ІАА́Н II (Камнін) (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),

імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАВЫЯ МЕ́ТАДЫ ў матэматыцы,

метады набліжанага рашэння матэм. задач, якія зводзяцца да выканання канечнай колькасці элементарных аперацый над лікамі. Вылічэнні выконваюцца ўручную ці з дапамогай вылічальных машын. Распрацоўка новых Л.м. і выкарыстанне іх у ЭВМ прывялі да ўзнікнення вылічальнай матэматыкі. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне, Набліжаныя формулы.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВІК,

археалагічны помнік у правінцыі Сконе на Пд Швецыі, месца размяшчэння аднаго з буйнейшых пахавальных насыпаў у Скандынавіі. Меў 64 м у дыяметры, насыпаны над цыстай (каменная скрыня для пахавання), пліты якой упрыгожаны малюнкамі з выявамі працэсій, чалавечых фігур, калясніцы з вознікам, караблёў, коней, сякер, сонечных дыскаў. На час адкрыцця (1748) быў поўнасцю разрабаваны. Паводле стылю малюнкаў датуецца 10 ст. да н.э.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»

(«Głos znad Niemna»),

газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́БУГ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 160 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Грабоўскія, Доўнар-Запольскія, Каняцпольскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы з пастаўленым на ёй залатым кавалерскім крыжом. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова сярэбранага харта. У першапачатковым варыянце герб меў чырв. поле. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Побуг».

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,

збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.

Буравыя вышкі: а — вежавая; б — А-падобная.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕЧСКІ ЛЕДАВІ́К (Aletschgletscher),

самы вялікі ледавік у Альпах, у Швейцарыі. Пл. 87 км². Даўж. 24,7 км. Далінны ледавік з прытокамі. Спускаецца з Бернскіх Альпаў на Пд і ПдЗ у даліну р. Рона да выш. 1520 м. Над Алечскім ледавіком узвышаюцца вяршыні Алечгорн, Юнгфрау і інш. Турызм (спец. чыгунка да выш. 3500 м, канатныя дарогі, атэлі і інш.).

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́БЕДЗЬ»,

прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІС»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 200 родаў Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы, у т. л. Ваньковічы, Наркевічы-Ёдкі, Парчэўскія, Сапегі, Свірскія. У чырв. полі сярэбраная двойчы перакрыжаваная страла, клейнод — над прылбіцай з каронай верхняя палавіна чырв. ліса. Існавала некалькі варыянтаў герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ліс».

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЯ НОЧ,

перыяд, калі Сонца не ўздымаецца над гарызонтам і няма прамога сонечнага асвятлення зямной паверхні. Назіраецца на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 10 снеж. да 3 студз., на 82° паўн. ш.з 17 кастр. да 26 лютага. На Паўн. полюсе Сонца не ўзыходзіць 176 сут.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)