілізаваных з Беларусі на Усх. фронт супраць войск А.В.Калчака ўзмацняла антыбальшавіцкія настроі сярод сялян і чырвонаармейцаў. На хвалі сял. абурэння ўзнікалі частыя мяцяжы, якія праяўляліся гал.ч. у паласе Зах. фронту. Працягам іх стала Стракапытаўскае паўстанне 24—29.3.1919 у Гомелі, падаўленае аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР. Аднак успышкі лакальных сял. выступленняў працягваліся да восені 1919. Польскае камандаванне рыхтавалася да новага этапу вайны. 15.4.1919 у Гродне быў заключаны тайны польска-герм. дагавор, паводле якога польскія легіянеры атрымалі доступ у Гродзенскі ўмацаваны раён. Гэтым польскі генштаб забяспечыў абарону леваму флангу сваіх войск, якія разгортвалі наступленне на Вільню. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, 21.4.1919 — Вільню. Расцэньваючы захоп сталіцы Літбела як ваен. дзеянні супраць сав. краіны, урад РСФСР перарваў перагаворы з прадстаўніком Польшчы ў Маскве А.Вянцкоўскім. 25.4.1919 польскаму боку заяўлена, што РСФСР гатова аднавіць «перагаворы аб пагадненні, як толькі ваенныя дзеянні супраць савецкіх рэспублік будуць спынены». Урад Польшчы пакінуў без увагі гэтыя прапановы. Пасля перагрупоўкі сваіх войск польскае камандаванне ў маі 1919 перайшло да больш актыўных дзеянняў. 26.5.1919 легіянеры занялі чыг. ст. Залессе, чым стварылі сур’ёзную пагрозу для Маладзечна і Мінска. У сувязі з такім ваенна-паліт. становішчам 1.6.1919 у Маскве прынята рашэнне пра перадачу паўнамоцтваў бальшавіцкіх урадаў Украіны, Літбела і Латвіі ўраду РСФСР; Бел.-Літ. армія перайменавана ў 16-ю армію. Польскія войскі 8.8.1919 занялі Мінск, да 28.8.1919 сав. часці пакінулі Бабруйск і адышлі на левы бераг Бярэзіны. У вер. 1919 польскае камандаванне часова прыпыніла рух сваіх войск на ўсход; сав.-польскі фронт стабілізаваўся па лініі ад Дзвінска па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці.
Стабілізацыя на Зах. фронце была абумоўлена ваенна-стратэг. разлікамі польскага камандавання. Пілсудскі пайшоў на перагаворы з урадам РСФСР, каб аблегчыць камандаванню сав. войск разгром у кастр.—ліст. 1919 арміі А.І.Дзянікіна пад Арлом і Варонежам. У выніку перагавораў падпісана часовае перамір’е. Урад РСФСР, які імкнуўся да ліквідацыі сав.-польскага канфлікту, згаджаўся на перадачу Польшчы бел. зямель да р. Бярэзіна (па лініі сав.-польскага фронту). Прыхільнікі Пілсудскага, хоць і былі задаволены такімі ўступкамі, з-за пазіцыі Антанты не жадалі ўступаць у афіц. перагаворы з сав. урадам. Абодва бакі скарысталі перамір’е для падрыхтоўкі да новага этапу вайны, якая несла бел. народу новыя цяжкасці і нягоды. Пачынаючы наступленне на Беларусь, Пілсудскі 22.4.1919 у звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» абяцаў даць насельніцтву свабоду і магчымасці для ўнутр.паліт. развіцця ў вырашэнні сваіх нац. і рэліг. спраў. Свае экспансіянісцкія задумы ён спрабаваў замаскіраваць т.зв. федэралісцкай канцэпцыяй, сутнасць якой у стварэнні самастойных бел., укр. і літ. дзяржаў у падначаленні Польшчы. На самай справе прыхільнікі Пілсудскага мелі на мэце ператварэнне бел. зямель у неад’емную частку Польшчы. Нягледзячы на відавочную агрэсіўнасць польскіх кіруючых колаў адносна Беларусі, шмат лідэраў бел.с.-д. партый паверылі Пілсудскаму і спадзяваліся, што ён дапаможа ім рэалізаваць бел.нац.дзярж. ідэю. Але гэтыя імкненні не падтрымлівалі кіраўнікі БПС-Р і БПС-Ф, якія арыентаваліся на Раду БНР, хоць яе дзейнасць была ўжо паралізавана. Сваю незадаволенасць палітыкай Польшчы на Беларусі яны адкрыта выказалі на Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны ў Вільні (9—10.6.1919). Нягледзячы на гэта, Пілсудскі і яго прыхільнікі рабілі ўсё, каб з’езд падтрымаў ідэю далучэння Беларусі да Польшчы. Але пад уздзеяннем дэлегатаў-эсэраў з’езд выказаўся за ўтварэнне літ.-бел. дзяржавы ў межах б.ВКЛ. Бел. эсэры заявілі, што яны рашуча адмяжоўваюцца ад польскай арыентацыі і будуць абараняць нац. інтарэсы бел. народа. Яны нагадалі дэлегатам рашэнне Усебел. з’езда, які яшчэ ў снеж. 1917 выказаўся за ўстанаўленне рэсп. ладу ў Беларусі. Ідэю рэспублікі, лічылі бел. эсэры, можа ажыццявіць толькі Працоўны кангрэс, які павінен быць абраны на аснове ўсеаг. выбарчага права ўсімі працоўнымі Беларусі. Такім чынам бел. эсэры рабілі крок насустрач бальшавікам, якія лічылі, што гэты кангрэс і ўвогуле ўсе формы парламентарызму несумяшчальныя з задачамі сацыяліст. рэвалюцыі. 11.7.1919 ЦК БПС-Р у газ. «Беларуская думка» апублікаваў дэкларацыю, дзе заклікаў усе паліт. партыі і арганізацыі да аб’яднання і ўтварэння агульнага фронту за вызваленне Беларусі.
Пасля таго як Мінск у жн. 1919 быў заняты польскімі войскамі, Часовы Бел.нац.к-т (ЧБНК), дзейнасць якога накіроўвала БСДП, узяў курс на супрацоўніцтва з польскай акупац. адміністрацыяй — Грамадз. упраўленнем Усх. зямель пры гал. камандаванні польскай арміі (ген. камісар Е.Асмалоўскі). На акупіраванай тэр. Літбела былі ўтвораны Брэсцкая, Валынская, Віленская і Мінская акругі, кожная з якіх падзялялася на паветы і гміны. Улада ў іх належала польскай акупац. адміністрацыі, беларусы ў органы кіравання не дапускаліся. Тым не менш лідэры БСДП спадзяваліся, што польскі сейм выкажа зацікаўленасць да «беларускага пытання». Сярод яго дэпутатаў выявіліся 2 тэндэнцыі: правыя адстойвалі ідэю інкарпарацыі зямель б.ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай, Польская сацыяліст. партыя (ППС) выступала прыхільніцай ідэі уніі (федэрацыі) Беларусі, Літвы і Украіны з Польшчай. З надзеяй на дапамогу ППС бел. сацыял-дэмакраты заявілі аб сваёй прапольскай арыентацыі.
