характарыстыка памеру часцінак дысперснай фазы ў дысперсных сістэмах. Адваротна прапарцыянальная дыяметру часцінкі, характарызуецца велічынёй удзельнай паверхні (усярэднены паказчык Д.) — адносінамі агульнай паверхні дыспергаванага ў дадзеным асяроддзі цела да яго аб’ёму ці масы. Для тонкасітаватых цел аналагічным паняццем з’яўляецца сітаватасць. Д. — важны тэхнал. паказчык у вытв-сці пігментаў, напаўняльнікаў пластмас, пестыцыдаў і інш. парашкападобных прадуктаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЦЫ́Т (ад лац. Dacia Дакія),
магматычная горная парода, эфузіўны аналаг гранадыярытаў і кварцавых дыярытаў. Складзена з тонказярністай або шклістай асн.масы і ўкрапванняў плагіяклазу, кварцу, рагавой падманкі і інш. Структура парфіравая або афіравая. Колер светла-шэры, зеленавата-шэры, чырванаваты. Шчыльн. 2650 кг/м³. Д. вядомы ў вулканагенных тоўшчах усіх узростаў, асабліва ў кайназойскіх. Буд. матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад гіпер... + інфляцыя),
выключна хуткі рост таварных цэн і грашовай масы ў абарачэнні (да 50% за месяц). Вядзе да рэзкага абясцэнення грашовай адзінкі, расстройства плацежнага абароту, парушэння нармальных гасп. сувязей і катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця. Найчасцей абумоўлена экстраардынарнымі фактарамі — вайной, эканам. разрухай і інш.Найб. адмоўна ўплывае на эканам. становішча насельніцтва з фіксаванымі даходамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),
простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.І.Алісавым у 1869.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́НА (ням. Lawine ад позналац. labina апоўзень),
абвал снегу або лёду, што саслізгвае са стромкіх горных схілаў і захоплівае на сваім шляху снежныя масы. Сярэдняя скорасць Л. 20—30 м/сек, аб’ём знесенага матэрыялу ад соцень тысяч да мільёнаў кубаметраў. Найб. часта бываюць у Альпах, Кардыльерах, на Каўказе, у гарах Сярэдняй Азіі; утвараюць моцныя разбурэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЁРТВЫ ЛЁД»,
маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,
здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.
М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10−24—10−26г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл.Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.
Літ.:
Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,
агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.
Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн.м²/сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫАЗАНА́НТЫ,
хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.