орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.Шульца з удзелам арх. Ю.Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.
Л.В.Іванова.
Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.Ходзькі. 1822.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],
полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн.Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус.правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).
Літ.:
Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;
Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;
Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
А.А.Мельнікаў.
Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач. ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд.ген. С.Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.
Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.
12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав. бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст.вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі
(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),
Вялікабрытаніі (адм. Р.Дракс) і Францыі (ген. Ж.Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.—ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш.сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.—жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл.Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ РЫ́МСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ», «Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі»,
сярэдневяковае дзярж. аб’яднанне, у склад якога ўваходзілі Германія (займала пануючае становішча), шэраг каралеўстваў, герцагстваў і зямель (Чэхія, Паўн. і Сярэдняя Італія з Рымам, Бургундыя, Нідэрланды, Швейцарыя, польскія землі і інш.). Гэтыя тэр. ў розны час і ў рознай ступені падпарадкоўваліся герм. імператару. Засн. ў 962 герм. каралём Атонам I. Вяла агрэсіўную палітыку, гал. чынам на У (землі палабскіх славян) і Пд (Італія), куды герм. каралі рэгулярна рабілі паходы для атрымання імператарскай кароны з рук рым. папаў і з мэтай падпарадкавання Італіі (фактычна кожны раз яе трэба было заваёўваць нанава). Барацьба імператараў з рым. папамі ў 11—13 ст. (за інвестытуру і інш.) аслабіла ўладу імператара над Італіяй і ўзмацніла асобныя герм. княствы. У сярэдзіне 13 ст. «С.Р.і.» страціла Італію, а Германія распалася на шэраг княстваў. Найб. моцныя князі — курфюрсты выбіралі імператара. Гэты парадак быў юрыдычна замацаваны Залатой булай Карла IV 1356. У 15 ст. фактычнай самастойнасці дамаглася Чэхія, аддаліўся Швейцарскі саюз; у 16 ст. да Іспаніі адышлі Нідэрланды. Паступова ўлада імператара стала намінальнай (не мела ні фін. сродкаў, ні арміі), а саслоўна-прадстаўнічая ўстанова — рэйхстаг быў паслухмяны герм. князям. З развіццём феад. адносін асобныя герм. княствы ўзмацніліся. Пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 у выніку Вестфальскага міру 1648 за герм. княствамі прызнана паліт. самастойнасць, што канчаткова ліквідавала імператарскую ўладу на тэр. Германіі. У час напалеонаўскіх войнаў з большасці ням. княстваў утвораны т. зв. Рэйнскі саюз 1806—13 пад пратэктаратам Напалеона I. Апошні імператар «С.Р.і.» Франц II Габсбург у 1806 адрокся ад рымска-герм. кароны, і імперыя перастала існаваць. Правячыя дынастыі «С.Р.і.»: Саксонская дынастыя (962—1024), Франконская дынастыя (1024—1125), Гогенштаўфены (1138—1254), Габсбургі (1273—1806 з перапынкамі), Люксембургі (1308—1437 з перапынкамі).
Літ.:
Неусыхин А.И. Очерки по истории Германии в средние века // Неусыхин АИ. Проблемы европейского феодализма. М., 1974;
Колесницкий Н.Ф. «Священная Римская империя» в освещении современной западногерманской историографии // Средние века. М., 1959. Вып. 14;
Шиндлинг А, Циглер В. Кайзеры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ КІТА́Я (КПК),
палітычная партыя левага кірунку ў Кітаі, найбуйнейшая ў свеце. Засн. ў ліп. 1921 на 1-м устаноўчым з’ездзе ў Шанхаі пры садзеянні Камуністычнага Інтэрнацыянала ва ўмовах уздыму нац.-рэв. руху і пашырэння ідэй марксізму-ленінізму ў Кітаі. Склалася на аснове марксісцкіх гурткоў Пекіна, Шанхая, Гуанчжоў і інш. (60 чал.) і эмігранцкай групы з Токіо. Заснавальнікі — Лі Дачжао, Мао Цзэдун і інш. 1-ы з’езд абвясціў канчатковай мэтай партыі пабудову ў Кітаі сацыялізму. 2-і з’езд (1922) вызначыў найбліжэйшай задачай партыі ажыццявіць дэмакр. рэвалюцыю. У 1923—27 супрацоўнічала з партыяй Гаміньдан, удзельнічала ў рэвалюцыі 1925—27. Пасля захопу ўлады Чан Кайшы і інш. правымі лідэрамі Гаміньдана (крас.—ліп. 1927) КПК, якой з 1935 кіраваў Мао Цзэдун, абапіраючыся на свае ўзбр. сілы (Чырв. армію, з 1946 Нар.-вызв. армію Кітая), вяла вайну з гаміньданаўскім рэжымам і адначасова ў 1937—45 сумесную з Гаміньданам вайну супраць яп. войск, якія акупіравалі ч. краіны. У выніку перамогі над Гаміньданам у грамадз. вайне 1946—49 прыйшла да ўлады (1949) і стала кіруючай партыяй. З сярэдзіны 1950-х г. у КПК сапернічалі радыкальная (лідэр Мао Цзэдун) і прагматычная (лідэр Дэн Сяапін) фракцыі, выявіліся рознагалоссі з КПСС. Мао Цзэдун ініцыіраваў у 1958 «вял. скачок», у 1966 — «культ. рэвалюцыю», якія прывялі краіну да стану цяжкага крызісу. Пасля яго смерці (1976) у кіраўніцтва КПК прыйшлі прагматыкі на чале з Дэн Сяапінам, якія правялі шэраг рэформ, скіраваных на рынкавыя пераўтварэнні ў эканоміцы краіны. Пасля распаду сусв.сацыяліст. сістэмы (канец 1980-х — пач. 1990-х г.) КПК не адмовілася ад манаполіі на паліт. ўладу, але абмежавала свой удзел у кіраванні эканомікай. Яна працягвае прытрымлівацца асн. ідэй марксізму-ленінізму і Мао Цзэдуна (гл.Мааізм). Налічвае больш за 58 млн.чл. (1997). Вышэйшы орган — з’езд (15-ы з’езд адбыўся ў вер. 1997), паміж з’ездамі партыяй кіруюць ЦК, яго Палітбюро, Пастаянны к-т, Сакратарыят, Цэнтр. камісія па праверцы дысцыпліны і Ваен. савет ЦК. Ген. сакратар ЦК з чэрв. 1989 Цзян Цзэмінь. Друкаваныя органы ЦК — газ. «Жэньмінь жыбао» («Народная газета») і час. «Хунцы» («Чырвоны сцяг»), Разам з дэмакр. партыямі і грамадскімі арг-цыямі КПК утварае Нар.паліт. кансультатыўны савет Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,
род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.
Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл.Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс.чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.
Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс.чал., 1998).
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;
Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;
Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.