Іх лідэр, старшыня Рады Нар. міністраў БНР А.І.Луцкевіч, уступіў у перагаворы з прэм’ер-міністрам Польшчы І.Падарэўскім аб прызнанні БНР і дамагаўся ад польскай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 дапамогі ў «развязванні беларускага пытання». У вер. 1919 Луцкевіч запрошаны ў Варшаву, дзе ён пагадзіўся на заключэнне уніі Беларусі з Польшчай, але пры ўмове прызнання польскім сеймам спачатку поўнай дзярж. незалежнасці Беларусі. Пілсудскі адмовіўся прызнаць незалежнасць БНР і аддаў загад распусціць Раду БНР, а Луцкевіча інтэрніраваць. Аднак пры садзеянні ППС Луцкевіч быў вызвалены, а Радзе БНР дазволена правесці сесію. Польскі бок згадзіўся і на арганізацыю бел. войска. 22.10.1919 Пілсудскі зацвердзіў дэкрэт аб сфарміраванні бел. батальёнаў, была створана Бел. вайсковая камісія (БВК). Галоўнакаманд. арміяй прызначаны Г.Канапацкі. Анексіянісцкая палітыка кіруючых колаў Польшчы выклікала супраціўленне бел. народа, таму бел.паліт. рух, сярод якога пачала выяўляцца апазіцыя да польскіх акупац. улад, пачаў мяняць сваю арыентацыю. На чале яе былі бел. эсэры. У вер. 1919 кіраўніцтва БПС-Р заявіла, што ідэю дзяржаўнасці Беларусі можа здзейсніць толькі Працоўны кангрэс, абраны на аснове ўсеаг. выбарчага права ўсімі працоўнымі слаямі бел. народа. У яго складзе не павінна быць прадстаўнікоў буржуазіі, памешчыкаў, духавенства. Робячы ўступкі бальшавікам, бел. эсэры выказаліся за стварэнне бел. працоўнай нар. рэспублікі. У кастр. 1919 ЦК БПС-Р заклікаў усе паліт. партыі антыпольскага лагера стварыць «агульны фронт», які павёў бы барацьбу за вызваленне Беларусі. Выявіўшы схільнасць да супрацоўніцтва з бальшавікамі ў барацьбе з польскімі акупантамі, БПС-Р заняла рэзка негатыўную пазіцыю ў адносінах да паліт. сіл, схільных да супрацоўніцтва з польскай акупац. адміністрацыяй (БСДП і інш.). Вострая паліт. барацьба разгарнулася на сесіі Рады БНР у снеж. 1919 у Мінску. Дазволіўшы яе скліканне, польскія правячыя колы меркавалі, што пад уплывам іх прыхільнікаў будзе прынята дэкларацыя аб «уніі Беларусі з Польшчай». Аднак яны недаацанілі паліт. ўплыў бел. эсэраў, якія адкрыта асудзілі гаспадаранне польскай акупац. адміністрацыі на Беларусі і выказаліся за падтрымку 3-й Устаўнай граматы аб незалежнасці БНР. Захапіўшы ініцыятыву на сесіі, фракцыя бел. эсэраў дамаглася перавыбрання Рады БНР, якая зацвердзіла новы склад урада на чале з Ластоўскім. Гэта выклікала рэпрэсіі польскіх улад. БПС-Р вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Члены ўрада і прэзідыума эсэраўскай Рады перабраліся ў Літву. Прыхільнікі польскай арыентацыі стварылі Найвышэйшую Раду, якая падтрымлівала ўрад БНР на чале з А.І.Луцкевічам. Зменены паліт. курс бел. эсэраў наблізіў іх да камуністаў. У снеж. 1919 у Смаленску адбылася нарада прадстаўнікоў гэтых -партый. У падпісаным абодвума бакамі дагаворы адзначалася, што камуністы і эсэры бяруць на сябе абавязак абараняць сац. і нац. інтарэсы бел. народа.
Сутнасць палітыкі Польшчы ў адносінах да Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва арг-цыі «Страж крэсова», якая ў 1919—20 абараняла інтарэсы польскіх памешчыкаў, вяла барацьбу за далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх», г. зн. бел., літ. і ўкр. зямель. У запісцы гаварылася, што «канчатковым вынікам польскай палітыкі ў Беларусі павінна з’явіцца далучэнне апошняй да Польшчы на аснове аўтаноміі». Згодна з гэтай палітыкай дзейнічаў польскі ўрад.
Урад РСФСР неаднойчы прапаноўваў ураду Польшчы мірны шлях урэгулявання ўсіх спрэчных тэр. пытанняў. Не атрымаўшы згоды, 19.2.1919 быў створаны Зах. фронт, а 8.4.1919 Літ.-Бел. ССР аб’яўлена на ваен. становішчы. 19.4.1919 ЦВК і СНК Літбела стварылі на чале з Міцкявічусам-Капсукасам Савет абароны, які ажыццяўляў ваен. і цывільную ўладу на тэр. рэспублікі. Вял. значэнне для арганізацыі адпору інтэрвентам мелі прынятыя ў маі 1919 пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі аб неабходнасці ваенна-паліт. саюза, на аснове якіх ЦВК РСФСР прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні іх ваен. сіл. Да лета 1919 становішча на Зах. фронце значна ўскладнілася. У выніку бесперапынных 4-месячных баёў арміі Зах. фронту панеслі вял. страты. На 15.6.1919 іх асабовы склад не перавышаў 36 тыс.чал., войскі ж польскіх інтэрвентаў на гэтым фронце мелі больш за 96 тыс.чал. У выніку ў пач.жн. 1919 палякі занялі ўсю тэр.Літ.-Бел. ССР.
