агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. polarisation ад грэч. polos вось, полюс) біяэлектрычная, наяўнасць падвойнага электрычнага слоя на мяжы змесціва жывой клеткі і знешняга асяроддзя. Абумоўлена будовай біялагічных мембран і нераўнамерным размеркаваннем неарган. іонаў (у асаблівасці іонаў натрыю, калію, хлору і інш.) у клетцы і вакол яе. Вонкавая паверхня клеткі ў стане спакою мае дадатны зарад, а ўнутр. — адмоўны.
П. — непасрэдная прычына ўзнікнення мембраннага патэнцыялу (патэнцыялу спакою). Выбіральнае павелічэнне іоннай пранікальнасці біял. мембран вядзе да змены П. Напр., пранікненне іонаў натрыю ў клетку праз мембрану ўзбуджанага ўчастка нерва вядзе да дэпалярызацыі мембраны і ўзнікнення патэнцыялу дзеяння. Час вяртання П. мембраны да ўзроўню спакою (сыходная фаза патэнцыялу дзеяння) наз. фазай рэпалярызацыі мембраны. Павелічэнне патэнцыялу спакою звыш нармальнага ўзроўню вядзе да гіперпалярызацыі мембраны.
Адносна стабільны ўзровень П. жывой клеткі забяспечваецца пастаянствам электрахім. градыентаў, якое падтрымліваецца работай іонных помпаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Мембранная тэорыя ўзбуджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯў электрахіміі,
адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешнягаэл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.
Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад анты... + ферамагнетызм),
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва, якому ў адсутнасць знешнягамагн. поля адпавядае антыпаралельная арыентацыя магн. момантаў суседніх атамаў (іонаў) і нулявая намагнічанасць рэчыва ў цэлым. Выяўлены ў канцы 1920-х г., тэарэтычна абгрунтаваны Л.Неелем (1932, Францыя) і Л.Д.Ландау (1933).
Антыферамагн. структура — сістэма ўстаўленых адна ў адну магн. падрашотак, у вузлах якіх знаходзяцца іоны аднаго віду з аднолькавымі па значэнні і напрамку магнітнымі момантамі. У знешнім магн. полі антыферамагнетыкі слаба намагнічваюцца. Пры т-рах вышэй за Нееля пункт (TN) антыферамагн. парадак разбураецца за кошт цеплавога руху атамаў (іонаў) і антыферамагнетык пераходзіць у парамагн. стан (фазавы пераход 2-га роду), таму пры T=TN тэмпературныя залежнасці магн. успрымальнасці, цеплаёмістасці і інш. маюць анамаліі. На частотах, блізкіх да ўласнай частаты прэцэсіі магн. момантаў падрашотак, назіраецца антыферамагнітны рэзананс.
Літ.:
Преображенский А.А., Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМБССР і Ін-там гісторыі АНБССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.
1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл.Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).
Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн выпрамяненнем выражаецца формулай
, дзе
— энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНЫ СТЭРЭАТЫ́П,
адносна ўстойлівая адаптыўная сістэма рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга асяроддзя; адзін з найб. складаных феноменаў вышэйшай нерв. дзейнасці. Мае важнае значэнне ў адаптацыі жывёл і чалавека. Асновай Д.с. з’яўляецца фарміраванне сукупнасці сувязей і ўзаемаадносін паміж ачагамі ўзбуджэння і тармажэння ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга ў адказ на шматразовае стэрэатыпнае ўздзеянне вызначаных камбінацый умоўных раздражняльнікаў, што змяняюць адзін аднаго і спадарожнічаюць індывіду ўсё жыццё. Як адзіны комплекс Д.с. складваецца ў выніку накладвання наступных стымулаў на сляды папярэдніх. На гэтай аснове ствараюцца звычкі, традыц. распарадак дня чалавека і інш. Д.с. выпрацоўваецца паступова, дасягае высокай устойлівасці, забяспечвае аўтам. эканомнае з пункту гледжання расходу нерв. энергіі прыстасаванне да змен наваколля, бо звыклая дзейнасць для арганізма значна лягчэйшая, чым новая. Са зменай абставін Д.с. зведвае перабудову, ступень цяжкасці якой залежыць ад характару раздражняльніка, асаблівасцей вышэйшай нерв. дзейнасці і можа прыводзіць да яе зрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,
сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.
Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫэкалагічныя,
рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго з мінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца з дапамогай біяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял. колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешнягаэл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.