«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»
(«Byelorussian Youth»),
штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі,
культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Другая беларуская дзярж. трупа, гл. Беларускі трэці дзяржаўны драматычны тэатр
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ БОРЦЬ»,
часопіс Беларускага кааператыўнага т-ва «Пчала». Выдаваўся са жн. 1934 да мая 1938 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Л.А.Войцік (Зоська Верас). Першыя 5 нумароў надрукаваны на шапірографе, астатнія — друкарскім спосабам. Асвятляў пытанні пчалярства, садоўніцтва, агародніцтва, дробнай жывёлагадоўлі і інш. Закранаў праблемы бел. мовы і школьніцтва. Змяшчаў матэрыялы пра мядова-лекарскія зёлкі, вершы і апавяданні, тэматычна звязаныя з пчалярствам. Меў старонку для жанчын, куток наймалодшых, паштовую скрынку. Абменьваўся матэрыяламі з рус., польск., укр., чэш. і ням. пчалярскімі часопісамі. Спыніў існаванне з-за фінансавых цяжкасцяў. Выйшла 25 нумароў.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭ́ТА.
Выдавалася з 27.7.1941 да 28.6.1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Самае буйное бел. антысав. перыядычнае выданне ў Вял. Айч. вайну. Да 5.2.1942 наз. «Менская газэта». Мела на мэце кансалідацыю бел. народа на прынцыпах ваяўнічага нацыяналізму, барацьбу з бальшавікамі, яўрэямі, рускімі і палякамі, ідэалагічную падтрымку акупац. рэжыму. Друкавала тэндэнцыйныя падборкі матэрыялаў аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, распараджэнні акупац. улад, антысав. публіцыстыку, нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, літ. творы бел. аўтараў і інш. Выйшлі 272 нумары.
С.У.Жумар.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
С.В.Говін.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.Аляхновіча, А.Бартуля, Г.Леўчыка, Я.Коласа, Я.Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,
літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.Багдановіча, А.Бартуля, М.Васілька, У.Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,
газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.
С.В.Говін.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе.
Існавала ў 1933—37. Мела на мэце падрыхтоўку бел. акцёрскіх кадраў. Вядучыя педагогі — рэжысёры і акцёры Ленінградскага акад. т-ра драмы. Маст. кіраўнік — акцёр і педагог Б.Жукоўскі. Студыю скончылі 19 чалавек, якія папоўнілі калектыў рэарганізаванага Тэатра юнага гледача БССР. У час вучобы падрыхтаваны спектаклі: «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага (у жн. 1936 паказаны ў Мінску і Віцебску), «Глыбокая правінцыя» М.Святлова, «Рэвізор» М.Гогаля (III акт), «На дне» (II акт) і «Варвары» М.Горкага, «Банкір» А.Карнейчука.
т. 2, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)