Партызанскі рух супраць польскіх акупантаў. Устаноўлены на Беларусі жорсткі акупац. рэжым выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва. У гарадах рэв. сілы кансалідаваліся вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай выступалі бел. эсэры. У канцы жн. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ утварыў спец.паліт. орган — Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў. Сувязь з камуніст.падп. арг-цыямі (аб’ядноўвалі каля 4 тыс.чал.) ажыццяўлялася праз спец. упаўнаважаных і сувязных. З іх дапамогай на акупіраваную тэр. дасылаліся зброя, прапагандысцкая л-ра, грашовыя сродкі. 3.9.1919 ЦК КП(б)ЛіБ вызначыў асн. кірункі падп. работы. Тэр. Літбела была падзелена на раёны: Тарыбскі (Ковенская і Сувалкаўская губ.), Заходні (Віленская і Гродзенская губ.) і Усходні (Мінская губ.). Перад камуніст. арг-цыямі Усх. раёна ставілася задача разгарнуць шырокі рэв. і партыз. рух, у Зах. раёне — збіраць сілы, весці паліт. работу сярод насельніцтва. Партыз. атрады, створаныя па ініцыятыве ЦК КП(б)ЛіБ, летам 1919 дзейнічалі ў франтавой зоне. У іх фарміраванні ўдзельнічалі армейскія органы і рэўкомы, а таксама сяляне. Іх арганізатарамі выступалі найб.рэв. элементы, якія мелі ваен. падрыхтоўку ці вопыт барацьбы супраць герм. акупантаў. У канцы 1919 створана шырокая сетка партыз. атрадаў, якія абапіраліся на сял. дружыны самааховы і знаходзіліся пад кантролем бел. эсэраў. У снеж. 1919 дзейнічалі 43 партыз. атрады. Акрамя таго, было шмат партызан, не арганізаваных у атрады: яны жылі ў сваіх вёсках, займаліся сельскай гаспадаркай, а ў выпадку неабходнасці ўключаліся ва ўзбр. барацьбу. Існавалі таксама партызаны без пэўнай паліт. арыентацыі, якія дзейнічалі самастойна. Па меры разгортвання партыз. руху ЦК КП(б)ЛіБ зацвердзіў распрацаваны штабам Зах. фронту план арганізац. пабудовы партыз. фарміраванняў, паводле якога тэр. Літбела падзялялася на раёны з паўстанцкімі цэнтрамі — рэв. штабамі. Пад кіраўніцтвам паўстанцкага цэнтра ў раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія і дукорскія партызаны, атрады С.В.Гладкага, І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага; у наваколлі мяст. Старыя Дарогі дзейнічалі атрады А.К.Паланейчыка, А.Таміловіча, І.Тышкевіча, Я.Якаўлева. Паўстанцкія цэнтры каардынавалі дзеянні партызан Слуцкага, Барысаўскага і Вілейскага пав.Напр., у Бабруйскім пав. пад кіраўніцтвам паўстанцкага цэнтра на чале з Ляўковым дзейнічалі 90 атрадаў і груп. Найб. буйны з іх — асобны партыз. батальён імя Бабруйскага рэўкома пад камандаваннем С.Л.Вілюгі (700 чал.). Ядро ўзбр. фарміраванняў БПС-2 складала «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Выступленні эсэраўскіх паўстанцкіх фарміраванняў супраць польскіх войск набылі рысы арганізаванага ваен. супраціўлення. Паступова ўсе паўстанцкія і партыз. атрады БПС-Р аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону (НВС), якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Бел.камуніст.арг-цыя (БКА), пад кіраўніцтвам якой дзейнічала шырокая сетка партыз. атрадаў. Яны з’яўляліся часткай нар. самааховы. У 1920 дзеянні партызан мелі больш арганізаваны характар. 19.1.1920 ЦК КП(б)ЛіБ па дакладзе В.Г.Кнорына прыняў разгорнутыя тэзісы, у якіх ставілася задача падрыхтоўкі ўсеаг. ўзбр. паўстання. Сумесныя дзеянні бальшавікоў і бел. эсэраў па стварэнні адзінага антыпольскага фронту далі станоўчыя вынікі. Кіраўніцтва БПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавала план узбр. паўстання і стварыла Бел. паўстанцкі к-т (БПК), які па сутнасці выконваў функцыі каардынуючага цэнтра партыз. руху на тэр. акупіраванай Беларусі. Бел. эсэры спадзяваліся ў далейшым на супрацоўніцтва з камуністамі ў справе стварэння бел. дзяржавы. Пытанне пра аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці знаходзілася пад кантролем кіраўнікоў сав. краіны. Працягваючы перагаворы з прадстаўнікамі Пілсудскага, упаўнаважаныя прадстаўнікі ўрада ў студз. 1920 пацвердзілі сваю прапанову пра магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (Полацк, р. Бярэзіна, ст. Пціч, раёны на У ад Ноўгарад-Валынскага да Камянец-Падольска — 300 км на У ад «Керзана лініі»). Аднак польскі ўрад разлічваў заняць усю Беларусь, Украіну, Літву і, падтрыманы Францыяй, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі С.В.Пятлюры разгарнулі наступленне па ўсім сав.-польскім фронце, пачаўся новы этап вайны. На Беларусі яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл і слабага матэрыяльнага забеспячэння вымушана была адступіць на зыходныя пазіцыі. У сувязі з наступленнем польскіх войск 12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі. На польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З усх. Беларусі паводле парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.10.1920 паслана 1116 бальшавікоў. Паводле няпоўных звестак, у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны налічвалася больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. На Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела каля 40 тыс.чал. (каманд. П.А.Пятраеў); 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем. Асн. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву, часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. фронт — 1-я Конная армія (каманд. С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. Новае наступленне на Зах. фронце пачалося ў ліп. 1920. Скаардынаванае з партыз. дзеяннямі (6.7.1920 у падпарадкаванне Рэўваенсавета Зах. фронту перайшоў БПК), наступленне Чырв. Арміі паспяхова завяршылася. 11.7.1920 вызвалены Мінск, 14.7.1920 — Вільня. У канцы ліпеня 1920 Чырв. Армія выйшла да этнічных граніц Польшчы, і ваен. дзеянні разгарнуліся на яе тэрыторыі.
Аднаўленне Беларускай ССР. Новае ваенна-стратэг. становішча на Зах. фронце патрабавала вырашэння бел. пытання, аднак пошук шляхоў аднаўлення бел. дзяржаўнасці быў вельмі складаны. Асобныя кіраўнікі ЦК КП(б)ЛіБ (Кнорын, М.І.Калмановіч, І.І.Рэйнгольд і інш.) лічылі магчымым даць беларусам толькі культ.-нац. аўтаномію ў межах Мінскай губ. Такі пункт погляду не падзялялі беларусы-камуністы А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі і інш. Прымаючы пад увагу настрой нар. мас і патрабаванні бел.паліт. партый, ЦК КП(б)ЛіБ 6.7.1920 выказаўся за аднаўленне бел. дзяржаўнасці, якое падтрымаў і ЦК РКП(б). У выніку такога рашэння Мінскі губваенрэўком у канцы ліп. 1920 рэарганізаваны ў ВРК Беларусі. ЦК КП(б)ЛіБ прызнаў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БПС-Р, Бунда, БКА і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі», у якой канстатавалася, што БССР будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах працягу польска-сав. вайны БССР была адноўлена ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал. насельніцтва). Гэта дэкларацыя была разлічана на нейтралізацыю апазіцыі і заспакаенне нар. мас. З гэтым не пагадзіўся ЦК БПС-Р, яго прадстаўнікі адмовіліся падпісаць гэты дакумент. Пачалася адкрытая барацьба паміж БПС-Р і КП(б)Б. У шэрагу валасцей і паветаў Беларусі эсэры дамагліся падтрымкі сваёй палітыкі. Аднак у абставінах польска-сав. вайны яны не здолелі рэалізаваць свае імкненні. Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але іх стомленасць і адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польскай арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі, нанесці ёй паражэнне ў Варшаўскай аперацыі і прымусіць яе адысці. 16.8.1920 польскія войскі перайшлі ў новае наступленне і занялі значную частку Беларусі. Сав. ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы з Польшчай аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога. Шляхам страты значнай часткі тэр. Беларусі і інш. рэгіёнаў бальшавікі змаглі ўтрымаць уладу. У выніку перамір’я Беларусь была падзелена на 2 часткі: усх. знаходзілася пад сав. кантролем, а зах. — пад польскім.
