сельскагаспадарчая метэаралогія, навука, якая вывучае метэаралагічныя, кліматычныя і гідралагічныя ўмовы, што маюць значэнне для сельскай гаспадаркі. Амаль не адмежавана ад агракліматалогіі (вывучае клімат як фактар с.-г. вытв-сці). Задачы аграметэаралогіі: вывучэнне заканамернасцяў фарміравання метэаралагічных і кліматычных умоў с.-г. вытв-сці, мікраклімату палёў; распрацоўка метадаў колькаснай ацэнкі ўплыву метэаралаг. фактараў на рост і фарміраванне ўраджаю, на развіццё шкоднікаў і хвароб с.-г. культур; абгрунтаванне эфектыўных мер па пераадоленні неспрыяльных і небяспечных для сельскай гаспадаркі гідраметэаралагічных з’яў; агракліматычнае абгрунтаванне прыёмаў меліярацыі; распрацоўка метадаў аграметэаралагічных прагнозаў; с.-г. ацэнка кліматычных рэсурсаў тэрыторыі і інш. На Беларусі рэгулярныя аграметэаралагічныя назіранні праводзяцца з 1921; у 1995 — на 48 метэастанцыях, у т. л. на 5 аграметэаралагічных станцыях. На аснове шматгадовых назіранняў падрыхтаваны агракліматычныя даведнікі (выд. 1958, 1970, 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.
Тв.:
1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;
О самодержавии и конституции М., 1905;
О церкви. М., 1905.
Літ.:
Твардовская В.А. Идеология пореформенного самодержавия: (М.Н.Катков и его издания). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),
1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (1/10 частка збожжа, мёду і інш.).
2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся 1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі ваен., эканам. і паліт. характару, рознага роду адкрыцці, вынаходствы і інш., якія адносяцца да дзярж. сакрэтаў і ахоўваюцца дзяржавай. Ахова Дз.т. прадугледжвае шэраг прававых, арганізац., інж.-тэхн. і інш.мер па абмежаванні распаўсюджання звестак, аднесеных да дзярж. сакрэтаў. У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах» ад 29.11.1994 ахове падлягаюць звесткі, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нац. бяспецы, абараназдольнасці і жыццёва важным інтарэсам дзяржавы. Пералік гэтых звестак зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў. Ахову Дз.т. ажыццяўляюць органы заканад., выканаўчай і суд. улады, органы мясц. кіравання і самакіравання, органы дзярж. кантролю і нагляду, юрыд. асобы. Парадак карыстання і распараджэння звесткамі, якія складаюць Дз.т., вызначаецца заканадаўствам. Нагляд за заканадаўствам у дзейнасці па ахове Дз.т. ўскладзены на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў. Выдаванне Дз.т. з’яўляецца крымін. злачынствам і цягне за сабой крымін. адказнасць. С.У.Скаруліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАКО́ЛЬНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
асяроддзе пражывання і вытв. дзейнасці чалавека. Уключае прыроднае асяроддзе і штучнае (тэхнагеннае) асяроддзе (жылыя пабудовы, прамысл. прадпрыемствы, каналы, вадасховішчы і інш.). Узаемаадносіны чалавека і Н.а. грунтуюцца на іх непарыўнай сувязі, якая пастаянна адбываецца праз абмен рэчываў, энергіі і інфармацыі з прыродным асяроддзем, пераважна на аснове прац. дзейнасці чалавека. Змест і функцыянаванне Н.а. вызначаюцца прыроднымі і сац. фактарамі. Ва ўмовах навукова-тэхн. рэвалюцыі сфера чалавечай дзейнасці практычна ахапіла геаграфічную абалонку і касм. прастору (гл.Наасфера). Чалавечае грамадства істотна змяніла Н.а. ў працэсе яго гасп. асваення (гл.Антрапагеннае ўздзеянне на прыроду), асабліва значныя змены адбыліся ў вял. гарадах. У многіх выпадках умяшанне чалавека ў прыродныя працэсы мела негатыўныя вынікі (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Ужо недастаткова мер па ахове атмасферы, вод, глеб і інш. кампанентаў прыроднага асяроддзя (гл.Ахова прыроды) у межах асобных краін, таму ўзнікла неабходнасць аб’яднаць і актывізаваць намаганні ўсіх народаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,
форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш.мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.
