КУРАНЁЎ Вячаслаў Аляксандравіч

(н. 5.9.1947, г. Савецкая Гавань Хабараўскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-р тэхн. н. (1998), праф. (1999). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітна-ракетнае вучылішча (1969). З 1987 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па прасторава размеркаваных інфарм. сістэмах са структурнай і параметрычнай адаптацыяй. Распрацаваў шэраг шматпазіцыйных вымяральнікаў каардынат, адаптыўных да выпадковых змен паветраных умоў.

М.П.Савік.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СТАЎ Іван Георгіевіч

(нарадзіўся 18.3.1928, вёска Каралеўшчына Заходнядзвінскага раёна Цвярской вобласці, Расія),

беларускі вучоны ў галіне ветэрынарыі. Доктар ветэрынарных навук (1979), прафесар (1981). Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1952). З 1962 працуе ў ім. Працы па фармакалогіі і таксікалогіі фосфарарганічных злучэнняў, ферментных прэпаратах і іх выкарыстанні для прафілактыкі хвароб і павышэння прадукцыйнасці жывёл, па паразіталогіі свіней, вывучэнні фармакалагічных сродкаў для лячэння і прафілактыкі хвароб страўнікава-кішачнага тракту.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ МІЖНАРО́ДНАЙ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ

(Internacional Civil Aviation Organization; ІКАО),

спецыялізаваная ўстанова ААН па супрацоўніцтве дзяржаў у галіне грамадзянскай авіяцыі. Засн. ў 1944 на аснове Чыкагскай канвенцыі аб міжнар. грамадз. авіяцыі. Членамі яе з’яўляюцца каля 150 краін. Гал. мэты: распрацоўка і уніфікаванне тэхн. правілаў, якія рэгулююць міжнар. палёты і эксплуатацыю паветр. суднаў, аэрадромаў, аэранавігацыйных сродкаў; тэхн. дапамога ў арганізацыі грамадз. авіяцыі і кіраванні ёю. Штаб-кватэра ў Манрэалі.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕР (Baeyer) Адольф

(31.10.1835, Берлін — 20.8.1917),

нямецкі хімік. Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1872 праф. Страсбургскага, з 1875 Мюнхенскага ун-таў. Ажыццявіў поўны сінтэз індыга і ўстанавіў яго будову (1878—83). Даследаваў фталевыя, тэрпенавыя, пераксідныя, нітроза- і аксоніевыя злучэнні. Стварыў тэорыю напружанасці цыклічных злучэнняў (Баера тэорыя), якая тлумачыць іх стабільнасць. У 1910 уведзены памятны медаль Баера за дасягненні ў галіне арган. хіміі. Нобелеўская прэмія 1905.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР Павел Пятровіч

(н. 30.3.1952, г.п. Лоеў Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Працуе ў галіне габелена, маст. афармлення інтэр’ераў. Асн. работы: габелены «Кветкі» (1981, гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску), «Беларусь» (1982, з Н.Пілюзінай, гандлёвая палата Беларусі), трыптых «Купалле» (1991, Мазырскае муз. вучылішча), серыя габеленаў-ручнікоў «Хмара» (1994), «Маленне аб дажджы» (1995), «Дакрананне» (1996). Іл. гл. да арт. Габелен.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІШАЎ Япанчэ Вагізавіч

(н. 24.11.1925, г. Чыстапаль, Рэспубліка Татарстан),

вучоны ў галіне оптаэлектронікі. Д-р тэхн. н., праф. (1985). Скончыў Харкаўскае вышэйшае авіяц.-інж. вучылішча (1958). З 1963 у ВНУ г. Харкаў, з 1973 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па аптычнай лакацыі і сувязі, лазерных сістэмах кіравання аб’ектамі, валаконна-аптычных тэлекамунікацыйных сістэмах.

Тв.:

Многоканальные системы передачи оптического диапазона. Мн., 1986.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХІМО́ВІЧ Віктар Міхайлавіч

(н. 28.8.1941, г. Заслаўе Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1989). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1970). З 1977 у Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы па тэсціраванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і спосабах аднаўленчага лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тв.:

Реография: Импедансная плетизмография. Мн., 1978 (у сааўт.);

Инструментальные методы исследования в кардиологии: Руководство. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЬСКІ Эмануіл Хацкелевіч

(4.1.1891, Кіеў — 22.5.1982),

бел. вучоны ў галіне цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі. Д-р тэхн. н. (1950), праф. (1950). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1916). У 1929—76 у БПІ. Навук. працы па пытаннях гідрамеханікі патокаў, цепла- і масаабмену, разліку трубаправодаў.

Тв.:

Газоснабжение. 2 изд. Мн., 1966;

Гидравлический расчёт трубопроводов разного назначения. 2 изд. Мн., 1967.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАМЕ́ЙКА Сяргей Уладзіміравіч

(н. 24.9.1956, г.п. Воранава Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі, адначасова з 1987 у БДУ. Навук. працы па штучным інтэлекце, апрацоўцы відарысаў і распазнаванні вобразаў, сістэмах машыннага зроку.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РУС Аляксей Іванавіч

(26.9.1932, в. Юзэфіны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.9.1993),

бел. вучоны ў галіне спартыўнай анатоміі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1967 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах уздзеяння розных рэжымаў рухальнай дзейнасці на арганізм, марфал. асновах адаптацыі сасудзістай і нервовай сістэм шкілетных мышцаў да гіпакінезіі і інтэнсіўнай фіз. нагрузкі.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)