Польска-сав. вайна прынесла цяжкія выпрабаванні бел. народу. Жорсткі гвалт у адносінах да мясц. насельніцтва праяўлялі польскія інтэрвенты. На сав.тэр. Беларусі становішча пагаршалася палітыкай «ваеннага камунізму», якую ў 2-й пал. 1920 камуністы давялі да кульмінацыі, узяўшы курс на пашырэнне камандна-адм. метадаў кіравання (харчразвёрстка, забарона свабоднага гандлю і інш.). Гэта выклікала шырокае незадавальненне працоўных, асабліва сялян. Шмат хто з іх пацягнуўся ў рады «зялёных». На грунце матэрыяльных цяжкасцей пачаліся забастоўкі. У многіх месцах сяляне аказвалі супраціўленне як польскім, так і сав. войскам. Гэта сітуацыя падштурхнула ген.-м. С.Н.Булак-Балаховіча ў ліст. 1920 увесці на Беларусь свае атрады. Аднак яго Рус.нар. добраахвотніцкая армія (з рус. і бел. вайсковых часцей) у хуткім часе была разбіта сав. войскамі, адна яе частка адступіла на польскі бок фронту, другая была раззброена польскімі ўладамі. На канчатковым этапе грамадз. вайны гэта барацьба найб. яскрава праявілася ў Слуцкім паўстанні (ліст.—снеж. 1920). На працягу месяца слуцкія паўстанцы ўтрымлівалі ўладу ў 15 валасцях павета. Бальшавіцкаму рэжыму не адразу ўдалося падавіць узбр. выступленне часткі бел. інтэлігенцыі і сялянства. Толькі пасля дамоўленасці з прадстаўнікамі польскага ўрада сав. войскі ліквідавалі мяцеж. У гэты перыяд узнікла сял.паліт.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Бел. эсэры падрыхтавалі ўзбр. паўстанне, аднак яно было сарвана. Бел.паліт. рух пацярпеў паражэнне. II Усебел. з’езд Саветаў (13.12.1920) падвёў вынікі сав. будаўніцтва ў БССР і ўхваліў папярэднія ўмовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор (18.3.1921) замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель. Да Польшчы адышла бел. тэрыторыя пл. 108 тыс.км² з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь). За БССР захаваліся толькі 6 паветаў Мінскай губ. — Мінскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі (1,6 млн.чал.); Віцебская і Гомельская губ., а таксама зах. паветы Смаленскай губ. заставаліся ў складзе РСФСР.
Літ.:
Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году: (Сб. док...). Мн., 1947;
Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Путем борьбы и труда. Мн., 1989;
Иностранная военная интервенция в Белоруссии, 1917—1920. Мн., 1990;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. Т. 1—2. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1994 (рэпр, выд. 1921);
Михутина И.В. Польско-советская война 1919—1920 гг.М., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;
Ціхаміраў А.В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мн., 2003.
М.С.Сташкевіч.
Адукацыя, навука, культура ў 1914—20. У 1-ю сусв. вайну бел. інтэлігенцыя групавалася вакол арганізацый, якія апекаваліся бежанцамі. Так, у Мінску працаваў аддзел Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, праца якога напачатку зводзілася да арганізацыі прытулкаў, сталовак і працоўных месц; быў адкрыты клуб «Беларуская хатка». Інтэлігенцыя Зах. Беларусі ў час ням. акупацыі канцэнтравалася ў Вільні і групавалася вакол Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны. У склад яго к-та ўваходзілі І. і А.Луцкевічы, Я.Салавей, Ф.Аляхновіч, А.Пашкевіч (Цётка), В.Ластоўскі і інш. Прызнанне немцамі раўнапраўнага існавання бел. мовы побач з інш. мовамі, дазвол культ. дзейнасці і выдання газет на роднай мове мелі істотнае значэнне для абуджэння культ.-асв. працы. З лют. 1916 у Вільні пачала выходзіць газ. «Гоман» (рэд. Ластоўскі), якая да 1918 была адзіным бел. выданнем на тэр., акупіраванай герм. войскамі. Пачалі дзейнасць Бел. клуб, пры якім існаваў аматарскі тэатр, бел.б-ка, кнігарня, каап.т-ва «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», выдаваліся падручнікі і школьная л-ра.
Падзеі Лют. рэвалюцыі 1917 парадзілі ў асяроддзі бел. інтэлігенцыі спадзяванні на магчымасць здзяйснення адм. і культ. аўтаноміі Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 творчая інтэлігенцыя ўсх. Беларусі стаяла перад няпростым выбарам: супрацоўніцтва з сав. уладай, выезд за мяжу з надзеяй на хуткае вяртанне, адкрытае супраціўленне палітыцы бальшавікоў. Жорсткія сац. канфлікты вымушалі творчую інтэлігенцыю думаць і пра свой лёс, і пра лёс Радзімы. У новых грамадска-паліт. умовах культуры адводзілася прагматычная роля, у яе аснову ставіўся не мастацкі, а класавы падыход. Яна стала аб’ектам дзярж. ўздзеяння. Бел.нац. сілы гуртаваліся вакол Бел.сацыяліст. грамады, урада БНР і Бел.нац. камісарыята (Белнацкома). Так, дзеячамі БНР у 1918 у перыяд акупацыі герм. войскамі зах. часткі Беларусі адкрыта 89 бел. школ, настаўніцкія курсы ў Вільні і настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Выдаваліся газ. «Гоман», «Беларус», час. «Варта» і інш. Заснаваны шэраг выдавецтваў, бюро для падрыхтоўкі падручнікаў, Бел.навук.т-ва ў Вільні, бел.б-ка і кнігарня, курсы беларусазнаўства, муз. школа, тэатр. трупы, каталіцкая духоўная семінарыя. Культ.-асв. арг-цыі ладзілі для жыхароў гарадоў, мястэчак і вёсак бел. спектаклі, канцэрты. Пасля абвяшчэння БНРНар. сакратарыят прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы.