меры, якія прымяняюцца ў адносінах да непаўналетняга, які ўчыніў злачынства, што не ўяўляе вял. грамадскай небяспекі, або ўчыніў упершыню менш цяжкае злачынства. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь замест прымянення крымін. пакарання суд можа пастанавіць абвінаваўчы прыгавор і назначыць такой асобе меры: перасцярогу (тлумачэнне непаўналетняму вынікаў паўторнага ўчынення злачынстваў, прадугледжаных законам); ускладанне абавязацельства публічна ў інш. форме, якую вызначыць суд, прынесці прабачэнне пацярпеламу; ускладанне на непаўналетняга абавязацельства ў наступным пакрыць сваімі сродкамі або працай нанесеныя ім страты; абмежаванне свабоды вольнага часу на пэўны тэрмін (забарона наведвання пэўных месц, абмежаванне знаходжання па-за домам у пэўныя часы сутак, абавязковая яўка для рэгістрацыі ў орган, які кантралюе яго паводзіны); змяшчэнне на тэрмін да 2 гадоў у спец.навуч.-выхаваўчую або лячэбна-выхаваўчую ўстанову. У выпадку злоснага ўхілення непаўналетняга ад выканання гэтых мер суд можа замяніць прызначаную меру на больш строгую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РЫН (Мікалай Іванавіч) (9.10.1888, Масква — 15.3.1938),
савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Акад.АНСССР (1929). Удзельнік рэв. 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 лідэр «левых камуністаў» (гл. ў арт.Брэсцкі мір 1918). У 1918—29 рэдактар газ. «Правда». У 1919—29 чл. Выканкома Камінтэрна. Выступаў разам з І.В.Сталіным супраць Л.Д.Троцкага, Л.Б.Каменева, Г.Е.Зіноўева. У 1934—37 рэдактар газ. «Известия». Адстойваў палітыку «ваеннага камунізму», лічачы яе арган. рысай пераходнага перыяду ад капіталізму да сацыялізму, падтрымліваў асн. кірункі нэпа. У канцы 1920-х г. выступаў супраць выкарыстання надзвычайных мер пры правядзенні калектывізацыі і індустрыялізацыі, што было аб’яўлена «правым ухілам у ВКП(б)». Чл.ЦКВКП(б) у 1917—34, чл. Палітбюро ЦК у 1924—29. Працы па філасофіі і палітэканоміі. У 1937 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Тв.:
Изб. произв. М., 1990.
Літ.:
Коэн С. Бухарин: Полит. биогр., 1888—1938: Пер. с англ. М.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІТА́РНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у галіне гуманіт. (грамадскіх) навук. Структура гуманітарнай адукацыі вызначаецца традыцыямі адукацыі і выхавання, якія склаліся ў канкрэтных супольнасцях. У краінах Зах. Еўропы і ЗША да гуманіт. дысцыплін адносяць гісторыю, філасофію, рэлігіязнаўства, л-ру, выяўл. мастацтва, музыку, замежную і родную мовы, а таксама сац. навукі (псіхалогію, эканоміку, сацыялогію, антрапалогію, лінгвістыку, паліт. дысцыпліны). У Беларусі і ў інш. краінах СНД гуманітарная адукацыя трактуецца больш расшырана — як сац.-гуманітарная ці гуманітарная і сац.-эканамічная. Змест гуманітарнай адукацыі вызначаецца сукупнасцю навук, якія дазваляюць чалавеку пазнаць самога сябе, навакольнае асяроддзе, шляхі развіцця грамадства з улікам яго культ.-гіст. спадчыны. У сістэме адукацыі Беларусі сац.-гуманіт. падрыхтоўка ахоплівае гіст., эканам., сац.-паліт., правазнаўчыя, псіхолага-пед. дысцыпліны, родную і замежную мовы. У ліку асн. тэндэнцый рэфармавання адукацыі прадугледжваецца гуманізацыя (змест гуманітарнай адукацыі павінен грунтавацца на антрапакультуралагічным падыходзе) і гуманітарызацыя (сістэма мер, праз якія рэалізуюцца высакародныя мэты і прынцыпы гуманіст. каштоўнасцей у навуч. працэсе).