работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл.Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл.Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл.Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл.Геатэхналогія) і інш.
Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл.Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА«Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.
Літ.:
Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.
Б.А.Багатаў, М.І.Беразоўскі.
Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХТО́Н (ад ала... + грэч. chthōn зямля),
часткі складкавых структур горных парод, якія насунуты на нязрушаныя аўтахтонныя структуры (гл.Аўтахтон) і ўтвараюць тэктанічнае покрыва. Адрозніваецца ад перакрытых утварэнняў складам, генезісам, магутнасцю, узроўнем метамарфізму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,
тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГО́Р’Е,
адносна кароткае вузкае адгалінаванне горнага хрыбта, якое адыходзіць ад галоўнага хрыбта пад вуглом; хрыбет другога парадку. Утвараецца пры расчляненні гор мясц. вадасцёкамі, а таксама ў выніку разгалінавання горных ланцугоў, часам пры мясц. неатэктанічных падняццях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІРО́ЎНЫ ГАРЫЗО́НТ, апорны гарызонт,
слой (пласт) у тоўшчах горных парод з устойлівымі адметнымі прыкметамі (літалагічны састаў, колер, зярністасць, мінер. ўключэнні, праслоі, арган. рэшткі і інш.). Важнейшы элемент пры геал. карціраванні, карэляцыі разрэзаў, дэшыфраванні аэрагеал. фотаздымкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),
буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія ўзнікаюць пры глыбінных (эндагенных) працэсах мінералаўтварэння. На паверхні Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання большасць гіпагенных мінералаў разбураецца і пераходзіць у гіпергенныя мінералы. На Беларусі гіпагенныя мінералы вядомы ў магматычных горных пародах крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм. працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш.касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ДЭНУДА́ЦЫІ, дэнудацыйны ўзровень,
ніжні ўзровень паверхні, да якога перамяшчаюцца (скочваюцца або змываюцца) прадукты разбурэння (выветрывання) горных парод. Звычайна адпавядае падэшве горнага схілу, дзе адбываецца акумуляцыя матэрыялу, які зносіцца зверху, і ўтвараюцца (пры стромкіх схілах) дэлювіяльныя шлейфы (гл.Дэлювій).