У лют. 1918 пры Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР быў створаны Белнацком, які напачатку працаваў у Петраградзе, з сак. 1918 — у Маскве. Камісарыят меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Сярод яго супрацоўнікаў былі А.Чарвякоў, А.Грыневіч, І.Дварчанін, К.Душэўскі, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Канчар, Б.Тарашкевіч, Ф.Турук, Ф.Шантыр і інш. Белнацком вёў актыўную паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр.Сав. Расіі, клапаціўся пра бежанцаў, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў 1-ю сусв. вайну, адкрываў бел. школы, клубы («Беларус» у Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе), заснаваў у Маскве Бел.нар.ун-т, садзейнічаў узнікненню культ.-асв. і навук. т-ваў, выдаваў газеты і часопісы. Друкаваным органам камісарыята была газ. «Дзянніца» (рэд. З.Жылуновіч), якая выходзіла ў Маскве і з’яўлялася першай сав. газетай на бел. мове (выйшла 49 нумароў), Петраградскае аддзяленне выдавала час. «Чырвоны шлях», «Белорусская криница». Пасля скасавання Белнацкома яго культ.-асв. аддзелы пераўтвораны ў Бел. пададдзел аддзела асветы нац. меншасцей Нар. камісарыята асветы РСФСР. Пададдзел прымаў удзел у падрыхтоўцы адкрыцця БДУ у Мінску, Бел.драм. студыі ў Маскве.
Рэв. перамены выклікалі энтузіязм не толькі сярод часткі гар. і правінцыяльнай інтэлігенцыі, але і ў асяроддзі навучэнцаў розных навуч. устаноў. Узнікла вял. колькасць культ.-асв. т-ваў і суполак, якія ставілі за мэту выхаванне самасвядомасці беларусаў, гуртаванне іх вакол ідэі нац. вызвалення, вывучэнне бел. гісторыі, эканомікі і культуры, прапаганду бел. літаратуры і мастацтва, дапамогу бел.нац. руху і пашырэнне яго на нар. слаі. Арганізацыі звычайна мелі харавыя і драм. гурткі, стваралі ў паветах маладзёжныя гурткі, б-кі, праводзілі вечарыны, гутаркі. Дзейнічалі мінскія бел. вучнёўская грамада і навукова-пед.т-ва, т-ва «Папараць-кветка» (створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі), беларускія секцыя студэнтаў Горацкага с.-г. ін-та, культ.-асв.т-ва ў Бабруйску, вучнёўскі гурток «Асвета» ў Магілёве, культ.-асв. гурток «Прасвета» пры Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Грамада бел. моладзі ў Гродне, Бел. студэнцкі саюз пры Віленскім ун-це і інш.
Культ.-асв. дзейнасць бальшавікоў была скіравана на выхаванне працоўных у духу марксісцкай ідэалогіі. З 1918 для працы сярод насельніцтва ствараліся агітац. пункты, якія распаўсюджвалі л-ру, арганізоўвалі мітынгі, лекцыі, ставілі агітп’есы і інш. Аднымі з цэнтраў масава-паліт. і культ.-выхаваўчай работы станавіліся клубы, якія павінны былі дапамагаць бальшавіцкай партыі ў правядзенні яе палітыкі, мабілізацыі працоўных на рашэнне ваен. і гасп.-паліт. задач. Пры клубах працавалі гурткі (харавыя, драматычныя, ліквідацыі непісьменнасці), б-кі, дзе таксама праводзіліся лекцыі, даклады, мітынгі. З гэтай жа мэтай у паветы, воласці і вёскі пасылалася вял. колькасць агітатараў.
За 1914—16 колькасць школ у межах Гродзенскай губ. скарацілася на 63%, Мінскай — на 40%, Магілёўскай — на 28%, Віцебскай — на 22%. Будынкі адукац. устаноў займалі вайск. часці, іх маёмасць і інвентар рабаваліся. З наступленнем ням. войск восенню 1915 паводле загаду рас. улад з тэр. Беларусі ўглыб Расіі эвакуіравана больш за 200 навуч. устаноў — пераважна гімназіі, прагімназіі, рэальныя вучылішчы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Значная частка іх пасля заканчэння ваен. дзеянняў і рэв. падзей не была рээвакуіравана на радзіму, хаця праблема ліквідацыі непісьменнасці і арганізацыі школьніцтва стаяла надзвычай востра. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сферы адукацыі былі зняты нац., паліт. і рэліг. абмежаванні. У 2-й пал. 1917 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі ўзніклі першыя асяродкі нац. адукацыі: Слуцкая земская (беларуская) гімназія, бел. пачатковыя школы ў Мінску, у Ігуменскім пав. і інш. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 на ўсх.тэр. Беларусі пачаўся працэс саветызацыі сістэмы адукацыі, які на Міншчыне двойчы перапыняўся герм. і польскай акупацыяй. 16.10.1918 дэкрэтам ВЦВК зацверджаны Дэкларацыя і Палажэнне аб адзінай працоўнай школе. Папярэдні падзел школ (каля 30 тыпаў, якія належалі да 17 ведамстваў) скасоўваўся, уводзілася адзіная школа з падзелам на 2 ступені: 1-ю (5 гадоў навучання) — для дзяцей 8—13 гадоў і 2-ю (4 гады навучання) — 13—17 гадоў. Абвяшчалася права на адукацыю на роднай мове. З навуч. планаў былі выключаны стараж. мовы, Закон Божы, уведзены грамадска-паліт. дысцыпліны, пашыралася выкладанне прыродазнаўчых прадметаў. Навучанне стала бясплатным, незабяспечаным дзецям дзярж. органы павінны былі аказваць матэрыяльную дапамогу (бясплатныя сняданкі, адзенне, абутак, грашовая падтрымка). У школе былі адменены адзнакі, атэстаты, экзамены, выкладанне замежных моў лічылася факультатыўным, школьныя дырэктары і настаўнікі выбіраліся, а контррэвалюцыйна настроеныя выкладчыкі, незалежна ад іх прафес. якасцей, да работы з вучнямі не дапускаліся. Спрасцілася працэдура паступлення ў ВНУ. Ужо ў 1918 у Віцебскай і Магілёўскай губ. быў адкрыты шэраг прафес.-тэхн. школ і курсаў. У 1919 па ініцыятыве Рас.камуніст. саюза моладзі ў шэрагу прамысл. цэнтраў створаны школы рабочай моладзі, з 1920 арганізоўваліся школы фабрычна-заводскага навучання. Паявіліся навуч. ўстановы новага тыпу — рабочыя ф-ты, сав.парт. школы, камуніст. ун-ты. Са снеж. 1917 да лют. 1918 у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. адкрыта больш за 2,3 тыс. пачатковых школ. Паводле дэкрэта СНК «Аб ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва РСФСР» ад 26.12.1919 усе грамадзяне ад 8 да 50 гадоў, якія не ўмелі чытаць і пісаць, абавязаны былі навучацца грамаце на роднай або рус. мове (па жаданні). Вучобу дарослага насельніцтва вялі школы граматы, пункты ліквідацыі непісьменнасці, што ствараліся пры б-ках, чырв. кутках, клубах, хатах-чытальнях, на прадпрыемствах. У ліп. 1920 пры Наркамаце асветы створана Усерас. надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У яе задачы ўваходзілі: падрыхтоўка кадраў выкладчыкаў, выпуск навуч. дапаможнікаў, арганізацыя школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнне кароткатэрміновых курсаў па падрыхтоўцы настаўнікаў для дарослых. Члены камісіі валодалі надзвычайнымі паўнамоцтвамі: маглі прыцягваць у парадку працоўнай павіннасці да работы па ліквідацыі непісьменнасці патрэбных асоб і іх, патрабаванні павінны былі выконвацца тэрмінова і безагаворачна. За першы год працы камісія выдала 39 відаў буквароў (для дарослых, чырвонаармейцаў, нац. школ і інш.). Настаўніцкія ін-ты, што існавалі на тэр. Беларусі (у Віцебску, Магілёве, Мінску), у 1918/19 навуч.г. рэфармаваны ў пед. ін-ты. З мэтай падрыхтоўкі настаўнікаў для сав. школы на базе б. настаўніцкіх семінарый у 1919—20 адкрываліся 3- і 1-гадовыя пед. курсы. У 1919 аднавіў сваю дзейнасць Горацкі с.-г.ін-т, у 1920 на базе Бел. палітэхнікума адкрыты Мінскі політэхн.ін-т.
