СКАРАДЗІ́Т (ад грэч. skorodon часнок; ад часночнага паху, што ўзнікае пры ўдары па мінерале),

мінерал класа арсенатаў прыродных, гідрат арсеніду жалеза, Fe [As O4]∙2H2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі, утварае зямлістыя масы, рэдка крышталі пірамідальныя, прызматычныя, таблітчастыя. Колер шаравата-зялёны, зеленавата-буры. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,3 г/см³. Крохкі. Паходжанне гіпергеннае. Трапляецца ў жалезных шапках, у зонах акіслення рудных радовішчаў, вакол некат. тэрмальных крыніц у Аўстраліі, Францыі, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Намібіі, Бразіліі.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ПА́ЎЛУ (São Paulo),

горад на ПдУ Бразіліі, у даліне р. Цьетэ, за 70 км ад узбярэжжа Атлантычнага ак. Адм. ц. аднайм. штата. Каля 10 млн. ж., разам з 37 гарадамі-спадарожнікамі ўтварае агламерацыю з нас. 17 755 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Найб. гандлёва-размеркавальны цэнтр краіны. Рынак кавы (вывозіцца праз порт Сантус). Важнейшы прамысл. цэнтр краіны (каля 40% прамысл. вытв-сці і занятых у прам-сці) і найб. эканамічна развітога раёна. Прам-сць: цяжкая (чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, аўтамабіле- і самалётабудаванне, чыг. машынабудаванне, электронная, эл.-тэхн., хім., гумава-тэхнічная; пераважна ў гарадах-спадарожніках), мясная (бойні), мясакансервавая, малочная, маслаперапрацоўчая, мукамольная, кандытарская, тытунёвая, тэкст. (больш за 50% вытв-сці тканін у краіне), швейная, гарбарна-абутковая, парфумерная, фармацэўтычная. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: мастацкі, сучаснага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі і інш. Тэатры. Палац урада (16 ст.), небаскробы (20 ст.). Спарт. збудаванні.

Засн. езуітамі 25.1.1554 у дзень св. Паўла (адсюль назва). У 16—18 ст. цэнтр кававых плантацый. У 1822 у С.-П. абвешчана незалежнасць Бразіліі ад Партугаліі. У пач. 19 ст. тут з’явіліся першыя ў краіне мануфактуры, у пач. 20 ст. ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр.

Цэнтральная частка г. Сан-Паўлу.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙТС ((Bates) Генры Уолтэр) (8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),

англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у т. л. 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва (з 1881).

Тв.:

Рус. пер. — Натуралист на реке Амазонке. М., 1958.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛУ-АРЫЗО́НТЫ (Belo Horizonte),

горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1892. 2,3 млн. ж. (1989), з прыгарадамі 3,7 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр буйнога горнапрамысл. раёна (здабыча жал. і марганцавых рудаў, золата). Чорная металургія, хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць. Федэральны і каталіцкі ун-ты, ун-т мастацтваў штата Мінас-Жэрайс. Гіст. музей. Каля Белу-Арызонты спартыўны і турыст. гарадок Пампулья.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛАРТ, Голарт (Goulart) Жаао (Жуан; 1.3.1918, г. Сан-Боржа, Бразілія — 1976), бразільскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Адзін з кіраўнікоў (з 1954 старшыня) Браз. трабальісцкай партыі, падтрымліваў палітыку Ж.Варгаса. Дэп. Заканад. асамблеі штата Рыу-Гранды-ду-Сул (1946—50) і Нац. кангрэса (з 1950). Міністр працы, прам-сці і гандлю (1953—54). У 1955—60 і ў 1961 віцэ-прэзідэнт, у 1961—64 прэзідэнт Бразіліі. Адхілены ад улады ў выніку ваен. перавароту 1964, эмігрыраваў.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТУ-АЛЕ́ГРЫ (Porto Alegre),

горад на Пд Бразіліі. Адм. ц. штата Рыу-Гранды-ду-Сул. Засн. ў 1742. Каля 1,5 млн. ж., у агламерацыі больш за 3 млн. ж. (2000). Порт на беразе возера-лагуны Патус Атлантычнага ак., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр Пд краіны. Прам-сць: харч. (у т. л. мясахладабойная, масларобчая, мукамольная), тэкст., нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тытунёвая, дрэваапр., чорная металургія. Ун-ты. Музей мастацтва штата.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААВЕ́ДРА ЛА́МАСА ПАКТ 1933,

дагавор аб прынцыпах міжнар. адносін, заключаны па ініцыятыве міністра замежных спраў Аргенціны К.Сааведра Ламаса. Падпісаны 10 кастр. прадстаўнікамі Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Парагвая, Уругвая і Чылі, пазней большасцю дзяржаў Лац. Амерыкі і ЗША. Асуджаў агрэсіўныя войны, дэклараваў урэгуляванне ўсіх міждзярж. спрэчак толькі мірнымі сродкамі. Забараняў узбр. ці інш. ўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, прадугледжваў міжнар. ціск на дзяржавы-агрэсары. Абавязаў бакі не прызнаваць змены граніц, якія ажыццёўлены гвалтоўным шляхам.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РА-ДУ-ЭСПІНЬЯ́СУ (Serra do Espinhaço),

група горных хрыбтоў у Бразіліі, на У Бразільскага пласкагор’я, па правабярэжжы р. Сан-Франсіску, паміж 15—21° паўд. ш. Уласна С.-д.-Э. наз. паўд. ч. паміж 16—20° паўд. ш. Выш. да 2107 м (г. Сол). Уяўляюць сабой выхады шчыльных метамарфічных парод, пераважна кварцытаў. На Пд радовішчы жал. (Ітабіра) і марганцавых руд, а таксама алмазаў, золата. На ўсх. схілах вільготныя лясы, на зах. — ксерафітныя хмызнякі і рэдкалессі.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, занятая вырошчваннем кавуноў, дыняў, гарбузоў і інш. Развіта пераважна ў раёнах паміж 50° паўн. ш. і 35° паўд. ш., найбольш у Расіі (Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ), на Украіне (стэпавая частка), у ЗША (паўд. раёны), Індыі, Кітаі, краінах Міжземнамор’я, Бразіліі, Мексіцы, Японіі, краінах Сярэдняй Азіі, Малдове і інш. На Беларусі выспяваюць асобныя сарты дыняў, кавуноў, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў. Сярэдні ўраджай дыняў 6—9, кавуноў 10—30, гарбузоў да 150 т/га. Гл. таксама Бахчавыя культуры.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Т,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць хрызаберылу. Састаў берыліева-алюмініевага вокіслу (BeAl2O4), з прымессю вокіслу хрома (Cr2O3). Крышталі тоўстатаблітасныя, псеўдагексаганальныя. Колер ізумрудна-зялёны, пры штучным асвятленні — вішнёва- ці фіялетава-чырвоны, ружовы. Бляск шкляны. Цв. 8,5. Шчыльн. каля 3,7 г/см³. Трапляецца ў пегматытавых жылах. Радовішчы на Урале, у Бразіліі, на Пд Афрыкі, Мадагаскары і Цэйлоне. Александрыт масай больш за 2—3 караты і густа афарбаваныя лічаць каштоўнымі камянямі. Александрытам называюць таксама светла-зялёную разнавіднасць штучнага карунду.

Александрыт.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)