ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАПРАМЫСЛО́ВЫЯ СУ́ДНЫ,

марскія, рачныя або азёрныя судны для здабычы (лоўлі), апрацоўкі і транспартавання рыбы. Да рыбалоўных Р.с. адносяцца траўлеры, сейнеры, рыбалоўныя боты і інш.; да рыбаапрацоўчых — плывучыя базы, кансервавыя з-ды і вытв. рэфрыжэратары (прымаюць рыбу-сырэц ад здабыўных суднаў і перапрацоўваюць яе ў паўфабрыкат ці гатовую прадукцыю); да транспартных — быстраходныя трансп. рэфрыжэратары. Гл. таксама Рыбная прамысловасць.

Рыбапрамысловае судна: транспартны рэфрыжэратар.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САА́РСКА-ЛАТАРЫ́НГСКІ КАМЕННАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

На мяжы Францыі (Латарынгія) і Германіі (Саар). Адзін з буйнейшых у Зах. Еўропе. Эксплуатуецца з пач. 19 ст. Пл. каля 7 тыс. км². Верагодныя запасы да глыб. 1200 м каля 3 млрд. т. Вугляносныя адклады верхняга карбону. Вуглі каксавальныя і газавыя. Цеплыня згарання 31,5—35,7 МДж/кг. Гал. цэнтры здабычы: Саарбрукен, Фёльклінген, Нойнкірхен (Германія), Фарбак, Мерлебак, Пціт—Расель (Францыя).

т. 14, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІКА́МСК,

горад у Пермскай вобл. Расіі. Засн. ў 1430. 106 тыс. ж. (2000). Прыстань на р. Кама. Чыг. станцыя. Буйны цэнтр хім. і нафтахім. прам-сці, здабычы і перапрацоўкі калійных солей, вытв-сці калійных і калійна-магніевых угнаенняў, тэхн. солі; цэлюлозна-папяровы камбінат; з-ды: гумава-тэхн. прадукцыі, магніевы, суднарамонтны; дрэваапрацоўчая прам-сць. Пед. ін-т. Краязн. музей. Арх. помнікі 17—19 ст.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЗЕРАВА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

спосаб апрацоўкі глебы, які забяспечвае яе адначасовае рыхленне, раскрышванне і перамешванне на глыб. 20—25 см. Стварае роўную і рыхлую паверхню, у вял. ступені распыльвае глебу. Праводзяць пры асваенні асушаных балот, задзернаваных і ўкрытых купінамі зямель, таксама пры паляпшэнні лугоў і пашы, пры здабычы торфу, як асн. прыём перадпасяўной апрацоўкі цяжкіх мінер. глеб. Выконваецца глебаапрацоўчымі прыладамі фрэзернага і ратацыйнага тыпу.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРКУТА́,

горад у Расійскай Федэрацыі, у Рэспубліцы Комі, за Палярным кругам. Засн. ў 1931. 109,4 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Цэнтр здабычы вугалю (гл. Пячорскі вугальны басейн). Металаапрацоўка (рамонт горна-шахтавага абсталявання і буд. тэхнікі, вытв-сць буд. металаканструкцый), дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, вата мінер. і інш.). Пячорскі н.-д. вугальны ін-т. Тэатры драм. і лялек. Краязнаўчы музей.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ—АСТРА́ЎСКА-КА́РВІНСКІ КАМЕННАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Польшчы і Чэхіі. У Польшчы (5500 км²) наз. Верхнесілезскі і займае частку Катавіцкага і Кракаўскага ваяводстваў, у Чэхіі (1000 км²) — Астраўска-Карвінскі. Вугляносныя адклады карбону. Агульныя запасы да глыб. 1000 м — каля 100 млрд. т каменнага вугалю. Цеплыня згарання 26—30 МДж/кг. Большая частка вугалю абагачаецца. Асн. цэнтры здабычы — г. Катавіцы (Польшча) і г. Острава (Чэхія).

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧО́С,

верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВУ́ГАЛЮ І СТА́ЛІ (ЕАВС),

дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя, створаная ў 1951 з мэтай садзейнічаць пашырэнню і мадэрнізацыі здабычы вугалю, руды. вытв-сці металу. Напачатку аб’ядноўвала ФРГ, Францыю, Італію, Бельгію, Нідэрланды і Люксембург, пазней з расшырэннем складу ўдзельнікаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўключыла Вялікабрытанію, Данію, Ірландыю, Грэцыю, Іспанію і Партугалію. У 1967 органы аб’яднання зліліся з органамі ЕЭС і Еўраатама. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГАНДЗІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Казахстане, у бас. р. Нура. Пл. каля 3600 км². У тоўшчы вугляносных адкладаў карбону (магутнасць да 5 км) каля 30 рабочых пластоў. Разведаныя запасы вугалю 7,84 млрд. т. Вуглі каменныя і бурыя. Здабыча з 1854, планамернае асваенне з 1930. Цеплыня згарання на рабочае паліва 21 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Асн. цэнтры здабычы: гарады Караганда, Сарань, Абай, Шахцінск.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)