У зах. частцы Беларусі, якая апынулася пад ням. акупацыяй, з канца 1915 фарміравалася новая сістэма адукацыі, што падпарадкоўвалася загадам галоўнакамандуючага Усх. фронтам і Упраўленню па ўсх. тэрыторыях. На аснове дырэктыў і інструкцый па арганізацыі школьніцтва ў пачатковых класах забаранялася выкладанне на рус. мове, уводзілася навучанне на родных мовах з абавязковым вывучэннем нямецкай. Школьныя падручнікі і навуч. дапаможнікі падлягалі цэнзуры, выкарыстанне ранейшай рус.навуч. л-ры забаранялася. Хаця фармальна школы знаходзіліся ў кампетэнцыі нац. грамадскіх арг-цый (школьнай камісіі Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, польскага Адукац.к-та і інш.), уся школьная дзейнасць вялася пад жорсткім кантролем ням.акупац. адміністрацыі. Зацвярджэнне настаўнікаў у школы адбывалася паводле загаду начальніка раёна. Ад педагогаў патрабавалася выхоўваць і вучыць дзяцей «у духу паслухмянасці законам рэйха, павагі да германскіх улад і ўзброеных сіл». За антыгерм. прапаганду ў школе ці непадпарадкаванне загадам ням. адміністрацыі пагражаў арышт ці штраф. Нешматлікія сярэднія навуч. ўстановы і прафес.-тэхн. школы на акупіраванай тэрыторыі ў большасці не фінансаваліся ням. ўладамі і ўтрымліваліся на сродкі грамадскіх арг-цый. На Віленшчыне і Гродзеншчыне ў гэты час створана каля 150 бел., больш за 300 польскіх, дзесяткі яўр., літ. і ням. школ, дзейнічалі нац. гімназіі, настаўніцкія курсы і семінарыі. Польскія «крэсовыя» арг-цыі пры падтрымцы касцёла арганізоўвалі т.зв. парафіяльныя польскамоўныя школы, якія служылі сродкам паланізацыі дзяцей беларусаў-католікаў. З пашырэннем ням. акупацыі зімой 1918 на цэнтр. частку Беларусі акупац. ўлады на новых захопленых тэрыторыях фактычна не ўмешваліся ў сферу адукацыі, якая знаходзілася пад наглядам органаў мясц. самакіравання (земстваў, гар. і валасных упраў) і грамадскіх арг-цый.
Ва ўмовах польскай акупацыі Беларусі ў галіне адукац. палітыкі адбылася дэсаветызацыя школ, аднаўленне ранейшых форм навуч. устаноў (элементарная школа — вышэйшая элементарная школа або прагімназія — гімназія). На захопленых тэрыторыях адсутнічала цэласная праграма па арганізацыі школьнай справы, гвалтоўна насаджалася польская адукацыя, закрываліся бел. і рускамоўныя школы, чыніліся перашкоды ў адкрыцці новых няпольскіх адукац. устаноў. Тым не менш, дзякуючы дзейнасці Мінскай бел. школьнай рады, Бел.цэнтр. школьнай рады, Часовага бел.нац.к-та і інш. грамадскіх арг-цый у гэты перыяд дзейнічала больш за 200 бел. пачатковых школ, 5 бел. гімназій, 3 бел. настаўніцкія курсы, Мінскі бел.пед.ін-т; выдадзена некалькі тысяч экзэмпляраў бел.навуч. л-ры, распрацаваны праграмы для нац. пачатковай школы. Значнае развіццё атрымала ў гэты час яўр. школьніцтва. У перыяд існавання Сярэдняй Літвы (1920—22) у межах Віленшчыны створана каля 200 бел. пачатковых школ.
Перыядычны друк розных партый стаў дзейсным сродкам у барацьбе за пашырэнне іх ідэй. Выдавалася вял. колькасць газет рознага кірунку, у т. л. рэгіянальныя «Минский курьер», «Витебский листок», «Крестьянское слово» (Магілёў), «Голос народа» (Гомель) і інш. У Мінску, Бабруйску, Мазыры і інш. населеных пунктах Беларусі выходзілі газеты Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Працягвалі дзейнасць бел. партыі, практычна кожная з іх мела свае друкаваныя выданні. Так, Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў выдавала «Беларускую думку» і інш. газеты; Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў — газ. «Бацькаўшчына»; Бел.сацыяліст. грамада — газ. «Грамада». Развіццё бел.нац. руху ў ходзе рэв. падзей 1917 абумовіла з’яўленне выданняў нац.-дэмакр. кірунку. У маі 1917 у Мінску створана Т-вабел. культуры, якое пачало выдаваць штотыднёвік «Вольная Беларусь» (рэд. Я.Лёсік). Бальшавікі свае мерапрыемствы прапагандавалі і папулярызавалі таксама праз сродкі масавай інфармацыі. 27.7(9.8).1917 у Мінску стала выходзіць на рус. мове газ. «Звезда», у студз. 1919 на бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай мовах выдавалася афіц.газ. «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі». 1.2.1920 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газеты на бел. мове «Савецкая Беларусь». Ствараўся ваен. друк, задачамі якога былі паліт. выхаванне малаадукаваных у асн. сваёй масе чырвонаармейцаў, ператварэнне іх у барацьбітоў за сав. ўладу. Ваен. выдавецтвы выпускалі газеты, шматтыражкі, насценгазеты, брашуры, плакаты, адозвы, рабілі сатырычныя і літ.-маст. выпускі. З сярэдзіны 1918 пачалі выходзіць мясц. газеты і бюлетэні — губ. і акруговых ваен. камісарыятаў. З 1919 на франтах, у дзеючых арміях, шэрагу дывізій меліся свае выданні. З-за цяжкіх умоў газеты часта існавалі нядоўга, аб’ядноўваліся, мянялі назвы; іх тыраж і рэгулярнасць выхаду залежалі ад становішча на фронце. Вял. ўвага аддавалася прапагандзе подзвігаў чырвонаармейцаў, былі створаны рубрыкі па навучанні апошніх ваен. справе. Выходзілі спец. газеты, мэтай якіх была арганізацыя партыз. руху. Напр., газ. «Белорусская правда», якая распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэр., акупіраванай польскімі войскамі, змяшчала інфармац.-інструктарскія матэрыялы («Як арганізаваць партызанскі атрад», «У лясы» і інш.). Агітац. кірунак газеты дапаўняўся звесткамі пра жорсткасць акупантаў і заклікамі да помсты. Выпускаліся друкаваныя насценгазеты, разлічаныя на малапісьменнага чытача. Іх асаблівасць — кароценькі тэкст, напісаны сціслымі фразамі, буйны шрыфт («Чырвонаармейская РОСТА»). Так, для ідэалаг. забеспячэння і падняцця баявога духу чырвонаармейцаў у час ліпеньскай аперацыі 1920 у польска-сав. вайну 1919—20 у Мінску выдавалася штодзённая насценгазета на бел. мове Захфронтроста «Работніцка-сялянская Беларусь» (рэд. З.Жылуновіч). Вял. ўздзеянне на псіхалогію людзей мелі плакаты, зразумелыя нават непісьменным (напр., «Ты записался добровольцем?»). Пачалі выдавацца і першыя сав.ваен. часопісы «Красноармеец», «Политработник». У час Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, ням. і польскай акупацый на тэр. Беларусі выдадзена больш за 3 млн.экз. лістовак, пераважна звароты да насельніцтва, дырэктыўныя дакументы сав. улады. Лістоўкі і газеты выпускалі і акупанты.
27.10(9.11).1917 СНК РСФСР зацвердзіў дэкрэт аб друку, у адпаведнасці з якім прадпрымаўся шэраг мер супраць нерэв. выданняў. У 1918—20 прыняты пастановы, згодна з якімі дзяржава брала пад кантроль усе папяровыя запасы і сама размяркоўвала іх па друкарнях і выдавецтвах. Да 1920 большасць прыватных і каап. выд-ваў з-за папяровага крызісу закрыліся. Існаванне апазіцыйных газет станавілася немагчымым. На аснове дэкрэта СНК РСФСР «Аб ахове бібліятэк і кнігасховішчаў» ад 21.7.1918 ва ўласнасць дзяржавы перайшлі буйныя б-кі прыватных асоб і ліквідаваных устаноў. 3.11.1920 У.І.Ленін падпісаў дэкрэт «Аб цэнтралізацыі бібліятэчнай справы ў РСФСР», згодна з якім б-кі розных наркаматаў і ўстаноў уключаліся ў адзіную бібліятэчную сетку і перадаваліся ў падпарадкаванне Галоўпалітасветы. У складзе пазашкольных пададдзелаў Саветаў выдзяляліся бібліятэчныя секцыі, пад кіраўніцтвам якіх ствараліся б-кі на месцах, у т. л. хаты-чытальні. Разгортвалася сетка бібліятэк-перасовак. Да канца 1920 у БССР адкрыта 445 б-к з кніжным фондам больш за 700 тыс. тамоў.
Спрыяльнымі для развіцця бел. л-ры былі абставіны, што склаліся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, калі з абвяшчэннем свабоды слова з’явілася магчымасць друкаваць творы на роднай мове. Аднак развіццю гэтага працэсу перашкаджалі ўмовы ваен. часу: бежанства, удзел літаратараў у баявых дзеяннях, праца ў арг-цыях дапамогі ахвярам вайны. Тым не менш, у гэты час з’явілася значная колькасць бел. мастацкіх, літ.-знаўчых і крытычных твораў, рабіліся пераклады, вялася праца па стварэнні ўласнай навук. і навуч. л-ры (гіст., геагр., сельскагаспадарчай). Два цэнтры бел.нац. руху Мінск і Вільня былі і літаратурнымі цэнтрамі. Існаванне значнай колькасці газет і часопісаў дазваляла часткова вырашыць праблему з выданнем твораў. Так, газ. «Гоман» (Вільня) друкавала творы Я.Купалы, Цёткі, М.Гарэцкага, А.Гурло, Ц.Гартнага, А.Гаруна, З.Бядулі і інш. У газ. «Вольная Беларусь» (Мінск) апублікаваны ўрыўкі з паэм Я.Коласа «Сымон-музыка» і «Новая зямля», яго апавяданні, вершы, п’есы. Газета друкавала таксама творы М.Багдановіча, З.Верас, І.Дварчаніна і інш. Творчасць бел. пісьменнікаў і паэтаў была прасякнута нар. духам, адлюстроўвала грамадскія настроі, выяўляла патрыят. пазіцыі аўтараў. Успрыняцце кастрычніцкіх ідэй у асяроддзі бел. літаратараў ішло даволі складана. Іх творчасць мела нярэдка апазіцыйны да бальшавікоў характар. Разам з тым бальшавіцкая ўлада вымушана была лічыцца з дасягненнямі бел. л-ры. Нар. камісарыят асветы БССР з вер. 1920 выдаваў літ.-крытычны штомесячнік «Вольны сцяг», у якім друкаваліся У.Ігнатоўскі, Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, М.Гарэцкі. У 1918 выдадзена «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча (паралельна кірыліцай і лацінкай), дзе ўпершыню вызначаны правапісныя нормы сучаснай бел. мовы. На аснове гэтай граматыкі пачалі друкавацца падручнікі па бел. мове інш. аўтараў. Працягвалі сваю працу гісторыкі М.Нікольскі, У.Пічэта, У.Ігнатоўскі, мовазнавец і этнограф Я.Карскі, этнограф і фалькларыст А.Сержпутоўскі. Выйшлі навуч. дапаможнікі «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.Ігнатоўскага, «Гісторыя беларускай літаратуры» М.Гарэцкага, «Геаграфія Беларусі» А.Смоліча.
Адной з форм палітыка-асв. працы ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 стала агітац.-масавае мастацтва. Асн. ролю ў ім адыгрывалі такія віды, як плакат, афармленне масавых свят і дэманстрацый, манументальныя і агітац.-дэкаратыўныя размалёўкі (лозунгі, тэматычныя і дэкаратыўныя пано), агітпараходы і агітцягнікі. Агітац.-масавую скіраванасць меў і ленінскі план манументальнай прапаганды. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 12.4.1918 «Аб помніках рэспублікі» да 1.5.1918 былі зняты або закрыты шэраг манархічных помнікаў. Спіс новых помнікаў, якія меркавалася паставіць на ўшанаванне памяці рэвалюцыянераў і прагрэсіўных дзеячаў усіх часоў і народаў (69 імён), зацверджаны СНК РСФСР 30.7.1918. Гал. цэнтрам маст. жыцця Беларусі быў Віцебск, дзе ў 1918 па розных прычынах і найперш таму, што горад знаходзіўся ў баку ад ваен. дзеянняў, апынуліся знакамітыя мастакі з Масквы, Петраграда і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве, як і ў літаратуры, барацьба ішла ў асн. па 2 кірунках: паміж прыхільнікамі традыцыйнай манеры жывапісу і «левымі», якія абвясцілі рэалізм устарэлым, панска-бурж. і заклікалі да поўнага яго адмаўлення. Вял. месца ў дзейнасці апошніх займала прапагандысцка-асв. праца, у якой пераважным кірункам быў т.зв. «рэвалюцыйны стыль». Яго прадстаўлялі мастакі Віцебска М.Шагал і К.Малевіч. Гал. творамі мастацтва з’яўляліся плакаты. Вядомымі былі творы гэтага жанру М.Шагала («Мір хацінам, вайна палацам»), Л.Лісіцкага («Клінам чырвоным бі белых»). Развівалася карыкатура (творы С.Юдовіна). У партрэтах і пейзажах Ю.Пэна, Я.Кругера, М.Станюты, В.Бялыніцкага-Бірулі працягваліся традыцыі рэалізму. Шмат бел. мастакоў знаходзіліся ў гэты час па-за межамі Беларусі: партрэтысты Я.Кругер — у Казані, В.Волкаў — у Пецярбургу, Г.Віер і А.Курбатаў афармлялі агітац. малюнкамі вагоны ваен. цягнікоў. На розных франтах ваявалі пейзажыст М.Дучыц, партрэтыст і скульптар А.Грубэ, партрэтыст і графік М.Гусеў, карыкатурыст К.Елісееў.
Перыяд 1914—20 звязаны са станаўленнем бел.прафес. тэатральнага мастацтва, стварэннем муз.навуч. устаноў у Беларусі. Бел. трупы ставілі спектаклі па творах Э.Ажэшкі «Хам» і «У зімовы вечар», п’есы Я.Купалы «Паўлінка», «У купальскую ноч», «Раскіданае гняздо», Ф.Аляхновіча «На вёсцы», «Бутрым Няміра», К.Каганца «Модны шляхцюк» і інш. З 1916 пры Бел. клубе ў Вільні працаваў аматарскі тэатр пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У Мінску ў крас. 1917 пачало дзейнасць 1-е бел.т-ва драмы і камедыі, створанае Ф.Ждановічам пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага, У.Галубка. Пасля заняцця Мінска бальшавікамі ў канцы 1918 з тэатраў Ф.Аляхновіча і Ф.Ждановіча створаны Бел. пралетарскі тэатр, які пазней стаў Бел.сав. тэатрам. 14.9.1920 аддзел мастацтва Наркамата асветы БССР адкрыў у Мінску Бел.дзярж.тэатр. Арганізоўваліся розныя тэатр. і муз. ўстановы і ў інш. гарадах Беларусі. У Віцебску працавалі 4 тэатры, тэатр. студыя, муз. школа, акруговы муз. аддзел, 2 сімф. і 5 духавых аркестраў. Развівалася маст. самадзейнасць. Напр., у Тураўлянскай вол. Полацкага пав. быў адкрыты Нар. дом, дзе сіламі мясц. інтэлігенцыі, рабочых і сялян пастаўлена 6 спектакляў. У 1918 створаны нар. кансерваторыі ў Віцебску і Гомелі, у 1919 — у Мінску. Гал. мэтай гэтых устаноў была папулярызацыя муз. мастацтва. Адкрываліся і муз. школы. Папулярнасцю карысталася кіно. У 1918 пачалі здымацца агітфільмы, якія адлюстроўвалі значныя моманты барацьбы на франтах, у гасп. і культ. будаўніцтве, тлумачылі актуальныя паліт. задачы, мабілізоўвалі народ на барацьбу з праціўнікамі бальшавікоў, інтэрвентамі, голадам, разрухай. Такія фільмы былі разлічаны на рабочых, сялян, чырвонаармейцаў і вызначаліся прастатой, лаканічнасцю, публіцыст. завостранасцю. У 1919 сав. ўлада нацыяналізавала кінематаграфічную прадукцыю і кінатэатры. Кіно ператваралася ў найважнейшы сродак прапаганды, ствараўся адпаведны рэпертуар, а для большага ахопу насельніцтва пачалі працу і кінаперасоўкі. Працягвалі дзейнасць музеі. Магілёўскі музей у 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царк.-археал. музеем, а з 1919 стаў Дзярж.гіст. музеем. 7.11.1919 у Гомелі на базе нацыяналізаваных калекцый кн. І.Ф.Паскевіча створана пастаянная музейная экспазіцыя. 20.1.1919 пачаў працу музей у Мінску. Аснову яго калекцый склалі ўцалелыя пасля вайны матэрыялы дарэв. музеяў Мінска. У канцы 1918 на базе калекцый краязнаўца А.Брадоўскага і музея Віленскага вайск. сходу (эвакуіраваны ў Віцебск у 1-ю сусв. вайну) заснаваны Віцебскі губ. музей, які пазней папоўнены матэрыяламі з калекцый А.Сапунова, Е.Раманава і прыватнага музея В.Федаровіча.
Рэв. і ваен. падзеі з іх велізарнымі матэрыяльнымі і людскімі стратамі, а таксама акупац. рэжымы парушылі пераемнасць у культ. развіцці грамадства, разам з тым выклікалі значны зрух у культ. жыцці на бел. землях, садзейнічалі ўздыму энтузіязму сярод бел.нац. дзеячаў, якія шмат зрабілі для развіцця культуры краю ў новых, вельмі складаных паліт., матэрыяльных і маральных абставінах. Беларусы заявілі пра сябе ў свеце, а бел. культура выявіла свой значны патэнцыял, які стаў добрым грунтам для культ. развіцця ў 1920-я г.
Літ.:
Народное образование в БССР: Сб. док. и материалов. Т. 1 (1917—1928 гг.). Мн., 1979;
Каменская Н.В. Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Мн., 1980;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. М., 1987;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. 1917—1941. Мн., 1990;
Ершова Э.Б. Исторические судьбы художественной интеллигенции Белоруссии (1917—1941). М., 1994;
Ляхоўскі У Пачатак тварэння беларускае нацыянальнае школы // Спадчына. 2001. № 1—2;
Glogowska H. Białorus 1914—1929: Kultura pod presją polityki. Białystok, 1996.
І.М.Раманава.
Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.Нямецкія салдаты ў Мінску. 1918.Першая Устаўная грамата БНР. Люты 1918.Газета Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі з тэкстам Маніфеста аб абвяшчэнні БССР. 1919.Фрагменты Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. 1919.Дэлегаты 1-га Усебеларускага з’езда Саветаў. Мінск. 2—3.2.1919.М.І.Калінін праводзіць войскі на Заходні фронт. Мінск. Траецкая плошча. 20.6.1919.Артылерыя на перадавых пазіцыях каля Барысава. На пярэднім плане А.Ф.Мяснікоў. 1920.Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў. 1919—20.Загад камандуючага Заходнім фронтам М.М.Тухачэўскага аб стварэнні ССРБ. 12.8.1920.